Беларускіх гімнастаў не дапусцяць на еўрапейскія спаборніцтвы ў 2024 годзе

Генеральная асамблея Еўрапейскага гімнастычнага саюза (European Gymnastics) прагаласавала супраць вяртання спартсменаў і афіцыйных асоб з Расіі і Беларусі на афіцыйныя еўрапейскія спаборніцтвы па гімнастыцы з 1 студзеня 2024 года, паведамляе European Gymnastics у сацсетцы Х (Twitter). Галасаванне адбылося на паседжанні арганізацыі ў балгарскай Сафіі.

Раней Міжнародная федэрацыя гімнастыкі аб’явіла аб допуску спартсменаў з РФ і Беларусі да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе з 1 студзеня 2024 года. Пазней, у лістападзе, федэрацыя на сваім афіцыйным сайце апублікавала крытэрыі такога допуску. Згодна з імі, акрамя гімнастаў, допуск змогуць атрымаць толькі кіраўнік дэлегацыі, трэнер, урач і фізіятэрапеўт. Афіцыйныя асобы не будуць запрашацца на турніры пад эгідай Міжнароднай федэрацыі. Таксама спартсмены не змогуць прымаць удзел у камандных дысцыплінах.

Такім чынам, Еўрапейскі гімнастычны саюз не паследаваў рашэнню Міжнароднай федэрацыі. 

Фота: Reuters

Кітайскія педыятрычныя клінікі перагружаныя дзецьмі з-за хвалі рэспіраторных хвароб у вучняў – СМІ

Хворыя дзеці працягваюць вучыцца і ім ставяць парты проста ў бальнічных палатах. 

Паведамляецца, што ўсплёск рэспіраторных захворванняў у Кітаі, асабліва сярод дзяцей, захлынуў педыятрычныя аддзяленні ў гарадскіх бальніцах, у той час як улады заклікаюць да спакою, звязваючы гэта з хваляй хваробы пасля карантынных абмежаванняў.

Па паведамленнях дзяржаўных і іншых СМІ Кітая, многія бальнічныя палаты сталіцы краіны запоўненыя, піша Guardian. Так, Global Times паведаміла ў аўторак, што пекінская дзіцячая бальніца прымала да 9 378 пацыентаў у дзень і працавала на поўную магутнасць на працягу апошніх двух месяцаў. Таксама гаворыцца, што амбулаторныя паліклінікі, педыятрычныя клінікі і рэспіраторныя аддзяленні ў некалькіх пекінскіх бальніцах былі забраніраваны як мінімум на сем дзён.

У СМІ курсіруюць мноства фотаздымкаў, на якіх бачна, што хворыя вучні працягваюць вучыцца, а прыёмныя пакоі абсталяваныя партамі. Гэтыя кадры выклікалі папярэджанні мясцовых улад аб тым, што школы не павінны прымушаць дзяцей даганяць працу, пакуль яны хворыя.

На мінулым тыдні Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што адсочвае рост «невыяўленай пнеўманіі ў дзіцячых бальніцах у Пекіне, Ляанін і іншых месцах Кітая».

Міністэрства аховы здароўя Кітая сцвярджае, што група рэспіраторных інфекцый у краіне не выклікаецца новым вірусам. Наяўныя дадзеныя сведчаць аб тым, што ўзровень грыпападобных захворванняў больш чым удвая перавышае паказчыкі апошніх гадоў, але ўлады заклікаюць да спакою, звязваючы рост колькасці выпадкаў з пачаткам першага сезона грыпу пасля адмены пандэмічных абмежаванняў.

Фота: whatsonweibo.com

Магілёўскі футбольны клуб “Днепр” вярнуўся ў Вышэйшую лігу

“Пасля такога матча хочацца закрыцца ў нумары і проста пасядзець” – выказаўся пра пераможную гульню форвард магілёўскай каманды.

Футбольны клуб “Днепр” перамог “Асіповічы” ў заключным, 34-м туры Першай лігі Чэмпіяната Беларусі па футболе і заваяваў месца ў Вышэйшай лізе на наступны сезон – паведамляе прэс-служба каманды. “Днепр” заняў выніковае другое месца ў розыгрышы, саступіўшы дзяржынскаму “Арсеналу” восем балаў, і атрымаў прамую пуцёўку ў элітны дывізіён.

У спіну магілёўскай каманды “дыхаў” Віцебск, з якім “Днепр” набраў аднолькавую колькасць балаў. Адзіны гол у пераможнай, фінальнай гульні з “Асіповічамі” забіў форвард Юрый Клачкоў (на фота). Вось як ён пракаментаваў гульню і фінал Першай лігі.

