Вось так выглядае мост у Горках, паміж двума вялікімі раёнамі

Мост паміж вуліцай Суворава і Слабой у Горках разламаны настолькі, што кожны, хто ім карыстаецца, рызыкуе праваліцца – паведамляюць horki.info.

Мостам штодзённа праходзіць мноства людзей, піша выданне. Мясцовыя жыхары ўжо неаднаразова спрабавалі адрамантаваць яго сваімі сіламі, але надоўга такога ўпарадкавання не хапае.

“Хадзіць тут рэальна небяспечна. – распавялі рэсурсу horki.info мясцовыя – Там такая вышыня пад зіготкімі дошкамі, што можа праваліцца дарослы чалавек.”

Фота: horki.info

У Горках хлопец распальваў мангал і загарэўся

У Горках на вуліцы Будаўнікоў малады чалавек у двары прыватнага дома распальваў мангал. Дзень хіліўся да вечара, і, каб справа пайшла хутчэй ён плёснуў вадкасць-распальвальнік. Але пары вадкасці патрапілі на вопратку і тканіна хутка ўспыхнула – паведамляе міністрэства па надзвычайных справах. З апёкамі юнака шпіталізавалі ў раённую бальніцу.

Фота ілюстрацыйнае

У Горках пройдзе дзіцячы фестываль “Славянскі карагод”

16 і 17 чэрвеня ў Горках пройдзе рэгіянальны фестываль дзіцячай творчасці “Славянскі карагод”. Чакаецца насычаная праграма першага дня і гала-канцэрт у другі дзень фэста.

У першы дзень фестываля можна будзе наведаць выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дзіцячых малюнкаў, бібліятэчныя выставы і фотазоны. Неад’емнай часткай фестывалю з’яўляецца творчая пляцоўка майстроў, дзе будуць адбывацца майстар-класы па салома- і лозапляценні, кераміцы, разьбе па дрэве, мастацкай апрацоўцы бяросты, вырабе народных лялек-абярэгаў, валянні з воўны. 

Дзеці ў першы дзень фэста таксама знойдуць чым заняцца, бо для будзе арганізаваны конкурс дзіцячага малюнка на асфальце і дзіцячы плэнэр “Мой родны горад”. Як і ў папярэднія гады будуць пляцоўкі для гульняў і атракцыёны, а таксама продаж разнастайных сувеніраў, цацак і слодычаў.

Менавіта ў асноўны дзень фестываля на тэрыторыі розных ўстаноў адукацыі з 12-й да 18-й гадзіне пройдзе прагляд конкурсных праграм у розных намінацыях: па інструментальным і тэатральным жанры, па вакалу і харэаграфіі, у выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Разынкай першага дня фестывалю будзе прадстаўленне дзіцячай студыі батлеечных лялек “Дзіва”, а таксама фестываль фарбаў “Белхолі”, што пройдзе з 16-й па 18-й гадзіне ў гарадскім амфітэатры. Адбудзецца таксама квэст-кульня і вечаровая дыскатэка – паведамляе інфармацыйны рэсурс horki.info.  

На наступны дзень гарадское свята працягнецца выставай прац пераможцаў фестываля і акцыяй пажадання фестывалю. Працягнуць таксама працаваць выстаўкі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і горад майстроў, а таксама пляцоўкі з атракцыёнамі і гульнямі, продаж сувеніраў і слодычаў. Завершыцца двухдзённае свята цырымоніяй ўзнагароджання пераможцаў X рэгіянальнага фестывалю дзіцячай творчасці “Славянскі карагод” і заключным гала-канцэртам.

Фота з адкрытых крыніц

Цяпер купацца можна ўсюды – знялі забарону на пляжы, што быў закрыты

Санстанцыя правяла паўторную праверку на возеры каля базы адпачынку “Мерэя” ў Леніно Горацкага раёна.  7 чэрвеня тут уводзілася першая ў гэтым сезоне забарона на купанне – паведамлялі mogilev.media. Цяпер жа наяўнасць кішачнай палачкі не перавышае нормы – піша “Горацкі веснік”. Пагэтаму ўсе абмежаванні для купання на гэтай зоне адпачынку знятыя.

Па іншых афіцыйна зацверджаных зонах адпачынку вынікі даследаванняў спроб вады не перавышаюць нарміруючых значэнняў.

