У старабеларускай мове месяц назваўся стычень (як і ў польскай – Styczeń) пры гэтым славянская назва выкарыстоўвалася побач з лацінскай формай генвар. У выданнях Ф. Скарыны даецца народная назва студзеня – стычень, таксама яна ўпамінаецца ў «Храналогіі» Андрэя Рымшы (1581).
Слова студень выкарыстоўвалася ў старабеларускіх тэкстах у значэнні «холад».
Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 годзе, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі.
Паслядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся такія варыянты назвы: у 1907 – январ (стычань), у 1908 – стычань, у 1909 – январ, у 1910-1912 – студзень (январ); далей – студзень («бо дужа сцюдзёна»).
“Студзень – году пачатак, зіме сярэдзіна”.
За гэты месяц паўдзённая вышыня сонца павышаецца на 8º (на 22 студзеня), амаль на 1,5 гадзіны павялічваеца дзень, але гэта недастаткова, каб паўплываць на тэмпературу паветра ў бок яе павышэння, – піша П. Лярскі ў кнізе “Прырода Магілёўскай вобласці” (2005).
У студзені сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ніжэйшая за снежаньскую толькі на 1ºС, у межах вобласці вагаецца ад -8,3º у Горках да -6,8ºС у Бабруйску. У Магілёве яна складае -7,6ºС.
Самая халодная трэцяя дэкада студзеня – на 1ºС ніжэй за пачатак месяца. Адзін раз на 4 гады сярэдняя тэмпература паветра ў студзені ніжэйшай за -10º, адзін раз на 20 гадоў -13ºС і ніжэй.
Студзень 1987 года стаў самым халодным за ўсю гісторыю метэаназіранняў з паказчыкам – 17,1ºС (у 1950 годзе -15ºС). А рэкорд цяпла пабіў студзень 1989 года, -0,6º (да гэтага быў рэкорд 1925 года -0,9ºС).
Глыбокія і доўгія адлігі пад уплывам марскога умеранага паветра, калі тэрмометр паказвае +3 +5ºС у студзені на тэрыторыі Магілёўшчыны не такія ўжо і рэдкія. 11 студзеня 2005 года у Магілёве фіксаваўся рэкорд +9,8º С.
У студзені нас турбуе і Арктыка. Арктычныя паветраныя масы часта прыносяць “калядныя маразы” – у канцв другой, пачатку трэцяй дэкады.
17 студзеня 1940 года быў пастаўлены рэкорд абсалютнай мінімальнай тэмпературы ў Магілёве -37,3º. Былі пастаўлены рэкорды і ў іншых месцах: Горкі -39,5ºС, Касцюковічы -38,1ºС, Бабруйск і Прапойск (з 1945 года – Слаўгарад) -37,4ºС, Клічаў -37,0ºС.
А вось на тэрыторыі Жорнаўскай лясной доследнай станцыі ў Асіповіцкім раёне слупок тэрмометра ўвогуле ўпаў да адзнакі -41ºС – самая нізкая з калі-небудзь адзначаных у Магілёўскай вобласці. Ад такіх марозаў поўнасцю загінулі граб і арэшнік.
У студзені менш за ўсё адліг. Дзён без адліг у Бабруйску – 21, Горках – 24.
За месяц у сярэднім выпадае ападкаў 40-45 мм. У 1915 годзе ў Магілёве выпала іх рэкордная колькасць – 103 мм, а ў 1947 годзе толькі толькі 3 мм. Амаль рэкордным па ападках стаў і 2004 год – 99,7 мм.
Сярэдняя вышыня снегавога порыва на канец месяца складае 25-30 см, а вось снежны 2004 год даў у студзені вышыню – 60 см.
Пры вялікіх марозах у Магілёве глеба прамярзае да 130 см пры адсутнасці значнага покрыва снега.
Доўгатэрміновы прагноз на студзень 2023 года (можа спраўдзіцца на 30%) такі:
Пасля адлігі на пачатку года, яшчэ магчыма адліга ў сярэдзіне месяца. У асноўным прагназуюцца тэмпературы паветра ўдзень ад -2 да -10ºС, уночы ад -5 да -13ºС, у самую халодную дэкаду студзеня начныя тэмпературы могуць скласці -10 -17ºС. Прагназуецца 2 дні ясных, 12 перменна ясных, 17 з воблачнасцю. 18 дзён будзе без ападкаў, 13 – з ападкамі, у тым ліку 4 – снег з дажджом.
Народныя прыкметы
Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы.
Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.
Студзень пагодны – будзе год плодны.
Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.
Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.
Студзень мяце – ліпень залье.