Разбіўся п’яным на машыне і пакінуў пасажыра паміраць. Вінаватага ў ДТЗ на Асіповіччыне давялося дзве гадзіны лавіць

34-гадовы мінчанін кіраваў па трасе Барысаў-Беразіно-Бабруйск на аўтамашыне Citroen каля 14.45 28 жніўня. Разам з ім у аўтамабілі знаходзіўся 46-гадовы пасажыр, які і стаў ахвярай злачыннай бяспечнасці. Як выявіла потым медыцынская экспертыза, у крыві кіроўцы падчас руху было 1,4 праміле алкаголю.

Трагедыя адбылася на 106-м кіламетры дарогі. Кругавы паварот дарогі налева апынуўся занадта цяжкім для п’янага мінчаніна. Колы Citroen зачапілі правую ўзбочыну, машына згубіла кіраванне і ўдарыла ў прыдарожнае дрэва.

Пасажыр быў яшчэ жывы, калі кіроўца вырашыў пакінуць месца здарэння. Ці аказаў ён хоць нейкую першую дапамогу пацярпеламу – не паведамляецца. Вядома, што 46-гадовы мужчына памёр па дарозе ў больніцу.

Тэрміновыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы дазволілі знайсці вінаватага ў ДТЗ амаль праз дзве гадзіны. У 16.30 таго ж дня 34-гадовы мінчанін быў затрыманы.

Анонс суботніх забаваў на Магілёўшчыне. Кірмаш народных рамёстваў, фестываль сямейнай творчасці і Дзень гурка

Апошнія фэсты лета правядуць у Глуску, Асіповічах і Шклове.

Імі завяршаецца абласная праграма фестываляў і святаў клубных арганізацыяў рэгіёну «Яскравае свята лета».


У Асіповічах чакаюць на фестываль-кірмаш народных рамёстваў «Асіпоўшчына рамесная».

Пройдзе на пляцоўцы ля Раённага цэнтру культуры.

У праграме: выстава і продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Канцэрт духавога аркестру.

Арганізатары запрашаюць на майстар-класы па ткацтву паясоў, вырабу керамічных гаршкоў і кашоў з лазы.


У Глуску запрашаюць на рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў».

Адкрыюць ля Дому рамёстваў.

Тут пройдзе музычна-песенны фестываль, конкурс на лепшую прэзентацыю «атрыбута побыту беларускай сям’і».

У гарадскім парку плануюць правесці конкурс «Тата, мама і я – спартыўная сям’я», а таксама спаборніцтвы па шахматах і футболу.

Увечары абяцаюць канцэрт і салют.


У Шклове ў 16 раз правядуць Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка».

Арганізатары запэўніваюць: цікава будзе і малых, і старым.

«Дзень агурка» адзначаць на пляцоўцы вакол комплексу будынкаў гарадской ратушы, у якой месціцца гімназія.

У праграме парад страваў, тэматычная тэатралізацыя, конкурсы, квэсты, інтэрактыў для дзяцей, фестываль фарбаў.

Ля ратушы створаць спартыўна-гульнявую пляцоўку. Тут жа адбудзецца агурочны гастрафест. Не абыдзецца свята без гораду майстроў, фотаасяродка.

Завершыцца «Дзень агурка» канцэртам і дыскатэкай.

 

У Асіповічах завуць на талаку каб зрабіць прытулак для бадзяжных жывёл

Мясцовыя абаронцы жывёлаў ствараюць прытулак для бяздомных сабак і катоў, але на задуманае бракуе сродкаў. Рупліўцы спадзяюцца на дапамогу грамады.

У 30-тысячным райцэнтры афіцыйнага прытулку для жывёлаў няма. Зоаабаронцы ўзяліся яго ўладкоўваць у прыгараднай вёсцы Мезавічы.

Удзельнікі праекту «Берагі надзеі» – праціўнікі эўтаназіі котак і сабак. На іхную думку, абараніць бяздомных жывёлаў і зменшыць іх колькасць можна пашыраючы ідэі стэрылізацыі. Такі метад рэгуляцыі гуманны і эфектыўны, лічаць яны.

Зоаабаронцы спадзяюцца, што ў іх з’явіцца магчымасць размясціць жывёлаў ва ўласным прытулку, які ўзводзіцца ў вёсцы за 15 кіламетраў ад Асіповічаў. У ім каты і сабакі будуць чакаць сабе гаспадароў. На ажыццяўленне задуманага патрэбная дапамога: людскімі рэсурсамі і будаўнічымі матэрыяламі.

