Дзіцячы парк у Крычаве ператварылі ў ідэалагічную пляцоўку

Крычаўскі дзіцячы парк за апошні час ператварыўся ў пляцоўку, якая насычана асноўнымі ідэалагічнымі пастулатамі дзяржавы. У ім можна пабачыць алеі вайны і міру, выявы мясцовых партызанаў і спартоўцаў, сярод якіх – Аксана Мянькова, якую пазбавілі алімпійскай узнагароды за допінг. 

Парк лакалізуецца ў старой частцы горада, зусім блізка з сярэдняй школай № 1. У мінулым годзе ў парку былі ўсталяваны банэры, якія ілюструюць савецкія дывізіі, што вызвалялі Крычаў. Яны размешчаны такім чынам, што вядуць да брацкай магілы салдатаў, якія палеглі ў баях падчас абароны горада. Гэтая брацкая магіла ў старой частцы Крычава, дарэчы, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю горада. 

Акрамя таго, былі ўсталяваны банэры з выявамі і асноўнай інфармацыяй пра самых вядомых удзельнікаў партызанскага руху на Крычаўшчыне, імёнамі якіх названы вуліцы горада. 

На гэтым “банерызацыя” дзіцячага парка не скончылася, а працягнулася ў выглядзе ўсталявання стэндаў з выявамі спартоўцаў, якія бралі ўзнагароды на Алімпійскіх гульнях і паходзяць з Крычава. Напрыклад, Аксана Мянькова, якая на летніх Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне ў дысцыпліне кідання молата здабыла залаты медаль. Аднак Алімпійскі камітэт яшчэ ў 2016 годзе дыскваліфікаваў Мянькову і пазбавіў залатога медаля з-за знойдзенага ў тэстах спартсменкі допінгу.  

Адзначым, што некалькі год таму з’явілася і алея воінаў-інтэрнацыяналістаў, што дадае героікі ідэалагічна насычанаму гарадскому дзіцячаму парку. 

А літаральна два месяцы таму побач з алеяй воінаў-інтэрнацыялістаў з’явіўся яшчэ адзін падобны аб’ект – алея міра і стваральнай працы. Пагэтаму ў дзіцячым парку цяпер дзве алеі, якія спалучаюць вайну, мір і стваральную працу ў адзін сэнсавы клубок.

 

Праўда, ідэалагічная нагрузка дзіцячага парка, які афіцыйна называецца скверам імя 60-годдзя Кастрычніка, пачалася яшчэ за савецкім часам. Менавіта тады з’явілася брацкая магіла савецкіх салдатаў і канечне ж, побач быў пабудаваны дом піянераў і помнік Леніна. Цяпер колішні дом піянераў трансфармаваўся ў філіял Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Крэчут”, а летась знік і помнік Леніна, пра што пісалі mogilev.media.

Аднак, ідэалагічная апрацоўка зялёнай зоны адпачынку ў цэнтры горада працягваецца, з’яўляюцца новыя ідэалагічна “правільныя” аб’екты, што ствараюць новыя сэнсы і мэседжы.  

Фота: mogilev.media

Невялікае паніжэнне тэмператур, пахмурнае з дажджамі надвор’е.

На працягу новага рабочага тыдня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць невялікае паніжэнне тэмператур, у асноўным воблачнае з дажджамі, умерана цёплае надвор’е. 

Будуць пераважаць вятры паўночна-усходнія і паўночныя. Сярэднія сутачныя тэмпературы пад +20°С. Удзень да +16 +27°С, начныя тэмпературы ад +13  да +15°С. Працягласць дня будзе змяншацца па хвіліне, да 17:04 у пятніцу. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:31, зойдзе ў 21:35.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 26 чэрвеня. У ноч з нядзелі на панядзелак да +14°С, раніцай да +14°С, удзень і ўвечары да +26°С. На працягу сутак будзе воблачна, у другой палове дня значная верагоднасць выпадзення дажджоў. Вятры на працягу сутак паўночна-ўсходнія і паўночна-заходнія, хуткасць да 2-3 м/с. Месяц расце.

