Асіповіцкі лясгас увайшоў у спіс тэрыторый з найбуйнейшай колькасцю зуброў

Сустрэча з зубрамі ў асіповіцкіх лясах становіцца ўсё больш верагоднай. Эксперыментальная лясная гаспадарка Асіповіч увайшла ў спіс пяці тэрыторый, дзе сканцэнтраваны найбуйнейшыя папуляцыі зуброў Беларусі.

Самыя вялікія папуляцыі зуброў канцэнтруюцца на пяці тэрыторыях Беларусі: нацыянальны парк “Белавежская пушча”, Асіповіцкі вопытны лясгас, СПК “Азёры” Гродзенскага раёна, турыстычны комплекс “Красны Бор” Верхнядзвінскага  раёна, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, паведамляе газета “Асіповіцкі край”.

Беларусь з’яўляецца сусветным лідарам у колькасці зуброў, якія пражываюць на волі. У нашай краіне іх больш за 2,3 тысячы. Павелічэнне сярэдняга статку складае як мінімум 50 зуброў штогод. 

У нашай краіне ўжо сфарміравалася 11 мікрапапуляцый зубра. Найбуйнейшая з іх – Белавежская пушча. На 1 студзеня 2022 года там пражывалі больш за 700 зуброў. Працы над рэакліматызацыяй зуброў праводзяцца тут з 1929 года. За апошнія 5 гадоў іх колькасць павялічылася амаль на траціну.

Фота: газета “Асіповіцкі край”.

У Асіповіцкім раёне зубр напалохаў вёску. Людзі выклікалі ратавальнікаў і сядзелі па хатах

Зубры звычайна атаясамляюцца з Белавежскай пушчай, але і на Асіповіччыне статак гэтых жывёлаў сягае 540 асобін. Іх сюды завезлі два дзясяткі гадоў таму. Тутэйшыя зубры людзей не баяцца, але ставяцца да іх насцярожана і імкнуцца трымаць дыстанцыю.

Днямі зубр завітаў у вёску Лапічы. Паселішча за два дзясяткі кіламетраў ад райцэнтру, разраслося на беразе Свіслачы. Непадалёк ад яго былы вайсковы палігон.

«Ён даволі доўга прастаяў каля гурбаў будаўнічага пяску, потым спусціўся ў пойму Свіслачы. Там паласаваўся дзікай малінай і залёг у густым хмызняку. Вечарам зубр зноў пачаў праяўляць актыўнасць, нетаропка хадзіў па беразе, відаць, думаў, што яму рабіць далей. А ноччу рушыў праз мой участак, выйшаў на вуліцу і некуды знік», – апавядае пра сустрэчу з жывёлай вясковец.

У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кажуць, што жыхары, якія ўбачылі ў паселішчы зубра, паведамілі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях і папярэдзілі аб патэнцыйна небяспечнай жывёле суседзяў.

gzt-akray.by

Паводле спэцыялістаў-прыродаахоўнікаў, піша раёнка «Асіповіцкі край», «лапіцкі» зубр спрабаваў перайсці праз шашу Мінск-Гомель, аднак з-за сеткавай агароджы быў вымушаны змяніць кірунак. Пераплыў Свіслач і апынуўся ў Лапічах.

Для дзікай жывёліны сітуацыя аказалася стрэсавая, таму вяскоўцам адмыслоўцы параілі стварыць вакол зубра зону спакою: не шумець, без вострай неабходнасці не выходзіць з дамоў, не пакідаць без нагляду дзяцей і сабак.

Ноччу зубр рушыў у бок былога вайсковага палігона, дзе шчыльнае кустоўе. Магчыма, ён сцішыўся ў прыбярэжных зарасніках, толькі па-за межамі паселішча.

vetliva.by

Прыродазнаўцы адзначаюць, што лясному госцю Лапічаў 17 гадоў. У працэсе размнажэння зубр ужо не ўдзельнічае і, мяркуючы па вонкавым выглядзе, не мае фізічных пашкоджанняў, нармальна развіты.

Колькасць асіповіцкага зубрынага статку неўзабаве зменшыцца. 80 галоў адправяць у Бярэзінскі біясферны запаведнік і ў Чэрыкаўскі раён.