Кітайскія пажарныя машыны пачалі тэставаць у Магілёве, яны заменяць беларускія

Ратавальнікі Магілёўшчыны атрымалі для эксплуатацыі і выпрабаванняў тры новыя спецаўтамабілі з кітайскім абсталяваннем, у зборцы якіх удзельнічалі машынабудаўнікі Магілёва. Мяркуецца, што гэтыя машыны будуць лепш прыстасаваны для ліквідацыі гарадскіх пажараў, чым беларуская тэхніка. 

Да ведама, навукова-даследчы інстытут пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прымае ўдзел у распрацоўцы пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Сярод распрацаваных машын – аўтацыстэрны пажарныя АЦ 5, АЦ 10, аўтацыстэрны 11 і 12 тон для тушэння агню “з колаў”, аўталесвіцы, аўтамабілі парашковага тушэння, аўтамабілі аэрадромнага тушэння, каленчатыя пад’ёмнікі, мабільныя пункты кіравання і іншая тэхніка. 

Аўтацыстэрна (АЦ 10,0-40 (6317), на загалоўным фота) – самая масавая машына, якая прызначана для дастаўкі да месца пажару баявога разліку, ПТВ, аварыйна-выратавальнай прылады і запасу вогнетушыльных сродкаў. Ёмістасць цыстэрны для вады  з нержавеючай сталі або ўзмоцненага кудзелістага шклапластыка 10 000 літраў. У рэальных пажарах у жылым сектары яе магчымасці празмерныя, а пад’ехаць да месца пажару ёй бывае цяжка з-за мноства прыпаркаваных каля дамоў машын. 

Аўтацыстэрна АЦ-5,0-50 (5434) прызначана для тушэння пажараў вадой з цыстэрны, адкрытага вадаёма або водаправоднай сеткі, а таксама паветрана-механічнай пенай. Аўтацыстэрна служыць для дастаўкі да месца пажару баявога разліку, пажарнага абсталявання, вады і пенаўтварэння. Выраблена на шасі аўтамабіля “МАЗ 5434” высокай праходнасці. Ёмістасць цыстэрны для вады – 5000 літраў, а бака для пенаўтваральніка – 300 л. Але і гэта машына не настолькі кампактная, каб лёгка і хутка пад’ехаць да месца пажару, што мае часцяком жыццёва важнае значэнне. 

Выпускаюць ратавальную спецтэхніку вядучыя беларускія вытворцы: ТАА “Пажснаб”, размешчаным у горадзе Барысаве, і філіял Адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі аўтамабільны завод” “Завод “Магілёўтрансмаш”. Вось і цяпер партнёры з Кітаю гатовы былі даслаць свае машыны, але нашы чыноўнікі настаялі на тым, каб замежнае абсталяванне было ўсталявана на беларускую аўтамабільную базу МАЗаў.

Увогуле, кітайская тэхніка ўсё больш упэўнена прыходзіць на рынкі Беларусі. Гэта адбываецца дзякуючы таму, што іх машыны эканамічныя, танныя, а часам і больш эфектыўныя за беларускія. Раней адзіным плюсам беларускай тэхнікі заставалася яе надзейнасць. Выпрабаванні і павінны найперш адказаць на пытанне, наколькі доўга зможа надзейна працаваць тэхніка з кітайскім абсталяваннем?  

Фота ўзяты з адкрытых крыніц і носяць ілюстрацыйны характар

Змяніце шыны свайго аўтамабіля – акцыя дзяржаўтаінспекцыі стартавала сёння

З 25 лістапада па 5 снежня інспектары ДАІ пачынаюць праверку на дарогах. Па ўсёй рэспубліцы прафілактычныя дзеянні праводзяцца для прадухілення аварый зімой і садзейнічання выкарыстанню зімовых шын.

Вядома, што бяспека на дарозе залежыць на 70% ад гумы. Снежны пачатак пераходнага сезону падштурхоўвае да тэрміновай замены летняй гумы на зімовую. 


Да ведама: Згодна з патрабаваннямі правілаў дарожнага руху, зімовыя шыны павінны быць усталяваны на машыне не пазней за 1 снежня і быць на ёй да 1 сакавіка. “Зіма” усталёўваецца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінна мець рэшткавую вышыню ўзору пратэктара не менш за 4 мм.


