Дзень у гісторыі. 24 красавіка. Траянскі конь. Паўстанцы ўзялі Горкі. Грынвіцкі мерыдыян. Першы IBM. Дзень нараджэння газіроўкі, перакладчыцы В. Рыч, палітыка З. Пазняка.

Міжнародны дзень салідарнасці моладзі (International Day of Youth Solidarity, з 1957 года).

Галоўнай мэтай яго заснавання стала ўзняцце і вырашэнне праблем сацыяльнай абароны моладзі, дзяржаўнай моладзевай палітыкі, адукацыі, культуры і вольнага часу.

Акрамя гэтага, ёсць і іншыя моладзевыя святы: 12 жніўня – Міжнародны дзень моладзі, 10 лістапада – Сусветны дзень моладзі.

У гэты дзень моладзь усяго свету заклікаюць да кансалідацыі і актыўнасці ў вырашэнні надзённых праблем – прапагадна здаровага ладу жыцця, набыццё ведаў аб правах моладзі, інфарміраванне моладзі пра працаўладкаванее і адукацыю.

На думку экспертаў, што займаюцца пытаннямі моладзі, сёння трэба зрабіць усё магчымае, каб выхоўваць моладзь у духу патрыятызму, умацоўваць пераемнасць пакаленняў, весці барацьбу з дзіцячай беспрытульнасцю, падлеткавай злачыннасцю, наркаманіяй, п’янствам, маральнай распустай.

Сёння ў свеце асноўнымі праблемамі моладзевай грамадскасці з’яўляюцца недастатковае ўзаемадзеянне паміж уладамі і творчымі калектывамі, грамадскімі, палітычнымі таварыствамі, СМІ, камерцыйнымі структурамі і простымі грамадзянамі і, як след, слаба выражаная грамадская пазіцыя і актыўнасць моладзі. Толькі праз кансалідацыю прадстаўнікоў улады і моладзевых прапаноў можна дасягнуць павышэння арганізаванасці і творчай актыўнасці моладзі ў рэалізацыі эканамічных, сацыяльных, навукова-тэхнічных і маральных праблем грамадства.

Як паказваюць апытанні, беларускую моладзь сёння больш за ўсё хвалюе пытанне працаўладкавання, жылля і вайсковага абавязку.

1184 год да н. э. Паводле падання, у гэты дзень старажытныя грэкі змаглі трапіць у Трою пры дапамозе траянскага каня.

1775 год. Нарадзіўся Якаў Забедэуш Фалькоўскі (1775–1848).

Беларускі асветнік, адзін з заснавальнікаў навучання глуханямых дзяцей мове жэстаў у Беларусі і Польшчы. 

Быў рэктарам школы ў Шчучыне Гродзенскай губерні. Менавіта па яго ініцыятыве і пры падтрымцы дзяржавы быў створаны інстытут для глуханямых.

1833 год. Дзень нараджэння газаванай вады.

У ЗША быў атрыманы патэнт на яе вытворчасць.

Яшчэ ў 1767 годзе брытанскі хімік Дж. Прыстлі адкрыў адну з уласцівасцяў дыяксіду вугляроду, з дапамогай якога і стала магчымым стварыць газаваную ваду, вырабіў першую бутэльку з ёй.

Цікавыя факты.

Швед Тоберн Бергман у 1770 году сканструяваў апарат, які дазваляе пад ціскам, з дапамогай помпы, насычаць ваду вуглякіслымі бурбалкамі і назваў яго сатуратарам (ад лац. saturo – насычаць).

Першым прамысловую вытворчасць газаванай вады пачаў Якаб Швеп у 1783 годзе. Ён выпускаў “содавую” ваду, заснаваў кампанію J.Schweppe&Co, ад якой пайшла гандлёвая марка “Швепс”.

У СССР пасля Другой сусветнай вайны газіраваную ваду прадавалі з латкоў і спецыяльна абсталяваных калясак. Пазней з’явіліся вулічныя аўтаматы, у якіх простая порцыя газаванай вады каштавала 1 капейку, а з сіропам – 3.

Сярэдні амерыканец выпівае 180 літраў (у чатыры разы больш, чым у 1950-я гады) газаванай вады ў год, сярэдні расеец – 50, кітаец – 20, беларус – каля 45 л.

