Арктычныя замаразкі працягваюцца, і будуць трываць на Магілёўшчыне яшчэ доўга

На ноч з 10 на 11 траўня Белгідрамет абвясціў штармавое папярэджанне па ўсёй Беларусі – чакаюцца замаразкі да 0 -5°С. Такім чынам, увесь тыдзень у Магілёўскай вобласці праходзіць ва ўмовах панавання халодных мас паветра, што сфармаваліся ў арктычнай зоне. Тэматычны тэлеграм-канал @nadvorie прагназуе, што больш-менш цёплае надвор’е вернецца ў Беларусь прыкладна бліжэй да 25 траўня – “у гэтым выпадку да нас перастане паступаць холад з прыпалярных абласцей і задзьме вецер з поўдня Еўропы. А пакуль цярпіце”. 

Фота: mogilev.media

Прахалодна, воблачна, туманна – што з надвор’ем на Магілёўшчыне на гэтым тыдні

На працягу бліжэйшага тыдня ў Магілёўскай вобласці чакаецца пераважна прахалоднае надвор’е з невялікай колькасцю ападкаў.

У панядзелак 5 траўня надвор’е на Беларусі будзе вызначаць няўстойлівая прахалодная паветраная маса, паведамляе Белгідрамет. Днём тэмпература паветра складзе +11 +12 °C, ноччу – можа апусціцца да 0 °C. Такое ж надвор’е прагназуецца і на аўторак-сераду. Магчымыя начныя замаразкі і крыху больш за 10 °C днём. Воблачна, без дажджоў, раніцай магчымыя туманы. 

Пачынаючы з серады 7 траўня чакаецца, што  на змену вобласці павышанага атмасфернага ціску з поўначы Балтыйскага мора на тэрыторыю краіны будзе адбывацца перамяшчэнне малаактыўных франтальных раздзелаў. Воблачна з праясненнямі, без істотных змен у тэмпературы паветра.

+9 +10°C днём, плюс 3-4 ноччу, воблачна, з кароткачасовымі дажджамі – такі стан надвор’я прагназуецца ў Магілёве на астатнія дні тыдня, з чацвярга па нядзелю. Павольны рост дзённых тэмператур да +14 +15°C абяцаюць толькі на наступным тыдні.

Фота: mogilev.media

На выхадных чакаецца пахаладанне і мінусавыя тэмпературы

Пачынаючы з 25 красавіка на тэрыторыю нашай краіны пачнуць пранікаць прахалодныя паветраныя масы са Скандынавіі, пачнецца паступовае паніжэнне сутачных тэмператур – паведамляе Белгідрамет. У выхадныя дні, у суботу і нядзелю тэмпература днём на Магілёўшчыне чакаецца каля +7°С +8°С. Начная тэмпература, магчыма, будзе мінусавой – да -3°С, прагназуе рэсурс Gismeteo. 

Фота: mogilev.media

На Магілёўшчыне пачалі адключаць ацяпленне

У раёнах Магілёўскай вобласці пачалі адключаць ацяпленне ва ўсіх установах. Так, ацяпляльны сезон афіцыйна завяршыўся ў Крычаве, Кіраўску, Бабруйску, Касцюковічах і іншых гарадах рэгіёна. Сёння па Беларусі чакаецца па-летняму цёпла, сіноптыкі прагназуюць да +22 +28°С. Заўтра чакаецца да +27 градусаў цяпла.

Фота ілюстрацыйнае

Вясна вярнулася – надвор’е на Магілёўшчыне на тыдзень

Цёплыя паветраныя масы рухаюцца з Цэнтральнай Еўропы на Беларусь і нясуць з сабой устойлівае цёплае надвор’е, а таксама хвалі алергеннай пыльцы.

