У Літве задумаліся, ці не абмежаваць услед за расіянамі ўезд турыстам з Беларусі

У краінах Балтыі і Польшчы набывала моц забарона на ўезд расійскіх турыстаў з шэнгенскімі візамі праз знешнія межы Еўрапейскага саюзу. У Літве загаварылі аб падобных захадах адносна беларусаў.

Забарона на ўезд грамадзян Расіі прадугледжаная ў прынятай парламентам Літвы пастанове аб аб’яўленні надзвычайнага становішча на мяжы з Расіяй і Беларуссю. Такі парадак уведзены ў сувязі з вайной ва Ўкраіне.

g2.dcdn.lt

Міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайце кажа, што пакуль невядома, як доўга будзе трываць такі парадак, аднак расіяне, паводле яе слоў, ужо цяпер павінны ацаніць, ці варта ім ехаць у Літву, калі яны не трапляюць у спіс выключэнняў, піша інфармацыйнае агенцтва DELFI.

«Як вядома, ідзе жорсткая вайна, яе арганізавала Расія супраць Украіны. Мы бачым, што Расія як дзяржава непрагназаваная, агрэсіўная, 3/4 яе грамадзян падтрымліваюць такія дзеянні сваёй краіны. Непрымальна, каб расіяне, якія падтрымліваюць вайну, свабодна падарожнічалі па свеце, Літве, ЕС. Гэта аспекты, якія датычацца бяспекі, паколькі падтрымка вайны – пагроза для бяспекі нашай краіны і ЕС», – тлумачыць міністарка.

«Пакуль мы не бачым прыкмет заканчэння вайны, – адзначае яна. – Пакуль Расія дзейнічае агрэсіўна, мы, відаць, павінны будзем прымаць пэўныя рашэнні».

Паводле яе ў Літву будуць упускаць толькі тых расіян, якія адказваюць наступным крытэрам: асобы, якія прыязджаюць па гуманітарных прычынах, змагары з крамлёўскім рэжымам, дысідэнты, якія праязджаюць праз Літву транзітам, асобы, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, асобы, у якіх ёсць візы з працяглым тэрмінам дзеяння або від на жыхарства.

Агне Білатайце заўважае, што цяпер вырашаюць пытанне, ці не прыняць падобнае рашэнне адносна беларусаў.

«Я ясна бачу, што беларускі рэжым таксама ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях і арганізуе гібрыдныя атакі супраць Літвы, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў. Я думаю, што гэта сурʼёзныя аргументы для вырашэння пытання беларусаў», – лічыць урадоўца.

Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, з паўночы да 9 гадзін у краіну не ўпусцілі 11 грамадзян Расіі.

«Большасць з іх спрабавалі трапіць у Літву праз КПП Кібартай. Астатнія спрабавалі праехаць праз беларуска-літоўскую мяжу», – паведамляе кіраўнік службы Рустам Любаеў.

Паводле яго, латышскія калегі раніцай сказалі, што ў іх пакуль не было ніводнага такога выпадку.