1863 год. Паўстанцкі аддзел Людвіка Звяждоўскага заняў Горкі Магілёўскай губерні.  

Людвік Звяждоўскі (прозвішча Тапор; 1829–1864), капітан расійскай арміі, член тайнага таварыства З. Серакоўскага.

Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу. З 1860 года на службе ў Вільні. Да кастрычніка 1862 года ўзначальваў віленскі паўстанцкі цэнтр, меў уплыў на таварыства рускіх афіцэраў у Польшчы. Падчас паўстання камандаваў паўстанцкім аддзелам у Магілёўскай губерні, які быў сабраны з студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута.

Горкі не утрымаў. 6 мая 1863 года яго аддзел уступіў у бой з расійскімі войскамі і пацярпеў паражэнне. Сутыкнуўшыся з нядобразычлівасцю і нежаданнем ваяваць з боку тутэйшых жыхароў, распусціў свой аддзел і выехаў у Царства Польскае, дзе быў прызначаны галоўнакамандуючым войскамі Сандамірскага ваяводства, камандзірам  кракаўскай дывізіі II-га Корпуса.

Паранены ў баі пад мястэчкам Апатаў, захоплены ў палон і пакараны на смерць на рынку мястэчка 23 лютага 1864 года.

Матэрыял пра Звяждоўскага змешчаны ў экспазіцыі Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея і музея гісторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

1870 год. У Гродна нарадзіўся Браніслаў Багатырэвіч (1870–1940).

Беларускі і польскі вайсковец, адзін з двух ідэнтыфікаваных генералаў войска польскага, якія былі забітыя падчас катынскага расстрэлу.

Служыў у царскай арміі, 1918 годзе далучыўся да польскага войска, кіраваў аддзелам мясцовай самаабароны ў Гродна, які потым быў перафармаваны ў беларуска-літоўскую пяхотную дывізію.

У 1919 годзе ўзначаліў 81-ы пяхотны полк, потым служыў у 18-й пяхотнай дывізіі, у 1927 годзе атрымаў чын брыгаднага генерала.

У 1939 годзе быў арыштаваны НКУС і вывезены ў Казельск на тэрыторыі СССР. Увесну 1940 года быў расстраляны ў Катыні.

Цела Багатырэвіча было знойдзена і ідэнтыфікавана немцамі ў 1943 годзе падчас эксгумацыі на месцы расстрэлу.

1884 год. Грынвіч зацвердзілі месцам праходжання нулявога мерыдыяну.

Ён дзеліць Зямлю на Заходняе і Усходняе паўшар’і (паўкулі). Мерыдыян праходзіць праз вось пасажнага інструмента Грынвіцкай абсерваторыі.

Грынвіцкі мерыдыян служыць пачаткам адліку геаграфічных даўгот; з’яўляецца сярэднім мерыдыянам нулявога гадзіннага пояса. Мясцовы сярэдні сонечны час на грынвіцкім мерыдыяне шырока ўжываецца ў астраноміі для сінхранізацыі сусветнага часу.

Да канца XIX стагоддзя ў розных краінах для адліку геаграфічных даўгот выкарыстоўвалі свае ўласныя нацыянальныя нулявыя мерыдыяны, якія праходзяць, як правіла, праз цэнтральныя абсерваторыі гэтых краін. Так, у Англіі і ЗША нулявым лічыўся Грынвіцкі мерыдыян, у Францыі для гэтай мэты выкарыстоўваўся «парыжскі мерыдыян», у Расійскай імперыі — Пулкаўскі мерыдыян (ён жа – магілёўскі) і г. д.

У 1884 годзе на Міжнароднай канферэнцыі ў Вашынгтоне за нуль-пункт адліку даўгот на ўсім зямным шары было прапанавана прыняць Грынвіцкі мерыдыян.

1905 год. Нарадзіўся Іван Флёраў (1905–1941).

Камандзір першай у Чырвонай Арміі асобнай эксперыментальнай батарэі рэактыўнай артылерыі (“Кацюшы”). Герой Расіі (1995).

