У Круглым пабудуюць басейн

Басейн у Круглым плануецца ўзвесці ў цэнтры горада па вуліцы Новая. 

Круглянскі раённы выканаўчы камітэт пачынае працэдуру грамадскага абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі басейна ў г. Круглае.

Басейн будзе прызначаны для выкарыстання школай і можа функцыянаваць як агульнадаступны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Будынак басейна будзе аднапавярховым, каркасным. 

У будынку запраектаваны басейн 25 на 8 метраў і глыбінёй 1,2-1,45 метраў, а таксама “лягушатнік” для навучання дзяетак – паведамляе раённая газета “Сельскае жыццё”. 

На Кругляншчыне адраджаюць свой рэцэпт дранікаў – з тварагом

Пакуль іх рэцэптам валодае толькі сям’я загадчыцы сельскага дома культуры.

У Круглянскім раёне папулярызуецца старадаўні рэцэпт дранікаў з тварагом, паведамляе газета “Сельскае жыццё”. Носьбітамі спецыяльнага рэцэпту дранікаў з’яўляецца загадчыца філіяла Цяцерынскага сельскага Цэнтра культуры Ірына Шагун, а таксама яе маці і дачка.

Днямі спецыялісты філіяла Цяцерынскага сельскага Цэнтра культуры правялі паказальную фальклорную праграму для клубных працаўнікоў Круглянскага раёна па папулярызацыі свайго рэцэпту. А ў маі 2022 года рэцэпт круглянскіх дранікаў маглі ацаніць ўдзельнікі VΙΙ Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, адзін з дзён якога праходзіў на базе адпачынку “Глухарыны ток” у Бялыніцкім раёне.

Нагадаем, што Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры аднагалосна падтрымала прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыям прыгатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы – дранікаў, бульбяных бліноў, бабкі.

Фота: “Сельскае жыццё”

Па ўсёй Магілёўскай вобласці пад вадой аказаліся масты і дарогі

У чатырох раёнах падтоплены масты і шэраг аўтамабільных дарог

Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных спраў, у першыя дні новага года ў Магілёўскай вобласці былі падтоплены два нізкаводныя масты ў Мсціслаўскім і Чавускім раёнах і чатыры ўчасткі дарог у Слаўгарадскім, Касцюковіцкім, Круглянскім і Хоцімскім раёнах. 

У Круглянскім раёне падтапленне ўчастка дарогі адбылося паміж вёскамі Грыбіна і Аляксандрава – паведамлялі mogilev.media. 

У выніку павышэння ўзроўня вады ў рацэ Проня адбылося падтапленне ўчастка аўтамабільнай дарогі паміж вёскамі Ляцягі і Улукі Слаўгарадскага раёна, а таксама падтапленне нізкаводнага аўтамабільнага маста і ўчастка аўтамабільнай дарогі каля вёскі Скварск Чавускага раёна. 

У ведамстве адзначаецца, што пры павышэнні ўзроўня вады пад’езд да вёсак Вярбоўка, Пухнова, Дзедня Чавускага раёна будзе ажыццяўляцца па аб’яздной дарозе праз вёску Пуцькі. 

Падтапленне ўчастка грунтовай дарогі адбылося і каля аграгарадка Баханы  Хоцімскага раёна па прычыне павышэння ўзроўню вады ў р.Бесядзь. Працягласць участка падтаплення складае дзесяць метраў, пагэтаму праезд паміж вёскамі Баханы, Юзэфаўка і Дуброўка не парушаны. Праезд транспарта магчымы, жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана.

Фота: mogilevnews.by

Адліга – вось як размыла дарогу пад Круглым

Мост на ўчастку дарогі паміж вёскамі Грыбіна і Аляксандрава ў Круглянскім раёне размыла талымі водамі – паведамляе прэс-служба МНС.

Грунт быў разліты ў выніку пераліву, пашкоджанне ўчастка дарогі адбылося ў выніку засора пераліўной трубы.

Праезд праз участак дарогі паміж Грыбіна і Аляксандрава часова перакрыты, аб’езд ажыццяўляецца праз в. Лыскаўшчына (2,5 км).

Фота: прэс-служба МНС

На пажары ў Круглым загінуў чалавек

На працягу мінулых сутак па Магілёўскай вобласці адбылося абрушэнне дахаў двух дамоў і двух сельскіх будынкаў ад моцнага снегу, а таксама тры пажары, на адным з якіх загінуў чалавек. Трагедыя адбылася ў Круглым – паведамляе афіцыйны сайт МНС. Яшчэ два пажары зафіксаваны ў Быхаўскім і Глускім раёнах.

