Дзень у гісторыі. 26 красавіка. Аварыя на ЧАЭС, “Чарнобыльскі шлях”. Дзень варкі бульбы. Фамаіда. Магілёўскае брацтва. Нарадзіўся палітык М. Чартарыйскі. Дзень памяці Н. Орды.

Сусветны дзень інтэлектуальнай уласнасці (World Intellectual Property Day, з 1999 года).

Генеральная асамблея Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці на пасяджэнні ў кастрычніку 1999 года прыняла рашэнне аб заснаванні гэтага свята. 

Пры гэтым яна сыходзіла з таго, што 26 красавіка адзначаецца дзень заснавання WIPO (World Intellectual Property Organization) – арганізацыі, закліканай садзейнічаць ахове і развіццю інтэлектуальнай уласнасці ва ўсім свеце. 

Прапанову адзначаць Дзень вынесла дэлегацыя Кітая 9 жніўня 1999 года. 

Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці дае магчымасць падкрэсліць значэнне інавацый у паўсядзённым жыцці чалавека і ўдасканаленні грамадства. 

Патэнты, таварныя знакі, аўтарскае права і сумежныя правы як вынікі творчасці і ведаў з’яўляюцца магутнымі інструментамі садзейнічання эканамічнаму і культурнаму развіццю.

Міжнародны дзень варкі бульбы (International Potato Cooking Day). Амаль беларускае нацыянальнае свята.

Гісторыя распаўсюджвання бульбы ў нашых краях часта звязваецца з імем Пятра І, але гэта праўдзіва толькі для Расіі, на беларускіх землях бульба з’явілася значна раней. У Расіі пры Пётры I  заморскую расліну сустрэлі ў штыкі. Яе называлі «д’ябальскай садавінай» і прадказвалі мукі пекла ўсім, хто паспрабуе.

Распаўсюджванне бульбы прыпісваецца і Кацярыне ІІ. 26 жніўня 1770 года ў «Працах Вольнага Эканамічнага Таварыства» з’явіўся першы навуковы артыкул на тэму бульбы «Примечания о картофеле». Там тлумачылася, як яе саджаць і што менавіта есці – не бацвінне, а клубень, і не сырой, а варанай…

Упершыню назву бульбы ўвёў у рускую мову ад нямецкага «картофель» вучоны-аграном Андрэй  Болатаў у 1760-я гады. 

Украінскі тэрмін – картопля – таксама кажа, што ва Ўкраіну назва гародніны прыйшла ад немцаў.

А вось беларусы называюць яе сваім старажытным словам «бульба», што здаўна азначала «клубень» (на латыні «бульбус» – цыбуля) – гэта сведчанне, што тут была свая гісторыя бульбы.

На Беларусі бульба з’явілася ў канцы XVII – пачатку XVIII стагоддзя.

Цікавыя факты. 

У  беларусаў любоў да бульбы не ведае межаў. З бульбы гатуецца не менш за 1 500 страў.

Самымі вялікімі аматарамі бульбы былі і застаюцца беларусы, якія з’ядаюць за год па 180 кг, што амаль ў 5 разоў больш, чым у сярэднім па свеце (33 кг).

Бульбу збіраюць на працягу года ў двух паўшар’ях.

У 1995 годзе на амерыканскім касмічным караблі “Калумбія” былі вырашчаны першыя пазаземныя карняплоды.

Самай дарагой разнавіднасцю бульбы лічыцца гатунак La bonnotte з вострава Нуармуцье па 500 еўра за кілаграм.

Дзень памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Аварыя на ЧАЭС адбылася 26 красавіка 1986 года, у 01:23:40 падчас планавага выключэння рэактара, якое доўжылася 20 секунд.

Аднак праз некалькі секунд у выніку рэзкага скачка напружання адбыўся хімічны выбух, у выніку якога ў атмасферу было выкінута каля 520 небяспечных радыенуклідаў.

У выніку яго была поўнасцю разбурана актыўная зона і ўся верхняя частка будынка рэактара, моцна пацярпелі і іншыя збудаванні.

Былі знішчаны бар’еры і сістэмы бяспекі, якія баранілі навакольнае асяроддзе ад радыенуклідаў, напрацаваных у апрамененым паліве.

Выкід прадуктаў дзялення ядзернага паліва з пашкоджанага рэактара на ўзроўні мільёнаў кюры за суткі працягваўся на працягу 10 дзён з 26 красавіка па 6 мая 1986 года, пасля чаго рэзка ўпаў (у тысячы разоў) і ў далейшым працягваў змяншацца.

Паводле ацэнак, агульная магутнасць выбуху больш як у 100 разоў перавышала магутнасць ядзернай зброі, прымененай падчас другой сусветнай вайны. Выбух быў настолькі магутным, што радыеактыўнаму забруджванню падвергліся тэрыторыі 17 краін Еўропы.

Для Беларусі наступствы аварыі аказаліся найбольш цяжкімі. На яе тэрыторыю прыпала 70% усяго радыёактыўнага забруджвання. На землях з узроўнем забруджання цэзіем-137 апынулася каля 2 млн. 100 тыс. чалавек (25 % насельніцтва рэспублікі). У Магілёўскай вобласці было забруджана 37% тэрыторыі.

Страты Беларусі ад аварыі склалі паводле прыблізных падлікаў 235 мільярдаў  долараў ЗША. 

На сёння больш за 12% тэрыторыі краіны застаецца забруджанай. На ёй пражывае больш за 1 мільён насельніцтва.

Праваслаўныя ўшаноўваюць пакутніцу Фамаіду.

Ёй належыць маліцца для збавення ад блуднага запалу.

У гэты дзень забараняецца падлашчвацца, какетнічаць, фліртаваць.

1589 год. У Магілёве ўтварылася праваслаўнае брацтва.

Адно з першых у ВКЛ пасля Львоўскага (1572), Віленскага, Луцкага, Кіеўскага.

Брацтва заснавана Канстанцінопальскім патрыярхам Ераміяй II падчас яго візіту ў ВКЛ. Першапачаткова яно насіла назву Спаскага (ад Спаскага манастыра). 

У 1618 годзе манастырскія будынкі былі заняты адміністрацыяй Полацкага уніяцкага арцыбіскупа І. Кунцэвіча. Пасля працяглых перамоваў з прадстаўнікамі каралеўскай улады ў 1633 годзе членамі брацтва дазволілі пабудову новага манастыра – Богаяўленскага. З гэтага моманту брацтва атрымала новую назву.

Дзейнасць брацтва перарывалася з 1828 па 1866 і з 1877 па 1883 гады.

Першапачаткова брацтва мела статус стаўрапігіі – непасрэднага падпарадкавання Канстанцінопальскаму патрыярху ў абыход улады біскупа. З часу падпарадкавання Магілёўскай епархіі Маскоўскаму патрыярхату брацтва стала падпарадкоўвацца мясцовым біскупам.

Пры брацтве дзейнічала бібліятэка з бясплатнай чытальнай залай і абанементам.

У распараджэнні брацтва знаходзіўся Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей, заснаваны ў 1897 годзе Е. Раманавым. Ён размяшчаўся ў будынку скасаванага бернардынскага манастыра св. Антонія.

Магілёўскае царкоўнае Богаяўленскае брацтва спыніла сваё існаванне ў 1919 годзе.

1696 год. Нарадзіўся  Міхал Чартарыйскі (1696–1775).

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ, вялікі канцлер літоўскі. 

Намагаўся правесці рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Аўстрыі. Да антырасійскай Барскай канфедэрацыі не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстання расійскіх войск для яе падаўлення. 

Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб прызнанні Першага падзелу Рэчы Паспалітай (выступілі супраць толькі 3 дэлегаты).

1883 год. Памёр Напалеон Орда (1807–1883).

Беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.

Скончыў Свіслацкую гімназію. За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве быў арыштаваны і выключаны з Віленскага універсітэта. 

Удзельнік паўстання 1830–1831 гадоў. 

Жыў на эміграцыі ў Францыі. Браў урокі музыкі ў Ф. Шапена. Аўтар твораў для фартэпіяна – рамансаў, паланэзаў, серэнад, мазурак. Працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.

Яго выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў былі выкарыстаны дзеля афармлення беларускіх грашовых купюраў (узор 2000 года). 

Вядомы яго выявы Магілёва, Бялынічаў, палаца Булгакаў у Жылічах і іншыя.

Памёр 26 красавіка 1883 года.

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, Пінская мастацкая школа. Працуе раённы музейны комплекс Н. Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага раёна, у Іванава пастаўлены помнік. Адноўлена сядзіба, у якой нарадзіўся мастак.

1919 год. Магілёў перастаў быць губернскім цэнтрам.

