У Бабруйску святкуюць 200-годдзе з дня заснавання сабора святога Аляксандра Неўскага

Два стагоддзі таму ў Бабруйскай крэпасці быў закладзены храм Аляксандра Неўскага, які быў зруйнаваны камуністычнымі ўладамі. Сёння праходзіць свята яго аднаўлення. 

Першы камень будаўніцтва храма Аляксандра Неўскага быў закладзены 23 кастрычніка 1822 года. Дата закладкі высечана на пліце, якая цудам захавалася. Цяпер яна праходзіць невялікую рэстаўрацыю. Кіраўнік Бабруйскай епархіі Серафім паведаміў, што неўзабаве гэтая пліта будзе ўсталявана каля ўвахода ў сабор.

Храм быў асвечаны ў далёкім 1827 годзе. Але ў часы панавання ваяўнічага камунізму ў 1934 годзе яго ўзарвалі. У савецкі час яго тэрыторыя служыла футбольным полем для вайскоўцаў, а затым ператварылася ў пустку. Пасля адкрыцця побач з месцам знаходжання храма ў 2008 годзе жаночага Міраносіцкага манастыра пачалося адраджэнне храма ў яго першародным выглядзе. З 2009 года пачаліся аднаўленчыя працы, якія цяпер завяршаюцца.

Святочная Боская літургія і памінальнае богаслужэнне прайшла 5 лістапада ў 10:00 у саборы Аляксандра Неўскага, па адрасе: г. Бабруйск, вул. Т. Нарбута, 14. Сабор на тэрыторыі манастыра адчыняе свае дзверы для прыхаджан. 

Паглядзіце на гэтую слойку з бабруйскага вакзала – фота

Такая слойка з бульбай і грыбамі беларускай вытворчасці прадавалася на чыгуначным вакзале ў горадзе Бабпуйску. Фота заплесневелай аж да чарнаты здобы паявіліся ў сацыяльных сетках. Набыць экзатычны ласунак можна за 1 рубель 10 капеек.

Бабруйск у небяспецы: расійскія ваенныя самалёты другі раз за тыдзень падаюць на жылыя дамы

Бабруйскія паблікі з насцярогай сустрэлі паведамленні пра падзенне расійскіх вайсковых самалётаў на жылыя кварталы расійскіх гарадоў, бо побач з Бабруйскам знаходзіцца ваенны аэрадром.  

Учора 23 кастрычніка на жылы дом у Іркуцку ўпаў самалёт СУ-30. Шматмэтавы знішчальнік Су-30 як метэарыт упаў у жылы масіў. Авіякатастрофа адбылася падчас выпрабавальнага палёту. Пілоты паветранага судна загінулі. Дзякуючы шчасліваму збегу абставін ахвяр сярод цывільнага насельніцтва няма. 

Гэта ўжо другое падзенне ваеннага самалёта ў Расіі за апошні тыдзень. 17 кастрычніка франтавы бамбавік Су-34 урэзаўся ў дзевяціпавярховы дом у Ейску Краснадарскага краю. Пілоты тады пакінулі самалёт да падзення і выратаваліся. А вось страты цывільных аказаліся жахлівымі. У выніку катастрофы, паводле апошніх звестак, загінулі 14 чалавек, яшчэ 42 пацярпелі.

Усяго Расія пасля лютаўскага ваеннага ўварвання ва Украіну ўжо мае больш за дзясятак не баявых страт ваенных самалётаў.  Па сведчанню вайсковых экспертаў галоўная прычына аварый заключаецца ва ўзрослай інтэнсіўнасці палётаў расійскай авіяцыі. Тэхнічны персанал не паспявае абслугоўваць самалёты ў адпаведнасці з рэгламентам. Да таго ж, многія расійскія самалёты элементарна старыя. Іх тэхнічны знос патрабуе спісання суднаў, а вайна вымагае іх выкарыстоўваць. 

