Вядома, што 12 верасня Уладзімера Цумарава на працоўным месцы не было. У гарвыканкаме ўдалося высветліць, што яго кіраўнік на бальнічным.
У прыватных гутарках чыноўнікі кажуць, што, нібыта, пытанне аб зняцці Цумарава са старшынёўства ўжо вырашанае і яму знойдзеная замена. Гарвыканкам аддадуць пад кіраўніцтва Аляксандра Студнева, які цяпер узначальвае Бабруйскі гарвыканкам. Самаго Цумарава адправяць на кіроўную пасаду ў прафсаюз.
На сайце Магілёўскага гарвыканкаму на старонцы старшыні застаецца фотаздымак Цумарава і назва ягонай пасады. Больш інфармацыі няма.
Уладзімер Цумараў узначаліў Магілёўскі гарвыканкам у 2013 годзе. Ён гадаванец яшчэ савецкай бюракратычнай сістэмы. Пачынаў шлях службоўцы з камсамолу. У незалежнай Беларусі застаўся ва ўладных структурах. Дзесяць гадоў кіраваў Ленінскім раёнам Магілёва. З гэтай пасады пайшоў на старшынёўства ў Магілёўскі гарвыканкам.
Цумараў нарадзіўся ў Бялыніцкім раёне. Ён скончыў Магілёўскі політэхнічны тэхнікум і Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. У 2002 годзе — Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі.
Бацькоў просяць дыстанцыявацца ад творчай студыі з-за магчымых адміністрацыйных спагнанняў.
У распараджэнні Магілёў.media апынуўся фрагмент бацькоўскага чата, у якім абмяркоўвалася стаўленне адміністрацыі да паездкі дзетак у адну з краін Заходняй Еўропы. З прычын бяспекі, мы не будзем называць горад, у якім адбылося гэтае здарэнне, гэтаксама як і творчы калектыў, да якога адносіліся маленькія спевакі. Адзначым толькі, што гэта адзін з буйнейшых беларускіх гарадоў, а дзіцячы творчы калектыў, пра які вядзецца размова – пастаянны ўдзельнік фестываляў і конкурсаў, у тым ліку міжнародных.
Аздараўленчая паездка калектыва ў адну з краін Заходняй Еўропы адбылася напрыканцы жніўня. Яе ўдзельнікамі сталі дзеці, артысты творчай студыі і некалькі іх бацькоў у якасці суправаджэння. Падобныя паездкі – звычайная справа для шматлікіх творчых гурткоў з Беларусі. Звычайна іх запрашаюць арганізацыі з краін Заходняй Еўропы, якія забяспечваюць калектыву праезд і пражыванне, а таксама забаўляльныя мерапрыемствы. У сваю чаргу, калектывы нярэдка выступаюць на розных сцэнах у тых гарадах, дзе іх прымаюць.
Першая неспадзяванка адбылася неўзабаве перад адпраўленнем у дарогу. Адміністрацыя культурнай установы, у сценах якой займаецца творчая студыя, не адпусціла ў замежную камандзіроўку мастацкага кіраўніка гуртка. Першапачаткова, без тлумачэння прычын. Але неўзабаве з’явілася паведамленне, якое расставіла ўсе акцэнты ў гэтай гісторыі.
“Шаноўныя бацькі – напісаў прадстаўнік калектыва ў групавым чаце гуртка – аднаму з татаў ужо патэлефанавалі са школы, сказалі, што на сходзе дырэктараў абвясцілі, што дзеці з нашай студыі паехалі ў варожую краіну спяваць перад невядома кім”.
Аўтар паведамлення папярэджвае бацькоў, каб яны дыстанцыяваліся ад самаго творчага калектыва. “Памятайце – сказана ў чаце – што ў гэтым годзе вы не пісалі ніякай заявы ў калектыў і не маеце да яго ніякага дачынення”. Верагодна, гэтае дыстанцыяванне павінна абараніць кіраўнікоў студыі ад магчымых рэпрэсій з боку адміністрацыі ўстановы культуры.
Магілёў.media будзе надалей сачыць за сітуацыяй, якая склалася вакол дзіцячай творчай студыі. Пра адміністрацыйныя рашэнні альбо спагненні пакуль не паведамляецца.
Фота носіць ілюстратыўны характар, некаторыя звесткі змененыя
Аўтар дадаткаў да слоўніка Івана Насовіча, 15-томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народу ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя работы.
Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі.
Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.
У Магілёве абласны краязнаўчы музей носіць імя Еўдакіма Раманава. Тут праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні.
1868 год. Памёр Рамуальд Зянкевіч.
Этнограф, археолаг, фалькларыст.
Збіраў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі на Піншчыне, укладальнік першага зборніка беларускіх песень.
Вывучаў Крэўскі замак, Тураў.
1938 год. Адкрыты Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку.
22 чэрвеня 1941 годзе разбураны нямецкай авіябомбай, экспанаты знішчаны.
Адноўлены ў 1955 годзе рэканструяваны ў 1989-ым.
У ім налічваецца каля 8000 музейных прадметаў у 5 залах і выставачнай галерэі.
1953 год. Нарадзіўся Вінцэсь Мудроў.
Празаік і журналіст. Аўтар 14 кніг.
Са школьных гадоў займаўся грамадскай дзейнасцю, распаўсюджваў беларускія кнігі.
Рэдагаваў літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі», працаваў карэспандэнтам Радыё «Свабода». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, які зліквідаваны ўладамі.
1968 год. Нарадзіўся Ігар Марзалюк.
Гісторык, археолаг, палітык.
Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.
Дэпутат, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па навуцы, культуры і адукацыі.
Узначальвае «Магілёўскае краязнаўчае таварыства».
Аўтар даследаванняў па гісторыі Магілёва.
2001 год. Тэрарыстычныя акты ў ЗША, названыя «9/11».
Серыя з чатырох скаардынаваных тэрарыстычных актаў-самагубстваў, учыненых членамі тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда».
Атакаваныя хмарачосы Сусветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку. У іх мэтанакіравана ўрэзаліся два самалёты. Абедзве вежы абрынуліся, выклікаўшы разбурэнні прылеглых будынкаў.
Трэці самалёт быў накіраваны ў будынак Пентагона.
Чацвёрты разбіўся ў штаце Пенсільванія.
У выніку нападу тэрарыстаў загінула больш за 3000 чалавек, каля 6000 было паранена, яшчэ 24 зніклі без вестак.
Катастрофа забрала жыцці пажарных і паліцэйскіх, дзякуючы намаганням якіх удалося выратаваць каля 30 тысяч чалавек.
Найбуйнейшы ў гісторыі чалавецтва тэрарыстычны акт.
У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц
Заснаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і адзначаецца ад 2003 году.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя лічыць прадухіленне самагубстваў прыярытэтам грамадскай аховы здароўя.
Асноўныя прычыны самагубстваў: жабрацтва, беспрацоўе, страх, душэўныя хваробы, праблемы ў сям’і, пакуты, цяжкія захворванні, дыскрымінацыя.
На думку экспертаў, ніводзін асобна ўзяты фактар не можа ў поўнай меры вытлумачыць, чаму чалавек учыніў самагубства. Суіцыдальныя паводзіны – складаны феномен, які трымаецца на асабістых, сацыяльных, псіхалагічных, культурных, біялагічных і асяродкавых фактарах.
1916 год. Памёр Аляксандр Ельскі.
Пісьменнік, гісторык, этнограф, краязнаўца.
Адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў, патрыярх прафесійнага беларусазнаўства.
Аўтар слоў: «Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі; праз яе пасрэдніцтва лягчэй за ўсё пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, стварыць дабрачыннасці!».
1923 год. Нарадзіўся Мікалай Бірыла.
Мовазнавец, лінгвагеограф.
Даследчык беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы, праблемаў беларускай і славянскай анамастыкі.
Удзельнік падрыхтоўкі комплексу работ «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак».
Суаўтар і рэдактар шматтомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы», аўтар «Беларуская антрапанімія».
1929 год. Нарадзіўся Яўген Глебаў.
Кампазітар, дырыжор, педагог.
Кіраўнік эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, музычны рэдактар «Беларусьфільм», прафесар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.
Аўтар шматлікіх сімфоніяў, балетаў, музыкі да 32 фільмаў і 40 спектакляў.
Яго опера «Майстар і Маргарыта» – класіка беларускай музычнай літаратуры.
Па ўспамінах Васіля Быкава, Глебаў, доўга супраціўляўся ўступленню ў КПСС, а пры прыёме не змог адказаць у якім годзе была «Кастрычніцкая рэвалюцыя».
1937 год. Расстраляны савецкімі органамі Язэп Мамонька.