У аўторак, 27 чэрвеня, уноч і днём пройдуць дажджы, месцамі магчымы навальніцы. Будуць панаваць паўночна-усходнія вятры, хуткасць да 2-5 м/с. Уноч і ўранні каля +14°С, днём тэмпература крыху падрасце і дасягне рыскі +16°С, месцамі да +18°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на адзнацы не ніжэй за +16°С. Месяц расце.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 28 чэрвеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна з ападкамі. Начныя і ранішнія тэмпературы да +14°С, у другой палове дня да +23°С. На працягу сутак прагназуюцца паўночна-усходнія і паўночныя вятры хуткасцю 4-5 м/с. Месяц расце.

У чацвер, 29 чэрвеня, сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі ў другой палове дня надвор’е. Вецер паўночны, паўночна-усходні хуткасцю 2-3 м/с. Ноччу і ўранні да +13°С, у абед і на працягу другой паловы дня +27°С. Месяц расце.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 30 чэрвеня, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць на працягу сутак дажджы, панаванне паўночна-заходніх і паўночных вятроў хуткасцю да 2-3 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +15°С, удзень і ўвечары да +27°С. Месяц расце.

Фота: mogilev.media

Яшчэ адзін мужчына загарэўся, распальваючы мангал, цяпер у Бабруйску

Увечары 23 чэрвеня мужчына 1996 года нараджэння, жыхар Бабруйска, трапіў у лякарню з апёкамі полымем 16% цела.

Як высветлілася, мужчына знаходзіўся ў гасцях у знаёмага на тэрыторыі прыватнага дома, атрымаўшы апёкі полымем ад таго, што на ім загарэлася адзенне пры распальванні мангала з выкарыстаннем спецыяльнай вадкасці для распальвання. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі пацярпелы быў шпіталізаваны – паведамляе міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Прычым гэты выпадак з’яўляецца ўжо другім у Магілёўскай вобласці на гэтым тыдні. Пра падобны няшчасны выпадак, які здарыўся ў Горках ўжо пісалі mogilev.media. Адбываліся гэтыя здарэнні ў самы разгар шашлычнага сезона.

Фота ілюстрацыйнае

Сёння ў Магілёве пройдзе лекцыя пра славутыя японскія гравюры укіё-э

Сёння а 15-ай гадзіне ў магілёўскім музеі імя В. Бялыніцкага-Бірулі пройдзе арт-лекторыум “Зразумелае мастацтва”, прысвечаны японскай гравюры ХІХ стагоддзя укіё-э.

Падчас лекцыі ўдзельнікі даведаюцца, у чым унікальнасць і непаўторнасць гравюры укіё-э, які ўплыў яна аказала на мастацкую культуру Еўропы і як сёння ўплывае на сучаснае мастацтва – распавялі “Магілёўскім ведамасцям” ва ўстанове культуры. 

У рамках мерапрыемства можна будзе даведацца пра творчасць і лёс вядомых японскіх мастакоў – Кацусіка Хакусай, Анда Хірасігэ і іншых.

Выявы ўзяты з адкрытых крыніц

Вось як будзе выглядаць новы фантан у Тэатральным скверы Магілёва – фота

Новы фантан у Тэатральным скверы ў Магілёве ўжо практычна гатовы. Не хапае толькі сюрпрыза, пра які нядаўна пісалі mogilev.media

Нагадаем, што фантан плануецца ўпрыгожыць новым творам магілёўца, скульптара Андрэя Вараб’ёва. Вядома, што яго праца будзе прысвечана тэме кахання, але падрабязнасці пакуль не раскрываюцца, каб захаваць інтрыгу.

Фота: mogilev.media

Гадзіннік на Тэатральнай плошчы ў Магілёве зноў спыніўся

Чытачы mogilev.media паведамляюць, што ўжо некалькі дзён не працуе знакаміты і шматпакутны гарадскі гадзіннік насупраць драмтэатра ў Магілёве.

