Унікальнаму цягніку на Магілёўшчыне засталося курсіраваць апошні месяц

Чыгуначную лінію тут заснавалі яшчэ ў 1911 годзе дзякуючы прамыслоўцу Мікалаю Радзівілу. З канца траўня ўнікальны маршрут Асіповічы-Градзянка са змяшаным таварна-пасажырскім саставам адмяняецца.

З 26 траўня на Магілёўшчыне закрываюць чыгуначны маршрут паміж Асіповічамі і Градзянкай. Гэта 30-каламетровы адрэзак з васьмю станцыямі але вельмі нізкім пасажырапатокам – піша сайт Blizko.by.

Унікальным для Беларусі гэты маршрут робіць цягнік, што курсіруе тут адзін раз на суткі. Гэта змяшаны таварна-пасажырскі састаў, у склад якога ўваходзяць адзін-два пасажырскія вагоны і некалькі таварных. Але, часам, лакаматыў цягне ўсяго адзін пасажырскі вагончык.

Гродзянка

Яшчэ адна асаблівасць лініі ў тым, што гэта, падобна, апошняе месца ў Беларусі, дзе можна пракаціцца на вагоне з драўлянымі сядзеннямі – адзначае выданне.

Вагон с деревянными сиденьями

Лінію Асіповічы-Градзянка адкрылі яшчэ ў 1911 годзе, раней за чыгунку паміж Асіповічамі і Магілёвам. Гэта стала неабходнасцю пасля таго, як у лясах каля вёскі Градзянка, што зараз у Асіповіцкім раёне, прамыслоўцам Мікалаем Радзівілам быў заснаваны лесапільны завод. 

Пакуль што рэйс паміж Асіповічамі і Градзянкай функцыянуе ў скарочаным рэжыме. Калі раней цягнік курсіраваў тут двойчы на суткі, то цяпер на сайце Беларускай чыгункі можна пабачыць, што з раённага цэнтра ў вёску Градзянка цягнік ходзіць толькі па вечарах, з адпраўленнем у 20:57. Зваротны рэйс з Градзянкі ў Асіповічы ажыццяўляецца раніцай у 06:03.

Фота: Blizko.by 

Дзве тоны мяса невядомага паходжання затрымалі пад Мсціславам

Аўтамабіль, набіты мясам буйной рагатай жывёлы, належыў 28-гадоваму магілёўцу. Мужчына вёз яго на продаж у Расію, але быў затрыманы на мяжы – паведамляе афіцыйны канал Магілёўскага абласнога УУС. Паколькі 2 000 кілаграмаў мяса ў ім не мелі ніякіх суправаджальных дакументаў, яго было вырашана ўтылізаваць. Парушальніка норм ветэрынарнага кантроля прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Падобная мясная кантрабанда з Магілёўшчыны ў Расію – шараговая з’ява вось ужо на працягу дзесяцігоддзяў. Акрамя мяса ў суседнюю краіну незаконна вязуць металалом і іншую прадукцыю, якая там без цяжкасцяў збываецца – пісалі mogilev.media ўжо не раз.

Фота: УУС, скрыншот

На Магілёўшчыне прачнуліся змеі

Звычайна масавы выхад змей назіраецца ў нашым рэгіёне ў другой палове красавіка, пасля ўстойлівага пацяплення. Першыя такія выхады ўжо былі заўважаныя ў Дрыбінскім раёне. Прыкладна ў гэты ж самы час прачыналіся змеі і ў мінулым годзе. Пра скапленне гадзюк у лясным масіве каля Грабянёва пісаў Mogilev.online 12 красавіка летась.

