Не хапіла асфальту. Вяскоўцы з Бялыніцкага раёну заклікаюць уладу адрамантаваць 500 метраў дарогі

Паводле жыхароў пасёлку, які разлёгся вакол чыгуначнай станцыі Друць, сёлетняй вясной дарогу да Бялынічаў рамантавалі, аднак, іхнае паселішча гэтыя працы абмінулі.

Вяскоўцы наракаюць, што іхны бальшак увесь у калдобінах. Яго разбіла сельскагаспадарчая тэхніка і лесавозы. Каб супакоіць незадаволенасць мясцовай грамадскасці заасфальтавалі пляцоўку, дзе звычайна разварочваецца аўтобус з райцэнтру ды спыняюцца аўтамабілі з дачнікамі.

Дарожнікі, паводле пасялкоўцаў, не дарамантавалі да іх участак у 500 метраў.

«Няўжо цяжка было заадно ўкатаць і гэтыя няшчасныя некалькі сотняў метраў?!»- абураюцца вяскоўцы ў лісце бялыніцкай раёнцы «Зара над Друццю».

Як адзначае выданне, у кепскім стане і дарогі ў самім пасёлку. Яны таксама ў выбоінах. «Зара над Друццю» піша, што чакае ад дарожнікаў адказу на яе запыты.

фота: zara.by

Чыноўнікі ў рэйдзе. Праверка гатоўнасці школ да навучальнага году ў фотарэпартажы адной з раёнак

Да сярэдзіны жніўня навучальныя ўстановы павінны атрымаць гэтак званыя пашпарты гатоўнасці. Школы і дзіцячыя садкі аглядае міжведамасная камісія, якая дае экспертную ацэнку іх падрыхтаванасці.

Як тое адбываецца ў глыбінцы Магілёўшчыны апавяла бялыніцкая раёнка «Зара над Друццю». Выданне на сваім сайце апублікавала серыю фотаздымкаў з чыноўнікамі, якія наведалі тры навучальныя ўстановы ў вёсках Галоўчын, Свяцілавічы і Вішоў.

З рэпартажу не зразумела, ці ўхваліла камісія гатоўнасць наведаных ёю ўстаноў да навучальнага году, а таксама ці былі выяўленыя хібы падрыхтоўкі. На фотаздымках зафіксаваныя толькі заклапочаныя твары чальцоў спецыяльнай міжведамаснай камісіі, якіх фтаграфавалі ў памяшканнях школ.

фота: zara.by

 

У лясгасе прэміямі працоўных сплачвалі выкрытую кантралёрамі шкоду ад махінацыяў адміністрацыі

У Бялыніцкім лясгасе падраблялі накладныя і сумысля завышалі нормы расходавання сыравіны на вытворчасць піламатэрыялаў, каб утоіць прапажу прадукцыі. Сума шкоды ацэненая ў 33 тысячы рублёў (амаль 12 тысяч долараў).

Гэтыя парушэнні выявілі кантралёры яшчэ ў сакавіку. Як вынікае з публікацыі інфармацыйнага агенцтва «Белта» адміністрацыя паабяцала сплаціць шкоду і скарысталася хітрыкамі.

Частка шкоды ў 10,5 тысяч рублёў была кампенсаваная за кошт выдачы прэміяў работнікам, якія не былі прыналежныя да выкрытых парушэнняў. Гэтыя прэміі ў іх забіралі, а далей накіроўвалі на пагашэнне шкоды.

Імя кіраўніка лясгасу не называецца. На сайце прадпрыемства пазначана, што ў ім начальствуе Аляксандр Ходас.

У 2016 годзе ў інтэрв’ю Беларускай лясной газеце на пытанне пра поспехі аднаго з падраздзяленняў лясгасу адказаў: «Галоўнае ў працы прадпрыемства – гэта атрыманне прыбытку ад вырабленай прадукцыі і скарачэнне затрат на яе вытворчасць».

фота: yandex.net

Саматканыя ручнікі – скарб сельскага клубу. Майстрыцы адыходзяць, а змены няма

Супрацоўніцы клубу сваю калекцыю збіралі шмат год і спадзяецца, што моладзь возьмецца за ткацтва, як іхныя продкі.

У вёсцы Вялікая Машчаніца, што ў Бялыніцкім раёне, сельскі клуб ратуе вялікую калекцыю ручнікоў ды прадметаў вясковага начыння, прызначэнне некаторага з іх самі калекцыянеры не разумеюць, хоць і выраслі на сяле.

zara.by

Найкаштоўнеўшаму з ручнікоў больш за сто гадоў, апавядае раённай газеце «Зара над Друццю» дырэктар клубу Святлана Буймістрава. Па яе словах збіраць калекцыю яго супрацоўнікі ўзяліся шмат год таму.

Саматканымі рэчамі, кажа яна, папаўнялі выставу, прывозячы іх з этнаграфічных экскурсіяў. Таму, ручніковая геаграфія ахоплівае не толькі Бялыніччыну, але і іншыя мясцовасці краіны.

zara.by

 Святлана Буймістрава наракае: майстрыцы, якія валодаюць навыкамі ткацтва адыходзяць, а змены ў іх няма.

«Мы стараемся прывіваць нашай моладзі любоў да творчасці, асабліва народных матываў, бо хэнд-мэйд папулярны заўсёды, – адзначае яна, – Асобныя яго віды з часам трансфармуюцца, але класіка – у трэндзе заўсёды».