Беларускі палітык, публіцыст, сябра і сакратар прэзідыума Народнай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Адзін з заснавальнікаў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езду, сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
1977 год. Нарадзіўся Віктар Ганчарэнка.
Футбольны трэнер.
Працаваў трэнерам БАТЭ, якая выйшла ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў УЕФА і атрымала перамогу ў чэмпіянатах Беларусі 2008-2012 гадах.
10 разоў прызнаваўся найлепшым трэнерам Беларусі (2008-2020).
1990 год. Устаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Згуртаванне стваралася дзеля падтрымкі захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.
Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў.
24 верасня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС.
2022 год. 880-годдзе Гомеля.
Першы летапісны ўпамін пра яго адносіцца да 1142 году.
Буйны цэнтр прамысловасці, навукі, адукацыі, культуры, турызму.
Другі горад пасля Мінску па колькасці насельніцтва: 504 тысячы чалавек.
У публікацыя выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніц
Замысліў паставіць помнік Шагалу магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў. Аб сваёй задуме ён расказаў на творчай сустрэчы ў магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі.
На макеце адлюстраваны сімвал Парыжу – Эйфэлева вежа і летуценны чалавек, які цягнецца да яе, нібы, ляціць. Летуценнік двухаблічны, бо ў ім спалучаныя – жаночы і мужчынскі вобразы адначасова. Ён глядзіць у будучыню – бачыць свой Парыж, але ўглядаецца назад у свае віцебскія карані.
Пакуль невядомыя горад і месца, дзе будучы помнік Шагалу маглі б паставіць. Хаця, па словах Вераб’ёва, ужо знаходзіўся заказчык, які быў гатовы ўкласці грошы ў яго выраб. Помнік плануецца адліць з бронзы памерамі больш за 3 метры.
Андрэй Вераб’ёў лічыцца самым пладавітым магілёўскім скульптарам. Яго творы ўпрыгожваюць Быхаў, Горкі, Круглае, Клічаў, Магілёва. Ён аўтар знакамітых кампазіцыяў са львамі на Дняпроўскім мосце, скульптураў «Гімнасткі» ля Палаца гімнастыкі, «Маленькага прынца» у Камсамольскім скверы і многіх іншых. Вялічэзная скульптура «Кароль і каралева або Пясочны гадзіннік» усталявана і ў Нанкіне – кітайскім горадзе пабраціме Магілёва.
Творчую сустрэчу з Андрэем Вераб’ёвым арганізавала кіраўніцтва музею Бялыніцкага-Бірулі. Яе прысвяцілі 135-годдзя Марка Шагала. На ёй Вераб’ёў апавёў пра сваё першае знаёмства з работамі знакамітага мастака, пра ўражанні ад наведвання шагалаўскіх мясцін у Парыжы і ўплыў Шагала на яго творчасць.
Паводле Вераб’ёва найулюблёнымі тэмы яго творчасці зʼяўляюцца каханне і аўтапартрэт.
Па словах скульптара, ім яшчэ не створаная работа, якая б цалкам адлюстравала яго светапогляд. Але, як лічыць ён, найбольш блізкі яму твор з пясочным гадзіннікам і двума чалавечымі галовамі, якія, нібы, перацякаюць адна ў адну. Станковы варыянт гэтай работы знаходзіцца ў Беларусі, а вялікі помнік упрыгожвае Нанкін.
Андрэй Вераб’ёў кажа, што ў гадзінніку кожная з галоў па чарзе знаходзіцца то знізу, то зверху, а потым наадварот. Адсюль яднанне іх, і адначасова непаразуменні паміж імі.
«Гэта як жанчына і мужчына бачаць свет з розных бакоў, хаця разам і складаюць еднасць і часцяком мяняюцца месцамі», – заўважае ён.
Пра тое гаворыцца ў адказе на зварот «моўных інспектараў» Ігара Случака і Аліны Нагорнай. Навіною ад «Coca Cola» яны падзяліліся на фэйсбуковай старонцы.
«У цяперашні час спецыялісты «Кока Кола Бэўрыджыз Беларусія сумесна са спецыялістамі кампаніі «The Coca Cola Company» распрацоўваюць новыя рашэнні ў галіне ўпакоўкі, маркіроўкі і інфармацыйнай падтрымкі прадукцыі (уключаючы інфармаванне спажыўца на рускай і беларускай мовах), плануемыя да ўкаранення ў 2022 годзе», – адзначана ў адказе актывістам.