На Магілёўшчыне нападзенні змей часам прыводзяць да трагічных выпадкаў. Так, у жніўні 2023 года жыхар Магілёва загінуў пасля ўкусу гадзюкі. 66-гадовы мужчына басіком прайшоўся па траве на лецішчы, калі змяя ўкусіла яго за пятку. Пенсіянер ніяк не лячыўся, не расказваў пра гэтае здарэнне сваёй сям’і. Аднак праз некалькі дзён яму стала дрэнна. Сын пацярпелага выклікаў хуткую, але нават тады пенсіянер адмаўляўся ехаць у бальніцу і не расказаў пра ўкус. З кожным днём яму рабілася горш і горш. Па дадзеных следства, толькі праз тыдзень мужчына прызнаўся медыкам, што яго ўкусіла змяя. Пенсіянера тэрмінова адвезлі ў рэанімацыю, але выратаваць не ўдалося.

У 2022 годзе 80-гадовая жанчына памерла ад укусу змяі ў Магілёўскай вобласці. У дзень сваёй гібелі жанчына была на дачы, працавала на агародзе. Каля 18.00 яна падбегла да суседкі са словамі, што яе ўкусіла нейкая казурка. Затым жанчына ўвайшла ў дом, захрыпела, пасінела, лягла на ложак і памерла. 

Фота ілюстрацыйнае (47news.ru)

Магілёўцы б’юць адзін аднаго бутэлькамі па галовах

У магілёўскую міліцыю звярнуўся 36-гадовы гараджанін. Ён паскардзіўся, што яго бутэлькай па галаве ўдарыў незнаёмец. Такія выпадкі ў Магілёве здараюцца час ад часу.

Як піша блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, да мужчыны на ганку крамы падышоў хлопец і папрасіў закурыць. Але замест таго, каб проста адмовіць, магілёвец яшчэ і “паслаў” 23-гадовага мінака. Такі адказ нецвярозага маладога чалавека не задаволіў. Слоўны канфлікт перарос у бойку. Нястрыманы хлопец дастаў бутэльку гарэлкі і ўдарыў апанента па галаве. Затым сеў у таксі і як ні ў чым не бывала з’ехаў. Пацярпелы набраў 102. За асабліва злоснае хуліганства ўзбуджаная крымінальная справа.

Падобныя выпадкі ў Магілёве не тое што занадта частыя, але і зусім рэдкімі іх не назавеш. Так, у 2018 годзе ў адным з супермаркетаў Магілёва па вуліцы Грышына за сваю няспрытнасць жанчына паплацілася ударам бутэлькай па галаве ад мужчыны, які стаміўся чакаць даму, якая корпаецца ў сумцы. Удар прыйшоўся па шыі пацярпелай. Пра гэта пісала выданне “Наш Гомель“.

У 2017 годзе, як пісала “Комсомольская правда” 29-гадовы жыхар Магілёва, будучы ў стане алкагольнага ап’янення ў таксі, падчас руху нанёс удар шкляной бутэлькай па галаве кіроўцу. Пацярпелы аказаў актыўны супраціў нападніку і паведаміў пра здарэнне ў міліцыю.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц (pixabay.com)

Кадэты ў Магілёве носяць значкі з расійскімі ваеначальнікамі

У Магілёўскім абласным кадэцкім вучылішчы прайшла цырымонія ўступлення вучняў у Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў. Кадэты атрымалі значкі з выявай Аляксандра Суворава, які пакінуў крывавы след у гісторыі Беларусі.

Мерапрыемства было арганізавана ў выглядзе ўрачыстага пастраення, на якім дырэктар вучылішча ўручыў падлеткам членскія пасведчанні і значкі арганізацыі, піша Mayday.

Кіраўніцтва падкрэслівала, што ўступленне ў Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў (БССК) – гэта асаблівы гонар і важны крок у выхаванні патрыятызму. Навучэнцам гаварылі аб высокіх ідэалах, аб пераемнасці беларускіх ваенных традыцый і неабходнасці захоўваць памяць аб героях, якія загінулі за незалежнасць краіны.

Аднак узнікае дысананс: на значку арганізацыі намаляваныя расейскія военачальнікі — адмірал Павел Нахімаў і генерал Аляксандр Сувораў. Апошні, у прыватнасці, камандаваў войскамі пры падаўленні паўстання Тадэвуша Касцюшкі пад Берасцем. Пры гэтым біяграфія расійскіх палкаводцаў вывучаецца з асаблівай увагай, а беларускі гістарычны кантэкст застаецца на другім плане.

