Сталі вядомыя падрабязнасці гісторыі з заражэннем шаленствам жыхароў пасёлка Хімік пад Магілёвам

Нядаўна mogilev.media пісалі пра надзвычайную сітуацыю ў дачным пасёлку Хімік (яшчэ яго называюць Сідаравічамі) пад Магілёвам. Нагадаем, на незалежных Тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя, што больш за дваццаць дзяцей былі шпіталізаваныя з падазрэннем на шаленства – усе яны гуляліся з шчанюкамі хворай сабакі.

Зараз жа з’явіліся падрабязнасці гэтай гісторыі. Вялікі матэрыял, прысвечаны сітуацыі ў пасёлку Хімік, апублікаваны каналам “Белыя халаты”. Па інфармацыі рэсурса, на пачатку лета ў дачным пасёлку з’явілася бадзяжная сабака. Неўзабаве ў яе нарадзілася сем шчанюкоў, з якімі пастаянна гулялі мясцовыя дзеці. У сярэдзіне жніўня двух шчанят жыхары пасёлка забралі да сябе дадому.

У канцы жніўня бадзяжная сабака, маці шчанятаў, пакусала жанчыну і пасля гэтага высветлілася, што яна хворая на шаленства. Пасля гэтага больш за дваццаць дзяцей, што кантактавалі з шчанюкамі, былі шпіталізаваныя дзеля праверкі на шаленства. З сямі шчанят чацвярых удалося знайсці і вылавіць. Зараз яны знаходзяцца ў ізаляцыі і пад назіраннем. Яшчэ двух – тых, каго забралі дадому дачнікі – цяпер шукаюць. Шукаюць, відаць, і сёмага.

Мясцовыя жыхары – піша выданне – звяртаюць увагу, што ў чатах дачнага пасёлка даўно звярталі ўвагу на сабаку. Справа ў тым, што некалькі месяцаў таму ў пасёлку ўжо адбываўся напад іншага (як потым стала вядома, здаровага) сабакі на дзяўчынку.

Усе прэтэнзіі, натуральна, былі звернутыя да старшыні дачнага кааператыва. Але і ён, як высветлілася, стаў ахвярай нападу – нядаўна бадзяжная сабака-маці, хворая на шаленства, яго падрапала. Зараз старшыні кааператыва прыйдзецца прайсці курс вакцынацыі.

Жыхары пасёлка ўжо склалі петыцыю, з заклікам разабрцца з сітуацыяй, а таксама з просьбай аб гуманным абыходжанні з шчанятамі – каб іх не ўсыплялі, у выпадку, калі будуць здаровымі.

Характэрна, што да гэтага часу няма ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэтую надзвычайную сітуацыю.

Фота: “Белыя халаты”

Пад Магілёвам перакуліўся аўтамабіль з дзіцёнкам – хлопчык у лякарні

Кіроўца, 38-гадовы жыхар Быхава не справіўся з кіраваннем. Едучы па гомельскай шашы, каля вёскі Сідаравічы мужчына не ўпісаўся ў рэзкі паварот і яго аўтамабіль Kia вынесла на ўзбочыну. 11-гадовы хлопчык, які сядзеў на заднім сядзенні машыны ў дзіцячым крэсле, аказаўся не прышпіленым. З траўмамі яго даставілі ў лякарню – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

Паглядзіце, у якіх умовах возяць дачнікаў з Магілёва ў Сідаравічы – відэа

У сацсетках пашырылася відэа, знятае ў аўтобусе, які перавозіць людзей з Магілёва ў дачны кааператыў “Хімік” каля вёскі Сідаравічы. На відэа бачна, як людзі літаральна захлынаюцца ад пылу ў салоне аўтобуса.

На відэа, верагодна, трапіў рэйс прыгараднага аўтобуса, які запусцілі зімой, у снежні мінулага года – пра новы маршрут пісалі mogilev.media. Таксама ў дачны кааператыў з вясны па восень ходзіць аўтобус ад прадпрыемства “Хімвалакно”.

На фота: скрыншот відэа, з сацыяльных сетак