Пакралі кукурузныя пачаткі, вырвалі шланг на запраўцы – дайджэст здарэнняў у магілеўскай глыбінцы

У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі за апошнія дні паступіла некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні.

У мужчыны, які пражывае ў Мсціславе, невядомыя залезлі ў падвальнае памяшканне і выкралі закаткі. Распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 205 КК РБ. Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох год.

У іншага мужчыны не атрымалася скарыстацца ўраджаем кукурузы сельгаспрадпрыемства. Інспектарамі ДПС ён абвінавачаны ў незаконнай перавозцы 15 кг кукурузных пачаткаў.

У жыхара аг. Забалацце з банкаўскай карткі махляры спісалі 190 рублёў.

На АЗС-19 г. Мсціслаўля кіроўца легкавога аўтамабіля сарваў заправачны шланг і ўцёк з месца здарэння. Яго асобу ўстанавілі супрацоўнікі аддзялення ДАІ. Ім аказаўся жыхар г. Мсціслаўля. Мужчыну пазбавілі права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.

Фота ілюстратыўнае

Пад Мсціславам журналісты знайшлі альтэрнатыву лавандавым палям для фотасесій

Карэспандэнты Onliner прызналіся, што ўжо стаміліся кожны год бачыць адны і тыя ж лакацыі для эстэцкіх фотасесій – лавандавыя палі, саланечнікавыя зараснікі або цюкі саломы. І ў якасці годнай альтэрнатывы прапанавалі поле канюшыны каля аграгарадка Капачы пад Мсціславам.

Поле, пакрытае дываном з канюшыны знаходзіцца каля трасы Р-96 па дарозе на Мсціслаў.

Фота: Onliner

Слесар скраў 20 літраў малака ў Мсціслаўскім раёне

Слесар ААТ «МушынаАгра» здзейсніў крадзеж 20 л малака з малочнатаварнага комплексу аг. Мушына Мсціслаўскага раёна. Мужчына прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 74 рублі – паведамляе «Святло Кастрычніка».

Фота ілюстрацыйнае

У мсціслаўскім Дамачаі распачалі выпускаць мясцовую пітную ваду

У мсціслаўскім філіяле булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай» прыступілі да разліву прыроднай пітной вады «Мсціслаўская». Дабраславіць пачатак вытворчасці запрасілі архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія.

Аакрамя арцыбіскупа, які правёў на адкрыцці вытворчасці былі і прадстаўнікі мясцовага райвыканкама. Усё адзначылі мяккасць і прыемны смак пітной вады.

Прыродная вада дастаўляецца на вытворчасць з дапамогай помпы з артэзіянскай свідравіны, размешчанай на тэрыторыі завода. Каб палепшыць гэты працэс, было дакуплена спецыяльнае абсталяванне.

Як адзначыла дырэктар мсціслаўскай філіі Наталля Кабішава, вада прайшла ўсе лабараторныя выпрабаванні, а разліваюць яе з захаваннем прыродных уласцівасцяў.

Для гэтага ў вінным цэху была добраўпарадкавана новая пляцоўка, дзе адбываецца сам працэс разліву. Менавіта тут наклейваецца этыкетка і адбываецца пакаванне.

Першыя трыста літраў пітной вады ў бутэльках аб’ёмам 5 літраў паступіць у продаж у сетку магазінаў “Дамачай” па ўсёй Магілёўскай вобласці, таксама вядуцца перагаворы па продажы ў сетцы місціслаўскай раеннай спажывецкай кааперацыі – паведамляе “Святло Кастрычніка”. 

Фота “Святло Кастрычніка”

У Мсціславе прайшоў Рыцарскі фэст

Ужо традыцыйна месцам правядзення рысталішчаў стала Мсціслаўская замкавая гара.

Рыцарскі фэст –  фестываль сярэднявечнай культуры. Упершыню быў арганізаваны ў 2007 годзе.

Сёлета гледачоў парадавалі тактычныя бугурты, турніры, манеўры, конны турнір і паказальныя выступленні коннікаў, штурм замка, вогненнае шоу і канцэрты сярэднявечнай музыкі.

Фота: Святло Кастрычніка

У Мсціслаўскім раёне падлетак патануў у зерне

Падлетак загінуў на зернесушыльным комплексе ў аграгарадку Мушына – пра гэта паведамляе прэс-служба МНС.

17-гадовы хлопец на час уборачнай кампаніі ўладкаваўся ў аператарам зернесушыльнага комплексу ў мясцовую гаспадарку.

Паводле папярэдніх звестак, на момант надзвычайнага здарэння побач з ім знаходзіліся школьнікі. Вырашыўшы пажартаваць з іх, ён заскочыў у загрузачную яму. Праз кароткі прамежак часу пачаў тануць у зерні. Відавочцам дапамагчы юнаку выбрацца не ўдалося.