ДАІ рэкамендуе ўладальнікам аўтамабіляў не чакаць 1 снежня і тэрмінова замяніць шыны машыны на зімовыя.

Фота: “Новости Белыничей

Падзенне дзевяцігадовай дзяўчынкі ў Магілёве – падрабязнасці

Нашы чытачы распавялі шчымлівыя падрабязнасці надзвычайнага здарэння, якое днямі адбылося ў Магілёве ў адным з дамоў па праспекце Шмідта. Нагадаем, дзевяцігадовая дзяўчынка выпала з вакна кватэры на шостым паверсе і ўпала на дах магазіна, размешчанага на першым паверсе дома. У цяжкім стане яна была шпіталізаваная.

Як стала вядома Магілёў.media, дзяўчынка мае асаблівасці развіцця, і самастойна адчыніла вакно. Пасля падзення яна доўгі час праляжала на даху магазіна “Славянскі”. Калі ратавальнікі і “хуткая дапамога” забіралі дзяўчынку, тэмпература яе цела паказвала ўсяго 24 градусы. Зараз медыкі змагаюцца за жыццё малечы.

 

Хоцімск першым у Магілёўскай вобласці запаліць галоўную навагоднюю ёлку

У самым усходнім на Беларусі раённым цэнтры Хоцімску навагоднія мерапрыемствы пачнуцца  9 снежня. Урачыстае запальванне галоўнай гарадской ёлкі адбудзецца на пешаходнай частцы вуліцы Ленінскай, каля раённага Цэнтра культуры – распавяла начальнік ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама Аляксандр Цішчанка рэсурсу hotimsk.by.

– У запаленні галоўнай ёлкі прымуць удзел тры розных Дзеда Мароза і Снягуркі, а таксама іх світа. Гараджанам і гасцям будзе прадстаўлена і музычная праграма, падчас якой навагоднія персанажы будуць вадзіць карагоды і фатаграфавацца з дзецьмі.

Сустрэча Новага года ў Хоцімску працягнецца штодзённымі вячэрнімі тэатралізаванымі праграмамі з 17.00 да 19.00. Праграма вячэрніх мерапрыемстваў дастаткова насычаная і стракатая. А колькасць запланаваных навагоднія мерапрыемстваў у раёне – 72. 

З 18 па 23 снежня, з 25 па 30 снежня пройдзе кінамарафон навагодніх фільмаў і мультфільмаў пад адкрытым небам “Навагодняя перамотка”. З 21 па 25 снежня будзе арганізавана работа сядзібы Дзеда Мароза “У гасцях у Дзядулі”. 

У зале Цэнтра культуры адбудзецца спецпаказ мастацкага фільма “Іронія лёсу ў Галівудзе” з элементамі забаўляльнай праграмы для моладзі раёна. Для дзяцей на галоўнай гарадской сцэне пройдзе гульнявая праграма  “Вакол ёлкі”, у раённым Цэнтры культуры – дзіцячы навагодні спектакль “Краіна казак” народнага тэатральнага калектыву “Прамень”, у школах раёна пройдуць выязныя праграмы-віншаванні “Цік-ток”. 

30 снежня для жыхароў раёна будуць арганізаваны выязныя віншаванні на дом Дзеда Мароза і Снягуркі “Чароўны час”, а 1 студзеня каля галоўнай ёлкі пройдзе навагодняя танцавальная праграма з элементамі караоке “Танчы і весяліся”.

Новаўвядзеннямі гэтага года стануць: адкрыццё навагодняй гасцінай “У гасцях у казкі” (цэнтральная раённая бібліятэка), у якой казачныя персанажы Снежная каралева, Кай і Герда правядуць віктарыны па казках і мультфільмах, адбудуцца інтэлектуальныя гульні, тэатралізаваны паказ.

На базе гісторыка-краязнаўчага музея адкрыецца “Школа чараўніцтва”, дзе дзяцей чакае праграма ў выглядзе квэста, напоўненая традыцыйнымі беларускімі забавамі, этнаграфічнымі замалёўкамі.

У Доме рамёстваў адкрыецца “Майстэрня Дзеда Мароза”, дзе дзеці навучацца вырабляць навагоднюю атрыбутыку: гірлянды, хлапушкі, цацкі, там таксама пройдуць майстар-класы народных умельцаў, чаяванне ля самавара з традыцыйнымі беларускімі пачастункамі.

