У Грабянёўскім возеры зноў забаронена купацца. Што з ім не так і што ведаем пра гэты магілёўскі вадаём

Грабянёўскае, ці Святое возера – найвялікшы ў Магілёве вадаём. Глыбіня сягае 19 мэтраў. Лічыцца помнікам прыроды. Улюблёнае месца адпачынку гараджан.

Гісторыя возера

Упершыню ў гістарычных хроніках згадваецца ў 1643 годзе. Паводле жыхароў пасёлку Грабянёва, пяць дзясяткаў гадоў таму возера было невялікім. Калі паблізу пачалі масава будаваць жыллё, з вадаёму бралі пясок. Возера значна павялічылася як памерамі, гэтак і глыбінёю.

Старажылы кажуць, што ў даўнейшыя часы з возера выцякала рачулка Качарага. Па іх словах вадаём з Дняпром злучаў Гаджыеў роў. Складаную сістэму сувязі возера з ракой знішчылі меліяратары. З таго часу вада ў ім зрабілася стаячай, чысціць не спрабавалі. Працы камунальнікаў зводзіліся да упарадкавання пляжу.

mogilove.by

У 2012 годзе возера прызнавалася самым чыстым вадаёмам у горадзе, а праз два гады выдалі прадпісанне аб забароне купання, бо вада не адпавядала стандартам па мікрабіялагічных паказчыках.

Праблемы выявіліся яшчэ ў 2010 годзе

У 2014-ым Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выдаў прадпісанне, якое забараняла купацца ў возеры дзецям і дарослым, бо запланаваныя працы па ачыстцы дна не былі выкананы.

Тады заяўлялася: каб Грабянёўскае возера ўратаваць, трэба пачысціць ягонае дно ад арганікі. У прыватных гутарках некаторыя спецыялісты даводзілі, што на дне вадаёма за шмат гадоў пласт арганічных адкладаў вырас да двух мэтраў, і яны гніюць. З надыходам спёкі вада награваецца і пачынае «цвісці». Ля берагоў збіраецца зацвярдзелае рэчыва карычневага колеру.

У маі 2015 году праблему Святога возера абмяркоўвалі на пасяджэнні пастаяннай камісіі Магілёўскага гарадскога Савету дэпутатаў па гарадской гаспадарцы і сферы паслуг.

На ім адзначалася, што праект ачысткі возера абмяркоўваўся яшчэ ў 2010 годзе. Тады разлічвалі на дапамогу нямецкіх спецыялістаў. Рэалізаваць задуманае не ўдалося праз брак фінансавання. Патрабавалася 30 мільярдаў рублёў (10 мільёнаў долараў ЗША). У 2015 годзе сума ў рублях утроілася.

Даследаванні возера спецыялістамі Мінскага навукова-даследчага інстытуту вымагала ў 2015 годзе больш за 50 мільёнаў рублёў.

У 2015-ым неабыякавыя да лёсу возера магілёўцы сабралі больш за 6 тысяч подпісаў пад патрабаваннем ачысціць яго ад бруду. Чыноўнікі не далі пэўнага адказу.

Ад таго часу перыядычна з’яўляліся паведамленні чыноўнікаў, што неўзабаве возеру дапамогуць выздаравець. Усе гэтыя гады на пачатку купальнага сезону вадаём прызнаваўся прыдатным для купання, а потым санітары папярэджвалі нават пра недапушчальнасць падыходу да вады.

Перспектывы ратавання возера застаюцца няяснымі

У ліпені 2021 году на сайце Магілёўскага аблвыканкаму зʼявілася публікацыя, у якой гаварылася, што навукоўцы з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту «прыступілі да вывучэння і ацэнкі экалагічнай сітуацыі Грэбянёўскага вадасховішча».

У тым, што вада ў возеры брудная ў чарговы раз звінавацілі калонію чаек, якая аблюбавала востраў, заросшы чаротам.

Кіраўнік Упраўлення камунальных прадпрыемстваў казаў, што спецыялісты з сталічнага ўніверсітэту паказалі, як змянялася мясцовасць вакол возера цягам некалькіх дзясяткаў гадоў. На карце 1936 году на месцы, дзе цяпер возера была балацявіна. З яе здабывалі торф і тут жа дзеіла спецыялізаванае прадпрыемства. Па карце 1978 году на месцы балацявіны – возера.

На працягу двух месяцаў даследнікі меліся даць рэкамендацыі, што рабіць з возерам.

Мінуў год, але пра перспектывы ратавання найвялікшага ў Магілёве вадаёму звестак вобмаль. 

Сёлета ў ім дазволілі былі купацца. Магілёў.media 10 чэрвеня наведаўся на возера, каб пабачыць, ці шмат на яго прыйшло людзей і як вадаём ды ягоныя ваколіцы выглядаюць. Калі матэрыял апублікавалі стала вядома, што вада ў возеры ўжо не адпавядае гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічным паказчыкам.

Паводле інфармацыйнага агенцтва Белта тое ж выяўлена ў Дняпры, Пячэрскім вадасховішчы і вадасховішчы ля вёскі Вільчыцы, Магілёўскага раёну.

галоўнае фота: planetabelarus.by