Таксама паўстае пытанне, якім чынам за сяброўства ў арганізацыі павінны плаціць падлеткі, якія яшчэ нічога не зарабляюць, акрамя таго, многія з іх паходзяць з малазабяспечаных сем’яў. У пасведчаннях, здымкі якіх прадастаўлены выданню, стаіць адзнака “выплачана” ў графе членскіх узносаў. Згодна са Статутам БССК, кожны ўдзельнік павінен штогод плаціць унёсак у памеры адной базавай велічыні (цяпер гэта 42 рублі). 

Не ўсё так адназначна…

Пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне ў 2022 годзе ў апякунскай радзе Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў узніклі рознагалоссі. Некаторыя члены рады, нязгодныя з падтрымкай агрэсіі, выйшлі з яго складу і спынілі зносіны з былымі аднакурснікамі, якія падтрымліваюць ваенныя дзеянні. 

Адзін з былых членаў савета адзначыў: “Нават апякунская рада Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў – і тая, знаходзячыся па-за зонай баявых дзеянняў, пачала рассыпацца”. Пра гэта пісала “Новая газета. Еўропа”.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц 

Першыя ў гісторыі гонкі сперматазоідаў пройдуць у Каліфорніі

Арганізатары тлумачаць мерапрыемства не столькі хайпам, як хваляваннем з-за праблем мужчынскай фертыльнасці. Але і хайп абяцаюць таксама.

25 красавіка 2025 года ў Лос-Анджэлесе адбудзецца незвычайнае мерапрыемства – першыя ў свеце гонкі сперматазоідаў, арганізаваныя стартапам з Каліфорніі. Гэта падзея спалучае ў сабе навуковыя даследаванні, забаўляльны аспект і інавацыйныя біятэхналогіі.

Як будуць праходзіць гонкі?

Удзельнікі – сперматазоіды, сабраныя ад добраахвотных донараў, будуць спаборнічаць у спецыяльна распрацаваных мікралабірынтах, якія імітуюць умовы жаночага рэпрадуктыўнага тракту. Гэта дазволіць навукоўцам вывучыць рухавую актыўнасць і паводзіны сперматазоідаў у розных умовах.

Мэты мерапрыемства

Арганізатары падкрэсліваюць, што асноўная мэта гонкі – навуковае даследаванне. Атрыманыя дадзеныя могуць быць выкарыстаны для паляпшэння метадаў лячэння бясплоднасці і развіцця рэпрадуктыўных тэхналогій. Акрамя таго, мерапрыемства мае на мэце павысіць інфармаванасць грамадства аб праблемах бясплоднасці і магчымасцях сучаснай медыцыны.

Гонкі прыцягнулі ўвагу не толькі навукоўцаў, але і шырокай грамадскасці. Мерапрыемства будзе транслявацца ў прамым эфіры, а гледачы змогуць назіраць за спаборніцтвам у рэальным часе. Арганізатары абяцаюць, што падзея будзе не толькі пазнавальнай, але і забаўляльнай, з каментарыямі і магчымасцю рабіць стаўкі на ананімізаваных “удзельнікаў”.

Перспектывы на будучыню

Калі гонкі пройдуць паспяхова, арганізатары плануюць праводзіць падобныя мерапрыемствы рэгулярна, з рознымі варыяцыямі лабірынтаў і ўмовамі спаборніцтваў. Гэта можа стаць новым напрамкам у папулярызацыі навукі і развіцці біятэхналагічных даследаванняў.