Тым часам на прылаўках крам ужо пачалі з’яўляцца ёлачныя ўпрыгожанні, галоўны сімвал наступнага года – трус.

Нагадаем, што жыхары Хоцімска першымі сярод насельнікаў краіны сустракаюць дзень, першымі сустрэнуць і Новы год. Дзень ў Хоцімску пачынаецца на 8¼  хвіліны раней, чым у Магілёве і на 38 хвілін раней, чым ў Брэсце.

Аранжавы ўзровень небяспекі: начныя снегапады з панядзелка на аўторак

Аранжавы ўзровень небяспекі аб’яўлены на тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей у ноч з панядзелка 21 лістапада на аўторак 22 лістапада з прычыны снегападаў, папярэджвае Белгідрамет.

У ноч з 21 на 22 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е, са снегападамі. Слупок тэрмометра апусціцца да -3 -5°С, месцамі да -6°С .  На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер пераважна паўночны з хуткасцю да 5-10 м/с. 

У аўторак, 22 лістапада прагназуецца воблачнае надвор’е. Месцамі выпадзе снег, да 12 мм ападкаў. На дарогах – галалёдзіца, снегавыя заносы. Вецер заходні, паўночна-заходні, хуткасцю да  4-9 м/с. Прагназуецца дзённая тэмпература да -1 -3°С.

 

У Магілёве гарэла снегаўборачная машына

Абнятая полымем машына была знятая падпісчыкам Тэлеграм-канала “ЧП Могилев на праспекце Дзімітрава вечарам 19 лістапада. На кадрах відэа бачна машыну па ўборцы снегу і раскідванню пясочна-солевай сумясі з палаючай кабінай.

“Адзін снегаўборшчык быў у горадзе і той згарэў” – каментуюць магілёўцы падзею ў сацсетках.

IKEA абвінавацілі ў гандлі таварамі, зробленымі палітзняволенымі ў магілёўскіх турмах – кампанія аспрэчвае

Рэзананснае расследаванне правялі журналісты нямецкай газеты Taz і французскага выдання Disclose. Яны сцвярджаюць, што пасля палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 2020 годзе IKEA працавала з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу вязняў у турмах, і ў тым ліку палітзняволеных.  

У якасці пастаўшчыкоў IKEA ў Беларусі выступалі магілёўскае тэкстыльнае прадпрыемства “Магатэкс”, а таксама холдынг Borwood і дзяржаўнае мэблевае прадпрыемства “Івацэвічдрэў”. Прычым “Магатэкс”, як сцвярджаюць расследавальнікі, працаваў прынамсі з чатырма выпраўленчымі калоніямі.

“Адзін з ізалятараў, з якімі супрацоўнічае Магатэкс – гаворыцца ў даследаванні – называецца ІК-15, як паказвае бухгалтарскі дакумент ад ліпеня 2021 года, апублікаваны турмой. «ІК-15 — гэта тэрыторыя поўнага жаху, дзе карнікі робяць, што хочуць» – сведчыць Disclose Ціхан Клюкач. 19-гадовы юнак знаходзіўся пад замком на працягу дзесяці месяцаў, паміж 2021 і 2022 гадамі.”

У IKEA на запыт беларускіх журналістаў адказалі, што вельмі сур’ёзна ставяцца да паведамленняў пра Беларусь і ніколі не дапускаюць парушэнняў правоў чалавека ў ланцужку паставак. 

– На ўсіх рынках, дзе мы прысутнічаем, мы дакладна заяўляем, што ў нашым бізнэсе няма месца парушэнням правоў чалавека – паведамілі ў прэс-службе кампаніі – Прысутничаючы ў Беларусі, мы праводзілі рэгулярныя праверкі ў спалучэнні з маніторынгам нашых ланцужкоў паставок, каб забяспечыць адпаведнасць нашым патрабаванням.

Прэс-сакратар IKEA паведаміў, што ў чэрвені 2021 года кампанія прыняла рашэнне спыніць развіццё любога новага бізнесу з-за праблем з правамі чалавека ў Беларусі і непрадказальнай абстаноўкі.