Аліна Нагорная, апублікаваўшы допіс ад вытворцы напою «Coca Cola», звярнулася да наведнікаў сваёй старонкі ў Фэйсбуку.
«Калі вы таксама хочаце бачыць беларускую мову на таварах, дасылайце звароты вытворцам. Для гэтага вам спатрэбіцца раздрукаваць зварот (размясціла ніжэй), набыць канверты і маркі «А». Мы з Ігарам раздрукавалі адразу шмат зваротаў, набылі шмат канвертаў і марак «А» і цяпер Ігар перыядычна «перапісвае» прадукты з нашай лядоўні, касметыку і г. д. І гэта выдатна працуе», – заклікала яна.
Урад краіны падтрымаў папраўкі ў закон аб іміграцыі, якія прадугледжваюць ускладненне ўмоваў выдачы пасведчання на права пражывання ў Латвіі грамадзянам Расіі і Беларусі.
Да 30 чэрвеня 2023 года будзе спынена выдача паўторных ВНЖ грамадзянам Расіі і Беларусі, за выключэннем асоб, якія знаходзяцца ў Латвіі працяглы час. Выключэнне складаюць былыя грамадзяне Латвіі або не грамадзяне, якія не маюць права на атрыманне пастаяннага дазволу на пражыванне або статусу пастаяннага жыхара Еўрапейскага Саюзу з-за недастатковага ведання дзяржаўнай мовы, піша выданне «Наша газета».
Нормы, прадугледжаныя прававым актам, не закранаюць правы асобаў, якія шукаюць міжнароднай абароны.
Папраўкі мае зацвердзіць Сойм.
Тым часам, краіны Балтыі дамовіліся істотна абмежаваць перасячэнне межаў грамадзянамі Расіі, у тым ліку тых, у каго ёсць шэнгенскія візы, напісаў у Twitter міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.
Паводле яго, рашэнні будуць прыняты ўрадамі краін Балтыі згодна з працэдурамі нацыянальнага заканадаўства, і набудуць моц адначасова.
Іншым фігурантам справы далі ад 5 да 17 гадоў. Усе яны прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі.
27-гадовай актывістцы выставілі абвінавачванні па дзесяці артыкулах крымінальнага кодэксу. Да суду маладую жанчыну трымалі ў няволі амаль два гады.
Каардынатарку Валанцёрскай службы адной з беларускіх праваабарончых арганізацыяў разам з мужам схапілі 17 верасня 2020 году. Пазней мужа адпусцілі, а Марфу Рабкову затрымалі ў межах крымінальнай справы за «навучанне, ці іншую падрыхтоўку асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці».
Праз год няволі актывістка напісала сваякам, што яе збіраюцца судзіць па 11 артыкулах крымінальнага кодэксу. Сярод якіх традыцыйныя для палітычна матываваных справаў: «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання», «Распальванне сацыяльнай варожасці групай асоб» і іншыя.
Паводле калегаў Рабковай, матэрыялы справы супраць яе налічвалі 160 тамоў.
З патрабаваннем да беларускіх уладаў вызваліць Марфу Рабкову звярнуліся аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі.
Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць справу 25 красавіка 2022 года. З хадайніцтва пракурора Рамана Бізюка працэс зрабілі закрыты. Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што ў матэрыялах крымінальнай справы “ёсць матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці”. Суддзя Сяргей Хрыпач задаволіў хадайніцтва пракурора.
Фігурантамі адной з Рабковай справы былі яшчэ 9 чалавек. Як пішуць праваабаронцы агулам іх асудзілі на 94 гады пазбаўлення волі.
Аляксандр Францкевіч – 17 гадоў;
Акіхіра Гаеўскі-Ханада – 16 гадоў;
Аляксей Галаўко – 12 гадоў;
Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк– па 6 гадоў;
З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну Харкаў сістэматычна абстрэльваецца расійскімі войскамі. Эксперты мяркуюць: па горадзе страляюць, каб утрымліваць у рэгіёне ўкраінскія ўзброеныя сілы.
Уначы, 6 жніўня, расіяне абстралялі адзін з раёнаў Харкава. Ракета пацэліла ў прыватны дом. Пад яго заваламі ратавальнікі адшукалі цела жанчыны, паведаміў кіраўнік гораду Ігар Церахаў.
