У Магілёве адкрылі ядальню KFC. Прыйшло багата людзей, але ажыятажу не было

Гэта ўжо трэцяя фаст-фудаўская ўстанова, якая працуе пад брэндам KFC, у абласным цэнтры і 76-я – у Беларусі.

Новую ядальню ўзвялі на вакзале. Ён ад гарадскога цэнтру за 10 хвілінаў язды грамадскім транспартам. Шкляной будынінай знішчаная клумба, якая ўпрыгожвала наваколле ля прывакзальнай плошчы.

На адкрыццё прыйшло пад паўсотню чалавек, пераважна моладзь. Грамада пачала збірацца задоўга да пачатку імпрэзы. Асаблівага ажыятажу не назіралася. Не было штурханіны, як на адкрыцці першых падобных ядальняў у горадзе. У залі ўтварылася чарга з аматараў фаст-фуду.

Аператарам брэнду KFC у Беларусі з’яўляецца акцыянернае таварыства «Бел Фуд Сэрвіс». Яго заснавалі ў 2014 годзе. Брэнд KFC найбольш прадстаўлены ў краіне колькасцю рэстаранаў.

KFC і вайна ва Ўкраіне

Як адбілася вайна ва Ўкраіне на стаўленні кампаніі Yum! Brands, якой належаць брэнды KFC и Pizza Hut, да іх выкарыстання ў Беларусі высветліць не ўдалося.

Між тым кампанія Yum! Brands прыпыніла інвестыцыі і развіццё такіх ядальняў у Расіі яшчэ ў сакавіку, неўзабаве па яе поўнамаштабным ваенным уварванні ва Ўкраіну.

«Як і многія ва ўсім свеце, мы ўзрушаны і засмучаны трагічнымі падзеямі, якія разгортваюцца ва Украіне. Yum! Brands прыпыніла ўсе інвестыцыі і развіццё рэстаранаў у Расіі, пакуль мы працягваем ацэньваць дадатковыя варыянты», было адзначана на сайце кампаніі.

Yum! Brands разглядае розныя варыянты продажу свайго расійскага бізнесу мясцоваму аператару. Любы з іх мае гарантаваць захаванне працоўных месцаў і выкананне абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі і партнёрамі.

Вялікая частка рэстаранаў, якія працуюць пад брэндам KFC у Расіі, кіруецца па дагаворах франчайзінгу і належыць расійскім юрыдычным асобам. Яны працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. Такім чынам, мяркуюць у Расіі, брэнд KFC застанецца на мясцовым рынку.

Пракуратура аб крымінагеннай сітуацыі ў Магілёве: 23 справы за цяжкія цялесныя пашкоджанні і 4 – за забойства. Вёў прафілактычную нараду чыноўнік-карупцыянэр

Адкрываў нараду аб прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў чыноўнік, абвінавачаны раней у карупцыі. Цяпер намеснік старшыні Ленінскага райвыканкаму Яўген Дуплеўскі курыруе ідэалогію і ўзаемадзеянне раённай улады з праваахоўнымі структурамі. Яшчэ ён старшынюе ў раённай арганізацыі праўладнага аб’яднання «Белая Русь».

На нарадзе намеснік пракурора гораду Яўген Фурманаў адзначыў, што нягледзячы на зніжэнне злачынстваў на 17,6 працэнта, выклікаюць занепакоенасць факты ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў і забойстваў.

Паводле супрацоўніка пракуратуры ў горадзе ўзбуджана 23 крымінальныя справы за цяжкія цялесныя пашкоджанні і 4 – за ўчыненне забойства.

Па словах старшага памочніка пракурора Магілёва Вольгі Новікавай у Ленінскім раёне толькі за ліпень зарэгістраваныя адно забойства і пяць злачынстваў, звязаных з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Большая частка злачынстваў, гаварылі на нарадзе, учыняецца падчас распівання спіртных напояў, ці людзьмі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, паведамляе «Веснік Магілёва».

Што да Яўгена Дуплеўскага, то яго крымінальнае мінулае цяпер не згадваецца. У лютым жа 2014 года абласная пракуратура распачала супраць супрацоўніка гарвыканкаму крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Дуплеўскі прызнаўся ва ўчыненні злачынства.

На той момант ён рабіў начальнікам упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму. Следства ўстанавіла, што чыноўнік чатыры гады быў аформлены ў школе па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў. Пры гэтым ніякіх заняткаў не праводзіў, але атрымліваў за гэта заробак.

Яму пагражала да 7 гадоў пазбаўлення волі. Аляксандр Лукашэнка задаволіў прашэнне аб памілаванні карупцыянера, калі ён кампенсаваў суму шкоды.

Памілаваны Дуплеўскі працягнуў працу ў сістэме адукацыі і быў прызначаны нават дырэктарам гімназіі №4. Бацькі вучняў пратэставалі супраць таго, каб навучальнай установай кіраваў службовец абвінавачаны ў карупцыі, але гэта не дало плёну.

У 2021 годзе Дуплеўскі стаў намеснікам старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва.

фота з рэсурсу: vestnikmogileva.by

Санкцыі значна паўплывалі на працу. З магілёўскім прадпрыемствам Ольса «прыпынілі» супрацоўніцтва контрагенты з Еўрасаюзу і Ўкраіны

Сваёй прадукцыі заводу не пастаўляюць кампаніі «ІКЕА», якая прыпыніла працы ў Расіі і Беларусі на фоне вайны ва Украіне, а таксама «JYSK», уласнікі якой палічылі, што «у бягучай сітуацыі не бачаць альтэрнатывы закрыццю дзейнасці ў Расіі». Магілёўскае прадпрыемства засталося і без вырабаў украінскай кампаніі «ЕПІЦЕНР».

«Ольса» спецыялізуецца на вытворчасці садовай і кемпінгавай мэблі, а таксама мэблі для медычных устаноў, бытавых электрапомпаў, дрэваапрацоўчых станкоў і спартыўных вулічных трэнажораў. Прадпрыемства экспартна арыентаванае. Доля продажу прадукцыі на замежныя рынкі складае да 86 працэнтаў у агульным аб’ёме адгрузкі.

Сітуацыя ў свеце, якая склалася, і, як вынік, санкцыйныя меры значна паўплывалі на працу пражпрыемства, – прызнае дырэктар Мікалай Цыкуноў.

Ён кажа, што прадпрыемства праводзіць актыўную працу па замяшчэнні страчаных абʼёмаў рэалізацыі, у тым ліку з пашырэннем прысутнасці на расійскім рынку. Заключаныя новыя кантракты з кампаніямі з Таджыкістану і Арменіі, піша інтэнэт-рэсурс Mycity.by.

На погляд Мікалая Цыкунова, павялічыць і ўмацаваць экспартны патэнцыял і пашырыць геаграфію продажаў дазволіць супрацоўніцтва з сусветнымі сеткавымі кампаніямі.

 

Фота ілюстрацыйнае з рэсурсу https://mogilevnews.by/

Сучасныя “калгасы”. Работнікі не носяць спецадзення і працуюць на няспраўнай тэхніцы 

Тэхнічныя інспэктары з афіцыйнага прафсаюзу  ў 60 гаспадарках Магілёўшчыны выявілі больш за 400 парушэнняў заканадаўства аб ахове працы.

Сярод найбольш распаўсюджаных – невыкарыстанне работнікамі спецадзення, неўкамплектаванасць аптэчак, праца на няспраўнай тэхніцы, несвоечасовае правядзенне інструктажаў па ахове працы, даводзіць інфармацыйнаму агенцтву “БелТА” тэхнічны інспектар абласнога аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Сяргеенка.

Паводле яго, з пачатку года ў Магілёўскай вобласці назіраўся рост вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі і гібельлю работнікаў. Цяпер, настойвае ён, сытуацыя стабілізавалася.

За першае паўгоддзе 2022 года адбыліся 54 няшчасныя выпадкі, за аналагічны перыяд 2021-га – 55

фота ілюстрацыйнае

У Магілёве шукаюць ахвотных паслужыць у войску кантрактнікам. Аб’явы з’явіліся ў грамадскім транспарце (фотафакт)

Пасажыры звярнулі ўвагу, што плакаты з заклікам паслужыць па кантракту датаваныя мінулых годам. Такая выснова зробленыя імі, бо памер грашовай заахвоты для кантрактнікаў пададзены па стане на 1 сакавіка 2021 году.

Пасажыры настойваюць, што падобных аб’яваў раней не было ў грамадскім транспарце і іх зʼяўленне сёлета, калі трывае вайна ва Ўкраіне, выклікае напружанне.

Паводле звестак на плакатах, кантрактніку абяцаюць заробак ад 833 рублёў і поўны пакет сацыяльных прэферэнцыяў.

Фотафакт. У Магілёве тралейбус стаў удзельнікам дарожна-транспартнага здарэння

Ён не размінуўся з легкавікам. Абышлося без пацярпелых.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на перакрыжаванні вуліц Крупскай і Турава. Працуюць супрацоўнікі ДАІ.

У выніку аварыі пашкоджаныя тралейбус – у яго сарвала бампер, а ў легкавіка разбітая задняя шыба.

Абышлося без ахвяраў. Пасажыры тралейбуса без праблемаў пераселі на іншы транспартны сродак.

 

Магілёўская бібліятэка далучылася да шукання гаспадароў бяздомным жывёлам. Горад адмысловага прытулку для бадзяжных катоў і сабак не мае

Часова прытуляе такіх жывёлаў мясцовае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вывазе смецця. Калі адлоўленым катам і сабакам не знаходзяцца гаспадары, то іх усыпляюць.

Тым часам, у цэнтральнай гарадской бібліятэцы разгарнулі фотавыставу для тых, хто хоча займець сабе гадаванца.

Кожны здымак суправаджаецца апісаннем звычак жывёлы, іх асаблівасцяў і пажаданняў па іх утрыманні. Любога ўпадабанага гадаванца можна забраць, патэлефанаваўшы па нумары тэлефона, указанаму пад фатаграфіяй, паведамляе  рэсурс MyCity.by.