Паколькі ваенны аэрадром ля Бабруйска ўжо не адзін раз выкарыстоўваўся для ваенных мэт расійскімі лётчыкамі, то насцярога бабруйчан, страх перад магчымымі авіякатастрофамі мае рэальныя падставы.   

Жыхара Бабруйска пасадзілі на суткі за лампадкі, яго знайшлі па адбітках пальцаў

Вячаслава Букаса арыштавалі на 15 сутак за чатыры лампадкі, запаленыя ў Дзень незалежнасці Украіны.

У пратаколе затрымання было ўказана, што такім чынам Букас “выказваў сваю грамадска-палітычную думку да Дня Незалежнасці Украіны”. Дзве блакітныя і дзве жоўтыя лампадкі Букас запаліў каля помніка бабруйчанам, ахвярам палітычных рэпрэсій. 

Вядома, што сілавікі правялі дактыласкапічную экспертызу і на лампадках знайшлі адбіткі пальцаў Вячаслава. Фота з лампадкамі 24 жніўня былі апублікаваныя ў Тэлеграм-канале Бабруйск Online. Гэтыя фота знайшлі і ў тэлефоне мужчыны. Таксама быў дапытаны сведка, які распавёў, што асабіста бачыў, як Букас падпальваў лампадкі.

Вось так выглядае Фандокаўскі мост у Бабруйску

Паведамленне пра гэта з’явілася ў гарадскім пабліку. Аўтар фотаздымка задае рытарычнае пытанне: “Зразумела, што ўсе сышлі ў гістарычную памяць, але хаця б ахоўную стужку наматаць можна?”

Лак для валасоў стаў тэрмічнай бомбай і ледзь не забіў бабруйчанку

Бабруйчанка  распыляла лак для валасоў побач з уключанай газавай плітой. Успышка газу ледзь не спаліла яе. Летась з-за запалення адзення ад газавай пліты загінуў магілёвец. Драма і трагедыя нагадалі, што парушэнне правіл пажарнай бяспекі можа прывесці да траўмы і нават смяротнага выпадку.  

Бабруйск. У двухпакаёвай кватэры шматкватэрнага жылога дома на вуліцы Гогаля дама паважанага ўзросту прыводзіла сябе ў парадак. Рабіла гэта яна на кухне каля працуючай газавай пліты. Успышка пароў распыленага лаку для валасоў аказалася вельмі моцнай і нечаканай для гаспадыні. У выніку 59-гадовая жанчына атрымала тэрмічныя апёкі і была шпіталізавана. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім абласным упраўленні МНС.  Гаспадарам пашчасціла, што ўспышка не выклікала яшчэ і пажар. 

Магілёў. Гэта не першы ў вобласці выпадак апёкаў грамадзян ад газавых пліт. Напрыканцы мінулага году падобны выпадак быў на вуліцы Папаніна. Ад газавай пліты загарэлася адзенне мужчыны. Нягледзячы на “тэрмічныя апёкі полымем 1-4 ступені 45% цела” яго сям’я выклікала хуткую толькі праз 7 гадзін. Ужо ў шпіталі мужчына памёр. 

МНС падкрэслівае, што балоны з аэразолямі нельга награваць, трымаць каля газавай пліты, радыятара ацяплення, каля крыніц адкрытага агню і кідаць у агонь, а іх змесціва нельга распыляць блізка ад агню. Таксама важна памятаць, што прадукты хімічнай прамысловасці (у тым ліку лакі і фарбы) з’яўляюцца лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі. У абодвух выпадках назіралася відавочнае парушэнне правіл эксплуатацыі газавых прылад і агрэгатаў. 

І яшчэ, памятайце, што лепш выклікаць хуткую дапамогу ў небяспечнай для здароўя сітуацыі, чым потым кусаць локці і шкадаваць з-за сваёй нездагадлівасці ці абыякавасці. Не трэба займацца і самалячэннем.

Раварыст патрапіў пад машыну ў Бабруйску

Здарэнне адбылося 5 кастрычніка на нерэгуляваным пешаходным пераходзе – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 52-гадовы веласіпедыст не спешыўся і быў збіты аўтамабілем Citroen. З траўма і ён быў дастаўлены ў шпіталь, але пасля аказання медыцынскай дапамогі быў адпушчаны дамоў.

