Пракурор Магілёўскай вобласці заняўся кароўнікамі Дрыбінскага раёна

Чарговыя “абасраныя каровы” і не толькі былі выяўлены на ўсіх сельгаспрадпрыемствах.

Пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк асабіста праводзіў надзорныя мерапрыемствы ў арганізацыях аграпрамысловага сектара – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры Беларусі.

У ходзе праверкі ім было ўстаноўлена, што практычна ва ўсіх гаспадарках Дрыбінскага раёна не выконвалі ключавыя патрабаванні да ўмоў утрымання жывёлы. У асобных арганізацыях не выконвалі рацыёны кармлення буйной рагатай жывёлы, не прыбіралі своечасова адыходы жыццядзейнасці жывёл. Неналежным чынам захоўваўся корм. Часам прымяняліся ветэрынарныя прэпараты са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Па выніках праверкі 12 чалавек былі прыцягненыя да дысцыплінарнай адказнасці. Як заяўляецца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры, для ліквідацыі большасці парушэнняў не патрабуецца значных матэрыяльных затрат, а толькі выкананне вытворча-тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны ў гаспадарках.

У Магілёве адкрываецца выстава знакамітай беларускай фотамастачкі Марыны Бацюковай

“Падарожжа да сябе” – серыя здымкаў, зробленых падчас падарожжаў па Германіі, Ізраілі, Азербайджане, Грузіі, Францыі і Арменіі ў перыяд 2014–2022 гг. Выстава будзе працаваць у музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі з 6 кастрычніка па 6 лістапада.

Марына Бацюкова – прыхільніца дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы яе даследаванняў – паўсядзённасць, псіхалагічныя партрэты асобы, узаемаадносіны чалавека з навакольным асяроддзем.

Выстава “Падарожжа да сябе” прымеркавана да 30-годдзя творчай дзейнасці фотамастачкі, члена Беларускага саюза мастакоў, Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, удзельніцы і куратара шматлікіх выстаў і праектаў у Беларусі і за мяжой.

У экспазіцыі выставы – візуальны дзённік уражанняў ад асабістага знаёмства з краінамі, мастацкія вынаходкі і ўнікальныя вобразы. Нацыянальны і культурны каларыт краін прадстаўлены манахромнымі фотаздымкамі-гісторыямі, вельмі рэальнымі, дасканалымі, знятымі на плёнку і надрукаванымі ўручную ў класічнай тэхналогіі бромсярэбраных адбіткаў, чыстымі малюнкамі оптыкі.

 

Паляпшэння надвор’я чакаем у другой палове тыдня

У другой палове тыдня, па інфармацыі сіноптыкаў,  надвор’е на тэрыторыі Магілёўскай вобласці палепшыцца.

З чацвярга 6 кастрычніка дажджоў і воблачнасці стане менш, вецер павернецца на паўднёва-заходні і тэмпературны фон пачне павышацца: у начны час тэмпература паветра складзе ад +3 да +10 С, а днём будзе ад +13 да +20 С.

Пры гэтым, не варта забываць, што восень – пара туманоў, таму на дарогах неабходна быць уважлівымі.

Надвор’е без ападкаў можа пратрымацца да 13-14 кастрычніка.

 

Адбыліся змены ў руху цягнікоў Магілёў-Гомель

З 4 кастрычніка мяняецца графік руху цягнікоў па маршруце Магілёў – Гомель. Некаторыя цягнікі адмяняюцца. Прычына – планавыя рамонтныя работы.

Як стала вядома, з прычыны рамонтных работ на ўчастку Магілёў – Жлобін 4, 5, 17, 18, 19 і 20 кастрычніка змяняецца расклад цягніка № 615/616 Магілёў – Гомель. 

У гэтыя дні цягнік адправіцца з Магілёва на 2 гадзіны 35 хвілін раней за графік — у 8.25.

Да таго ж, 6 кастрычніка адмяняюцца цягнікі № 615/616 Магілёў – Гомель і Гомель – Магілёў з адпраўленнем з Магілёва ў 11.00, з Гомеля ў 14.27 адпаведна.

Усю актуальную інфармацыю пра час адпраўлення і прыбыцця, іншыя змены ў раскладзе руху цягнікоў можна атрымаць на афіцыйным сайце Беларускай чыгункі, з дапамогай афіцыйнага мабільнага дадатку «БЧ. Мой цягнік», а таксама па адзіным нумары 105 кантакт-цэнтра БЧ.

