Страшная трагедыя, трэш ад функцыянераў, самы вялікі гарбуз, а з Палыкавіцкай крыніцы нельга піць – навіны тыдня

Мінулы тыдзень шакаваў жыхароў Магілёўшчыны бязлітаснымі ўмовамі надвор’я. Пасля хістання тэмператур каля нуля, пасля моцных снегападаў сотні населеных пунктаў днямі заставаліся без электрычнасці

Амаль 50 цягнікоў не патрапілі своечасова ў пункт прызначэння. 

Адначасова, ускоснымі ахвярамі стыхіі можна лічыць трох маладых дзяўчат, што загінулі ў жудаснай аварыі пад Чавусамі.

Тыдзень працягваў дэпрэсіўны тэмп фэйспалмамі ад мясцовага прызначанага чынавенства. 

То былы навуковец пагразіў святарам забараніць працаваць у школах без асабістай праверкі. 

То крычаўскія маляры замалявалі мурал пра існаванне нашай дзяржавы.

Фінальным трэшам тыдня можна лічыць ініцыятыву мінадукацыі звесці школьную адукацыю да БРСМ і мэтавага размеркавання.

Яшчэ на гэтым тыдні заўважылі гарбуз-прызёр, які павінен быў быць кабачком.

Дзіўную ініцыятыву магілёўскага аўтапарка запусціць тэставы аўтобус у дачны кааператыў зімой.

Кантэйнер для кала коштам у паездку на таксі.

Чарговых абасраных кароў, якія здзіўляюць хіба толькі тых, хто не чытае нашу эканамічную аналітыку.

Адна з горшых навін тыдня – дасягнем дна, каб пачаць рух наверх – вада з Палыкавіцкай крыніцы небяспечная для здароўя

Ну, і пачынаем дзякаваць за добрыя навіны. Беларускае саломапляценне – а яно цудоўнае на Магілёўшчыне – прызнана сусветным духоўным скарбам.

Маці трож дзетак з Асіповіч стала беларускай “Міс Чароўнасць”.

У Касцюковіцкім раёне бруіць жыццё гусіным святам.

А ў Кіраўску пачынаецца бітва смажанкі з пляцёнкай.

 

Заставайцеся з намі і заўсёды будзеце ў актуальных і самых важных навінах Магілёўшчыны.

Глускі гарбуз увайшоў у дзясятку самых лепшых нацыянальных дасягненняў года – хаця гаспадары садзілі кабачкі

Хаця гаспадары садзілі кабачкі.

Рэкордны гарбуз-фотамадэль вагой 15 кілаграмаў вырас на градцы Ўладзіміра і Валянціны Жлобіч з вёскі Завалочыцы Глускага раёна. Яго фота стала адным з пераможцаў на рэспубліканскім фотаконкурсе беларускіх садоўнікаў-агароднікаў.

Валянціна Жлобіч – педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці Глуска і бібліятэкар Завалочыцкай сельскай бібліятэкі, яе муж Уладзімір працуе ў “Белтэлекаме”. Яны любяць агароднічаць, эксперыментуюць, высаджваюць на ​​градках і ў цяпліцы розныя гатункі гародніны, вінаград, трымаюць трусоў. Адзін з іх любімых відаў гародніны – кабачкі. 

Сужанцы, як піша газета “Радзіма”, сёлета пасадзілі звычайныя кабачкі з насення, якое набылі на рынку. Калі замест кабачкоў вырас гарбуз, то Ўладзімір і Валянціна здзівіліся але працягвалі даглядаць пасынка. У выніку выраслі ўразлівых памераў гарбузы. Самы вялізны дасягнуў без малага 15 кілаграмаў. З ім наладзілі фотасесію, а потым аддалі суседзям на корм жывёле, бо там гаспадарка пабольш.

Калі Валянціна даведалася пра фотаконкурс “Мой багаты ўраджай”, які штогод праводзіць газета “Беларускі час”, то вырашыла падзяліцца гэтым здымкам. Пераможцу конкурсу выбіралі шляхам галасавання на сайце. Фота Валянціны Жлобіч увайшло ў дзясятку самых арыгінальных, і было адзначана падарункам – часопісам “Фазэнда круглы год без клопатаў”. 

Фота В. Жлобіч