“Шчыра кажучы, пасля такога матчу хочацца закрыцца ў нумары і проста пасядзець. Бо мы агідна правялі матч. Гэта змазала агульныя ўражанні і эмоцыі наконт выхаду ў Вышэйшую лігу. У прынцыпе, я ўпершыню ў жыцці з камандай выконваю задачу. Да гэтага ў мяне такога не было. Таму ў мяне змешаныя эмоцыі. Я быццам і нічога не адчуваю, бо я ніколі раней не перажываў такога.

На нас ляжаў вялікі цяжар адказнасці, бо «Віцебск» дыхаў нам у спіну. Таму ў апошніх матчах прысутнічала нервовасць. Гэта нас скоўвала, усё ж у нас вельмі маладая каманда. У нас па сутнасці на полі было тры футбалісты старэйшыя за 2000 год нараджэння. Таму апошнія гульні нам і даліся цяжка. Самае галоўнае, што мы выйшлі і выйгралі. Так – на жылах, так – сціснуўшы зубы, але гэта матч за выхад у Вышэйшую лігу. Я лічу, што мы заслужана выйшлі ў Вышэйшую лігу! А «Віцебску» я пажадаю поспехаў у стыкавых матчах, мы чакаем іх у Вышэйшай лізе.”

Фота: fc-dnepr.by

“Мне ўсё роўна, пад якім сцягам гуляць” – выйшла інтэрв’ю з магілёўскай грасмейсцеркай, што перайшла ў зборную Расіі

Беларускую мову абсалютна не ведае і не імкнецца яе вучыць. Настальгіруе па СССР. У зборную Расіі перайшла, каб федэрацыя шахмат аплачвала асабістага трэнера, але так і не атрымала яго. Любіць, калі яе называюць сэкс-сімвалам. 

Выданне Championat.com апублікавала вялікае інтэрв’ю з магілёўскай шахматысткай Вольгай Бадэлькай, якая амаль два гады таму прыняла расійскае спартыўнае грамадзянства.

Вольга Бадэлька нарадзілася ў Магілёве ў 2002 годзе. Шахматам вучылася ў магілёўскай спартыўнай дзіцячай школе, і ўжо падлеткам паказала высокія вынікі – стала чэмпіёнкай Беларусі ў чатырнаццаць гадоў ва ўзроставай катэгорыі для тых, каму да 20. У 2017 годзе стала пераможцай Чэмпіянату Еўропы для спартсменаў, маладзейшых за шаснаццаць гадоў. У жніўні 2021 года яна перайшла ў расійскае спартыўнае грамадзянства. Вось як тлумачыць сваё рашэнне сама шахматыстка.

“Уласна, чаму я хацела перайсці менавіта ў ФШР (Федэрацыю шахмат Расіі). У беларускай федэрацыі вельмі даўно няма нармальнай падтрымкі, я нават не памятаю часу, калі такое было. Няма ні спонсараў, ні трэнераў, ні каманды, ні канкурэнцыі нармальнай. Я хацела перайсці ў Расію, бо тут моцная каманда, трэнеры.

Калі я пераходзіла ў ФШР, маёй адзінай умовай быў трэнер. Нічога, акрамя трэнера, я не хацела. Мне сказалі, што яго выдзеляць. Правяла я з асабістым трэнерам адзін збор, не спадабалася. Але пасля пачатку [вайны] ( у змененай фармулёўцы выдання – “падзей 24 лютага 2022 года”) мы праводзілі толькі камандныя зборы. Уласна, як у мяне не было асабістага трэнера, так і не (усміхаецца). Чаму? Загадка. Я шчыра не ведаю.”

Мы ні там не маглі гуляць, ні тут не можам

Падчас інтэрв’ю была закранутая тэма тых змен, якія абрынуліся на расійскіх спартсменаў пасля пачатку ўварвання арміі Расійскай Федэрацыі ва Ўкраіну. На міжнародных спаборніцтвах расійскія шахматысты выступаюць пад нейтральным сцягам, а федэрацыя перайшла з чэмпіяната Еўропы ў чэмпіянат Азіі.