У студзені гэтага года механічны гадзіннік у доме на Тэатральнай плошчы замянілі на электронны – паведамлялі mogilev.media, і ён адразу пачаў даваць збоі. Прычым, нагадаем, што сам механічны гадзіннік і не быў паламаны, а спыніўся з-за палітычнага звальнення майстра Генадзя Галоўчыка.

Калі механічны гадзіннік быў створаны ўласнаручна Галоўчыкам і абслугоўваўся асабіста ім у адзіночку, то над новым электронным механізмам гадзінніка тры тыдні працавала брыгада з 15 чалавек. У яго з’явіўся новы “галоўны гадзіннікавы майстар” – Андрэй Дубровін.

Фота: mogilev.media

Нашчадкі клімавіцкіх яўрэяў наведаліся ў горад, каб адшукаць мацэвы сваіх продкаў

Менахем-Мендл, Леві і Міхаіл разам з блізкімі сваякамі прыехалі ў Клімавічы, каб пабыць на магілах сваіх дзядоў і прадзедаў.

У Клімавічы наведаліся рабін Менахем-Мендл Альпяровіч з Магілёва, рабін Леві Камянецкі з Томска і Міхаіл Шагалаў з Масквы. Мужчынаў паміж сабой аб’ядноўвае не толькі сяброўства, але і агульныя карані, бо ва ўсіх продкі жылі ў Клімавічах і пахаваныя на мясцовых яўрэйскіх могілках.

Менахем-Мендл Альпяровіч і Леві Камянецкі – далёкія сваякі. У іх агульны прапрадзед Мардэхай Пэўзнер, які быў адным з сябраў абшчыны Хабад у Клімавічах. Пэўзнер набыў шырокую вядомасць як выдумшчык нігуноў, некаторыя з якіх пад назвай «Мелодыі Клімавічаў» захаваліся і ўзнаўляюцца дагэтуль.

Госці горада разам з прадстаўніком грамадскай арганізацыі «Магілёўская габрэйская абшчына» Ідай Шэндэровіч спачатку наведаліся на магілы продкаў, каб дасканала вывучыць мацэвы, а пасля прайшліся па вуліцы Пралетарскай, на якой некалі пражывала шмат яўрэяў. 

Акрамя таго сямейная дэлегацыя пабывалі каля памятнага знака, які быў усталяваны на месцы масавага растрэлу яўрэяў у 1941 годзе. Прычым дзеці паклалі на магільную пліту каменьчыкі, што згодна яўрэйскай традыцыі, сведчыць пра памяць аб продках – паведамляе раённая клімавіцкая газета “Родная ніва”.

Адзначым, што Клімавічы ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з’яўляліся адным з цэнтраў Любавіцкага хасідызму – рэлігійнага кірунку, які да гэтага часу застаецца адной з найбольш шматлікіх плыняў у юдаізме (Хабат). 

У мястэчку, якое яўрэі называлі Клімэвіч жылі нашчадкі сям’і заснавальніка Хабата Шнэура Залмана (Шнэйрсана) з Ляд і яго паслядоўнікі. З Клімавічаў бяруць пачатак карані многіх вядомых рэлігійных дзеячаў, якія жывуць зараз у розных краінах свету.

Фота: “Родная ніва”

У Магілёве адкрылі новую дзіцячую пляцоўку ў спальным раёне – фота

Зону дзіцячага адпачынку з трэнажорамі і актыўнай гульнявой пляцоўкай прэзентавалі сёння на вуліцы Каштанавай у Магілёве.

Фота: mogilev.media

У вёсках Магілёўшчыны масава адключаць начное асвятленне па рашэнні сельсаветаў, хоць гэта незаконна

Адпаведны сацыяльны стандарт ёсць, але асвятлення па вёсках Магілёўскага рэгіёна няма, як і няма на яго грошай.

