шапчицы

Жыхар Магілёўскага раёна, які спаліў сваю сужыцельку, асуджаны на 11 гадоў

67-гадовы жыхар вёскі Шапчыцы Магілёўскага раёна асуджаны на 11 гадоў калоніі за падпал дома, у якім знаходзілася яго сужыцелька. Жанчына памерла ў бальніцы ад апёкаў.

Як паведамляе Магілёўскі аблсуд, у судзе Магілёўскага раёна ўстаноўлена, што 6 студзеня 2025 года абвінавачаны, будучы п’яным, пасля сваркі са сваёй 66-гадовай сужыцелькай, з якой пражываў каля 15 гадоў, здзейсніў наўмысны падпал яе дома. Ён абліў дыван гаручай вадкасцю, а пасля падпаліў яго запалкамі.

Да прыезду супрацоўнікаў МНС дом гарэў адкрытым полымем. На вуліцы знаходзіўся мужчына, сужыцель гаспадыні будынку, які патлумачыў, што ў доме нікога няма, паведамлялі тады ратавальнікі.

На самой жа справе, у доме знаходзілася жанчына. Пра гэта ведаў абвінавачаны, сцвярджаюць у судзе, але пры гэтым мужчына не пераканаўся, што сужыцелька зможа пакінуць памяшканне без шкоды для здароўя і не зрабіў спроб аказаць ёй дапамогу.

У выніку пажару яна атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе тэрмічных апёкаў каля 33% паверхні цела, і 24 студзеня 2025 года памерла ў бальніцы.

Абвінавачаны віну ў здзяйсненні злачынства не прызнаў, сцвярджаючы, што падпал адбыўся па неасцярожнасці.

Суд адправіў пенсіянера ў калонію ўзмоцненага рэжыму на 11 гадоў. Ён таксама павінен выплаціць дачцэ памерлай сужыцелькі кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 5 тысяч рублёў.

Фота: Магілёўскае абласное ўпраўленне МНС