За ўхіленне ад вайсковай службы 17 мужчын патрапілі пад “крыміналку”

У Магілёве за ўхіленне ад вайсковай службы 17 мужчын прыцягнуты да крымінальнай адказнасці з пачатку года – паведамілі ў ваенным камісарыяце горада.

У якасці асноўнага пакарання ўхілістам прызначаюцца штрафы ў памеры ад 80 да 150 базавых велічыняў. Так, у верасні судом Ленінскага раёна абласнога цэнтра разгледжаны крымінальныя справы 20- і 22-гадовых прызыўнікоў, якія ўхіляліся ад нясення вайсковай службы. Магілёўцы асуджаныя па ч.1 арт.435 Крымінальнага Кодэкса. Суд назначыў ім да выплаты 80 і 100 базавых велічынь штрафу, або Br2,96 тыс. і Br3,7 тыс. адпаведна. Асуджаны па тым жа артыкуле 19-гадовы магіляўчанін заплаціць штраф у 150 базавых велічынь, або Br5,55 тыс. Прыгаворы суда ўступілі ў законную сілу.

Фота ілюстрацыйнае.

Стала вядома, што будзе з беларускімі ваеннаабавязанымі, якія не прайшлі зверку ў ваенкаматах

Зверку звестак у Беларусі прайшлі 95 працэнтаў ваеннаабавязаных. Цяпер гэтая праца ваенкаматаў і выканкамаў скончана. Але ўсё ж ёсць няшмат людзей, якія па розных прычынах не змаглі ў адведзены час прыйсці ў ваенкамат.

Санкцыі супраць тых, хто не прайшоў у Беларусі зверку звестак у ваенкаматах, прымяняць не будуць, перадае тэлеканал СТВ са спасылкай на Міхаіла Фафанава, прадстаўніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба Узброеных Сіл Беларусі.

Паводле слоў Міхаіла Фафанава, далейшая работа па зверцы іх уліковых даных будзе праводзіцца ў ходзе планавай работы ваенных камісарыятаў.

Ніякіх санкцый да тых, хто не прайшоў зверку, у тым ліку абмежаванне выезду за межы Беларусі, не прадугледжана

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

У Магілёве можна бясплатна навучыцца на кіроўцу – запрашае ваенкамат

А таксама – на электрыка і спецыяліста сувязі. Запрашаюць юнакоў не маладзейшых за 17 гадоў.

Ім прапануецца атрымаць спецыяльнасць вадзіцеля катэгорыі “С” за 4 месяцы. Таксама магчыма перападрыхтоўка з “В” на “С” за паўтара месяцы. Акрамя гэтага, прапануецца бясплатна прайсці навучанне на спецыяльнасць электрык асвятляльных прыбораў за 4 месяцы і на спецыяліста сувязі за два.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў паведамленні “Магілёўскіх ведамасцяў” пра бясплатныя курсы нідзе не гаворыцца пра далейшую неабходнасць юнака пайсці на тэрміновую службу ў войска.

Між тым, як паведамілі Магілёў.media ў ваенным камісарыяце Магілёва і Магілёўскага раёна, навучальныя курсы праводзяцца на базе ДТСААФ, а пасля іх малады чалавек адразу накіроўваецца ў войска.