Упершыню БМ-13 былі выкарыстаны на тэрыторыі Беларусі, пад Оршай 13-14 ліпеня 1941 года.

Праходзіў службу ў Чырвонай Арміі з 1927 года. Скончыў Артылерыйскую акадэмію. Удзельнік вайны з Фінляндыяй.

28 чэрвеня 1941 года быў прызначаны камандзірам асобнай эксперыментальнай батарэі рэактыўнай артылерыі.

Пасля залпаў ў раёне Оршы батарэя здзейсніла залпы па захопніках пад Ельняй, Рославам, Спас-Дземенскам.

У ноч на 7 кастрычніка калона машын батарэі трапіла ў засаду недалёка ад в. Багатыр Знаменскага раёна Смаленскай вобласці. Будучы цяжка параненым, Флёраў падарваў сябе разам з галоўнай пускавой устаноўкай.

У гонар Флёрава ў Оршы названа вуліца, пастаўлены помнікі на месцы апошняга бою батарэі, каля в.  Багатыр, у г. Балашыха Маскоўскай вобласці.

Аршанскі мемарыяльны комплекс «Кацюша»

1931 год. Вада на Дняпры ў Магілёве паднялася на рэкордны за 200 гадоў назіранняў узровень – на 853 см вышэй за 0.

Вада пералівалася праз мост на Пушкінскім праспекце, затапіла Падміколле, Лупалава, часткова Палыкавічы. Блізкі пад’ём быў 1956 годзе – 834 см.

Крытычным з’яўляецца ўзровень у 610, а небяспечным – 620 см.

Абасалютны максімум ХХІ стагоддзя – 661 см – быў дасягнуты 19 красавкіа 2013 года.

У 2023 годзе максімум вады ў Дняпры ў Магілёве быў 7 красавіка – 570 см. На сёння, 24 красавіка, па дадзеным гідрапаста ў Магілёве, узровень вады складае 513 cм над нулем паста.

1932 год. У г. Горкі нарадзіўся Марк Фрэйдзін.

Беларускі эканаміст, заслужаны эканаміст БССР, кандыдат эканамiчных навук, прафесар.

Скончыў БСГА, працаваў у Горацкім райвыканкаме, БСГА, загадчыкам кафедраў кіравання, эканамічных зносін і кіравання ў АПК, аграбізнесу БСГА.

Аўтар больш за 280 навуковых і вучэбна-метадычных прац па пытаннях адаптацыі сельскагаспадарчай вытворчасці да рыначнай эканомікі ў пераходны перыяд, станаўлення і развіцця аграбізнеса.

Заснавальнік навуковай школы, падрыхтаваў 5 кандыдатаў эканамічных навук.

Яго актыўная праца па ўмацаванні навуковых і культурных сувязяў паміж Беларуссю і Польшчай была адзначана медалём камісіі народнай адукацыі Польшчы.

1936 год. Нарадзілася Вера Рыч (1936–2009).

Англійская паэтэса і перакладчыца з усходнеславянскіх моў, у тым ліку беларускіх твораў на англійскую мову. Аўтар прац аб творчасці Максіма Багдановіча, аб беларускіх элементах у скандынаўскіх сагах.

Скончыла Оксфардскі ўніверсітэт. Доўгі час працавала журналісткай у часопісах «Nature», «New Scientist».

Заснавала літаратурны часопіс «Manifold», на старонках якога друкавала свае пераклады. Чытала лекцыі па славянскіх літаратурах у Бірмінгемскім універсітэце.

Аўтар прац па беларусістыцы ў часопісе «The Journal of Byelorussian Studies», перакладаў  зборнікаў беларускай паэзіі «Like Water, Like Fire» («Як вада, як агонь», творы 41 аўтара), М. Багдановіча, А. Гаруна, Зм. Бядулі «The Images Swarm Free» («Снуецца зданяў рой»), паэмы «Тарас на Парнасе», санетаў і «Кургана» Янкі Купалы.

Выступала з лекцыямі пра беларускую літаратуру.

1944 год. Заходні фронт пераўтвораны ў 3-і Беларускі.