Такім чынам, першыя ў свеце гонкі сперматазоідаў у Каліфорніі абяцаюць стаць не толькі навукова значнай падзеяй, але і яскравым прыкладам таго, як можна сумяшчаць сур’ёзныя даследаванні з забаўляльным фарматам, прыцягваючы ўвагу шырокай аўдыторыі да важных медыцынскіх тэм.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Набярэжную Дубравенкі ў цэнтры Магілёва плануюць забудаваць шматкватэрнымі дамамі

Магілёўскі гарвыканкам абвясціў конкурс архітэктурна-планіровачных канцэпцый шматкватэрнай жылой забудовы вуліц Левая і Правая Дубравенка ў Магілёве. Пад магчымую перабудову трапілі ўчасткі ад вуліцы Лазарэнкі амаль да праспекта Міра.

Дубравенка

Конкурс праводзіцца “без уліку Генеральнага плана горада Магілёва, і праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Магілёва»”.

Конкурс архітэктурна-планіровачных канцэпцый будзе праводзіцца да 4 чэрвеня 2025 года. Па яго выніках, верагодна, будзе прынятае рашэнне аб капітальнай перабудове ўсёй цэнтральнай часткі набярэжнай ракі Дубравенкі.

Лазарэнка

Фота з адкрытых крыніц

Расія нанесла ракетны ўдар па Сумах – што вядома

13 красавіка 2025 года расійскія войскі нанеслі адзін з самых смяротных удараў па ўкраінскім горадзе Сумы за гады вайны. У выніку ракетнага абстрэлу загінулі 32 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, і яшчэ 99 атрымалі раненні, сярод якіх 10 дзяцей.

Ход атакі

Паводле звестак украінскіх уладаў, каля 10:15 раніцы па мясцовым часе расіяне выпусцілі дзве балістычныя ракеты тыпу «Іскандэр-М» па цэнтры Сум. Удар адбыўся ў Вербную нядзелю, калі людзі збіраліся на рэлігійныя службы. 

Пад абстрэл трапілі жылыя дамы, тролейбус, цэнтр правоў чалавека і кангрэс-цэнтр Сумскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які часта выкарыстоўваўся для заняткаў з дзецьмі.

Украінскія чыноўнікі сцвярджаюць, што ў атацы былі выкарыстаны касетныя боепрыпасы, што сведчыць пра наўмыснае імкненне нанесці максімальныя страты сярод мірнага насельніцтва.

Рэакцыя ўкраінскіх уладаў

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў атаку «свядомым тэрорам» і заклікаў міжнародную супольнасць да больш жорсткай рэакцыі на дзеянні Расіі. Ён падкрэсліў, што «размовы ніколі не спынялі балістычныя ракеты і бомбы», і падкрэсліў неабходнасць узмацнення ціску на Маскву.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга ахарактарызаваў атаку як «абсалютнае зло» і звярнуўся да міжнародных партнёраў з просьбай аб узмацненні сістэм супрацьпаветранай абароны.

Міжнародная рэакцыя

Атака выклікала шырокі міжнародны рэзананс. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заклікаў да «моцных мер» для забеспячэння спынення агню. Прадстаўніца Еўрасаюза Кая Калас назвала напад «жахлівым прыкладам эскалацыі Расіі» на фоне гатоўнасці Украіны да безумоўнага спынення агню.

вайна

Кіраўнік гуманітарнай місіі ААН ва Украіне Маттыяс Шмале асудзіў атаку «ў самых моцных выразах» і нагадаў, што міжнароднае гуманітарнае права забараняе напады на мірных жыхароў і грамадзянскую інфраструктуру.

Ваенна-стратэгічны кантэкст

Сумы знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад расійскай мяжы і маюць стратэгічнае значэнне. У апошнія тыдні расійскія войскі ўзмацнілі паветраную актыўнасць у рэгіёне, у тым ліку пасля таго, як украінскія сілы былі вымушаныя адступіць з пазіцый у суседняй Курскай вобласці. Некаторыя населеныя пункты ў Сумскай вобласці ўжо знаходзяцца пад расійскай акупацыяй.