Паводле рашэння пастановы НКУС Магілёўскай губернія скасавана і ўтворана Гомельская ў складзе РСФСР з цэнтрам у г. Гомелі.

1926 год. Памёр ураджэнец в. Свадкавічы (зараз – Крычаўскі раён) Сяргей Кавалік (1846–1926).

Рэвалюцыянер-народнік. Даследчык Сібіры.

Навучаўся ў Аляксандраўскім Брэсцкім корпусе, Паўлаўскім ваенным вучылішчы. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт. Кандыдат матэматыкі. Адзін з арганізатараў «хаджэння ў народ» рэвалюцыйных народнікаў.

Арыштаваны ў 1874 годзе і асуджаны да пазбаўлення ўсіх правоў стану і катаржным працам у крэпасцях на 10 гадоў.

15 студзеня 1885 года зафіксаваў самую нізкую тэмпературу ў Верхаянску −67,8 °C.

Па даручэнні Усходне-Сібірскага аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, як знаўца якуцкай мовы, даследаваў побыт якутаў.

У 1898 годзе вярнуўся з выгнання ў Беларусь. Быў членам Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, служыў у «Земскім Саюзе», старшынёй Мінскага губернскага зямельнага камітэта, у Камісарыяце забеспячэння, выкладаў матэматыку ў Мінскім політэхнічным інстытуце, быў старастам Мінскага аддзялення Усесаюзнага таварыства былых паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў.

1989 год. У Мінску ўпершыню прайшоў “Чарнобыльскі шлях”.

«Чарнобыльскі шлях» адпачатку быў апазіцыйны да камуністычнай улады, якая хавала праўду пра катастрофу, ігнаравала праблемы людзей.

У першыя некалькі год незалежнасці шэсце ладзілася як акцыя памяці. Калі ж да ўлады прыйшоў А. Лукашэнка, акцыя набыла характар пратэсту супраць ягонага кіравання.

У 2019 годзе замест «Чарнобыльскага шляху» арганізатары прапанавалі ўзяць удзел у «Чарнобыльскім тыдні» – у іншых мерапрыемствах, лекцыях і прэзентацыях.

1996 год. У Мінску, Магілёве і іншых гарадах прайшлі самыя буйныя акцыі “Чарнобыльскага шляху”.

У Мінску ўдзельнічала 50 000 чалавек. Сілавікі правакавалі бойкі з міліцыяй, былі арыштаваны актывісты, у тым ліку Юрый Хадыка, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка. Лідар БНФ Зянон Пазняк пасля акцыі выехаў з краіны.

Быў прымеркаваны да 10-годдзя катастрофы. Стаўся найбольш напружаным пунктам «Мінскай вясны – 96».

Тады ж частка супрацоўнікаў музею Максіма Багдановіча, дзе дырэктарам працаваў Алесь Бяляцкі, пачала дапамагаць арыштаваным і іх сваякам. Так узнік праваабарончы цэнтр «Вясна».

А. Бяляцкі – Нобелеўскі лаўрэат.

1996 год. У Магілёве адкрыты памятны знак ў памяць аб ліквідатарах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У Магілёўскай вобласці было забруджана радыеактыўным забруджваннем 37% тэрыторыі, 14 з 20 раёнаў (што існавалі на час аварыі): Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Чавускі, Чэрыкаўскі.

У склад найбольш забруджаных у краіне ўваходзяць 5 раёнаў Прыдняпроўскага краю – Быхаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі.

2000 год. Футбольная зборная Андоры дабілася першай у сваёй гісторыі перамогі (з 1942 года).

Перайграла зборную Беларусі – 2:0.

У 2004 годзе абыграла зборную Македоніі – 1:0.

2002 год. Загінуў Міхаіл Пташук (1943–2002).

Беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар. Народны артыст Беларусі.

Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані, на кінастудыі «Беларусьфільм».  

Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў – «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна), «Чорны замак Альшанскі» (У. Караткевіч), «Знак бяды» (паводле В. Быкава). 

Сярод фільмаў 1980-1990-х – гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд», “Кааператыў «Палітбюро»”, «У жніўні 44-га…».

Лаўрэат шматлікіх прэмій, узнагарод на прэстыжных кінафестывалях.

Загінуў у аўтакатастрофе ў Маскве, па шляху на прысуджэнне прэміі «Ніка».

2022 год. Абараняючы Украіну ад расійскіх агрэсараў загінуў ураджэнец Магілёва Канстанцін Дзюбайла, “Дранік”, “Фенікс”, “Беларус”, “Калі” (1987–2022).