Пачынаючы з сённяшняга дня на Магілёўшчыне будзе ісці павольнае павышэнне тэмператур. Да канца тыдня дзённыя тэмпературы ў нашым рэгіёне падымуцца да +21°С +23°С – прагназуе Gismeteo. Сёння Белгідрамет прадказвае нязначнае пацяпленне па ўсходзе Беларусі – да +8°С. 

Заўтра, 14 красавіка надвор’е будзе фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску, раніцай і днём свой уплыў акажуць цёплыя няўстойлівыя паветраныя масы, якія рухаюцца да нас з Усходніх Карпат. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е, магчымыя дажджы. Тэмпература паветра на Магілёўшчыне ад +12°С да +19°С. У аўторак 15 красавіка ўжо можна чакаць усе +23°С. Такая ж тэмпература прагназуецца ў нашым рэгіёне да канца тыдня.

Разам з распаўсюдам на тэрыторыю Беларусі цёплых паветраных мас з Цэнтральнай Еўропы, ва ўмовах цёплага і сухога надвор’я варта чакаць, што ў паветры пачне фарміравацца высокая канцэнтрацыя пыльцы ветраапыляльных раслін – папярэджвае Тэлеграм-канал @nadvorie. 

У Еўропе звычайна назіраецца тры асноўных перыяды цвіцення раслін з пыльцой, што мае алергенныя ўласцівасці, і зараз якраз наступае адзін з іх. З сярэдзіны красавіка па травень актыўна пачынаюць цвісці бяроза, клён, дуб, алешына, таполя і ліпа. Найбольш актыўны алерген пры гэтым – пыльца бярозы. Пры алергіі на яе, перакрыжаванай рэакцыяй можа стаць таксама алергія на моркву, фундук, яблыкі, персікі.

Фота: mogilev.media

Якое надвор’е чакае нас гэтай вясной

На Магілёўшчыне сёлета незвычайна цёплая зіма скончылася зацяжным пахаладаннем. Трывалы мінус працягваецца ў нашым рэгіёне і зараз – прынамсі, у начны час. Такое ссоўванне халадоў з каляндарнай зімы на раннюю вясну нярэдка сігналізуе пра доўгую зіму і халодныя веснавыя месяцы. Што нам чакаць ад надвор’я ў гэтым годзе, расказваюць сіноптыкі.

Паводле папярэдняга прагноза, вясна сёлета будзе даволі цёплай. Чакаецца, што сярэдні тэмпературны паказчык будзе вышэй за норму. Што да ападкаў, то іх узровень чакаецца блізкі да нормы. Зрэшты, на захадзе нашай краіны можа быць нязначны дэфіцыт ападкаў.

Сіноптыкі падкрэсліваюць, што на надвор’е на еўрапейскім кантыненце, магчыма, будзе ўплываць атмасферную з’яву Ла-Нінья. Не выключана, што з-за апошняга дасць аб сабе ведаць такая анамалія, як высокі ціск.

Фота: mogilev.media

Воблачна, туманы і мала дажджоў – якое надвор’е чакаецца на гэтым тыдні

Прагноз на тыдзень па Магілёўскай вобласці – снегу пакуль не чакаецца, вялікіх дажджоў таксама. Будзе воблачна, раніцай і ноччу – туманна. Тэмпература паветра днём у пачатку тыдня чакаецца ў межах +11°C – +12°C. Пад канец тыдня яна падрасце да +15°C – +17°C. 

Начныя тэмпературы на працягу тыдня будуць хістацца. Калі ў панядзелак і аўторак чакаецца +10°C ноччу, то ў сераду ноччу пахаладае да +5°C, пры тым што днём тэмпература ў гэты дзень павысіцца да +15°C. Напрыканцы тыдня начныя тэмпературы вернуцца да ўзроўню +10°C – +11°C.

Сіноптыкі папярэджваюць, што Беларусь на працягу новага тыдня будзе знаходзіцца пад уздзеяннем атмасферных франтоў ад цыклона над Бранскай вобласцю Расіі. Асаблівых ападкаў не чакаецца, толькі кароткачасовыя дажджы ў панядзелак і ў чацвер-пятніцу. Ноччу і раніцай – туман.

