У Літве задумаліся, ці не абмежаваць услед за расіянамі ўезд турыстам з Беларусі

У краінах Балтыі і Польшчы набывала моц забарона на ўезд расійскіх турыстаў з шэнгенскімі візамі праз знешнія межы Еўрапейскага саюзу. У Літве загаварылі аб падобных захадах адносна беларусаў.

Забарона на ўезд грамадзян Расіі прадугледжаная ў прынятай парламентам Літвы пастанове аб аб’яўленні надзвычайнага становішча на мяжы з Расіяй і Беларуссю. Такі парадак уведзены ў сувязі з вайной ва Ўкраіне.

g2.dcdn.lt

Міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайце кажа, што пакуль невядома, як доўга будзе трываць такі парадак, аднак расіяне, паводле яе слоў, ужо цяпер павінны ацаніць, ці варта ім ехаць у Літву, калі яны не трапляюць у спіс выключэнняў, піша інфармацыйнае агенцтва DELFI.

«Як вядома, ідзе жорсткая вайна, яе арганізавала Расія супраць Украіны. Мы бачым, што Расія як дзяржава непрагназаваная, агрэсіўная, 3/4 яе грамадзян падтрымліваюць такія дзеянні сваёй краіны. Непрымальна, каб расіяне, якія падтрымліваюць вайну, свабодна падарожнічалі па свеце, Літве, ЕС. Гэта аспекты, якія датычацца бяспекі, паколькі падтрымка вайны – пагроза для бяспекі нашай краіны і ЕС», – тлумачыць міністарка.

«Пакуль мы не бачым прыкмет заканчэння вайны, – адзначае яна. – Пакуль Расія дзейнічае агрэсіўна, мы, відаць, павінны будзем прымаць пэўныя рашэнні».

Паводле яе ў Літву будуць упускаць толькі тых расіян, якія адказваюць наступным крытэрам: асобы, якія прыязджаюць па гуманітарных прычынах, змагары з крамлёўскім рэжымам, дысідэнты, якія праязджаюць праз Літву транзітам, асобы, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі, асобы, у якіх ёсць візы з працяглым тэрмінам дзеяння або від на жыхарства.

Агне Білатайце заўважае, што цяпер вырашаюць пытанне, ці не прыняць падобнае рашэнне адносна беларусаў.

«Я ясна бачу, што беларускі рэжым таксама ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях і арганізуе гібрыдныя атакі супраць Літвы, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў. Я думаю, што гэта сурʼёзныя аргументы для вырашэння пытання беларусаў», – лічыць урадоўца.

Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, з паўночы да 9 гадзін у краіну не ўпусцілі 11 грамадзян Расіі.

«Большасць з іх спрабавалі трапіць у Літву праз КПП Кібартай. Астатнія спрабавалі праехаць праз беларуска-літоўскую мяжу», – паведамляе кіраўнік службы Рустам Любаеў.

Паводле яго, латышскія калегі раніцай сказалі, што ў іх пакуль не было ніводнага такога выпадку.

Навіны пабрацімаў. У Клайпедзе асаблівы круізны сезон, але частка суднаў праз вайну ва Ўкраіне абмінае парты краін Балтыі

У красавіку ў Клайпедскім порце прагназавалі, што сёлетні сезон можа стаць рэкордным, але ў выпадку, калі геапалітычная сітуацыя не прынясе сюрпрызаў. На пачатку ліпеня планы былі адкарэктаваныя: з-за вайны ва Украіне частка караблёў з турыстамі змянілі маршруты, абыходзячы парты краін Балтыі, і направіліся ў Скандынавію.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


З пачатку круізнага сезону Клайпеду наведалі 39 судоў. Да кастрычніка чакаюць яшчэ 20.

У кіраўніцтве порту разлічваюць, што сёлета партовы горад наведвае больш судоў, якія прыходзяць сюды ўпершыню, таму гэты сезон называюць асаблівым, паведамляе выданне Delfi.

«Клайпеда звычайна прымае 5-6 новых круізных лайнераў кожны год, але сёлета праз вароты порта прайшло ўжо 9 судоў, якія заходзілі сюды ўпершыню», адзначае прадстаўнік порту Крысціна Ганцьер.