На “Магілёўхімвалакно” з надзеяй на лепшае змянілі генеральнага дырэктара

Найбуйнейшым абласным прамысловым прадпрыемствам цяпер кіруе не Пётр Руднік, а Уладзімір Маркаў.

Руднік ачольваў аб’яднанне амаль 6 гадоў. Прадпрыемства працавала, і гэта ўжо добра ў цяперашніх умовах. Але многія адзначаюць, што зорны час Рудніка прыйшоўся на гады кіравання  “Магілёўліфтмашам”. Тады прадпрыемства ён, як казалі, “падняў”, і яно стала адным з прамысловых лідараў краіны. 

З 2008 па 2014 год Пётр Руднік быў старшынёй Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Тут ён працаваў ужо не так паспяхова. На “Магілёўхімвалакно” яго накіравалі з задачай “рэалізацыі новых інвестыцыйных праектаў на самым высокім тэхналагічным узроўні з мінімальнымі расходамі і прыцягненнем замежных фундатараў”. Але прарыву не адбылося, хаця і абвалу не было.  

Крэсла генеральнага дырэктара “Магілёўхімвалакно” цяпер заняў Уладзімір Маркаў, якому споўнілася 47 гадоў. Да гэтага ён працаваў дырэктарам ААТ “Завод горнага воску”. Праблемы і само прадпрыества ён ведае, бо раней Маркаў быў дырэктарам завода поліэфірных нітак, намеснікам генеральнага дырэктара Хімвалакно па эканоміцы, фінансах і кіраванні. Усяго на прадпрыемствах хімічнай прамысловасці ён працуе больш за 20 гадоў. 

 

Уладзімір Цумараў сышоў з пасады мэра Магілёва: актыў і пасіў былога граданачальніка

Былы мэр за 9 гадоў працы пакінуў пасля сябе разнастайную спадчыну. Паспрабуем падвесці першыя вынікі, бо шмат што па-сапраўднаму выявіцца значна пазней. Тым не менш, падаецца, што Віктар Шорыкаў і Уладзімір Цумараў – два прэтэндэнты на званне лепшага старшыні гарвыканкама часоў незалежнасці. 

Напачатку трэба сказаць, што крытыкаваць дзейнае начальства за памылкі і хваліць яго ж за добрыя справы пасля сыходу ў адстаўку – добры тон і нават норма ў дэмакратычным грамадстве. Падлізнікі ж робяць усё наадварот: яны лісліва хваляць чалавека, пакуль ён на высокай пасадзе, і аблайваюць яго адразу пасля сыходу. Сёння час калі крытыкаваць ужо позна, а час усхваляць яшчэ не прыйшоў. Можна казаць аб’ектыўна. 

Цумараў не быў белым і пухнатым. Яго часцяком крытыкавалі за аддаленасць ад патрэб простых людзей, за панскасць у пэўных сітуацыях, за праз калена зробленыя нават добрыя праекты, за гэтыя кіламетры тратуарнай пліткі… За што толькі яго не крытыкавалі. 

Але Цумарава ж хвалілі за інфраструктурныя пераўтварэнні ў горадзе, за тое, што не саромеўся быць проста чалавекам, падпяваў артыстам на канцэртах, як мэр быў дастаткова даступным і адкрытым і г.д.

Тут важна адзначыць і ўсведамляць, што ганебнай мянушкі да яго не прыклеілася. А гэта пра многае кажа. 

Што ж змянілася ў горадзе за гады яго кіравання? За што мы можам сказаць яму дзякуй? 

Актыў Цумарава: 

Першае, што згадваецца, гэта парк “Падміколле”. Сапраўднае дзецішча мэра. Мала хто здзівіцца, калі нейкі аб’ект у парку будзе праз шмат гадоў названы ягоным імем. 

Па другое, гэта масты. Усе магілёўскія масты праз Дняпро былі адрамантаваны пры ім, як і большасць іншых маставых пераходаў горада. Гэта было складана, патрабавала шматлікіх узгадненняў і вельмі значна. А ільвы на Пушкінскім мосце – нібыта напамін пра гэта. 

Рамонт дарожнага покрыва і разгрузка цэнтра горада  ад транспартных патокаў.  Адкрытая новая дарога-дублер для вуліцы Якубоўскага і Загараднай шашы. Капітальна адрамантаваныя Першамайская і Крупская і г.д. 

