Днём 11 мая Тэлеграм-каналы расійскіх ваенкораў выбухнулі паведамленнямі пра тое, што ўкраінская армія прарвала лінію фронта пад Бахмутам. Так, Аляксандр Сіманаў напісаў пра адступленне расійскай арміі і прарыве Узброеных сілаў Украіны ў накірунку Берхаўкі і Ягаднага. Блогер Паддубны выказаў меркаванне, што украінская армія пачала аперацыю па акружэнні расійскай групіроўкі пад Бахмутам, а таксама распаўсюдзіў алярмісцкія з’яўленні, быццам Украіна нацэлілася на ўварванне на тэрыторыю Расіі.
“Нашы таварышы з Харкава паведамляюць, што па аб’язной дарозе ўвесь дзень ідуць калоны ваеннай тэхнікі ВСУ ў бок мяжы з Белгарадскай вобласцю і на купянскі напрамак. У калонах танкі, САУ, РСЗА, бронемашыны з пяхотай.” – напісаў блогер.
Паспяховыя контрнаступальныя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў зафіксаваныя таксама складальнікамі мапы DeepState https://t.me/DeepStateUA/16533. “Упершыню за доўгі час на мапе з’явіўся сіні колер”, пішуць аўтары канала – сінім колерам адзначаецца тэрыторыя, вызваленая ад расійскіх войскаў.
Высокапастаўлены вайсковы аналітык з ЗША, імя якога не называецца, распавёў CNN, што ЗСУ пачалі “фарміраваць аперацыі” напярэдадні доўгачаканага контрнаступлення, што выяўляецца ў нанясенні ўдараў па расійскіх складах зброі, камандных цэнтрах і зборах тэхнікі для падрыхтоўкі поля бою да пачатку наступальных дзеянняў.
Як растлумачыў выданню вайсковец, гэта стандартная тактыка перад буйнымі наступальнымі аперацыямі.
Адначасова аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) заявілі, што небяспека маштабнага акружэння сіл украінскай арміі з боку акупантаў у Бахмуце, верагодна, мінула.
Мінабароны РФ больш не ставіць гэта за мэту, а некваліфікаваныя падраздзяленні ворага не здольныя ўтрымаць флангі вакол горада, каб ажыццявіць задачу. Аналітыкі лічаць, што абароннае ведамства Расіі прадэманстравала першыя прыкметы дэпрыярытызацыі намаганняў на Бахмуцкім напрамку яшчэ ў студзені 2023 года. Пра гэта сведчыць спыненне вярбоўкі на фронт зняволеных ПВК “Вагнер”.
Расійскае міністэрства абароны выступіла з заявай, што інфармацыя пра прарыў украінцамі лініі фронта пад Бахмутам “не адпавядае рэчаіснасці” – піша Meduza.
У Кіеве ніякіх каментароў наконт магчымага перамяшчэння сваіх войскаў не давалі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю брытанскім СМІ напярэдадні заяўляў, што для падрыхтоўкі контрнаступлення ВСУ неабходна “яшчэ крыху часу”.
Фота з адкрытых крыніц