Ленін, трактары і клумбы — дзіўны прэзентацыйны банэр каля аўтастанцыі Чэрыкаве, фотафакт

“Вас приветствует Чериковщина!” прэзентацыйны банэр, які бачны адразу па прыездзе на аўтастанцыю Чэрыкава. Але ён шэры, не паказвае адметнасці горада і раёна.

Менавіта такі вялікі банэр з вітальнай фразай можна ўбачыць зусім недалёка ад аўтастанцыі Чэрыкава, якая ўражвае сваімі памерамі і вылучаецца архітэктурным стылем сярод іншых аднатыпных пабудоваў горада. Прычым лакалізацыя банэра дзіўнаватая, бо знаходзіцца недалёка ад туалета, які пафарбаваны ў пазітыўны светла-зялёны колер, пра зонаўскі выгляд якога зусім нядаўна пісала mogilev media. 

Кампазіцыі стэнда ілюструе тое, што кіраўніцтва раёна не ведае, што цікавага можна было б паказаць турысту і чым прывабіць. У самім Чэрыкаве і раёне ёсць адметныя месцы і лакацыі, архітэктурныя помнікі і ўнікальныя прыродныя аб’екты. Але на вялікім стэндзе гэтага не бачна, хоць банэр знаходзіцца на адкрытай прасторы і добра праглядаецца. Натуральна, яго асноўная функцыя  — рэкламаваць тутэйшую мясцовасць і прыцягваць увагу да горада ўжо каля аўтастанцыі. Бо менавіта тут шмат прыезджых з іншых раёнаў і рэгіёнаў Беларусі, як мінімум. 

Кампазіцыйныя выявы размешчаны па абодвух баках банэра. На адным баку змешчаны выявы праваслаўнай царквы, спартыўных спаборніцтваў, гандлёвага шэрагу ў цэнтры горада, помніка захароненым вёскам Чэрыкаўшчыны, малыя архітэктурныя формы Чэрыкава, дзяўчаты ў сініх “народных” касцюмах на фоне пшанічнага (або жытняга) поля з камбайнам і азёрны прастор. На адваротным баку зноўку бачым камбайны з трактарамі, адметны будынак аўтастанцыі, упарадкаваныя зялёныя зоны ў горадзе з альтанкамі і клумбамі, цэнтральная плошча з будынкам райвыканкама і помнікам Леніна, а гэтаксама домік з аграгарадка.

Вось такая рэпрэзентацыя раёна і горада, якая насамрэч можа мала каго зацікавіць. Самае адметнае на стэндзе, які ўжо больш за дзясятак год прэзентуе мясцовасць  — гэта старадаўні герб Чэрыкава, якія горад атрымаў у 1641 годзе. 

Фота mogilev media