МЗС Беларусі не мае інфармацыі аб забароне грамадзянам Беларусі наведваць Польшчу і краіны Балтыі

Ведамства зняпраўджвае звесткі «шэрагу інфармацыйных рэсурсаў» аб увядзенні забароны для беларусаў, якія маюць шэнгенскія візы. Тым часам, у Літве не выключаюць, што такія захады могуць быць уведзеныя.

“Па стане на сённяшні дзень (19 верасня), у МЗС Беларусі няма ніякай афіцыйнай пацвярджальнай інфармацыі на гэты конт”, – заявілі ў прэс-службе МЗС Беларусі, піша БелТА.

Паводле выдання, раней шэраг інфармацыйных рэсурсаў распаўсюдзіў інфармацыю, што Эстонія, Латвія, Літва і Польшча ўводзяць забарону на ўезд грамадзян Расіі і Беларусі з шэнгенскімі візамі, выдадзенымі ў іншых дзяржавах ЕС.

Адно з расійскіх інфармацыйных агенцтваў апублікавала такую інфармацыю, спасылаючыся на МЗС Эстоніі.

«Разам з тым карэспандэнту БЕЛТА на сайце МЗС Эстоніі не ўдалося знайсці пацвярджэння, каб гэта забарона датычылася і грамадзян Беларусі. У адной з публікацый гаворка толькі аб тым, што Эстонія разам з Латвіяй, Літвой і Польшчай забароніць уезд праз знешнюю мяжу для грамадзян Расіі, якія маюць кароткатэрміновую шэнгенскую візу. У Эстоніі забарона на ўезд уступае ў сілу з 19 верасня», гаворыцца ў публікацыі БелТА.

З 19 верасня ў краінах Балтыі і Польшчы набывала моц забарона на ўезд расійскіх турыстаў з шэнгенскімі візамі праз знешнія межы Еўрапейскага саюзу. У Літве загаварылі аб падобных захадах адносна беларусаў, пісаў Магілёў.media.

Забарона на ўезд грамадзян Расіі, звязаны з вайной ва Ўкраіне.

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце даводзіць, што цяпер вырашаюць пытанне, ці не прыняць падобнае рашэнне адносна беларусаў.

«Я ясна бачу, што беларускі рэжым таксама ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях і арганізуе гібрыдныя атакі супраць Літвы, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў. Я думаю, што гэта сур’ёзныя аргументы для вырашэння пытання беларусаў», – лічыць урадоўца.

фота: prsa.pl

Навіны пабрацімаў. У Клайпедзе асаблівы круізны сезон, але частка суднаў праз вайну ва Ўкраіне абмінае парты краін Балтыі

У красавіку ў Клайпедскім порце прагназавалі, што сёлетні сезон можа стаць рэкордным, але ў выпадку, калі геапалітычная сітуацыя не прынясе сюрпрызаў. На пачатку ліпеня планы былі адкарэктаваныя: з-за вайны ва Украіне частка караблёў з турыстамі змянілі маршруты, абыходзячы парты краін Балтыі, і направіліся ў Скандынавію.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


З пачатку круізнага сезону Клайпеду наведалі 39 судоў. Да кастрычніка чакаюць яшчэ 20.

У кіраўніцтве порту разлічваюць, што сёлета партовы горад наведвае больш судоў, якія прыходзяць сюды ўпершыню, таму гэты сезон называюць асаблівым, паведамляе выданне Delfi.

«Клайпеда звычайна прымае 5-6 новых круізных лайнераў кожны год, але сёлета праз вароты порта прайшло ўжо 9 судоў, якія заходзілі сюды ўпершыню», адзначае прадстаўнік порту Крысціна Ганцьер.

У маі Клайпедскі цэнтр турызму і культуры заяўляў, што мясцовы порт чакае 80 круізных суднаў. Летась жа праз пандэмію каранавірусу іх было два.

Першым літоўскі порт наведала судна з Нямеччыны, пісаў Магілёў.media. На борце круізнага лайнера было 300 нямецкіх турыстаў. Яны агледзелі стары горад Клайпеды, а таксама суседнія Палангу і Нерынгу.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


фота: dcdn.lt