Фота з адкрытых крыніц

У Горках зрабілі капітальны рамонт дома, але пра адну дэталь забылі

Разам з капітальным рамонтам дома нумар 4 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Горках зрабілі ўкладку новага асфальта – распавядае рэсурс horki.info. Вось толькі любы дождж увесь двор гэтага дома ператварае ў басейн.

Мясцовыя жыхары скардзяцца, што прайсці па заасфальтаваным двары пасля кожнага дажджу немагчыма – прыходзіцца хадзіць па газонах, па траве.

– Пасля дажджу каля дома не прайсці ні праехаць. – расказаў выданню адзін з жыхароў – Тыя, хто выконваў рамонт, ад пачатку ведалі, што тут трэба было праектаваць зліўную сістэму. І абяцалі гэта зрабіць. Але, як відаць, не зрабілі.

Фота: horki.info

На Магілёўшчыне першая забарона на купанне – у Горацкім раёне

Толькі на мінулым тыдні ў Магілёўскай вобласці былі вызначаны больш за 60 месцаў, дзе дазволена купацца – пісалі mogilev.media. А ўжо на гэтым тыдні ў адным з вадаёмаў Горацкага раёна выявілі кішэчную палачку.

Супрацоўнікі Горацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўзялі пробы вады ў адведзеных для купання вадаёмах раёна. Аказалася, што ў адным з азёр купанне трэба абмежаваць.

Вынікі даследаванняў паказалі, што індыкатарны мікрабіялагічны паказчык на кішачную палачку (E.coli) перавышае нарміруючыя значэнні ў вадаёме базы адпачынку “Мерэя” прадпрыемства “Праметэй” у аграгарадку Леніно – паведамляюць horki.info. 

Фота: mogilev.media

Гаспадарам забілі 21 мяч – прайшлі чарговыя гульні ў “падвале” магілёўскага футбола

У Краснаполлі мясцовыя футбалісты былі накаўціраваны гульцамі ФК “Горкі”, якія забілі гспадарам пятнаццаць галоў, а слаўгарадскія футбалісты на свой Дзень горада прайгралі з буйным лікам гасцям з Клімавічаў: 0-6. Па суме двух гульняў гаспадары атрымалі 21 гол ад сваіх гасцей.

Самым выніковым матчам трэццяга тура 2-й лігі па футболе Магілёўскага дывізіёна “Усход” атрымалася сустрэча паміж краснапольскімі і горацкімі футбалістамі. Тры дзясяткі гледачоў, якія сабраліся на футбольным стадыёне ў Краснаполлі ўбачылі поўнае знішчэнне і прыніжэнне мясцовай каманды на полі. Ужо ў першым тайме горацкія футбалісты забілі шэсць галоў гаспадарам, якія не змаглі нават “размачыць” браму гасцей. 

Другі перыяд стаўся яшчэ большай ганьбой для краснапольскіх футбалістаў, якія прапусцілі ад гасцей дзевяць мячоў. Горацкія хаўбекі і форварды проста разрывалі абарону гаспадароў, якая сыпалася на вачах. Вынік матча сведчыць пра поўнае дамінаванне на полі гасцей, якія не прапусцілі ніводнага гола ад краснапольцаў і рэкордна выйгралі 0-15. У гэтым матчы нешматлікія заўзятары змаглі пабачыць галы на любы густ, ад мячоў з гульні да мячоў з пенальці і стандартных палажэнняў. Праўда, забівала толькі адна каманда. 

Па-іншым сцэнары развіваўся матч паміж слаўгарадскімі і клімавіцкімі футбалісталі. Матч быў уключаны ў праграму свята горада, пра што раней пісалі mogilev.media. Аднак гэта не дапамагло мясцовым футбалістам паказаць якасную гульню. Сотня слаўгарадскіх футбольных заўзятараў пабачыла больш-менш упартую барацьбу ў першым тайме. Менавіта ў першых 45 хвілін сладгарадскія футбалісты змаглі хоць крыху супрацьстаяць клімавіцкім гульцам, якія тым не менш змаглі двойчы забіць гаспадарам.  

У другім тайме футбалісты з Клімавічаў выглядалі яшчэ больш упэўнена і рашуча. Барацьбу гасцям гаспадары не змаглі навязаць, працусціўшы ў першыя дваццаць хвілін другога перыяду яшчэ два мячы. Аднак на гэтым клімавіцкія гульцы не спыніліся і вырашылі дабіць суперніка на хатнім стадыёне, забіўшы ў суме за ўвесь тайм чатыры мячы. Адзначым, што матч быў з невялікім наборам парушэнняў правілаў, пагэтаму за ўсю гульню суддзя не паказаў ніводнай жоўтай карткі. 