“Камандных турніраў у прынцыпе няма, Расію нікуды не дапускаюць. А якое гэта – гуляць у асабістым чэмпіянаце Азіі, я пакуль не ведаю. У цэлым з-за пераходу мяняецца толькі адзін турнір – асабісты чэмпіянат Еўропы на чэмпіянат Азіі. Так што асаблівай розніцы няма, перайшлі ці не перайшлі. Будзе дрэнна ці добра – я не ведаю. Абсалютна нічога не памянялася, мы ні там не маглі гуляць, ні тут не можам (смяецца)

Хтосьці кажа, што ў нейтральным статусе – не тое? Гэта робіць адзін чалавек, яго завуць Сяргей Каракін. Усе мы разумеем, хто ён. Для мяне ж абсалютна не важная сімволіка пры выступах. У цяперашняй сітуацыі трэба сказаць: “Дзякуй, што ўвогуле выступаем”. Дзякуй, што спаборніцтвы праходзяць не толькі паміж Беларуссю і Расіяй. Нам, шахматыстам, у гэтым плане вельмі пашанцавала. Калі трэба будзе згуляць пад сцягам Хогвартса, што ж, згуляем пад сцягам Хогвартса (смяецца). Мне, у прынцыпе, без розніцы, пад якім сцягам гуляць.”

У інтэрв’ю быў закрануты вялікі пласт – тэмаў – асабістыя зацікаўленасці ў літаратуры, музыцы, спорце. Некалькі пасажаў Вольгі Бадзелька далі характарытыку што да яе стаўлення да беларускай мовы. На пытанне “Вы ўвогуле з Беларусі. Якога аўтара вы б вылучылі ў нацыянальнай літаратуры?” Бадзелька адказала:

“У школу я хадзіла вельмі мала, але з таго, што памятаю, мяне чаплялі пісьменнікі і паэты ваеннай эпохі, тыя, хто прайшлі Вялікую Айчынную вайну. Я беларускую мову абсалютна не ведаю, нават не імкнуся яе вучыць, але ў школе прымушалі вучыць вершы, так што нейкія творы ў галаве яшчэ засталіся. Зачытваць вам вершы зараз не буду, атрымаецца жудасна (смяецца). Так што я вылучыла б аўтараў той эпохі. Яны пісалі прыгожа, даводзілі сваімі творамі да слёз.”

На пытанне “Калі б у вас была магчымасць нарадзіцца ў іншым стагоддзі і месцы, які б перыяд абралі?” Вольга Бадзелька адказала:

“Напэўна, зараз прагучыць вельмі дзіўна, але я так шмат чытаю “Намедни” Парфёнава пра СССР, што мне цікава было б там пажыць (усміхаецца). Не сталінскія часы, а ў перыяд Хрушчова, у «Адлігу». Мяне вельмі захапляе гэта. Мая мама 1969 года нараджэння, а тата – 1966-га. Яны выраслі і паўнавартасна сталі дарослымі ў СССР. Бацькі шмат расказвалі мне пра гэты час. Гэта сапраўды цікава, бо кардынальна розныя эпохі!

Чалавецтва паступова эвалюцыянавала сотні гадоў, але з вынаходствам інтэрнэту ўсё змянілася. Таму паспрабаваць пажыць 60 і нават 40 год таму было б вельмі цікава. Цяпер, калі ў цябе ёсць інтэрнэт, ты можаш патэлефанаваць у любую кропку свету і ўбачыць усё, што хочаш. А раней такое было немагчыма. Гэта сапраўды займальна, бо гістарычна прайшло не так шмат часу, але тэхналагічна ўсё змянілася кардынальна.”

На пытанне, як Вольга адносіцца да таго, што ў шматлікіх выданнях яе называюць сэкс-сімвалам расійскіх шахмат, Бадзелька засмяялася:

“Гэта ж проста цудоўна! У сэнсе – каму гэта можа не спадабацца? Больш тэкстаў пра гэта, гэта значыць сярод матэрыялаў з трызненнем пра сябе мне было б цікава менавіта такія чытаць.”

Цалкам вялікае інтэрв’ю можна прачытаць тут.

Фота: championat.com

Хакеісты “Магілёва” прайгралі 8:0 лідарам чэмпіяната і застаюцца на апошнім радку

Вечарам 8 лістапада прайшла выязная гульня хакейнага клуба “Магілёў” у Чэмпіянаце Беларусі па хакеі. У Салігорску магілёўская каманда прайграла “Шахцёру”, які займае першы радок у розыгрышы Экстралігі. Пасля 23 гульняў у “Магілёва” 13 ачкоў і ён працягвае знаходзіцца на самым апошнім радку турнірнай табліцы.

– Сёння няма чаго каментаваць. – так выказаўся пра гульню галоўны трэнер “Магілёва” Аляксандр Мацерухін – Нешта пайшло не так. Заўтра разбярэмся.