Ранкам ракетай быў разбураны шматпавярховы дом у цэнтры Харкава.
«Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца. На гэтую хвіліну шпіталізаваных няма», – напісаў у тэлеграм-канале старшыня Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Інфармацыйная агенцтва «УНІАН» нагадвае, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну Харкаў зазнае сістэматычна абстрэлы.
17 жніўня расійская ракета, трапіўшы ў трохпавярховы жылы дом, забіла 7 і 16 чалавек параніла. Сярод пацярпелых было 11-гадовае дзіця.
У горадзе пачалі ставіць прыпынкі-сховішчы для тых каго заспелі абстрэлы на вуліцы.
«УНІАН», спасылаючыся на звесткі брытанскай разведцы, піша, што расійскія войскі штодня абстрэльваюць горад, каб утрымаць на гэтым напрамку ўкраінскія сілы.
Ваявода смаленскі (1653-1654), у апошні год да захопу яго маскоўцамі.
Адзін з найлепшых аратараў Рэчы Паспалітай.
Пакінуў мемуарны «Дыярыуш» з апісаннем падзеяў грамадска-палітычнага жыцця ў 1630–1654 гадах. У дзённіку занатаваныя важныя гістарычныя падзеі, здарэнні з паўсядзённага жыцця.
Асобна апісаў абарону ад маскоўцаў Смаленску.
Пісаў вершы на лацінскай мове.
1946 год. Нарадзіўся Вячаслаў Селяменеў.
Навуковец-гiсторык, архівіст.
Дырэктар Нацыянальнага архіва.
Даследаваў гісторыю Беларусі з 1917 году, а таксама займаўся архівазнаўствам.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2002, у аўтарскім калектыве) – за цыкл прац «Беларускія остарбайтары».
Остарбайтары – гэтым тэрмінам у гітлераўскай Германіі нызывалі «рабочую сілу з Усходу», з тэрыторыяў Усходняй Еўропы, у тым ліку Беларусі.
1954 год. Памёр Уладзімір Марзон.
Хірург, прафесар.
Працаваў земскім ўрачом Бабруйскага павету, хірургам Глускай, Бабруйскай больніцаў. Бабруйская гарадская больніца хуткай медычнай дапамогі названая яго імем.
Марзон загадваў кафедрай хірургіі Віцебскага медычнага інстытуту, Беларускага інстытуту ўдасканалення ўрачоў. Кансультаваў Магілёўскую абласную больніцу.
Яго навуковыя працы прысвечаны ўдасканаленню аператыўных метадаў лячэння гінекалагічных і ўралагічных хвароб.
1986 год. Нарадзілася Іна Жукава.
Беларуская гімнастка.
На Летніх Алімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне заваявала срэбны медаль у індывідуальным спаборніцтве па мастацкай гімнастыцы сярод жанчын.
Стала найлепшай у намінацыі «Прарыў года» нацыянальнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2008».
1997 год. Адбыўся ўстаноўчы з’езд «Маладога Фронту».
Мэты Маладога Фронту – аб’яднанне і выхаванне моладзі на грунце беларускай нацыянальнай ідэі, хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў, пабудова грамадзянскай супольнасці на падставах дэмакратыі і вольнага рынку, садзеянне фармаванню духоўна і фізічна моцнага пакалення.
Выхадцы з гэтай арганізацыі станавіліся лідарамі іншых незалежных арганізацыяў. Кожны маладафронтавец сутыкнуўся з рэпрэсіямі.
Адзін з заснавальнікаў «Маладога фронту» Павал Севярынец асуджаны на 7 гадоў няволі і прызнаны палітвязнем. Яго схапілі ў 2020 годзе.
2021 год. Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку зачыталі абвінаваўчы прысуд.
Нагодай для крымінальнага перасьледу Калеснікавай і Знака стаў іх удзел у выбарчай кампаніі 2020 году і пратэстах.
Марыю Калеснікаву, каардынатарку штабу вылучэнца на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі, адну з лідарак пратэстнага руху ў 2020 годзе, паплечніцу кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, спецслужбоўцы спрабавалі вывезці з краіны, але яна парвала пашпарт і засталася ў Беларусі. Яе асудзілі да 11 гадоў калоніі.
Максім Знак у 2020 годзе падчас выбараў быў юрыстам штабу кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыка. Асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Абодва праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў