Вайна ва Ўкраіне. Расія атакавала Харкаў, шмат загінулых і параненых (абноўлена)

У выніку абстрэлаў Харкава вечарам 17 жніўня і раніцай 18 жніўня ў больніцы гораду шпіталізавана 25 дарослых, з іх адзін у рэанімацыі. Загінула больш за 10 чалавек. Пад вечар колькасць забітых павялічалася да 17, а параненых да 42.

Паводле Абласной ваеннай адміністрацыі, піша выданне «Об’ектив», у больніцах знаходзяцца 4 дзіцяці: дзяўчынка 13 гадоў і хлопчык 12 гадоў, траўмаваныя ў выніку абстрэлу ў Слабадскім раёне Харкава (хлопчык – у цяжкім стане); дзяўчынка 12 гадоў, траўмаваная ў Салтаўскім раёне; яшчэ 1 дзяўчынка 12 гадоў, што пацярпела ў Краснаградзе.

Цягам дня ратавальнікі разбіралі зруйнаваныя дамы. У завалах адшукалі целы яшчэ 7 загінулых. Такім чынам, колькасць загінулых павялічыся да 17 чалавек. Сярод іх хлопчык 2009 года нараджэння. Параненых стала 42 чалавекі.

17 жніўня познім вечарам расійская крылатая ракета «Калібр» пацэліла ў інтэрнат, дзе пражывалі людзі з парушэннямі слыху. Загінулі 7 і атрымалі раненні 20 чалавек.

У інтэрнаце жыло больш за 30 чалавек, у тым ліку пенсіянеры і дзеці. У некалькіх пад’ездах мелі пакоі людзі з парушэннямі слыху.

На досвітку абстрэл Харкава працягнуўся. У выніку загінула яшчэ 3 чалавекі і 15 аказаліся параненымі.

Паводле старшыні Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алега Сінягубава, расіяне сталі страляць па абласному цэнтру блізу 4 гадзінаў раніцы. Ракеты цэлілі ў адно з камунальных прадпрыемстваў, але трапілі ў жылы дом. 

«Загінулі 3 чалавекі, атрымалі раненні блізу 15. Там даволі значныя разбурэнні, і цяпер на месцы працуюць падраздзяленні ратавальнікаў, экстранай медычнай дапамогі, і мы прагназуем па гэтым абʼекце павелічэнне колькасці ахвяр» – каментуе сітуацыю Алег Сінягубаў, якога цытуе https://www.unian.net/ інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Ён кажа, што два ракетныя ўдары зазнала культурная інфраструктура Харкава. Паводле папярэдніх звестак, ахвяр там няма.

Сінягубаў адзначае, што за апошнія содні зафіксавана каля 8 ракетных пускаў па Харкаве і вобласці.

Паводле яго ў райцэнтры Краснаград у выніку абстрэлу загінула сямʼя, у тым ліку 12-гадовае дзіця.

Расія прызнала абстрэл Харкаўскай вобласці. Заяўляецца, што «высокадакладнай зброяй наземнага базавання знішчаны пункт часовай дыслакацыі замежных наймітаў у Харкаве. Знішчана больш за 90 баевікоў».

Фота з рэсурсу: objectiv.tv

Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве расказалі пра вынікі трохдзённага каменданцкага часу і страты ад вайны

Каменданцкі час у Мікалаеве трываў з вечара 5 жніўня і да раніцы 8 жніўня. Улада яго абвясціла, каб выявіць памагатых расійскаму войску, якое штодня абстрэльвае горад.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім паведаміў  у тэлеграм-канале, што праваахоўнымі органамі зарэгістравана каля 20 працэсаў.

«Выяўленыя пяць чалавек, якія знаходзіліся ў вышуку. Знойдзена абсталяванне, якое рэгістравала падробленыя акаўнты і да т.п. Мы разабраліся яшчэ з адной групай, якая не будзе нам цяпер перашкаджаць», – паведаміў Кім.

 

Паводле Службы бяспекі Ўкраіны за тры дні каменданцкага часу ліквідаваная расійская выведвальная сетка, якая збірала звесткі аб пазіцыях Узброеных Сіл, а таксама інфармавала расіян аб наступствах ракетна-бомбавых удараў, артылерыйскіх абстрэлаў і маштабах разбурэнняў, піша  выданне Meta.ua

Па сканчэнні каменданцкага часу гараджане масава вяртаюцца ў Мікалаеў. Паведамляецца, што ў прыгарадзе ўтварыліся вялізныя заторы.

«Ёсць вялікая чарга, не бачна канца. Там сотні машын», – цытуюць  старшыню аблсавету Ганну Замазееву «Николаевские новости».

Службоўка спадзяецца, што патрульная паліцыя дасць рады сітуацыі.

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Ўкраіну ў Мікалаеве ад абстрэлаў загінулі 132 мірныя жыхары, у тым ліку 1 дзіця, 619 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, у тым ліку 8 ​​дзяцей.

Пашкоджаныя больш за 500 шматпавярховых дамоў і каля 700 прыватных дамоў.

Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча, «у цэлым расійская агрэсія нанесла Мікалаеву шкоду амаль на 790 мільёнаў грыўнаў (па курсе на 8 жніўня – гэта больш за 21 мільён долараў ЗША)».

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

 

Фота, узятыя з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

На Магілёўшчыне за першую палову 2022 году пажары забралі жыцці 48 чалавек

За гэты час адбылося 390 пажараў. З 48 загінулых – 35 былі ў стане алкагольнага ап’янення.

Разам з тым, паводле начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Дзямідава, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году колькасць смерцяў на пажарах зменшылася на 19 працэнтаў. Летась загінула – 59 чалавек, паведамляе сайт газеты «Голас Касцюкоўшчыны»

Па словах Сяргея Дзямідава асноўнай прычынай смерцяў, звязаных з пажарамі застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Гэта прывяло да гібелі 41 чалавека. 35 чалавек на момант узнікнення пажару знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

 

Апублікавана апошняе відэа загінулага ў выніку расійскай атакі на Вінніцу дзіця і цяжкапараненай маці

За паўтары гадзіны да нападу на горад маці вяла дачку на развіццёвыя заняткі.

Пасля нападу загінула малое. Маці ў цяжкім стане шпіталізаваная. Побач з дзіцячым вазком ляжала частка ейнай канцавіны.

 

На гэты момант вядома, што ад абстрэлу цэнтру гораду загінулі 20 чалавек. Трое з іх дзеці. Дзясяткі людзей параненыя. 15 лічацца зніклымі без звестак.

Вінніца была атакаваная крылатымі ракетамі тыпу «Калібр», якія расейскія вайскоўцы выпусцілі з падводнай лодкі ў акваторыі Чорнага мора. Пра гэта паведаміў прадстаўнік камандавання Паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат.

Па ягоных словах, было знішчылі дзве ракеты.