Атака на Сумы адбылася праз некалькі дзён пасля падобнага ракетнага ўдару па Крывым Рогу, у выніку якога загінулі 20 чалавек. Гэтыя дзеянні выклікаюць трывогу наконт магчымай вясновай наступальнай аперацыі Расіі на фоне застойных мірных перамоваў.

Атака на Сумы 13 красавіка 2025 года стала чарговым сведчаннем таго, што Расія працягвае выкарыстоўваць тактыку наўмыснага тэрарызавання мірнага насельніцтва. Удар па горадзе падчас рэлігійнага свята выклікаў шырокі міжнародны рэзананс і падкрэсліў неабходнасць узмацнення падтрымкі Украіны з боку сусветнай супольнасці.

Фота: Reuters

Вясна вярнулася – надвор’е на Магілёўшчыне на тыдзень

Цёплыя паветраныя масы рухаюцца з Цэнтральнай Еўропы на Беларусь і нясуць з сабой устойлівае цёплае надвор’е, а таксама хвалі алергеннай пыльцы.

Пачынаючы з сённяшняга дня на Магілёўшчыне будзе ісці павольнае павышэнне тэмператур. Да канца тыдня дзённыя тэмпературы ў нашым рэгіёне падымуцца да +21°С +23°С – прагназуе Gismeteo. Сёння Белгідрамет прадказвае нязначнае пацяпленне па ўсходзе Беларусі – да +8°С. 

Заўтра, 14 красавіка надвор’е будзе фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску, раніцай і днём свой уплыў акажуць цёплыя няўстойлівыя паветраныя масы, якія рухаюцца да нас з Усходніх Карпат. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е, магчымыя дажджы. Тэмпература паветра на Магілёўшчыне ад +12°С да +19°С. У аўторак 15 красавіка ўжо можна чакаць усе +23°С. Такая ж тэмпература прагназуецца ў нашым рэгіёне да канца тыдня.

Разам з распаўсюдам на тэрыторыю Беларусі цёплых паветраных мас з Цэнтральнай Еўропы, ва ўмовах цёплага і сухога надвор’я варта чакаць, што ў паветры пачне фарміравацца высокая канцэнтрацыя пыльцы ветраапыляльных раслін – папярэджвае Тэлеграм-канал @nadvorie. 

У Еўропе звычайна назіраецца тры асноўных перыяды цвіцення раслін з пыльцой, што мае алергенныя ўласцівасці, і зараз якраз наступае адзін з іх. З сярэдзіны красавіка па травень актыўна пачынаюць цвісці бяроза, клён, дуб, алешына, таполя і ліпа. Найбольш актыўны алерген пры гэтым – пыльца бярозы. Пры алергіі на яе, перакрыжаванай рэакцыяй можа стаць таксама алергія на моркву, фундук, яблыкі, персікі.

Фота: mogilev.media

Хто б сумняваўся – Лукашэнка пасадзіў на суботніку дрэва, шкоднае беларускай прыродзе

Сёння па ўсёй Беларусі праходзіў суботнік. У Мінску Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол будоўлі новага корпуса Нацыянальнага гістарычнага музея – піша яго прэс-служба. На суботніку палітык з Шклоўскага раёна разам з паплечнікамі саджаў чырвоналіставыя дубы. Усяго на гэтым мерапрыемстве высадзілі 80 такіх дрэў.  

Выданне Reform звярнула ўвагу, што чырвоналіставыя дубы, гэта інвазіўны від для Беларусі. Натуральны арэал для іх – Паўночная Амерыка.

Яшчэ ў 2019 годзе старшы навуковы супрацоўнік сектара кадастра расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Леанід Чумакоў у сваім артыкуле ў навукова-папулярным часопісе “Родная Прырода” пісаў:

“Масавае распаўсюджванне гэтага віду ў лясах Беларусі можа негатыўна адбіцца на біялагічнай разнастайнасці, паколькі ён, ствараючы густыя навалы ў лясных масівах, з часам можа выцясняць як многія драўніны, так і падполагавую травяністую расліннасць”.

Фота: СБ