Фота: ХК “Магілёў”

Парушэнні – на кожным аб’екце. Санстанцыя праверыла шаўрмічныя і блінныя

Санітарная служба Магілёўскай вобласці правяла наглядныя мерапрыемствы на пяцідзесяці аб’ектах хуткаха грамадскага харчавання, што гатуюць шаўрму, блінчыкі з начынкамі і г.д. На ўсіх аб’ектах былі выяўлены парушэнні – паведамляе “Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”.

У пяці выпадках было зафіксавана выкарыстанне прадуктаў, у якіх завяршыўся тэрмін прыдатнасці. Сярод парушальнікаў – кафэ хуткага абслугоўвання ІП Рошчына ў Крычаве, па вуліцы Ленінскай, 46А, а таксама выязны гандаль ІП Ахрорава ў Чэрыкаве па вуліцы Ленінскай каля аўтавакзала.

У дзевяці выпадках парушаліся ўмовы захоўвання прадуктаў. Такое было выяўлена ў міні-кафэ «Грыльяж» ІП Рэянтовіч у Бабруйску, на вуліцы 50 год ВЛКСМ, 108, а таксама на фудтраку «Шава Бро» ў Магілёве, каля гандлёвага цэнтра «Арбат».

На астатніх аб’ектах былі выяўлены нездавальняючы санітарна-тэхнічны стан памяшканняў, адсутнасць медыцынскіх аглядаў, выкарыстанне прадуктаў з недаставернай маркіроўкай і іншае.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўскі “Барысфен” атрымаў дзявятую перамогу з дзевяці і лідзіруе ў чэмпіянаце

Баскетбольны клуб “Барысфен” абыграў каманду “Мінск рэзерв” з разгромным лікам 94:68 у дзявятым туры групы А чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Гэта дзявятая перамога запар у магілёўскай каманды. “Барысфен” займае першы радок у турнірнай табліцы групы А, маючы 18 ачкоў. На другім радку ў групе – “Гродна 93” з 14 баламі. У групе “Б” лідзіруе “Гродна 93 ГрГУ” з 12 ачкамі, але ў гэтай групе прайшло толькі шэсць гульняў.

Наступную гульню “Барысфен” правядзе на выездзе супраць “Гродна 93” 14 лістапада.

Фота: bcborisfen.by

Вода непригодна для питья

Исследования школьницы из Осиповичского района, что родник, считавшимся целебным, может нанести вред человеческому организму

Учащаяся средней школы из агрогородка Липень два года занималась исследованиями родника, расположенного рядом с населенным пунктом.

Источник  этот считался святым, а его воду – чудодейственной.

Там может быть и было раньше, однако научная работа, проведенная школьницей, показала: в воде слишком много вредных химических веществ и пить ее нельзя.

Причины загрязнения родника носят техногенный характер. Школьники намерены бороться за  то, чтобы устранить их и вернуть роднику былую славу.

Фото газеты “Аciповiцкi край”

У гістарычным матчы жаночага чэмпіянату па хакеі перамагла “Бярэзіна”

Першы ў гісторыі матч жаночага чэмпіянату Беларусі па хакеі прынёс перамогу камандзе з усходу краіны. У склад “Бярэзіны” ўваходзяць ураджэнкі Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. 30 кастрычніка яны сустракаліся з камандай “Цытадэль”, складзенай з хакеістак Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, і перамаглі з лікам 3:1. Двума шайбамі адзначылася выхаванка хакейнага клуба “Магілёў”, Аляксандра Войтава са Шклова.

Жаночы чэмпіянат Беларусі па хакеі праходзіць з удзелам трох каманд. Акрамя “Цытадэлі” і “Бярэзіны” выступае таксама каманда “Мінчанка” з жыхарак сталіцы. Сустрэча “Бярэзіны” і “Мінчанкі” пройдзе сёння ў 15.30 на мінскай “Алімпік-Арэне”.

Фота: hockey.by

Плюс 146 хворых на ВІЧ на Магілёўшчыне ў гэтым годзе

Колькасць хворых на сто тысяч насельніцтва – больш чым па краіне.

За перыяд са студзеня па верасень у Магілёўскім рэгіёне было зафіксавана 146 новых выпадкаў захворвання на ВІЧ – паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Сярэдні паказчык захворвання – 14,8 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва рэгіёну. Па Беларусі гэты паказчык складае 12,1 на 100 тысяч.

Асноўная доля грамадзян, у якіх упершыню выяўляюць вірус – людзі старэйшыя за 30 гадоў (87,5%). У агульнай структуры зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі 60,8% прыпадае на мужчын.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.