Дзейнічаў да 15 жніўня 1945 года. У яго склад уваходзілі 5-я, 31-я, 39-я і 1-я паветраная арміі, у далейшым – 2-я і 11-я гвардзейскія, 3-я, 21-я, 28-я, 33-я, 43-я, 48-я, 50-я арміі, 5-я гвардзейская танкавая і 3-я паветраная арміі.

Войскі фронту пад час Беларускай аперацыі (1944), сумесна з іншымі франтамі правялі Віцебска-Аршанскую (1944), Мінскую (1944), сваімі сіламі Вільнюскую аперацыю (1944), на заключным этапе вайны адыгралі вырашальную ролю ў правядзенні Усходне-Прускай аперацыі (1945).

Камандуючыя: генерал-палкоўнік, з 26 чэрвеня 1944 г. генерал арміі І. Чарняхоўскі (красавік 1944 – люты 1945), Маршал Савецкага Саюза А. Васілеўскі (люты – красавік 1945), генерал арміі І. Баграмян (з красавіка 1945). Член ваеннага савета генерал-лейтэнант В. Макараў, начальнік штаба генерал-палкоўнік А. Пакроўскі.

І. Чарняхоўскі

1944 год. Нарадзіўся Зянон Пазняк.

Беларускі палітык і грамадскі дзеяч, археолаг, мастацтвазнаўца, пісьменнік. Кандыдат мастацтвазнаўства. Адзін з заснавальнікаў “Мартыралогу Беларусі” і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнне”, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі – БНФ.

Унук беларускага дзеяча ў Заходняй Беларусі Янкі Пазняка.

Займаўся выратаваннем ад знішчэння гістарычнай вуліцы Няміга, Траецкага, Ракаўскага прадмесцяў, Верхняга горада ў Мінску, мастацтвазнаўствам, археалогіяй.

Працаваў у інстытутах мастацтвазнаўства, гісторыі акадэміі навук, адкрыў і археалагічна даследаваў масавыя пахаванні людзей у Курапатах.

Як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1990–1996) дабіваўся адкрыцця праўды пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы, вяртання бел-чырвона-белага сцяга, герба Пагоні, мемарыялізацыі Курапатаў, незалежнасці Беларусі.

Вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на выбарах 1994 і 1999 гадоў.

З 1996 года жыве на эміграцыі, займаецца палітычнай дзейнасцю.

Пад яго кіраўніцтвам распрацавана праграма «Вольная Беларусь» як праект новай Беларусі.

Даследаваў археалогію і архітэктуру сярэдневяковых гарадоў і мястэчак Беларусі, беларускае мастацтва і мастацкую культуру, займаўся тэорыяй і практыкай аховы і аднаўлення культурна-гістарычнай спадчыны Мінска.

Аўтар кніг па мастацтве і архітэктуры, некалькіх зборнікаў паэзіі і фотаальбомаў.

1954 год. У Магілёве нарадзілася Галіна Раковіч.

Беларуская спартсменка-парашутыстка. Першай у Беларусі здзейсніла больш за 10 тысяч скачкоў з парашутам.

Майстар спорту СССР міжнароднага класа (1978) па парашутным спорце, абсалютная чэмпіёнка СССР (1984), 2-разовая чэмпіёнка свету ў камандным заліку (1984, Францыя; 1986, Турцыя), 2-разовая рэкардсменка свету. Сярэбраны прызёр II Сусветных авіяцыйных гульняў у камандным заліку (2001, Гранада, Іспанія). З 2004 – галоўны трэнер зборнай Беларусі па парашутным спорце.

1981 год. Адбылася прэзентацыя першага персанальнага кампутара IBM.

Кампутар меў 64 кілабайты аператыўнай памяці, флопі-дыскавод, аперацыйную сістэму DOS.

Дзень у гісторыі: 15 жніўня. Нарадзіўся рок-музыка Ігар Варашкевіч. Беларуска Галіна Раковіч зрабіла 10-ці тысячны скачок з парашутам. Забілі мастака Лявона Баразну. Памёр Язэп Драздовіч, пачынальнік нацыянальнага гістарычнага жывапісу

1382 год. Забіты беларуска-літоўскі вяльможа Кейстут.

Сярод ягоных тытулаў згадваецца і князь Вялікалітоўскі. Гаспадарыў ён у Вялікім Княстве Літоўскім толькі год.