«Патрэбна дапамога ў будаўніцтве вальера: у ім будзе дзве будкі з паддонаў. Таксама ёсць хлеў з печкай, яго можна абсталяваць на зімоўку, але там трэба пакласці падлогу ці тыя ж паддоны і стары лінолеум. Там шмат месца, але патрэбна дапамога рукамі, – кажуць удзельнікі праекту рэсурсу «Осиповичи инфо».

Паведамленнямі пра вострую неабходнасць мець у Асіповічаў адмысловы прытулак для бадзяжных жывёлаў стракацяць сацыяльныя сеткі. Адна з груп публікуе драматычныя гісторыі пакут жывёлаў і іх шчаслівага ратавання.

Удзельнікі паблікаў апавядаюць пра прыгожых кацянят, бязродных дварнякоў, пародзістых каўказскіх аўчарак, прыгожую хаскі, здзічэлага алабая, які з голаду і знясілення стаў паляваць на свойскія курэй.

Часам валанцёры публікуюць гісторыі ад імя жывёлаў.

«Прывітанне. Мяне клічуць Дора», – пачынаецца адна з іх.

«Я адзін з тых сабак, якія былі кінуты на вуліцы сваёй сямʼёй. Адзін з тых, у каго дах над галавой – адкрытае неба, месца начлегу – бліжэйшая яма каля плота, а запаветныя кроплі вады – налітая дажджом лужына. Я ўцякаў ад стрэлаў адлову. Стрэлы, ад якіх нават не паміраеш адразу а павольна задыхаешся…».

Чарговую талаку па будаўніцтве прытулку для жывёлаў пад Асіповічамі ўдзельнікі праекту «Берагі надзеі» плануюць правесці 3-4 верасня і чакаюць талакоўцаў.

фота з рэсурсу: www.instagram.com

У Асіповіцкім раёне зубр напалохаў вёску. Людзі выклікалі ратавальнікаў і сядзелі па хатах

Зубры звычайна атаясамляюцца з Белавежскай пушчай, але і на Асіповіччыне статак гэтых жывёлаў сягае 540 асобін. Іх сюды завезлі два дзясяткі гадоў таму. Тутэйшыя зубры людзей не баяцца, але ставяцца да іх насцярожана і імкнуцца трымаць дыстанцыю.

Днямі зубр завітаў у вёску Лапічы. Паселішча за два дзясяткі кіламетраў ад райцэнтру, разраслося на беразе Свіслачы. Непадалёк ад яго былы вайсковы палігон.

«Ён даволі доўга прастаяў каля гурбаў будаўнічага пяску, потым спусціўся ў пойму Свіслачы. Там паласаваўся дзікай малінай і залёг у густым хмызняку. Вечарам зубр зноў пачаў праяўляць актыўнасць, нетаропка хадзіў па беразе, відаць, думаў, што яму рабіць далей. А ноччу рушыў праз мой участак, выйшаў на вуліцу і некуды знік», – апавядае пра сустрэчу з жывёлай вясковец.

У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кажуць, што жыхары, якія ўбачылі ў паселішчы зубра, паведамілі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях і папярэдзілі аб патэнцыйна небяспечнай жывёле суседзяў.

gzt-akray.by

Паводле спэцыялістаў-прыродаахоўнікаў, піша раёнка «Асіповіцкі край», «лапіцкі» зубр спрабаваў перайсці праз шашу Мінск-Гомель, аднак з-за сеткавай агароджы быў вымушаны змяніць кірунак. Пераплыў Свіслач і апынуўся ў Лапічах.

Для дзікай жывёліны сітуацыя аказалася стрэсавая, таму вяскоўцам адмыслоўцы параілі стварыць вакол зубра зону спакою: не шумець, без вострай неабходнасці не выходзіць з дамоў, не пакідаць без нагляду дзяцей і сабак.

Ноччу зубр рушыў у бок былога вайсковага палігона, дзе шчыльнае кустоўе. Магчыма, ён сцішыўся ў прыбярэжных зарасніках, толькі па-за межамі паселішча.

vetliva.by

Прыродазнаўцы адзначаюць, што лясному госцю Лапічаў 17 гадоў. У працэсе размнажэння зубр ужо не ўдзельнічае і, мяркуючы па вонкавым выглядзе, не мае фізічных пашкоджанняў, нармальна развіты.

Колькасць асіповіцкага зубрынага статку неўзабаве зменшыцца. 80 галоў адправяць у Бярэзінскі біясферны запаведнік і ў Чэрыкаўскі раён.

Асіповічам 150 год. Экскурс у гісторыю гораду

Юбілей Асіповічы адзначылі на прамінулых выхадных – 6-7 жніўня. Паводле афіцыйнай інфармацыі, святкавалі яго з размахам.

