Турзлёт для сеньёраў “Чэрыкаўскі прывал” пройдзе 23 чэрвеня

Абласны турзлёт “Чэрыкаўскі прывал-2023” пройдзе ў пятніцу 23 чэрвеня на тэрыторыі зоны адпачынку ў вёсцы Горкі Чэрыкаўскага раёна. Ён збярэ  каманды з Горак, Клімавіч, Краснаполля, Круглага, Слаўгарада, Чавус і Чэрыкава – паведамляюць мясцовыя СМІ. 

Турыстычны злёт праводзіцца з 2016 года сярод грамадзян пажылога ўзросту, якія наведваюць аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, рэабілітацыі інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце- 2030”.

У праграму турзлёту ўключаны творчыя конкурсы, спартыўныя, інтэлектуальны і гастранамічныя спаборніцтвы.

Мэта спартыўнага форума –  прыцягнуць грамадзян пажылога ўзросту, сеньёраў, да рэгулярных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі і спортам, далучэння да здаровага ладу жыцця, павышэння працаздольнасці і даўгалецця. 

Арганізатары запэўніваюць, што такія мерапрыемствы развіваюць камандны дух, садзейнічаюць устанаўленню кантактаў, умацаванню сувязей паміж сеньёрамі розных рэгіёнаў краіны. 

Фота з адкрытых крыніц.