У Бабруйску абяцаюць пабудаваць новы і рэканструяваць стары мост праз Беразіну да канца наступнага года

Пасля паўгадовага перапынку, які быў выкліканы еўрапейскімі санкцыямі, аднавіліся працы па рэканструкцыі Цітоўскага маста.

Рэканструкцыя Цітоўскага аўтамабільнага маста, якому споўнілася ўжо 60 гадоў, пачалася ў канцы 2021 года з дапамогай Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Аднак пасля ўварвання Расіі ва Украіну праекты банка ў Беларусі былі замарожаны.Цяпер на гэта знайшліся грошы ў рэспубліканскім бюджэце, і работа закіпела. 

Паводле праекту, побач са старым Цітоўскім мостам праз Беразіну павінен спачатку з’явіцца ягоны «дублёр», які возьме на сябе ўвесь транспартны паток. Пасля гэтага ўжо на месцы 60-гадовага “ветэрана” з’явіцца новы мост з палепшанымі характарыстыкамі і вялікай грузападымальнасцю.  Стары мост будзе поўнасцю дэмантаваны, а на яго месцы ўзведзены новы. Фактычна, гэта не рэканструкцыя маста, а поўнамаштабнае будаўніцтва двух новых мастоў. 

Два новыя масты будуць практычна ідэнтычнымі. Розніца будзе толькі ў 3,5 метра шырыні. У новага яна складзе 17 метраў, бо там запланаваны дадатковыя дарожкі для пешаходаў і веласіпедыстаў. А мост, які ўзвядуць на месцы старога Цітоўскага, будзе 14,5 метраў у шырыню.

Нягледзячы на ​​дажджы будаўнікі працуюць у любое надвор’е. Спецыялісты філіяла “МСУ № 2” ААТ “Мостабуд” адліваюць бетонныя апоры. Як кажуць будаўнікі, ландшафт зручны, ніякіх сюрпрызаў не паднёс. Таму работы, як паведамляе “Вячэрні Бабруйск”, вядуцца запланаванымі тэмпамі.

Адзінай цяжкасцю, якая можа спыніць работы, гэта праблемы з фінансаваннем. Да канца бягучага года работы забяспечаны фінансаваннем і ідуць па плане. Калі так будзе і далей, то новы мост будзе ўведзены ў эксплуатацыю ўжо ў другім паўгоддзі 2023 года. Поўнасцю жа аб’ект плануецца здаць да канца 2024 года.

Бабруйск пазнаёміўся з новым мэрам, але нібыта і не прыдаў значэння змене старшыні гарвыканкама

Дэпутатам пазачарговай сесіі Бабруйскага гарадскога Савета прадставілі новага галаву гарадской вертыкалі Ігара Кісяля. Але мясцовыя медыа, у адрозненні ад магілёўскіх, дзе таксама змянілася кіраўніцтва горада, не надалі надта ўвагі гэтай падзеі.

У Магілёве ўсе значныя рэсурсы напісалі пра сыход Уладзіміра Цумарава, аналізавалі ягоную спадчыну, падкрэслілі добрае і згадалі праблемнае. Пісалі пра дасягненні, пра характар былога мэра, збольшага жадалі яму поспехаў і дзякавалі. Пісалі пра Цумарава і Магілёў.media.

Змена гарадскога галавы павінна была ўзрушыць бабруйскія медыа і паблікі, але на сыход Аляксандра Студнева з Бабруйска і прыход Ігара Кісяля яны амаль не адрэагавалі, абмежаваўшыся афіцыйнымі паведамленнямі. Няўжо былога кіраўніка няма за што падзякаваць, а ад новага нічога добрага не чакаюць?

З чаго такая стрыманая рэакцыя на сыход Студнева была ў Бабруйску? 

