Category: Раёны
Магілёўская маршрутка разбілася пад Беразіном, тры чалавекі пацярпелі
Раніцай 7 лютага маршрутка “Магілёў-Мінск” трапіла ў аварыю каля вёскі Васілеўшчына Бярэзінскага раёна. Як паведамляе прэс-служба Мінскага абласнога УУС, 31-гадовы кіроўца мікрааўтобуса, жыхар Магілёва не справіўся з кіраваннем. Машыну занесла, калі вадзіцель перастройваўся з правай палася ў левую. Аўтамабіль наскрозь прашыла дарожнай агароджай.
Тры пасажыры маршруткі былі шпіталізаваныя з траўмамі. Усяго ў мікрааўтобусе ехалі дзесяць чалавек.
Фота: УУС
“Kronospan” сышоў з Беларусі. Ён даваў 30% вытворчасці Магілёўскага раёна
З Беларусі сышоў адзін з буйнейшых інвестараў у эканоміку краіны. Агульны аб’ём інвестыцый прадпрыемства “Kronospan” ў яе ацэньваецца ў мільярд даляраў.
Пра ціхі сыход сумеснага аўстра-беларускага прадпрыемства “Kronospan” паведаміла выданне Office Life. Паводле інфармацыі рэсурса, яшчэ ў пачатку восені кампанія пазбавілася ад сваіх беларускіх актываў. Усе прадпрыемствы “Kronospan” былі прададзеныя эмірацкаму фонду Causa Foundation.
Юрыдычныя асобы, якім належалі заводы “Kronospan” у Беларусі, правялі рэбрэндынг. Прадпрыемствамі ў Смаргоні цяпер кіруюць кампаніі “Ультрадэкор”, “Ультрадэкор Прапертыз” і “Ультрадэкор НТ”, у Віцебску – “Ультрабілд”, пад Магілёвам – “Ультрабілд Стыл” і “УльтраПлай ОСБ”. Перайменаваны і іншыя мясцовыя юрыдычныя асобы.
У 2022 годзе mogilev.media паведамлялі, што з-за санкцый эканоміка Магілёўшчына “прасела”. Гаспадарка трымалася па сутнасці на двух замежных прадпрыемствах – аўстра-беларускім прадпрыемстве “Kronospan” і літоўска-беларускім “ВМГ Індастры”. Сумарна гэтыя дзве кампаніі забяспечвалі 55% прамысловай вытворчасці ў Магілёўскім раёне. Вытворчасць “Kronospana” складала пры гэтым 30,7%, “ВМГ Індастры” – 23,3%. Апошняя кампанія 1 чэрвеня 2022 года прыпыніла сваю дзейнасць у Беларусі.
Фота: mogilev.media
Арцём Антонаў прызнаны палітвязнем
Як паведамляюць беларускія праваабаронцы, сын журналіста mogilev.media Сяргея Антонава Арцём быў прызнаны палітычным знаволеным.
Арцём Антонаў быў затрыманы ў канцы 2023 года ў Быхаве і пачынаючы з 26 снежня знаходзіцца ў Магілёўскім следчым ізалятары. Яго затрыманне адбылося неўзабаве пасля таго, як Беларусь пакінуў бацька Арцёма, вядомы пісьменнік-фантаст і журналіст Сяргей Антонаў.
Арцём Антонаў абвінавачваецца паводле артыкула 368 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь – за абразу Лукашэнкі. Вядома, што сведкамі па гэтай справе выступаюць міліцыянты, якія затрымлівалі Арцёма. Нібыта падчас затрымання, знаходзячыся ў міліцэйскай машыне, ён абразіў Лукашэнку ўголас. Сёння стала вядома, што Арцём Антонаў, гэтаксама як і яшчэ адзінаццаць чалавек, быў прызнаны палітвязнем.
Фота з сацыяльных сетак
За мінулы год на Магілёўшчыне спіртным атруціліся 165 чалавек. Рэкорд па праміле – 7,2%
У крыві 62-гадовага жыхара Горацкага раёна пасля яго смерці было выяўлена 7,2 праміле этылавага спірту. Гэта адпавядае прыкладна двум-тром бутэлькам гарэлкі, выпітым за кароткі прамежак часу – паведамляюць у Камітэце судовых экспертыз. Гэты выпадак стаў антырэкордам у 2023 годзе на Магілёўшчыне. 7% алкаголю ў крыві эксперты выявілі ў целе 61-гадовага мужчыны з Асіповіцкага раёна, 6,4% – у 42-гадовага жыхара Краснаполля. Самая ж высокая канцэнтрацыя спірту ў крыві была зафіксаваная ў 2022 годзе – крыху больш за 10%.
Усяго на Магілёўшчыне за 2023 год спіртным атруціліся 165 чалавек. Абсалютная большасць з іх выпівалі алкаголь на аснове этылавага спірту, гэта значыць, што прычынай іх смерці стала не якасць, а колькасць выпітага. У мінулыя гады статыстыка па Магілёўскім рэгіёне была яшчэ больш бязрадаснай – 182 смяротных выпадкі ў 2022 годзе і 214 у 2021.
