Аўтадарога злучае бабруйскую і гомельскую трасы, забяспечыўшы транспартныя сувязі левабярэжнай часткі Магілёва з Мінскам і Бабруйскам. Рэалізацыю маштабнага праекта ў Магілёўскім раёне пачалі ў маі 2021 года. Працягласць участка складае амаль 12,3 кіламетра.
Афіцыйны ўвод Магілёўскай кальцавой аўтадарогі, якая атрымала нумар М15, запланаваны на II квартал 2023 года. Зараз па апошнім пабудаваным участку аб’яздной дазволены рух транзітнага транспарту. На аб’екце ўжо выкананы ўсе канструктыўныя элементы, пацверджаны апорная здольнасць і адпаведнасць праекту штучных збудаванняў. Застаюцца нязначныя пытанні па добраўпарадкаванні прылеглай да абыходу тэрыторыі – піша “Прыдняпроўская ніва”.
Раман Галоўчанка заяўляе, што Беларусь «мае намер адказаць люстэркава на агрэсіўныя дзеянні эканамічнага кшталту з боку недружалюбных краін». Са словаў урадоўцы вынікае, што ўсё «будзе цывілізавана»: іхную уласнасць, якая знаходзіцца ў Беларусі, могуць забраць. Сярод такіх краінаў згадваюцца Літва і Латвія.
“Нам перашкаджаюць рэалізоўваць свае камерцыйныя інтарэсы”
Незадаволенасць беларускага боку выклікана, як заяўляецца, «фактычным пазбаўленнем уласнасці». Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб былі ўжытыя захады супраць Літвы, яка нібыта прысабечыла 30 працэнтаў акцыяў клайпедскага тэрміналу сыпкіх грузаў.
“Мала таго, што гэтыя санкцыі незаконна ўвялі, дык яшчэ і фактычна забралі нашу ўласнасць” – казаў Лукашэнка, словы якога падавала БелТА.
На ягоныя словы Галоўчанка адрэагаваў сваім «Отжали».
nv-online.info
Чыноўнік заяўляе, што ўжо пачалася “прэтэнзійная праца”. Паводле яго, дзеянні «недружалюбных» краін “фактычна нам перашкаджаюць рэалізоўваць свае камерцыйныя інтарэсы”, піша БелТА.
“Нашы меры ў адказ цяпер рыхтуюцца. – даводзіць Галоўчанка – Таксама ўсё будзе цывілізавана. Уся ўласнасць і юрыдычных, і фізічных асоб недружалюбных дзяржаў Рэспубліцы Беларусь вядома, яна падлічана”, – кажа Галоўчанка.
“Як мінімум гэта будуць люстэркавыя рашэнні”
Чыноўнік запэўнівае, што ніякіх агрэсіўных дзеянняў з беларускага боку не будзе.
«Але калі ў адносінах да нас ужываюць агрэсіўныя дзеянні эканамічнага кшталту, вядома ж, мы маўчаць не будзем. Як мінімум гэта будуць люстэркавыя рашэнні. Але да апошняга будзем заклікаць да голасу розуму», – выказваецца Галоўчанка.
Пра “беларускія” 30 працэнтаў
30 працэнтаў акцыяў клайпедскага Тэрміналу насыпных грузаў беларускі вытворцаў угнаенняў “Беларуськалій” купіў у галоўнага акцыянера прадпрыемства Ігара Удавіцкага ў 2013 годзе.
Праблема з транзітам беларускага калію праз Літву з’явілася з-за прынятых у жніўні 2021 году амерыканскіх санкцый супраць “Беларуськалія”, якія ў адрозненні ад еўрапейскіх, датычацца ўсёй прадукцыі кампаніі. Баючыся механізму “другасных санкцый” ЗША літоўскія ўлады спынілі транзіт беларускага калію.
belmarket.by
У адным з інтэрвʼю эканамічны аглядальнік Таццяна Манёнак адзначыла, што сітуацыя адчувальная для абедзвюх краін, паколькі лагістычны ланцужок праз Літву быў самым зручным і бакі будавалі доўгатэрміновыя планы.
«Нагадаю, што “Беларуськалій” зʼяўляецца ўладальнікам 30% тэрміналу ў Клайпедскім порце – не зразумела, як будзе вырашана гэтая праблема. Ды і мы разумеем, што калі беларускія ўгнаенні сыдуць з Клайпедскага порта, то сыдуць назаўжды, ва ўсякім разе пакуль такая палітычная сітуацыя ў Беларусі складваецца».
Пагрозы былі і “да вайны”
Адказаць «сіметрычна» на спыненне Літвой транзіту беларускага калію Мінск абяцаў на пачатку 2022 году, яшчэ да поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Беларускія чыноўнікі спадзяваліся на ўрэгуляванне праблемы наладжваннем дыялогу.
Санкцыі ЗША былі ўведзеныя супраць Беларусі за дзеянні рэжыму Лукашэнкі, якія амерыканскі бок ахарактарызаваў, як надзвычайныя і выключныя пагрозы нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў.
Літва дазволіла транзіт грузаў у Калінінградскую вобласць, якія знаходзіліся пад еўрапейскімі санкцыямі. Забарона трывала з сярэдзіны чэрвеня. Расія страшыла мерамі ў адказ, каб абараніць «свае нацыянальныя інтарэсы».
Пра аднаўленне транзіту падсанкцыйных тавараў у расійскі анклаў паведаміла напярэдадні кампанія грузаперавозак LTG Cargo, якая належыць Літоўскай чыгунцы.
«Згодна з рэгламентам Савету Еўрапейскага саюзу і кіраўніцтвам ЕК (Еўрапейскай камісіяй), а таксама тлумачэнням кампетэнтных органаў, у адпаведнасці з умовамі ўзмацнення кантролю транзітных тавараў, прадугледжанымі ў кіраўніцтве ЕК, LTG Cargo адновіць такія перавозкі з сённяшняга дня, г.зн. 22 ліпеня. Яны будуць ажыццяўляцца з захаваннем умоў узмацнення кантролю транзітных тавараў, прадугледжаных у кіраўніцтве ЕК», – гаворыцца ў паведамленні для кліентам кампаніі грузаперавозак LTG Cargo.
Транзіт тавараў, забароненых санкцыямі, будзе дазволены толькі ў выпадку, калі яны неабходныя, не лічацца незвычайным патокам і не абыходзяць абмежаванні, піша выданне Delfi.
Літва спыніла транзіт некаторых расійскіх тавараў у Калінінград пасля таго, як у сярэдзіне чэрвеня набылі моц санкцыі Еўрасаюзу, уведзеныя праз уварванне Масквы ва Украіну.
17 чэрвеня набыла моц забарона на ўвоз на тэрыторыю ЕС расійскай сталі і чорных металаў, 10 ліпеня – цэменту, алкаголю, вырабаў з драўніны, шкла, алюмінію, папяровых вырабаў, гіпсу, суднавых дэталяў. З 10 жніўня набудзе моц забарона на транспартаванне вугалю і іншага цвёрдага выкапнёвага паліва, а з 5 снежня – на расійскую нафту і нафтапрадукты.
20 чэрвеня Расія запатрабавала аднавіць транзіт. Такія дзеянні былі названыя «варожымі». Яго спыненне было расцэнена, як парушэнне міжнародна-прававых абавязацельстваў Літвы аб транзіце паміж Калінінградскай вобласцю і астатняй тэрыторыяй Расійскай Федэрацыі.
Калі транзіт не будзе адноўлены ў поўным аб’ёме, пагражала Міністэрства замежных спраў, то “Расія пакідае за сабой права на дзеянні па абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў”.