Фота: МНС

У Мсціслаўскім раёне МАЗ сутыкнуўся з легкавушкай – загінула пасажырка

На аўтадарозе Чавусы-Мсціслаў грузавік сутыкнуўся з аўтамабілем Peugeot – паведамляе прэс-служба УУС.

На месцы аварыі загінула 52-гадовая пасажырка легкавушкі, а яе муж дастаўлены ў бальніцу ў цяжкім стане.

Кіроўца МАЗа не пацярпеў.

Фота: МНС

Пакралі часнык з агароду, козы абгрызлі яблыню – дайджэст здарэнняў у магілеўскай глыбінцы

У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі за апошнія дні паступіла некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: крадзеж часныка з агарода, нахабныя козы, што паелі кветкі і абгрызлі яблыні, сямейна-побытавыя разборкі. 

Агарод мсціслаўчанкі пацярпеў ад нападу злодзеяў. Уначы яны скралі 75 галовак часныку. Жанчыне, якая пражывае ў Мсціславе па вуліцы Гастэла, не пашанцавала з суседскімі козамі, бо яны ў гаспадыні з’елі кветкі, абгрызлі яблыню і падрапалі штыкетнік. 

У аграгарадку Басценавічы прычынай канфлікту таксама сталі свойскія жывёлы. У жыхаркі вёскі сабакі загрызлі курэй і трусоў. На цяперашні момант па ўсіх пералічаных фактах праводзіцца праверка.

У вёсцы Андраны мужчына ў стане алкагольнага ап’янення ўчыніў з жонкай скандал, выгнаўшы яе з дому. На дэбашыра складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф да 10 базавых велічыняў, грамадскія працы або адміністрацыйны арышт.

У аддзел мсіцслаўскай міліцыі жанчына, якая пражывае ў Оршы, і паведаміла, што ў доме яе бацькі ў вёсцы Картыжы невядомыя разабралі тэлевізары, пральную машыну і газавую пліту. Таксама не пасаромеліся выкрасці кацёл з лазні. На сёння па дадзенаму здарэнню ўзбуджаная крымінальная справа паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”. 

Фота ілюстрацыйнае

Рэха быхаўскай трагедыі – на Мсціслаўшчыне праверылі пясчаныя кар’еры

Пасля трагедыі ў Быхаве, дзе 11 ліпеня на кар’еры засыпала пяском 10-гадовага хлопчыка, праверкі на бяспеку гаспадарчых кар’ераў пракаціліся па ўсёй вобласці. У Мсціслаўскім раёне, у прыватнасці, эколагі і ратавальнікі правялі маніторынг усіх сямі наяўных кар’ераў, пяці агульнагаспадарчых і двух прамысловых – піша “Святло Кастрычніка”.

Недахопы былі знойдзены – у адрас арганізацый інспекцыяй былі накіраваны інфармацыйныя лісты аб устараненні парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Ратавальнікі праінфармавалі зацікаўленыя службы аб недапушчальнасці знаходжання на тэрыторыі кар’ераў дзяцей і пабочных асоб. 

Фота: “Святло кастрычніка”

Нецвярозы буйны брат, крадзяжы бульбы і шумныя суседзі – дайджест здарэнняў з магілеўскай глыбінкі

У дзяжурную службу мсціслаўскага аддзела міліцыі за апошнія дні паступіла некалькі паведамленняў пра розныя здарэнні: крадзеж паліва і рулонаў сена, кустоў бульбы з агарода. Нецвярозы буйны брат і шумныя суседзі, якія ладзяць начныя гулянкі.

У аграгарадку Басценавічы Мсціслаўскага раёна на тэрыторыі прыватнага домаўладання пенсіянера міліцыя выявіла 30 літраў афарбаванага дызельнага паліва, што захоўваў мужчына. У аграгарадку Мішні “засвяціўся” механізатар аграпрапрыемства “Знамя працы” у якога правахоўнікі знайшлі два рулоны сена. 

У Мсціславе ў пад’ездзе дома па вуліцы Школьная невядомыя разбілі акно ўваходных дзвярэй. Працягваюцца і крадзяжы бульбы з агародаў людзей. На гэты раз злодзеі выкапалі на агародзе жыхара Ходасаў 15 кустоў клубневай культуры. А вось у аграгарадку Разанцы жанчына была змушаная звярнуцца за дапамогай да міліцыі з-за таго, што суседзі два тыдні не давалі ёй спаць, ладзячы начныя гулянні. Па ўсіх фактах праводзіцца праверка.

У Ходасах адбылося яшчэ адно здарэнне. Родны брат жанчыны ў стане алкагольнага ап’янення ўчыніў з ёй скандал, парваў сукенку і кідаўся біцца. У выніку на мужчыну быў складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф да 10 базавых велічыняў (370 беларускіх рублёў) ці грамадскія працы або адміністрацыйны арышт – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота ілюстрацыйнае