Мноства пешаходных дарожак у гады яго кіравання Магілёвам былі пабудаваны або адрамантаваны. 

Пасіў Цумарава: 

Парк “Падміколле” створаны без уліку прапаноў краязнаўцаў і эколагаў. У некаторых парк выклікае ўражанне безгустоўнай мешаніны розных стыляў, у той час як сапраўдныя каштоўнасці Падміколля былі груба выкарчаваныя. Бульдозерамі руйнавалі падмуркі старажытных камяніц. Мяшалі з брудам культурны слой. З-за неахайнай працы экскаватараў унікальныя дрэвы ў парку ссохлі. 

Так і не была створана сетка веладарожак. А тыя, што з’явіліся, праходзяць выключна ля буйных транспартных трас і экалагічна шкодныя для веласіпедыстаў. 

Бюджэтныя сродкі марнаваліся на тратуарную плітку, літаральна ўкапваліся ў зямлю, хаця маглі б быць выдаткаваны больш рацыянальна. Гранітная плітка на плошчы Славы ламаецца падчас кожнай уборкі снегу, тады як павінна была б быць доўгавечнай.

Няўлік думак жыхароў пры правядзенні рэканструкцый мікрараёнаў. Але, трэба прызнаць, што апошняя праблема носіць сістэмны характар і не магла быць вырашана ў рамках аднаго асобна ўзятага горада. 

Як бачым, пасля Цумарава засталіся дасягненні, пра якія можна казаць. Ад папярэдняга яму мэра гораду не засталося нічога, за выключэннем разбітых дарог. Сур’езна параўноўваючы значэнне розных мэраў горада, многія магілёўцы прыходзяць да высновы, што Віктар Шорыкаў і Уладзімір Цумараў – прэтэндэнты на званне лепшага старшыні гарвыканкама часоў незалежнасці. Пры іх шмат чаго было зроблена. 

Так што дзякуй, Уладзімір Міхайлавіч. Здароўя вам і плёну ў жыцці. 

Два чалавекі загінулі пры аварыі ў Магілёўскім раёне

Трагедыя адбылася каля 15:00 паблізу вёскі Сянькова. Паводле папярэдняй інфармацыі, на закругленні дарогі налева, вадзіцель Subaru не справіўся з кіраваннем. Адбыўся занос аўтамабіля, у выніку якога ён перакуліўся на дах.

Побач з транспартным сродкам знойдзены целы дваіх мужчын. Адзін з іх 48-гадовы мясцовы жыхар. Асоба другога ўстанаўліваецца.

 

Новага мэра Магілёва знайшлі ў Бабруйску. Ім стаў будаўнік Аляксандр Студнеў

Аляксандр Студнёў нарадзіўся ў Магілёве, яму 48 гадоў, жанаты, мае дзве дачкі.

Па адукацыі будаўнік – скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Таксама вучыўся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. 

Кар’ера спадара Аляксандра пракруцістая. Працаваў майстрам у СУ-76 будтрэста № 12. Пэўны час быў намеснікам старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта па пытаннях горадабудаўніцтва і архітэктуры, а потым старшынёй камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама. Узначальваў затым РУП “Белбудцэнтр” – буйное шматпрофільнае прадпрыемства, якое ажыццяўляе цэлы шэраг будаўнічых паслуг.

З 2017 года быў мэрам Бабруйска. На гады яго кіравання прыпалі бурныя падзеі пандэміі і палітычнага крызісу 2020 года. Вызначыўся як прыхільнік падаўллення пратэстаў і іншадумства, што адны ставяць яму ў заслугу, а іншыя за гэта ж ганьбяць. 

У Магілёве ён павінен хутка ўвайсці ў курс спраў, бо горад ён добра ведае, а праца ў Магілёўскім гарвыканкаме яму знаёмая. 

Яўрэйскую школу зачынілі ў Магілёве, нягледзячы на магчымасць міжнароднага скандалу

Вучэбны працэс і методыка аказалася ў парадку, а вось прыезд санстанцыі яўрэйская школа перажыць не змагла. Ахвярай кампаніі па праверцы прыватных школ у рэспубліцы стала самая старая прыватная школа горада.  