Фота: aikea.by, disclose.ngo

Магілёўцы ў сярэднім жывуць крыху больш чым на 15 рублёў у дзень

Рэгіянальны паказчык рознічнага таваразвароту прасеў – паведамляе Белдзяржстат. У студзені-кастрычніку 2022 года рознічны таваразварот у Магілёўскай вобласці склаў 97,9% у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня-кастрычніка 2021 года (па краіне у цэлым – 96,9%).

Аднадзённы раздробны таваразварот у разліку на душу насельніцтва з пачатку года па вобласці склаў 15,7 рубля супраць 13,8 рубля за аналагічны перыяд 2021 года. Па Беларусі гэтая сума скалае 19,6 рубля. Такім чынам, на дзень пакупка магіляўчаніна амаль на 20% меней за сярэдні паказчык па краіне. 

Іншая статыстыка: рознічны таваразварот арганізацый гандлю рэгіёна за 10 месяцаў склаў па 98,7%у супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду папярэдняга года.

Аптовы таваразварот на Магілёўшчыне за гэты ж перыяд склаў 103,1% у супастаўных цэнах да ўзроўню студзеня-кастрычніка 2021 года. Гэты паказчык па краіне куды ніжэйшы – 82,6%. 

фота: mtblog.mtbank.by

Кірмаш вакансій пройдзе сёння ў Магілёве

Свае працоўныя месцы для незанятых прапануюць Тралейбусны парк № 1, ЖРЭУ Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада, “Камбінат школьнага харчавання”, “Магатэкс”, “Ольса”, “Стужка”, Дарожна-маставое прадпрыемства, Магілёўскі вагонабудаўнічы завод і іншыя арганізацыі.

Кірмаш вакансій пройдзе з 11.00 да 12.00 па адрасе: г. Магілёў, вул. Касманаўтаў, 17 – паведамляе Mycity.by.

Падчас кірмаша ў кожнага будзе магчымасць азнаёміцца ​​з актуальнымі вакансіямі для далейшага працаўладкавання на вольныя працоўныя месцы.

Пентагон правярае паведамленне пра прылёт ў Польшчу расійскіх ракет

У Пентагоне расследуюць заявы пра падзенне двух расійскіх ракет на тэрыторыі члена НАТА – Польшчы, аб гэтым піша Reuters. 

“Мы ведаем аб паведамленнях у прэсе, у якіх сцвярджаецца, што дзве расійскія ракеты ўразілі месца ў раёне мяжы Польшчы з Украінай” – сказаў спікер Пентагона Пэт Райдэр.

“Цяпер у нас няма інфармацыі, каб пацвердзіць, што быў ракетны ўдар”  – сказаў Райдэр журналістам, дадаўшы, што Пентагон “дадаткова вывучае гэтае пытанне”.

Як вядома, у другой палове дня 15 лістапада Расія нанесла масіраваны ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны. Паведамлялася, што дзве ракеты ўпалі на тэрыторыі Польшчы і патрапілі ў зернесушылкі. Вядома пра гібель двух чалавек. На месца здарэння прыбылі прадстаўнікі паліцыі, пракуратуры і вайскоўцы.

Выбух у Польшчы наўрад ці выкліча эскалацыю, але рызыкі сутыкнення НАТА і Расіі рэальныя – піша Guardian.

Урад Польшчы заявіў, што ўсё яшчэ расследуе, чые ракеты ўпалі на яго тэрыторыю, а офіс прэзідэнта Анджэя Дуды паведаміў, што разглядае магчымасць прымянення артыкула 4 дамовы НАТА, які дазваляе любому члену склікаць тэрміновыя кансультацыі ў Паўночнаатлантычнай радзе. 

Варшава не згадала артыкул 5 дагавора, які абвяшчае, што ўзброены напад на аднаго члена з’яўляецца нападам на ўсіх, і які быў бы найбольш верагодным механізмам эскалацыі да вайны паміж NATO і Расеяй.

Артыкул 5 не можа быць прыменены толькі адной краінай-членам, заявіў былы амбасадар ЗША ў НАТА Іва Даалдэр, дадаўшы, што гэта «патрабуе кансенсусу НАТА». Адзіны раз, калі гэта было задзейнічана саюзнікамі па НАТА, гэта было пасля тэрактаў 11 верасня і прывяло да таго, што саюзнікі забяспечылі паветранае радыёлакацыйнае патруляванне ЗША і ўзмацнілі ваенна-марское патруляванне ў Міжземным моры.

Фота: Anadolu Agency