У вёсках шматлікіх сельскіх саветаў Магілёўшчыны летам – з 1 чэрвеня па 31 жніўня – цалкам адсутнічае асвятленне вуліц у вячэрні і начны час, паведамляюць мясцовыя жыхары, чытачы mogilev.media. Такая сітуацыя паўтараецца з года ў год і, верагодна, прымае сістэматычны характар. 

Пры зваротах на “гарачую лінію”, у дыспетчарскія службы, у арганізацыях райэнэрга нам сказалі, што адключэнне вулічнага асвятлення ноччу – не іх ініцыятыва, а рашэнне мясцовых уладаў. Сельскія выканкамы пры гэтым падцвярджаюць факт прыняцця такога рашэння.   

Пра падобную сітуацыю, толькі на тэрыторыі Лагойскага раёна, яшчэ тры гады назад пісала “Звязда”. Газета тады паведамляла, што летам адключалі вулічнае асвятленне дзеля эканоміі сродкаў па рашэнні райвыканкама. Але рашэнне ўлады было прызнана Генеральнай пракуратурай  парушэннем заканадаўства. 

Як паведамляла пракуратура, у выніку адключэння асвятлення эканомія была нязначная – у Мінскім раёне, напрыклад, удалося сэканоміць толькі 6,2% ад фактычных затрат.

Разам з тым, такая сітуацыя з асвятленнем негатыўным чынам паўплывае на крымінагенную абстаноўку, колькасць правапарушэнняў. Нязначная эканомія сродкаў непараўнальная з затратамі на раскрыццё правапарушэнняў і злачынстваў, лячэнне і рэабілітацыю пацярпелых, кампенсацыю страт у сувязі з атрыманымі грамадзянамі траўмамі.

Наконт эканоміі спецыялісты падказваюць іншае выйсце: калі фінансавання на асвятленне вуліц не хапае, неабходна распрацаваць і зацвердзіць праграму па эканоміі, а недахоп сродкаў перакрываць за кошт дзейных мерапрыемстваў па эканоміі энергазатрат, а не элементарнага адключэння. Гэта прамы абавязак сельвыканкамаў – арганізаваць асвятленне вуліц, што дакладна прапісана ў артыкуле 43 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”. 

Нагадаем, што ў краіне дзейнічаюць пэўныя мінімальныя дзяржаўныя стандарты, да якіх адносіцца і ўдзельная вага асветленых вуліц – не менш як 80% ад агульнай колькасці іх у населеным пункце.

Фота з адкрытых крыніц.

У Слаўгарадзе адкрыліся дабрачынныя рахункі для рэстаўрацыі і рамонту помнікаў архітэктуры горада

Два аб’екты ў Слаўгарадзе занесены ў спіс Дзяржаўных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі – гэта ансамбль царквы Раства Багародзіцы з адметнымі фрэскамі і будынак былой паштовай станцыі.

Слаўгарадская царква, званніца і царкоўна-прыходская школа, пабудаваныя па загадзе князя А.М.Галіцына ў 1791-1793 гадах па праекце рускага архітэктара Мікалая Львова, з’яўляюцца адным з самых дасканалых прыкладаў архітэктуры класіцызму ў Беларусі.

Будынак былой паштовай станцыі пабудаваны ў стылі неаготыкі ў другой палове XIX стагоддзя паводле «ўзорнага праекту» 1846 года. У будынку паштовай станцыі размяшчаліся кватэра наглядчыка і пакоі для прыезджых. Акрамя гэтага, меўся флігель для фурманаў, свіран і хлеў. Сёння ад комплексу захаваўся толькі адміністрацыйны будынак.

Цяпер гэтыя аб’екты спадчыны маюць патрэбу ў правядзенні рамонтных работ. Пагэтаму былі адкрыты дабрачынныя рахункі, каб ўсе зацікаўленыя асобы і арганізацыі маглі аказаць неабходную спонсарскую дапамогу – паведамляе слаўгарадская раённая газета “Прысожскі край”.

Фота з адкрытых крыніц