Ліпень – сярэдзіна лета і самы камфортны месяц года

Самы ясны месяц, малатуманны. У ліпені – самыя інтэнсіўныя ліўні. Месяц – меданос

Ліпень – сярэдзіна лета. Паўдзённае становішча сонца з кожным днём робіцца ніжэй, карацее дзень, але пакуль не так імкліва, як у жніўні, толькі на 1-2 хвіліны, а вось у канцы месяца ўжо на 3.

Цераз палі, лугі і рэкі

Нёс лета ліпень-чараўнік…

Пад ліпу сеў і да жалейкі

Губамі млявымі прынік

Дрыжаць пялёстачкі рамонкаў

На вейках змружаных вачэй.

Струменьчыкам мядовым тонкім

Павольна музыка цячэ.

Алег Мінкін

Цікавыя факты.

У 67% выпадкаў ліпень – самы цёплы месяц года. Але раз на 10 гадоў бывае самым халодным месяцам лета, гэта вынік цыркуляцыйных “выбрыкаў”.

У ліпені ў сярэднім 26 дзён з сярэднясутачнай тэмпературай паветра вышэй за 15°С.

Ноччу тэрмометр часцей паказвае +10 +14°С. Але быў выпадак ў 1992 годзе, калі ў Магілёве было толькі +3°С. І ўсё ж на Магілёўшчыне ў апошнія некалькі стагоддзяў да замаразкаў не дахадзіла, хаця яны здараліся на тарфяніках.

З магілёўскай хронікі вядома, што “4 ліпня 1695 года “выпаў вялікі снег і праляжаў у Магілёве некалькі дзён”.

Пераважныя дзённыя тэмпературы вышэйшыя за 20°С. Абсалютны максімум дасягаў 36,3°С у 1897 годзе.

Ліпень – самы ясны месяц. Ясных дзён больш паловы, але і пахмурных дастаткова – 44%.

У сярэднім ападкаў выпадае каля 86 мм у Магілёве, 88 – у Горках, 83 – у Слаўгарадзе. А вось па гадах розніца вельмі істотная. Мінімум ліпеньскіх ападкаў адзначаны ў Слаўгарадзе – 6 мм (1940 год), там жа рэгістраваўся і абсалютны максімум – 269 мм, 3 ¼ нормы (2000 год). У Магілёве мінімум – 18 мм (1908), максімум – 215 (1962).

Сумарная працягласць выпадзення ападкаў у ліпені складае 53 гадзіны, супраць 195 гадзін ў снежні. Гэта тлумачыцца большай іх інтэнсіўнасцю ў ліпені. У ліпені часцей, чым ў іншыя месяцы, бываюць ліўні, часцей здараюцца сутачныя максімумы. Напрыклад, у Магілёве за суткі выпадала 74 мм (1916), у Касцюковічах – 69 (1949 год).

Ападкі ў ліпені выпадаюць “не тады, калі просяць, а калі жнуць ды косяць”.

Нягледзячы на рознага роду анамаліі, як 11 ліпеня 1624 года, калі «выпал велми велики град… у хатах столи папрабивала», ліпень – найбольш камфортны час.

На небе ані хмаркі…

Такой часінай дня

Густая, быццам пара,

Стаіць гарачыня.

Замерлі дрэў макушкі,

Не зварухнецца ліст;

Пявучай самай птушкі

Замоўк апошні свіст.

Пятро Глебка

У ліпені ў сярэднім усяго 2 дні, калі “туманаў лёгкія паромы над рэчкай віснуць нерухома”. Але здараецца і 4. Бывае, што цалкам месяц без туманаў. Ліпеньскія туманы – самыя кароткія, як правіла, не даўжэй за 3 гадзіны.

У Магілёве ў сярэднім 8 дзён з навальніцай. У ліпені 1960 года ў Касцюковічах было 15 такіх дзён.

Ліпень – час галоўнага медазбору. Цвітуць грэчка, скрыпень, баркун, іншыя меданосы. Гледзячы на ільняное поле, здаецца, што само неба апусцілася на зямлю. Цвіце бульба.

У канцы ліпеня нярэдка пачынаецца жніво. У разгары сенакос. Паспяваюць маліны, чорныя парэчкі, буякі, садовыя культуры.

У ліпені ўжо бачны прыкметы адыходу лета. “Прыйшоў Пятрок – адпаў лісток”.