Прагляд бабруйскіх сацыяльных груп і медыя здзіўляе няўвагай на інфармацыю пра сыход спадара Аляксандра Студнева. “Быў, і быў” – нібыта чытаецца паміж радкоў. 

Але ж былы мэр так настойліва імкнуўся піарыць сваю дзейнасць, што пра гэта хадзілі ў горадзе анекдоты. Адкрыццё самага нязначнага аб’екта не абыходзілася без яго прамовы. На любым культурным мерапрыемстве ён з сям’ёй быў наперадзе. Яго прамова была абавязкова першай што на гарадскім свяце выпускнікоў, што на адкрыцці навагодняй ёлкі. І вось ён сышоў, а горад у адказ нічога не сказаў. 

Пытанні, пытанні. Чаму бабруйчане аказаліся такімі няўдзячнымі? Ці наадварот яны ўспрымалі Студнева, як чужака, які спрабуе лезці навыперадкі і таму не прынялі ў лік сваіх? Адназначнага адказу як заўжды няма. Колькі людзей – столькі і думак. 

Праўда, падчас сесіі старшыня аблвыканкаама Анатоль Ісачэнка выказаў падзяку былому старшыні Бабруйскага гарвыканкама, і сцісла адзначыў, што ён «імкнуўся рабіць горад лепшым, і шмат у чым яму гэта ўдалося». Яшчэ Аляксандра Віктаравіча ўзнагародзілі Ганаровай граматай Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў і пажадалі поспехаў на новай пасадзе старшыні Магілёўскага гарвыканкама. Дэпутаты нібыта сказалі: “Язджай ты, дзядзька, да сябе дамоў”. 

Новы старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель.

Сесія гарадскога Савета дэпутатаў адзінагалосна зацвердзіла на пасадзе старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігара Мікалаевіча Кіселя. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1996 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, у 2012 годзе – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”. Ігар Мікалаевіч мае досвед працы ў органах дзяржаўнага кіравання, працаваў першым намеснікам старшыні Бабруйскага гарвыканкама, што важна.

На сесіі адзначалася ягоная кампетэтнасць, любоў да горада і жаданне працаваць.

Пажадалі яму ўкладваць грошы ў дарогі, ахову здароўя, адукацыю, у стварэнне новых вытворчасцей і пашырэнне дзеючых, у мадэрнізацыю. 

“Тыя задачы, якія пастаўлены ўрадам краіны і кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці, Бабруйск выканае. – заверыў Ігар Кісель – Планы па развіцці горада ёсць, яны будуць увасабляцца ў рэалізацыю. У Бабруйску ўжо шмат зроблена, але шмат яшчэ трэба зрабіць”.

Пажадаем і мы Ігару Кіселю плёну ў працы і таго, каб у час, калі ён будзе сыходзіць з пасады мэра, бабруйчанам было за што яго падзякаваць. 

фота: БелТа

Апошнія кіёскі “Саюздруку” ў Бабруйску зачынены, у Магілёве некаторыя яшчэ працуюць

ААТ «Магілёўсаюздрук» банкрут. Больш за паўсотні бабруйскіх кіёскаў «Саюздруку» выстаўлены на продаж за даўгі. 

Калісьці больш за паўсотні кіёскаў працавалі ў горадзе, а цяпер сем апошніх кіёскаў зачынены. Прычынай закрыцця стала стратная работа гэтых гандлёвых аб’ектаў. 

Нядзіўна, што з пачатку кастрычніка «Саюздрук» канчаткова пакінуў Бабруйск. Яго кіёскі будуць прададзены, а сродкі накіраваны на пагашэнне шматмільённых даўгоў прадпрыемства.

Як нам стала вядома, цяпер газеты, часопісы, іншую друкаваную прадукцыю, канцылярскія тавары бабруйчане змогуць набыць толькі ў асобных гарадскіх магазінах. 

У Магілёве некаторыя шапікі “Саюздруку” яшчэ працуюць. 

Нагадаем, у жніўні 2022 года суд прыняў заяву аб банкруцтве ААТ «Магілёўсаюздрук» – паведамлялі Магілёў.media.