«Сотні жыхароў гораду былі задзейнічаны ва ўрачыстым шэсці прадпрыемстваў, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, – паведаміла мясцовая раёнка. – На галоўнай плошчы гораду яблыку не было дзе ўпасці. Прыкавала ўвагу шматлікіх гледачоў сваім выступленнем рота Ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры ў суправаджэнні ваеннага аркестра».

Асіповічы, як “цэнтр сусвету”

Асіповічы, адзін з самым «маладых» райцэнтраў Магілёўшчыны, але пасля Магілёва і Бабруйску – найвялікшы горад рэгіёну. Тут жыве амаль 30 тысяч чалавек.

 

Асіповічы буйны чыгуначны вузел. Цягнікі разыходзяцца тут на захад у бок Слуцка, поўнач – у Мінск, поўдзень – у Бабруйск і Гомель і на ўсход у Магілёў. Ад Асіповічаў да сталіцы 90, а да Магілёва – 140 кіламетраў.

 

Лічыцца, што ад 18 стагоддзя на месцы Асіповіч была аднайменная вёска. Яе насельніцтва займалася земляробствам, рыбалоўствам, паляваннем ды сплаўляла лес. З гістарычных звестак вядома, што ў 1777 годзе ў ёй было 16 сялянскіх двароў. Ёю валодаў Дамінік Еранім Радзівіл – апошні прадстаўнік нясвіжскай мужчынскай лініі роду Радзівілаў.

Чым славуты Дамінік Еранім Радзівіл

З 1810 году ён служыў у войску Княства Варшаўскага, меў званне палкоўніка. У чэрвені 1812 годзе наперадзе свайго палку ачоліў урачысты ўваход войскаў Напалеона ў Вільню, калі той паабяцаў свабоду і незалежнасць Вялікаму Княству Літоўскаму і Рэчы Паспалітай.

Дамінік Еранім Радзівіл удзельнічаў у напалеонаўскай выправе на Маскву, за ўдзел у бітве пад Смаленскам узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёну.

З кастрычніка 1812 году атрымаў званне маёра Імператарскай Гвардыі, браў удзел у бітве пад Ліпскам. Атрымаўшы цяжкую кантузію ў бітве пад Ханаў, памёр у Францыі 11 лістапада 1813 году.

Улады Расейскай імперыі арыштавалі маёнткі Дамініка Радзівіла за ўдзел яго ў вайне на баку Напалеона.

З вёскі да гораду…

Асіповічы разрасліся да памераў мястэчка, а затым гораду падчас будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі ў другой палове XIX стагоддзя. Асіповічы – сталі першым паселішчам сучаснай Магілёўшчыны, дзе праклалі чыгунку. У Магілёве тагачасная прыкмета цывілізацыі з’явілася толькі напачатку 20 стагоддзя.

Асіпаўчане лічаць сімвалам гораду помнік паравозу, а дзень чыгуначніка святкуюць тут з асаблівым размахам.

Подзьвіг партызана

У 1943 годзе на станцыі Асіповічы партызан Фёдар Крыловіч знішчыў чатыры нямецкія эшалоны з палівам, снарадамі і танкамі «Тыгр». Гэтая дыверсія ў тым ліку паспрыяла перамозе Савецкіх войск у бітве на Курскай дузе.

За подзвіг Кірыловіча ўзнагародзілі ў 1949 годзе ордэнам Леніна і тое, дзякуючы заступніцтву будучага кіраўніка савецкай Беларусі Кірыла Мазурава. Помнік герою паставілі толькі ў 2009 годзе, калі Беларусь была незалежнай.

Асіповічы – горад артылерыстаў-ракетчыкаў

У Асіповічах за савецкім часам было некалькі буйных вайсковых частак. Цяпер тут дыслакуюцца артылерысты-ракетчыкі. Непадалёк ад райцэнтру распрасціраецца вайсковы палігон, які выкарыстоўваецца падчас беларуска-расійскіх манеўраў.

Фота з рэсурсаў: gzt-akray.by, planetabelarus.by, be-tarask.wikipedia.org, ekskursii.by 

У Асіповічах цэх алюмініевага ліцця вырабляе «канкурэнтаздольную» прадукцыю на абсталяванні 1970 гадоў, але спадзяецца на мадэрнізацыю

Цэх падраздзяленне мясцовага заводу аўтаагрэгатаў. Алюмініевую вытворчасць пры ім запусцілі ў 1976 годзе. Нямала тутэйшага абсталявання працуе з таго часу. На той момант яно лічылася сучасным і эксклюзіўным.

