У Мсціславе занепадае крыніца Здаровец

У Мсціславе занепадае крыніца Здаровец разам з прыватным раёнам горада

Крыніца недагледжаная, навеса няма, прыватны раён, дзе знаходзіцца водны аб’ект, пакрысе занепадае.

У старажытным Мсціславе знаходзіцца пяць крыніц, аднак не ўсе з іх добра ўпарадкаваны. Некалі крыніца Здаровец, што знаходзіцца па вуліцы Кастрычніцкай, была ў парадку і пад наглядам. Аднак цяпер з кожным годам яна ўсё больш становіцца недагледжанай. 

Спачатку згніў вялікі драўляны навес над крыніцай разам з драўляным зрубам. Пасля крыніцу каптавалі і паставілі бетоннае кальцо. 

Аднак мясцовыя жыхары ўсё роўна зрабілі самаробны невялікі драўляны навес, які закрываў бетоннае кальцо. Летась з крыніцы знік і самаробны драўляны навес. Больш за тое, тэрыторыя вакол крыніцы рэдка прыбіраецца, пагэтаму водны аб’ект выглядае слаба дагледжаным.    

Пагаршэнне сітуацыі з водным аб’ектам адбываецца на фоне заняпаду ўсяго прыватнага раёна Мсціслава пад народнай назвай Здаровец, да якога адносяцца некалькі вуліц: Кастрычніцкая, Астроўскага, Заслонава, а таксама часткова Лермантава і Рэспубліканская. У гэтым раёне Мсціслава нямала дамоў стаяць закінутымі, а грунтовыя дарогі вуліц моцна разбіты легкавым і грузавым транспартам.  

Фота mogilev.media