У Краснаполлі «Джылі» збіла дваіх дзяцей. Пацярпелым у раённай больніцы не далі рады і іх адправілі ў Магілёў

Дзеці на ровары нечакана выехалі на праезную частку і трапілі пад машыну.

Пацярпелыя дзяўчынка 2008 і хлопчык 2010 году нараджэння забаўляліся, катаючыся ў дваіх на адным ровары.

У нейкі момант яны раптоўна выехалі на праезную частку дарогі, дзе адбылося сутыкненне з аўтамабілем «Джылі», піша мясцовая раёнка «Чырвоны сцяг».

«З рознымі цялеснымі пашкоджаннямі дзеці былі шпіталізаваны ў Краснапольскую ЦРБ (Цэнтральную раённую больніцу, ММ), адтуль – у Магілёўскую абласную дзіцячую больніцу», піша выданне.

Па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіцца праверка.

фота: redflag.by

Хлебныя войны глыбінкі. У Краснаполлі патрабуюць вярнуць у продаж чавускі хлеб, бо чэрыкаўскі нясмачны

Пакуль аграрыі рапартуюць аб тысячах тон жытнёвага ўмалоту, у глыбінцы жыхары Краснаполля вымагаюць ад чыноўнікаў адказу, куды прапаў чавускі хлеб.

Даць рады праблеме ўзялася краснапольская раёнка «Чырвоны сцяг», якая чакае адказу з Магілёўскага аблспажыўсаюзу і Краснапольскага райспажыўтаварыства на актуальнае пытанне землякоў.

Яна адзначае, што на сустрэчах дэпутатаў райсавету з насельніцтвам пытанне аб прычынах адсутнасці чавускага хлеба ў магазінах Краснапольскага райспажыўтаварыства гучыць пастаянна.

«Калі знік з прылаўкаў чавускі хлеб, выбару не засталося. Чэрыкаўскі хлеб купляю вымушана. Пакуль свежы – яшчэ туды-сюды, але, як адразу бохан не з’ясі, то назаўтра рэжаш, а ён рассыпаецца ў крошку і пах непрыемны», – цытуе газета Краснапольскага райвыканкаму гутарку жыхароў ля адной з мясцовых крамаў.

Колькі гадоў таму падобная сітуацыя з хлебам была і ў самім Чэрыкаве. Жыхары з неахвотай куплялі мясцовы, бо, паводле іх, быў ён не смачны. У прыватных гутарках хвалілі хлеба-булачную прадукцыю з Чавус і Магілёва. Яе ў Чэрыкаў прывозілі, але ў недастатковай колькасці. Высветлілася, што квоты былі ўведзеныя мясцовымі чыноўнікамі, каб жыхары разбіралі свой хлеб. Які цяпер не хочуць есці ў Краснаполлі.

фота: chausy.by

Замест алкаголю выпіў антысептычны сродак і праз дзве гадзіны памёр. Сумная гісторыя з Краснапольшчыны

Жыхара Краснапольскага раёну даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай больніцы, але выратаваць яго не ўдалося. Праз дзве гадзіны ён сканаў. Мужчыну не было 50 гадоў. 

Выпіў антысэптычны сродак ад 70 грам якога надыходзіць смерць

Паводле афіцыйнай прадстаўніцы абласнога ўпраўлення камітэту судовых экспертыз Ірыны Рачкоўскай у арганізме памерлага жыхара Краснапольшчыны быў выяўлены этылавы спірт і іоны бензалканія хларыду.

Як піша Хоцімская раённая газета «Шлях кастрычніка» гэтае рэчыва выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы, хімічнай вытворчасці, медыцыне, касметалогіі ды як антысептык у растворах для распылення.

Ужыванне раствору выклікае хімічны апёк слізевай абалонкі. 50-70 мл раствору 10%– канцэнтрацыі можа выклікаць смяротнае атручванне. Чалавек канае ад парушэння звароту крыві, дыхальнай нястачы і паражэння цэнтральнай нервовай сістэмы.

Летась у рэгіёне ад алкаголю і яго сурагатаў сканала 210 чалавек. Штогод такіх выпадкаў становіцца болей

Сёлетняй статыстыкі аб смерцях ад алькаголю і ягоных суратаў адшукаць у адкрытых крыніцах не ўдалося. 

На пачатку гэтага году Ірына Рачкоўская ў інтэрв’ю інфарагенцтву Белта казала, што за 2021 год зафіксаваныя больш за 210 лятальных выпадкаў атручвання метанолам, этанолам і этыленглікалем. Паводле прадстаўніцы камітэту судовых экспертыз «амаль усе ахвяры алкаголю і яго сурагатаў – мужчыны працаздольнага веку».

У 2021-ым ад алкаголю і яго сурагатаў сканала 149 чалавек. Паводле інфармацыйнага рэсурсу Mycity годам раней такіх смерцяў было на 12 меней.