Фота ілюстрацыйнае
На Бабруйскім мясакамбінаце знайшлі праблем на мільён рублёў
Падчас праверкі Бабруйскага мясакамбіната Камітэт дзяржкантролю выявіў немэтавае расходаванне сродкаў на мільён рублёў. Гэта стала вынікам закупак пэўных тавараў праз пасярэднікаў, прадастаўлення неапраўдана працяглых растэрміновак, арэнды і рамонту памяшканняў, што не выкарыстоўваюцца, аказання паслуг. Таксама было выяўлена, што кошты на некаторыя каўбасы прадпрыемства завышала неапраўдана, праводзячы так званае прыхаванае іх завышэнне.
Сярод іншых сістэмных праблем мясакамбіната – недастатковая загрузка вытворчых магутнасцей, рост складскіх запасаў, стратнасць работы, закрэдытаванасць, недахоп абаротных сродкаў. Таксама – несвоечасовыя разлікі з сельгасвытворцамі за пастаўленую жывёлу, неабходнасць мадэрнізацыі вытворчасці.
Фота з адкрытых крыніц
Талоны да доктара ў Крычаве сталі даваць толькі тым, хто прайшоў дыспансэрызацыю
Але ў афіцыйным каментарыі кіраўніцтва раённай бальніцы адмовілася гэта прызнаваць.
Крычаўская раённая газета публікуе сведчанні жыхароў горада, якія заявілі, што ў цэнтральнай бальніцы ім не даюць талон да доктара ў паліклінічным аддзяленні, пакуль яны не пройдуць дыспансэрызацыю. З такой заявай да рэдакцыі звярнулася дзяўчына, якой не выдалі талон да неўролага. Супрацоўнік самой рэдакцыі па той самай прычыне не змог атрымаць у бальніцы даведку для страхавой кампаніі.
У афіцыйным каментарыі выданню кіраўніцтва Крычаўскай раённай бальніцы дало задні ход. “Талоны ў паліклінічным аддзяленні на прыём да ўрачоў-спецыялістаў выдаюцца пацыентам у незалежнасці ад праведзенай дыспансерызацыі ў бягучым годзе” – гаворыцца ў адказе.
Дыспансэрызацыя насельніцтва актыўна праводзіцца ў Беларусі ўжо другі год, па-сутнасці адразу пасля заканчэння пандэміі. Яе сутнасць заключаецца ў прафілактычным аглядзе і анкетаванні жыхароў, прыпісаных да раённых паліклінік. Відавочна, што ад кіраўніцтва медычных устаноў сталі патрабаваць колькасных паказчыкаў, вынікам чаго стала самадзейнае рашэнне начальнікаў крычаўскай бальніцы не пускаць на прыём да доктара тых, хто не прайшоў дыспансэрызацыю. Але, паколькі гэта незаконнае рашэнне, у афіцыйным каментарыі гэтую з’яву былі вымушаныя абвергнуць.
Фота ілюстрацыйнае
У Магілёве затрымалі кур’ераў махляроў, яны абакралі трох чалавек на 85 000 рублёў
Двух кур’ераў тэлефонных махляроў, грамадзян суседняй краіны затрымалі ў Магілёве – паведамляюць праваахоўнікі.
Затрыманне стала магчымым дзякуючы пільнасці 72-гадовай жыхаркі абласнога цэнтра. Спачатку яна аддала кур’ерам 20 000 даляраў, але апрытомнеўшы, патэлефанавала ў міліцыю. Як высветлілася, пенсіянерку па тыпавому сцэнарыю “развялі” махляры. Яны паведамлі ёй, што сваячка жанчыны стала віноўніцай дарожна-транспартнага здарэння, і для таго, каб вызваліць яе з-пад крымінальнай адказнасці, трэба заплаціць.
На працягу некалькіх гадзін міліцыянты знайшлі людзей, якім пенсіянерка аддала грошы. Імі аказаліся 33-гадовая жанчына і 24-гадовы мужчына, жыхары суседняй краіны. Пры сабе ў кур’ераў аказаліся грошы яшчэ двух ахвяр, на агульную суму 85 000 рублёў. Усе сродкі вернутыя пацярпелым.
Фота: УУС, скрыншот
Грамадскі транспарт у Шклове стане цалкам электрычным у гэтым годзе
Для Шклова і Шклоўскага раёна набудуць 15 электробусаў у 2024 годзе.
Continue reading “Грамадскі транспарт у Шклове стане цалкам электрычным у гэтым годзе”
Жорсткая аварыя ў Магілёве – відэа
Вечарам 4 лютага ў Магілёве на вуліцы Лазарэнкі насупраць Каталіцкіх могілак адбылося сур’ёзнае дарожна-транспартнае здарэнне. Як можна пабачыць на відэа з камеры назірання легкавы аўтамабіль занесла і ён на поўнай хуткасці ляцеў насустрач маршрутнаму таксі. Кіроўца маршруткі відавочна прадбачыў магчымасць сутыкнення, знізіў хуткасць і прыціснуўся да ўзбочыны.
Легкавушку выкінула на супрацьлеглую ўзбочыну і перавярнула. Як можна меркаваць з каментарыяў відавочцаў у другой частцы відэа, у аўтамашыне знаходзіліся, верагодна, двое. Афіцыйных каментарыяў наконт ДТЗ пакуль няма.
Фота, відэа: Тэлеграм-канал Mogilev.live