Выратавальная служба заклікае гаспадароў прыватных будынкаў паклапаціцца пра ачыстку даху ад снега. А mogilev.media нагадвае, што абрушэнне гарышча можа прывесці ў тым ліку да смяротнай небяспекі, як гэта адбылося ў Мікалаеўцы пад Магілёвам, калі ад снега не толькі абрынуўся дах, але парвала трубу і газ пачаў запаўняць дом з людзьмі.

Фота ілюстратыўнае

Пакурыў на балконе – восем чалавек эвакуявалі ў Круглым

Пажар адбыўся ў горадзе Круглым – перадае БелТА са словаў прэс-службы абласнога МНС. З-за ўзгарання ратавальнікам давялося эвакуяваць восем чалавек, жыхароў пяціпавярховіка. Паводле папярэдняй высновы, прычынай пажару стала курэнне на балконе – малады чалавек 25-гадоў узростам, які здымае ў доме двухпакаёвую кватэру, неасцярожна абыйшоўся з агнём.

 

Хваля ўрачыстага адкрыцця гульнявых пляцовак дакацілася да глыбінкі. У Круглым з такой імпрэзы зрабілі «значную падзею»

Урачыстасці з нагоды ўпарадкавання гульнявых пляцовак праводзіліся пераважна ў «спальных раёнах» Магілёва. У абласным цэнтры сёлета з удзелам чыноўнікаў іх пафасна адкрывалі з дзясятак. У глыбінцы ж, калі такія імпрэзы і адбываліся, то сціпла. Яны не асвятляліся гэтак шырока, як у Магілёве.

У райцэнтры Круглае адкрыццё гульнявога асяродка стала «значнай падзеяй». Яе, па словах чыноўнікаў, стваралі ўсёй грамадою гораду. 

Паўдзельнічаць у адкрыцці прыйшлі старшыня мясцовага райсавету Сяргей Храмцоў і намесніца старшыні райвыканкаму Анжэла Лукашэвіч.

Паводле Храмцова будаўніцтва спортпляцоўкі «стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням райвыканкаму, Савету дэпутатаў, жылкамгасу, а таксама жыхароў райцэнтру».

Чыноўнік «выказаў надзею, што гэты дзень дасць старт новым спартовым дасягненням, перамогам і рэкордам», піша круглянская раёнка «Сельскае жыццё».

Паводле выдання, традыцыйную чырвоную стужку на адкрыцці пляцоўкі перарэзалі Сяргей Храмцоў, Анжэла Лукашэвіч, а таксама самыя актыўныя хлопцы з двара, дзе забаўляльню ўпарадкавалі.

фота з рэсурсу krugloe.by

На Магілёўшчыне мядзведзь выйшаў на дарогу

Гэта адбылося ў Круглянскім раёне. 

Відэаролік з жывёлай запісаў аўтамабіліст на ўчастку дарогі паміж вёскамі Шапялевічы і Падар. Цяпер відэа разыходзіцца па сацыяльных сетках.

Як бачна на відэа, малады мядзведзь перасякае дарогу і, заўважыўшы аўтамабіль, хаваецца ў лесе. 

Мядзведзі на Магілёўшчыне не рэдкасць. Самая буйная іх папуляцыя жыве ў межах і навокал Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Мясціна размяшчаецца на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей. 

З гэтай лакацыі мясцовыя мядзведзі часта разыходзяцца па лясах Кругляншчыны, Клічаўшчыны, Бялыніччыны.

Усяго на Беларусі пастаянна жыве менш за 100 мядзведзяў. Прычым колькасць папуляцыі мяняецца мала – каля 100 асобін мядзведзяў рэгістравалася ў БССР у 1927 годзе, у 1989-ым годзе – 107 па ўсёй краіне за выключэннем Бярэзінскага запаведніка (у ім – яшчэ каля 20). 

На сённяшні час дадзеныя пра папуляцыю мядзведзяў у Беларусі розняцца. Так, Нацыянальны статыстычны камітэт рэгістраваў у 2019 годзе ўсяго 19 мядзведзяў на ўсю Беларусь, у той час як біёлагі Бярэзінскага запаведніка налічвалі ў гэты ж самы час 84 асобіны на тэрыторыі аднаго толькі запаведніка і ў прылеглых мясцінах.

У Цяцерынскае водасховішча злілі хімікаты? Масляністыя плямы пакрылі ўзбярэжжа – відэа

У сацыяльных сетках паявіліся ролікі, з якіх можна зрабіць выснову, што ўзбярэжжа Цяцерынскага водасховішча пакрыта вялізнымі масляністымі плямамі. Каментатары дапускаюць, што гэта можа быць звязана з выкідам хімікатаў у ваду.

Відэаролік з сацыяльных сетак

Цяцерынскае водасховішча было створана на рацэ Друць у 1955 годзе, калі ў Цяцерыне была пабудаваная гідраэлектрастанцыя. Водасховішча цягнецца амаль на 10 кіламетраў, мае агульную плошчу каля 4,5 квадратных кіламетраў.