Фота: mogilev.media

Моцны вецер і навальніцы – прагноз надвор’я на новы тыдзень

Канец ліпеня пройдзе на Магілёўшчыне пад знакам цыклона, што вандруе з Балтыйскага рэгіёна.

У панядзелак 29 ліпеня на тэрыторыі Беларусі будзе назірацца перамяшчэнне цыклона, які ідзе з Латвіі ў бок Смаленскай вобласці. У сувязі з гэтым па большай частцы нашай краіны чакаюцца дажджы і навальніцы, часам моцны вецер – прагназуюць у Белгідраметэацэнтры. Тэмпература паветра ў панядзелак складзе каля +19°С днём.

30 ліпеня надвор’е на Магілёўшчыне па-ранейшаму будзе вызначаць цыклон, цэнтр якога перамясціцца на Бранскую вобласць. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца дажджы, ноччу месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах краіны прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ноччу чакаецца каля +14°С, днём да 22°С.

Днём 31 ліпеня будзе назірацца змяншэнне ўплыву цыклона, але захаваецца воблачнае, дажджлівае надвор’е. Тэмпература паветра складзе каля +16°С ноччу і да +23°С днём.

Воблачнае з праясненнямі надвор’е чакаецца і ў першыя дні жніўня па Магілёўскім рэгіёне. Тэмпература паветра – камфортныя +23°С – +24°С днём па большай частцы тэрыторыі. Магчымыя дажджы. У апошнія дні тыдня крыху пацяплее да +25°С.

Сонечна, спякотна – прагноз надвор’я на новы тыдзень

Панядзелак на Магілёўшчыне прагназуецца дажджлівы, а ўвесь астатні тыдзень чакаецца яснае сонечнае надвор’е з паступовым ростам тэмпературы да 30°С.

Днём 22 ліпеня Магілёўшчыну накрые дажджлівае надвор’е – прагназуюць спецыялісты. Тэмпература паветра будзе складаць каля 25°С. У гэты ж самы час аранжавы ўзровень небяспекі абвешчаны па паўднёвым захадзе нашай краіны – тут слупок тэрмометра падымецца да +30 +31°С.

23-24 ліпеня ўмовы надвор’я ў асноўным будуць фарміраваць цёплыя няўстойлівыя паветраныя масы. Чакаецца яснае сонечнае надвор’е. Тэмпература ноччу складзе +15 +16°С, днём да +26.

Бліжэй да выхадных паветра можа прагрэцца да +28 +30 градусаў. У апошнія дні тыдня чакаюцца дажджы, навальніцы.

Фота: mogilev.media

Трапічная спёка выходзіць на пік – на выходных будзе да +38°С

Гарачае паветра з Сахары расплавіць атмасферу на Магілёўшчыне ў бліжэйшыя некалькі дзён. Самая гарачыня чакаецца ў нядзелю 14 ліпеня.

Спецыялісты Белгідраметцэнтра прагназуюць, што на выходных тэмпература паветра па краіне прагрэецца да 30-34°С днём. Таксама цёплымі і задушлівымі будуць ночы – да +24°С. 

У паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Беларусі на выходных чакаецца да 35-37 градусаў цяпла, а ў нядзелю і да 38°С. Такі прагноз можа закрануць і частку Магілёўшчыны — Слаўгарадскі, Быхаўскі, Бабруйскі раёны і сумежныя з імі. Толькі месцамі падчас дажджоў тэмпература паветра складзе 25-29 градусаў.

Спякотнае надвор’е захаваецца і ў панядзелак. Па папярэднім прагнозе, дыхаць стане лягчэй з аўторка, калі дзённыя максімумы апынуцца ў межах 24-31 градусаў.

Фота з адкрытых крыніц