“Тэхаская курачка” не пратрымалася ў Бабруйску і паўгода

Закрыўся першы рэстаран хуткага харчавання “Тэхаская курачка” ў Бабруйску. Ён прыходзіў на замену фінскай сеткі Hesburger, якая сышла з Беларусі ў выніку санкцый.

Фастфуд “Тэхаская курачка” адкрыўся ў Бабруйску 29 жніўня 2023 года ў самым цэнтры горада – на рагу вуліц Урыцкага і Мінскай. Сетка, якая належыць кампаніі “Перфекта Фуд”, прыходзіла на замену фінскіх рэстаранаў хуткага харчавання “Hesburger”. Тыя сыходзілі з Беларусі ў 2022 годзе пасля саўдзелу нашай краіны ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Усяго ў Беларусі функцыянавала некалькі аб’ектаў “Тэхаскай курачкі” – два ў Мінску, па адным у Магілёве, Бабруйску, Брэсце і ў вёсцы Вязань Фаніпальскага раёна. Зараз на афіцыйным сайце карпарацыі адзначаныя толькі тры кропкі сеткі – мінскія і ў вёсцы Вязань. 

Бабруйскія журналісты выдання komkur.info адзначаюць, што наведвальнікі даволі нізка ацэньвалі якасць абслугоўвання ў фаст-фудзе раённага цэнтра. “Рэстаран пазіцыянаваў сябе як месца сямейнага адпачынку, дзе можна нядорага перакусіць. – піша выданне – Але, мяркуючы па каментарах у нашых сацсетках, установа “зайшла” не ўсім. “Не спадабалася. Ежа не смачная, кошты завышаныя» – пісала адразу пасля адкрыцця адна з нашых падпісчыц. «Гамбургеры развальваюцца, бульбачка мяккая і несалёная, кансістэнцыя нагетсаў наогул незразумелая… як каша. І дорага!», – згаджалася з ёй іншая. «Мяркуючы па каментарах, доўга не пратрымаецца» – падсумаваў яшчэ адзін чытач.”

Фота: komkur.info