«Тыя індукцыйныя печы для плаўкі металу, што былі ўстаноўлены ў сярэдзіне 70-х і маюць серыйныя нумары 001 і 002, працуюць і цяпер, – адзначае газета Асіповіцкі край. – Але гэтыя печы ўжо фізічна і маральна састарэлі, патрабуюць вялікіх намаганняў працаўнікоў цэху для іх абслугоўвання, таму ў планах прадпрыемства іх замена – адзін з прыярытэтных пунктаў».

Цэх мае патрэбу ў набыцці новай печы і аўтаматычнага комплексу для ліцця пад высокім ціскам, але няма фінансавання.

«Гэта дазволіць істотна пашырыць наменклатуру выпусканых сплаваў. Абмежаванасць у выбары гатункаў алюмініевых сплаваў можна лічыць галоўным вузкім месцам асіповіцкай металургіі», – спадзяецца на прарыў кіраўніцтва.

Паводле яго ўласная каляровая металургія «у сённяшніх геапалітычных рэаліях» – важны элемент эканамічнай бяспекі краіны і інструмент для ўмацавання пазіцый нашага машынабудавання на знешніх рынках».

Спажыўцы вырабаў цэху алюмініевага ліцця – МАЗ, БелАЗ, ды расійскія прадпрыемствы. У цэху працуе 126 чалавек.

 

У Асіповічах выявілі няякасныя крымскія кансервы – вось як яны выглядаюць

Раней такую самую прадукцыю эпідэміёлагі знаходзілі ў Крычаве.

Кансервы, якія не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных рэгламентаў да харчовай прадукцыі, былі выяўлены ў магазіне “Еўраопт” у Асіповічах. Гэта чарнаморская кілька, вырабленая крымскай кампаніяй “Фортуна Крым” у Сімферопалі. Спецыялісты Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя прыйшлі да высновы, што ў склад прадукта ўваходзіць кансервант, не ўказаны на ўпакоўцы.

Раней, у красавіку 2022 года гэтыя кансервы ўжо былі выяўленыя і забракаваныя ў магазіне “Светофор” у Крычаве.

Варта адзначыць, што на папулярным расійскім рэсурсе Otzovik крымская кілька ад кампаніі “Фортуна Крым” мае збольшага негатыўныя водгукі паводле якасці прадукцыі на думку спажыўцоў.

 

В Осиповичах на пешеходном переходе сбили троих детей

10 мая 21-летняя жительница Осиповичей, двигаясь по улице Черняховского в райцентре, на нерегулируемом пешеходном переходе наехала на троих детей 7, 11 и 13 лет. Две сестры и брат с травмами в больнице.

Известно, что стаж вождения девушки составляет полгода.

 

 

В Осиповичском районе в ДТП погиб пешеход

1 мая вблизи деревни Войнилово житель Минской области, управляя автомобилем Peugeot и двигаясь в крайней правой полосе, совершил наезд на 64-летнего жителя деревни Гриневка. От полученных травм мужчина погиб на месте происшествия.

 

Беларуская армія распрадае сваю тэхніку ў Асіповічах

Магілёўскія рэгіянальныя рэсурсы рэкламуюць выставу-продаж тэхнікі і маёмасці ўпраўлення сувязі Генеральнага штабу Узброеных Сіл Беларусі, які пройдзе 11 мая ў Асіповічах.

Продаж вайсковай тэхнікі ва ўмовах вайны ля межаў Беларусі здзіўляе аглядальнікаў і экспертаў.

Выставы вызваляемых матэрыяльных рэсурсаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь для рэалізацыі на аплатнай аснове ў Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь праводзяцца перыядычна.

Так, 11 мая запланавана правядзенне выстаўкі-продажу тэхнікі і маёмасці ўпраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл сумесна са службамі тылу ў Асіповічах. Удзельнікі выставы-продажы змогуць набыць тэхніку і маёмасць Узброеных Сіл. Больш падрабязна з пералікам, прадстаўленым на выставе, можна азнаёміцца на сайце www.voentorg.by.

Увогуле, падзея гэта звычайная і руцінная, бо нешта састарэла, нейкая тэхніка замяняецца найноўшымі распрацоўкамі. Але, калі побач ідзе вайна, такі распродаж набывае новае гучанне. На жаль, паглядзець пералік тэхнікі на сайце ваенторга не ўдаецца, бо ён увесь час недасяжны.

А гэта было б вельмі цікава, бо ва ўмовах агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны запасы рэсурсаў граюць вельмі важную ролю. Калі б тая тэхніка, якую прапануюць набыць беларускім і расійскім суб’ектам гаспадарання, была б сучасная, то яе ўжо б аддалі расійскім вайскоўцам.

Выстава пройдзе ў вайсковай часці 01313 па адрасе: Магілёўская вобласць, г. Асіповічы, вул.Касмічная, 50. Пачатак яе працы – з 11.00.

фота: cherikovnews.by