У маі Клайпедскі цэнтр турызму і культуры заяўляў, што мясцовы порт чакае 80 круізных суднаў. Летась жа праз пандэмію каранавірусу іх было два.

Першым літоўскі порт наведала судна з Нямеччыны, пісаў Магілёў.media. На борце круізнага лайнера было 300 нямецкіх турыстаў. Яны агледзелі стары горад Клайпеды, а таксама суседнія Палангу і Нерынгу.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


фота: dcdn.lt

У Ісландыі ажыў вулкан Фаградальсф’ял. Турыстам рэкамэнтавана не наведваць мясціны (відэа)

Каля міжнароднага аэрапорту Кефлавік, што ў 32 кіламетрах ад Рэйк’явіку, сталіцы Ісландыі, аб’яўлены «чырвоны код» небяспекі з забаронай палётаў над гэтай тэрыторыяй. Для агляду сітуацыі ў раён вывяржэння накіраваны верталёты.

Паводле Міністэрства замежных спраў краіны, перабояў з рэйсамі ў Ісландыю і з Ісландыі не было, а міжнародныя калідоры палётаў застаюцца адкрытымі.

 

 Інфармацыйныя агенцтвы краіны апублікавалі відэа, на якім бачна, як лава і дым вырываюцца з расколіны ў зямлі на схіле гары Фаградальсф’ял.

Вывяржэнню вулкану папярэднічала павелічэнне актыўнасці землятрусаў у навакольных мясцінах.

Турыстам і жыхарам рэкамендуюць не наведваць раён з-за атрутных газаў. Непасрэднай рызыкі пашкоджання крытычнай інфраструктуры няма.

Летась у гэтай мясціне ўжо было вывяржэнне. Яно стала першым на ісландскім паўвостраве Рэйк’янэс амаль за 800 гадоў.

 

Фота ілюстрацыйнае з рэсурсу https://news-ru.gismeteo.st

Аглядаць турыстам палац у Жылічах перашкаджаюць рэстаўрацыйныя працы. Абяцаюць іх скончыць сёлета

Рэстаўрацыю палацава-паркавага ансамблю ў Жылічах, узведзенаму 200 год таму, абяцаюць яе завяршыць сёлета, калі будуць трымацца плану.

За 13 гадоў аднаўленне помніка архітэктуры праходзіла з рознай ступенню актыўнасці. Як піша інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер» імпульс працам надало ўключэнне аб’екта ў інвестыцыйную праграму Магілёўшчыны.

Ужо адрэстаўраваны ляпны дэкор парадных залаў палаца, кафляныя печы, каміны з мармуру, мастацкі паркет. Афарбоўваецца фасад, добраўпарадкоўваецца прылеглая тэрыторыя.

Неўзабаве рэстаўратары возьмуцца за афармленне інтэр’ерных залаў. Яны пастараюцца з максімальнай дакладнасцю перадаць дух пачатку 19 стагоддзя, балазе захаваліся фатаграфіі ўнутранага аздаблення палацу. На аснове старых здымкаў беларускія вытворцы абяцаюць зрабіць мэблю для афармлення інтэрʼераў.

Турысты наведваюць комплекс і цяпер, піша «Бобруйский курьер», спасылаючыся на дырэктара Ўладзіслава Кулакевіча. Летась у ім пабывала пад 6 тысяч чалавек. Сёлета ўжо больш за 3 тысячы.

Прытоку ахвотных пабачыць адну з цікавостак Магілёўшчыны перашкаджаюць рэстаўрацыйныя працы.

Палацава-паркавы ансамбль у Жылічах – гісторыка-культурныя каштоўнасць міжнароднага ўзроўню.

Яго ўзяўся ўзводзіць адзін з найбагацейшых людзей Бабруйшчыны таго часу Ігнат Булгак. Па яго сьмерці комплекс не аднаразова перабудоўваўся, але захоўваючы адзіны класічны стыль.

За савецкім часам у ім месціўся дзіцячы дом, агранамічная школа. У вайну гітлераўцы ўладкавалі разгарнулі шпіталь. З 1950-га года ў палацы працаваў сельскагаспадарчы тэхнікум. У цэлым будынак, перажыўшы дзве вайны, застаўся ў добрым стане.

фота: wikimedia.org