Пад Бранскам зноў падарвалі цягнік, і яшчэ адну дыверсію прадухілілі

Вечарам 2 мая ў сямі кіламетрах ад Бранска на перагоне каля чыгуначнай станцыі Снежэцьская было падарвана чыгуначнае палатно – пішуць “Навіны Бранска”. Лакаматыў і 20 грузавых вагонаў сышлі з рэек. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

Крыніцы Тэлеграм-канала Shot сцвярджаюць, што ўсяго было чутна тры выбухі і выяўлены тры кропкі кантакту, магутнасць выбуху адпавядала 6-7 кілаграмам у трацілавым эквіваленце.

Раней, днём 2 мая Тэлеграм-канал Mash заяўляў, што на 77-м кіламетры перагона Красны Рог – Почап былі заўважаныя некалькі падкопаў пад чыгуначнае палатно. Туды ў далейшым маглі закласці самаробнае выбуховае прыстасаванне.

Непадалёк быў заўважаны выкапаны друз у мяшках. Пра ўбачанае працаўнік чыгункі паведаміў праваахоўнікам. На месца выяжджалі аператыўныя службы. Паводле звестак тэлеграм-канала, выбуховае прыстасаванне пакуль не знойдзена.

Фота: скрыншот відэа