Паводле супрацоўнікаў бібліятэкі выстава сабраная з матэрыялаў, апубліканых у суполцы сацыяльнай сеткі Ўкантакце «Мы шукаем дом («Добрае сэрца») Магілёў». Інфармацыя ў пабліку абнаўляецца штодня. Жывёлаў, якім патрабуецца дапамога, не становіцца меней.

У бібліятэцы падобныя выставы ладзяць рэгулярна. Яе супрацоўнікі вераць, што «мілыя і добрыя «хвосцікі» абавязкова знойдуць свой дом і клапатлівых гаспадароў».

У Магілёве няма адмысловага прытулку для бадзяжных і выкінутых людзьмі жывёлаў. Гэтую праблему не раз уздымалі абаронцы жывёлаў перад мясцовай уладай, але яна застаецца актуальнай.

Днямі дабрачынная ўстанова «Востраў дабрыні» актуалізавала праблему бадзяжных сабак і катоў у горадзе, пісаў  Магілёў.media.

Валанцёры арганізавалі на пешаходнай вуліцы збіралі сродкі на ўтрыманне беспрытульных жывёлаў.

фота з русурсаў: mycity.by, avatars.mds.yandex.net

У Магілёве адстаўныя дэсантнікі адзначылі сваё «прафесійнае» свята «сціпла і арганізавана». Згадалі вайну ва Ўкраіне

Пра вайну ва Украіне былыя магілёўскія дэсантнікі казалі, што ва ўмовах сучасных ваенных тэхналогіяў без вайсковага спецназу не абысціся.

На дзіва, але ў разгар дня, сквер ля кінатэатру «Радзіма», дзе ў ранейшыя гады збіраліся дэсантнікі» заставаўся без хлопцаў у цяльняшках. Не было традыцыйнага маршу былых салдат і па пешаходнай вуліцы Ленінскай.

 

 

Адстаўная дэсантура сабралася ў парку імя Горкага. Гэтая мясціна, хоць і ў цэнтры гораду, але ў баку ад людных вуліц. Каля сотні дэсантнікаў віталіся, браталіся, абмяркоўвалі планы на святочны дзень пакуль не прагучала каманда шыхтавацца. Шыхт былых вайскоўцаў правялі да мемарыялу Змагарам за Савецкую ўладу.

Ля яго адбыўся непрацяглы мітынг. На ім не было, як у мінулыя гады, пафасных выступаў чыноўнікаў. У прамовах згадалі вайну ва Ўкраіне. Было падкрэслена, што ва ўмовах панавання сучасных ваенных тэхналогіяў дэсантнікі застаюцца незаменнымі.

Будзённа на мітынгу прагучалі віншаванні, былі ўручаныя памятныя медалі. Святар акрапіў вадой шыхт былых вайскоўцаў. Некаторыя адрэагавалі жартам: цяпер можна не лезці ў фантаны.

Па сканчэнні ўрачыстай часткі адстаўныя дэсантнікі разышліся. Хто выправіўся да сваіх фантанаў, хто ў кавярні, а нехта дадому.

Замест прагнозу надвор’я. Прыгожы відэаролік з магілёўскім дажджом

Парасон браць ня трэба, бо сыноптыкі абяцаюць першы дзень жніўня без ападкаў. Вецер паўднёвы, паветра прагрэецца да 29 градусаў.

У відэа Магілёў.media проста прыгожыя ракурсы роднага для многіх гораду. Дождж жа толькі антураж.

У Магілёве былыя маракі адзначылі Дзень ВМФ пад савецкія песні і загад міністра абароны Расіі

У парку імя Горкага сабралася пад сотню былых маракоў. Адстаўныя афіцэры прыйшлі ў мундзірах. Матросы ж шарагоўцы ў цяльняшках і іншай флоцкай адзежы, якая захавалася з часоў службы ў ВМФ.

Некаторыя на традыцыйную штогадовую сустрэчу маракоў прынеслі сцягі Ваенна-марскога флоту СССР. Была і расійская атрыбутыка. Над грамадою ўздымалася некалькі «Андрэеўскіх сцягоў» – сімвалаў Расійскага імператарскага флоту і цяперашняга Ваенна-марскога флоту Расійскай Федэрацыі.

На сходзе гучалі савецкія патрыятычныя песні, а прысутным быў «даведзены» загад Міністра абароны Расійскай Федэрацыі Шайгу ды ягоныя святочныя віншаванні. Удзельнікі памянулі хвілінай маўчання тых, хто сышоў з жыцця. У гутарках кожны згадваў даўно прамінулыя гады службы ў савецкім флоце.

Дзень ВМС у Савецкім Саюзе адзначаўся ў апошнюю нядзелю ліпеня. У гэты дзень штогод і збіраюцца адстаўныя магілёўскія маракі. Апошнюю нядзелю ліпеня, як дзень флоцкага свята пакінула сабе Расія.

Пасля анексіі Расіяй Крыму і вайны на Данбасе Ўкраіна, якая таксама адзначала дзень флоту ў апошнюю нядзелю ліпеня, дату перанесла. Цяпер флоцкае свята Ўкраіны прыпадае на першую нядзелю ліпеня.