Усплёск захворванняў на ВІЧ зафіксаваны ў Асіповіцкім раёне
Сэкс без прэзерватыва вывеў жыхароў раёна ў лідары вобласці па захваральнасці на ВІЧ-інфекцыю.
За 9 месяцаў гэтага года колькасць новых выпадкаў хваробы перавысіла сярэдні абласны паказчык у 3,7 раза, паведаміў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Часцей за ўсё выпадкі ВІЧ-інфекцыі выяўляюцца ва ўзроставых групах старэйшых за 30 гадоў. За 9 месяцаў 2022 на ўзрост 31-50 гадоў прыпала 80,9% выпадкаў. У адным выпадку ў бягучым годзе перадача ВІЧ ажыццявілася вертыкальным шляхам (ад ВІЧ-інфіцыраванай жанчыны да дзіцяці).
Амаль кожны дзень жыхары Асіповіч кантактуюць з хворымі на СНІД.
Усяго за ўвесь перыяд назірання ў Асіповіцкім раёне (на пачатак кастрычніка 2022 г.) выяўлены 423 выпадкі ВІЧ-інфекцыі. Гэта зусім не мала. Атрымоўваеца, што кожны соты жыхар раёна хворы на гэтую небяспечную хваробу. А калі не лічыць дзяцей і пенсіянераў, то сярод працаздольных хворы ўжо кожны 40-вы. Выходзіць, што амаль кожны дзень, ці праз дзень у краме альбо на працы дарослыя жыхары раёна кантактуюць з хворымі і не ведаюць пра гэта.
Шляхі захворванняў.
Большасць людзей заразіліся ВІЧ пасля сэксу без прэзерватыва – гэта 88,2% усіх выпадкаў у раёне за 9 месяцаў 2022 года. Перавага палавога шляху перадачы ВІЧ-інфекцыі на працягу шэрагу апошніх гадоў сведчыць аб тым, што людзі або не ведаюць аб мерах прафілактыкі інфекцыі, або грэбуюць імі, мяркуючы, што ВІЧ-інфекцыя мае дачыненне толькі да пэўных груп насельніцтва, да якіх чалавек сябе не адносіць.
Аднак сацыяльная структура асоб, выяўленых з ВІЧ (за 9 мес. 2022 г., непрацуючыя – 33,3%, працоўныя – 47,6%, служачыя – 14,3%, дзеці – 4,8%), паказвае, што прыналежнасць да той ці іншай сацыяльнай групы не гарантуе абарону ад заражэння гэтым захворваннем.
Безадказныя адносіны да свайго здароўя – гэта можа здарыцца з кім заўгодна, але не са мной, “сляпы” давер да партнёра і многія іншыя стэрэатыпы ў пытаннях ВІЧ/СНІД спрыяюць росту колькасці новых выпадкаў інфікавання ВІЧ сярод насельніцтва.