Прыватная ўстанова адукацыі “Ор Аўнэр-Магілёў” была створана амаль два дзесяцігоддзі таму. Малая колькасць дзяцей у класах і спецыяльныя методыкі выкладання дазволілі школе стаць здавалася б неад’емнай часткай школьнага ландшафту горада. Не без праблем, але школа стабільна набірала сабе вучняў. Паступова склаўся касцяк педагагічнага калектыву. З’явіліся і поспехі гадаванцаў школы на розных конкурсах і спаборніцтвах. 

Выпускнікі “Ор Аўнэр – Магілёў” каля школы

Народная назва школы – “яўрэйская” замацавалася, таму, што кіраўніцтва школы, шмат настаўнікаў і вучняў школы былі яўрэямі. У ёй праводзіліся семінары, майстар-класы і курсы, накіраваныя на вывучэнне гісторыі і культуры яўрэйскага народа. Так і павялося, што школа нягледзячы на іншую афіцыйную назву для магілёўцаў была “яўрэйскай”. 

Пасля пачатку масавых праверак прыватных школ эксперты прадказвалі ўдалае праходжанне праверкі калектывам школы. “Яўрэяў чапаць не будуць, каб не было міжнароднага скандалу” – упэўнена сцвярджалі яны. 

Насамрэч, гэта быў не першы наезд на навучальную ўстанову, не першая спроба яе закрыцця. Таму паперы тут даўно былі ў парадку. Настаўнікі працавалі самыя кваліфікаваныя. Падаткі плаціліся спраўна. Але гэтым разам штосьці пайшло не так.

Практычна ліквідацыя праходзіла наступным чынам. Пасля з’яўлення ўказання па праверцы ўсіх прыватных навучальных устаноў, першую праверку метадычнай базы і навучальнага працэсу школа паспяхова вытрымала. Калектыў, вучні і бацькі не паспелі ўздыхнуць з палёгкай, як праз два дні прыехала санстанцыя. Чамусьці гэтым разам дзяржаўныя правяральшчыкі знайшлі столькі непарадкаў, што і самі здзівіліся, як жа раней пры праверках яны таго не бачылі. 

Падобна на тое, што ніякія апеляцыі не дапамогуць адрадзіць школу. Яе вучняў ужо размеркавалі па іншых навучальных установах па месцу жыхарства. 


Прыватная ўстанова адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа “ОР АВНЕР-Магілёў” з УНП 790288449 зарэгістраваная ў адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. 13.09.2005 была пастаўлена на ўлік у падатковы орган. Па стане на 28.09.2022 юрыдычны адрас кампаніі: Магілёўская вобл., г. Магілёў, б-р Дняпроўскі, д.16.


Іншую магілёўскую сярэднюю прыватную школу “Канкорд”, якой спрыяла кампанія “Сервалюкс”, а адчынілі ў мінулым навучальным годзе, не ліквідавалі, але зрабілі філіялам гімназіі № 4 (мікрараён Мір-2). 

Магілёўскія выпадкі не адзінкавыя. У Беларусі ў верасні – кастрычніку масава закрываюць прыватныя школы, таксама спыняецца навучанне на нацыянальных мовах. Так, з новага навучальнага года ў Беларусі спынілі выкладанне на нацыянальных мовах у дзвюх літоўскіх і дзвюх польскіх школах. Тры з іх былі пераведзены на беларускую ці рускую мову навучання. Літоўская школа ў Пялесе і зусім была зачынена, нібыта за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі.

У Магілёве можна бясплатна навучыцца на кіроўцу – запрашае ваенкамат

А таксама – на электрыка і спецыяліста сувязі. Запрашаюць юнакоў не маладзейшых за 17 гадоў.

Ім прапануецца атрымаць спецыяльнасць вадзіцеля катэгорыі “С” за 4 месяцы. Таксама магчыма перападрыхтоўка з “В” на “С” за паўтара месяцы. Акрамя гэтага, прапануецца бясплатна прайсці навучанне на спецыяльнасць электрык асвятляльных прыбораў за 4 месяцы і на спецыяліста сувязі за два.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў паведамленні “Магілёўскіх ведамасцяў” пра бясплатныя курсы нідзе не гаворыцца пра далейшую неабходнасць юнака пайсці на тэрміновую службу ў войска.

Між тым, як паведамілі Магілёў.media ў ваенным камісарыяце Магілёва і Магілёўскага раёна, навучальныя курсы праводзяцца на базе ДТСААФ, а пасля іх малады чалавек адразу накіроўваецца ў войска.