Быў магілёўскім прадпрымальнікам. У 2014 годзе выехаў ва Украіну. Жыў у Крывым Рогу. Член групоўкі „Правы сектар”, служыў у 54-й брыгадзе ўкраінскай арміі, удзельнічаў у баях на Светладарскай дузе ў снежні 2016 года. З лютага 2022 года ваяваў у складзе 46-га асобнага батальёна спецыяльнага прызначэння „Данбас – Украіна”.

Загінуў падчас бою ў раёне паміж Мар’інкай і Дакучаеўскам. Пахаваны ў Крывым Розе.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі: 6 верасня. Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку зачыталі абвінаваўчы прысуд. Устаноўчы з’езд «Маладога фронту». Памёр апошні беларускі ваявода Смаленску Піліп Абуховіч. Нарадзіўся архівіст Вячаслаў Селяменеў

1656 год. Памёр Піліп Абуховіч.

Вайсковы і дзяржаўны дзеяч, мемуарыст.

Ваявода смаленскі (1653-1654), у апошні год да захопу яго маскоўцамі.

Адзін з найлепшых аратараў Рэчы Паспалітай.

Пакінуў мемуарны «Дыярыуш» з апісаннем падзеяў грамадска-палітычнага жыцця ў 1630–1654 гадах. У дзённіку занатаваныя важныя гістарычныя падзеі, здарэнні з паўсядзённага жыцця.

Асобна апісаў абарону ад маскоўцаў Смаленску.

Пісаў вершы на лацінскай мове.

1946 год. Нарадзіўся Вячаслаў Селяменеў.

Навуковец-гiсторык, архівіст.

Дырэктар Нацыянальнага архіва.

Даследаваў гісторыю Беларусі з 1917 году, а таксама займаўся архівазнаўствам.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2002, у аўтарскім калектыве) – за цыкл прац «Беларускія остарбайтары». 

Остарбайтары – гэтым тэрмінам у гітлераўскай Германіі нызывалі «рабочую сілу з Усходу», з тэрыторыяў Усходняй Еўропы, у тым ліку Беларусі.

1954 год. Памёр Уладзімір Марзон.

Хірург, прафесар.

Працаваў земскім ўрачом Бабруйскага павету, хірургам Глускай, Бабруйскай больніцаў. Бабруйская гарадская больніца хуткай медычнай дапамогі названая яго імем.

Марзон загадваў кафедрай хірургіі Віцебскага медычнага інстытуту, Беларускага інстытуту ўдасканалення ўрачоў. Кансультаваў Магілёўскую абласную больніцу.

Яго навуковыя працы прысвечаны ўдасканаленню аператыўных метадаў лячэння гінекалагічных і ўралагічных хвароб.

1986 год. Нарадзілася Іна Жукава.

Беларуская гімнастка.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне заваявала срэбны медаль у індывідуальным спаборніцтве па мастацкай гімнастыцы сярод жанчын.

Стала найлепшай у намінацыі «Прарыў года» нацыянальнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2008».

1997 год. Адбыўся ўстаноўчы з’езд «Маладога Фронту».

Мэты Маладога Фронту – аб’яднанне і выхаванне моладзі на грунце беларускай нацыянальнай ідэі, хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў, пабудова грамадзянскай супольнасці на падставах дэмакратыі і вольнага рынку, садзеянне фармаванню духоўна і фізічна моцнага пакалення.

Выхадцы з гэтай арганізацыі станавіліся лідарамі іншых незалежных арганізацыяў. Кожны маладафронтавец сутыкнуўся з рэпрэсіямі.

Адзін з заснавальнікаў «Маладога фронту» Павал Севярынец асуджаны на 7 гадоў няволі і прызнаны палітвязнем. Яго схапілі ў 2020 годзе.

2021 год. Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку зачыталі абвінаваўчы прысуд.

Нагодай для крымінальнага перасьледу Калеснікавай і Знака стаў іх удзел у выбарчай кампаніі 2020 году і пратэстах.

Марыю Калеснікаву, каардынатарку штабу вылучэнца на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі, адну з лідарак пратэстнага руху ў 2020 годзе, паплечніцу кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, спецслужбоўцы спрабавалі вывезці з краіны, але яна парвала пашпарт і засталася ў Беларусі. Яе асудзілі да 11 гадоў калоніі.