Кейстут быў адным з сыноў вялікага князя Гедзіміна. Ад бацькі ў спадчыну атрымаў Старыя Трокі, Горадню, Коўна, Упіту і Ліду.

За сваё жыццё Кейстут удзельнічаў у шматлікіх звадах, каб займець вышэйшую пасаду ў дзяржаве, хадзіў у рабаўніцкія паходы на суседнія землі.

Яго апісваюць, як «высокага, статнага чалавека», «кожнае слова якога шмат значыла», а калі ён каму пагражаў, то на ілбе набухалі вены і ўвесь выгляд яго будзіў страх.

Гістарычныя крыніцы падаюць, што яго задушыў пляменнік Ягайла Альгердавіч у Крэўскім замку.

1903 год. Нарадзіўся Пётр Ракіцкі.

Біёлаг-генэтык.

Займаўся даследаваннямі ў галіне генэтыкі і матэматычнай біялогіі. Вывучаў узаемадзеянне паміж спадчыннасцю і адборам. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце пра поле дзеяння гена.

У 1974 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР за цыкл прац «Распрацоўка пытанняў статыстычнай генэтыкі і ўкараненне матэматыка-статыстычных метадаў у біялогію», апублікаваных у 1964–1974 гадах.

1927 год. Нарадзіўся Аляксандр Крывіцкі.

Мовазнаўца.

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту.

Даследаваў лексіку беларускіх народных гаворак. Вывучаў беларускую моўную культуру.

Аўтар «Тураўскага слоўніка», даведнікаў дыялектнай лексікі «Жывёльны свет. Тэматычны слоўнік», «Раслінны свет. Тэматычны слоўнік», «Чалавек. Тэматычны слоўнік».

1954 год. Памёр Язэп Драздовіч.

Мастак, скульптар, этнограф, краязнавец, астраном, археолаг, педагог, паэт, пісьменнік.

Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аўтар прац з апісаннем падзей VI – XX стагоддзяў. Яго графічнымі малюнкамі ўпрыгожаны першы беларускі падручнік геаграфіі Аркадзя Смоліча.

У гонар мастака названы вуліцы ў Мінску і яшчэ 6 гарадах, Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі. Яму стаяць помнікі ў Мінску і Глыбокім.

1960 год. Нарадзіўся Ігар Варашкевіч.

Рок-музыка, мастак. Лідар гурта «Крама».

Калектыў трымаецца класічнага року, узорам якога выступаюць англійскія гурты Rolling Stones, Deep Purple, The Beatles.

У сваім рэпертуары мае багата хітоў, адзін з іх – «Будзь разам з намі». Запісаную ў 1993 годзе песню музыкі граюць амаль на ўсіх сваіх выступах.

Варашкевіч – удзельнік маладзёвага аб’яднання «Беларуская Майстроўня», выставаў мастацкіх працаў.

За сваю музычную кар’еру пабываў у лідарах гуртоў «Бонда», «Рокіс».

1963 год. Нарадзіўся Валеры Леванеўскі.

Палітык, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, палітычны зняволены.

З 1996 года ўзначальваў страйкавы камітэт прадпрымальнікаў. Арганізатар масавых акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Заснавальнік і галоўны рэдактар рэспубліканскага бюлетэню «Прадпрымальнік».

У 2001 году вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.

Быўшы зняволеным паводле крымінальнай справы, трымаў галадоўку пратэсту.

Быў асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вызваліўся 15-га мая 2006 года.

1972 год. Забіты Лявон Баразна.

Мастак дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

Даследчык культуры, актывіст захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Разам з Зянонам Пазняком стварыў суполку «Аматары беларускага мастацтва», ладзіў экскурсіі па старым Мінску, этнаграфічныя экспедыцыі, выступаў у абарону вуліцы Няміга.

Блізкі сябар Уладзімера Караткевіча.

2002 год. Галіна Раковіч зрабіла 10000-ны скачок з парашутам.

Яна майстар спорту міжнароднага класа, двухразовая чэмпіёнка свету.

Для параўнання: украінка Валянціна Закарэцкая з 11500 скачкамі занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і адкрытых у інтэрнэце крыніцаў