Фота з адкрытых крыніц

За сем карасікаў і рака рыбак у Горацкім раёне атрымаў штраф у 5 600 рублёў

Мсціслаўская міжраённая прыродаахоўная інспекцыя затрамала каля аграгарадка Леніно Горацкага раёна рыбака на лодцы і з двума сеткамі. Усяго мужчына вылавіў сем карасёў і аднаго рака, прычым лоўля ажыццяўлялася не толькі забароненымі сродкамі, але і ў перыяд нераста. Інспектары налічылі рыбаку штраф у 151,5 базавую велічыню, альбо 5 605 рублёў штрафа – піша “Горацкі веснік”.

Фота ілюстрацыйнае

60-гадовы жыхар Горак разбіў хлопчыку твар каменем, і не змог патлумачыць, за што

10-гадовы хлопчык у Горках атрымаў удар каменем у твар падчас гульні з сябрамі. Камень у яго без усялякай прычыны кінуў мясцовы жыхар, які стаяў побач – піша звязаны з сілавікамі Тэлеграм-канал.

Як высветлілася, кампанія дзяцей гуляла ў двары з мячом, калі да іх прывязаўся 60-гадовы мясцовы жыхар. Мужчына адабраў у дзяцей мячык, а потым праз нейкі час кінуў яго ўбок. Калі дзеці забралі мяч і працягвалі гуляць, мужчына спачатку стаяў збоку, назіраючы за імі, а потым кінуў у групу хлопчыкаў камень. Той патрапіў пад вока аднаму з дзяцей, пакінуўшы траўму.

Праваахоўнікі затрымалі мужчыну. Раней ён быў судзімы за злоснае хуліганства. Прычын свайго цяперашняга ўчынку жыхар Горак патлумачыць не змог.

Фота ілюстрацыйнае

Камунальнікі ў Леніно вырашылі за жыльцоў аварыйнага дома – не рамантаваць

Казус з рамонтам аварыйнага дома адбыўся ў аграгарадку Леніно Горацкага раёна. Падчас сустрэчы кіраўніцтва Горацкага райвыканкама з жыхарамі пасёлка выявілася, што запланаваны на 2023 год капітальны рамонт дома №33 па вуліцы Ленінскай быў аднабакова адменены камунальным прадпрыемствам – піша “Горацкі веснік”.

Вялікія расколіны сцен у пад’ездзе, абсыпаная тынкоўка фасада, разбураны ганак і пастаяннае заліццё кватэр пасля дажджу – пра гэтыя і іншыя праблемы жыхары дома не аднойчы паведамлялі спецыялістам УКПП «Камунальнік». У 2020 годзе на фасадзе ўстанавілі маячкі, якія ўжо далі расколіны, пазней паабяцалі правесці капітальны рамонт. Ён быў запланавана на 2023 год, але чамусьці са спісу аб’ектаў, якія падлягаюць грунтоўнаму рамонту, дом прыбралі.

Адзінае, што зрабілі камунальнікі – адбілі віслыя кавалкі тынкоўкі з фасада, так і пакінуўшы іх пад вокнамі.

Як растлумачыў намеснік дырэктара УКПП “Камунальнік” Андрэй Новікаў, аб’ект сапраўды быў запланаваны для капрамонту. Але, паводле дзейнага заканадаўства, у першую чаргу рамантуюць дамы, у якіх людзі гатовыя фінансава ўдзельнічаць ва ўцяпленні фасадаў. 

Але ж справа ў тым, што жыхары гэтага дома таксама былі гатовыя заплаціць за ўцяпленне. Спецыялісты ж камунальнага прадпрыемства прыйшлі да высновы, што фасад будзе пакрывацца пенаполіўрэтанавай сумессю, даволі вялікі пласт якой павінен забяспечыць уцяпленне фасада. Атрымалася, што за саміх жыхароў вырашылі, што іх грошы на гэты від работ не патрэбны, таму рамонт будзе весціся на іншых аб’ектах.

“Горацкі веснік” піша, што старшыня райвыканкама паручыў унесці прапановы па рамонце дома.

Фота: “Горацкі веснік”