Максім Знак у 2020 годзе падчас выбараў быў юрыстам штабу кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыка. Асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Абодва праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


Дзень у гісторыі: 4 верасня. Дзень беларускага пісьменства. Нарадзіліся: пісьменнік Сакрат Яновіч і юрыст, палітзняволены Максім Знак. Памёр мастацтвазнаўца Міхаіл Раманюк

Дзень беларускага пісьменства.

Адзначаецца з 1994 году.

Ініцыятыва аб запачаткаванні Дня беларускага пісьменства сыходзіла з Міністэрства культуры і друку Беларусі. Нагадой для яго стала 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны.

Першапачаткова гэты Дзень быў прымеркаваны да выдання першай друкаванай беларускай кнігі – 6 жніўня 1517 году. З 1998 году яго адзначаюць у першую нядзелю верасня.

Месца для правядзення фэстаў Дня беларускага пісьменства штогод мяняецца. Сёлета гэта Добруш.

1831 год. Памёр Юзаф Пешка.

Жывапісец, прадстаўнік акадэмічнага класіцызму.

Працаваў у розных беларускіх гарадах і мястэчках, выкладаў у Школе прыгожых мастацтваў, у Ягелонскім універсітэце.

Пасля падарожжаў па Беларусі пакінуў выявы краявідаў Магілёва і Шклова, Магілёўскай губерні, Віцебску, Нясвіжа, Мінску.

Аўтар партрэтаў гістарычных дзеячаў, работ па гісторыі Рэчы Паспалітай.

Яго пейзажы асабліва каштоўныя для вывучэння архітэктуры Мінску.

1884 год. Нарадзіўся Хведар Імшэнік.

Беларускі літаратуразнаўца, мемуарыст, педагог.

Па запрашэнні Максіма Багдановіча пераехаў у Яраслаў выкладаць у прыватнай мужчынскай гімназіі.

Працаваў дырэктарам Бабруйскага, Рагачоўскага, выкладчыкам Гомельскага педагагічных тэхнікумаў.

Напісаў успаміны пра Максіма Багдановіча і газету «Наша ніва».

Арыштаваны 15 ліпеня 1930 па справе «Саюзу вызвалення Беларусі». Сасланы на 5 гадоў ва Уфу. Далейшы лёс невядомы.

1891 год. Памёр Міхаіл Каяловіч.

Гісторык, славянафіл.

Даследчык гісторыі ўніяцтва, царкоўнай і агульнай гісторыі, народнага руху Заходняга краю.

1906 год. Нарадзіўся Ігнат Дуброўскі.

Пісьменнік, навуковец.

Загадваў сектарам аграрных праблем Інстытуту эканомікі савецкай Беларусі, даследаваў эканоміку.

Аўтар шэрагу аповесцяў ды нарысаў.

Пачынальнік аналітычнага нарысу ў беларускай літаратуры.

1936 год. Нарадзіўся Сакрат Яновіч.

Пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч Беласточчыны.

Працаваў у газеце «Ніва», ачольваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне. У створным ім асяродку Villa Socrates праходзілі беларускія і міжнародныя інтэлектуальныя сустрэчы.

Аўтар зборнікаў апавяданняў і мініяцюр, каля 30 кніг.

Пераклаў на польскую мову «Вітражы» Янкі Брыля, п’есу Яўгена Шабана «Шрамы» для Драматычнага тэатру імя Вянгеркі ў Беластоку.

1981 год. Нарадзіўся Максім Знак.

Юрыст, адвакат і палітык.

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітзняволеным.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 году быў юрыстам штабу кандыдата на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Уваходзіў у склад Каардынацыйнай Рады па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу.

Абвінавачаны ў стварэнні і кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. Асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Узнагароджаны прэміямі Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў за ўнёсак у абарону правоў чалавека «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы.

1991 год. Прынята пастанова ўраду савецкай Беларусі «Аб ўвекавечанні памяці Францыска Скарыны за мяжой».

Помнікі Скарыну стаяць у Вільнюсе, Калінінградзе, Празе, Кішынэве.

1997 год. Памёр Міхаіл Раманюк.

Мастацтвазнаўца, мастак, этнограф.

Даследчык народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі і беларускага народнага адзення ХІХ– пачатку ХХ стагоддзя.

Аўтар альбомаў, кніг, серыі паштовых марак з народным адзеннем, сцэнічных касцюмаў для мастацкіх калектываў, альбому «Беларускія народныя крыжы».


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.