На Касцюковіччыне асвяцілі крыніцу на тэрыторыі зніклай вёскі – знакамітых Клеевічаў

Крыніцу асвяцілі ў вёсцы Клеевічы, якая на сёння не існуе. Клеевічы вядома тым, што на высокім беразе Беседзі ў даваенны час беларускі археолаг Канстанцін Палікарпавіч (ураджэнец суседняй вёскі Белая Дуброва) раскапаў старажытную стаянку першабытнага чалавека, якую датавай каля 100 тысяч гадоў да новай эры.

Былая вёска Клеевічы ўжо знікла, бо ў ёй не засталося ніводнага жыхара, толькі некаторыя закінутыя хаты. Яна некалі знаходзілася ў чатырох кіламетрах ад цяперашняга аграгарадка Белая Дуброва. Аднак крыніца ў Клеевічах тым не менш славіцца чысцінёў і якасцю вады, нездарма да яе прыязджаюць час ад часу з усёй акругі. Між іншым супрацоўнікі касцюковіцкага цэнтрна гігіены і эпідэміялогіі бралі пробы вады з самой крыніцы і ручая, які з яе выцякае. Прадстаўнікі цэнтра эпыядэміялогіі прыйшлі да высновы, што вада апдавядае ўсім санітарным нормам і прыдатна для ўжывання. 

Сёлета добраўпарадкаваннем крыніцы займаўся Беладубраўскі сельвыканкам і падыйшоў да гэтага грунтоўна, правёўшы некалькі суботнікаў, у якіх удзельнічалі мясцовыя жыхары, мясцовыя дэпутаты, калектывы ўстаноў адукацы, культуры,  прадстаўнікі сацыяльнай службы, лясніцтва, а таксама работнікі фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.

Урэшце крыніца прыведзена ў парадак, высечаны дзікарослыя кусты на прылеглай тэрыторыі, зроблена падсыпка грунту і выраўноўванне мясцовасці, добраўпарадкавана стаянка для аўтамабіляў і ўстаноўлены лаўкі, сталы, альтанка і паклонны крыж, збудаваны калодзеж з навесам. У далейшых планах пабудаваць купель і ўсталяваць валун вагой 12 тон паведамляе газета “Голас Касцюкоўшчыны”. 

Адслужыў святочную літургію і асвяціў воды ключа ў гонар прарока Іллі іерэй Кірыл, расказаўшы прысутным гісторыю свята. Акрамя таго на асвячэнні вады ключа выступалі раённага Савета дэпутатаў і мясцовага сельвыканкама, заклікаючы людзей берагчы новаствораную святыню.

Дарэчы, амаль месяц таму mogilev.media ужо пісалі пра аналагічнае мерапрыемства на суседняй Клімавічыне, дзе таксама асвячалі крыніцу на тэрыторыі зніклай вёсцы. 

Ад рэдакцыі. Адзначым, што ўпарадкаванне крыніцы збольшага адбылося дастаткова акуратным: шмат што зроблена з натуральнага будаўнічага матэрыяла дрэва, але крыніца ўсё роўна засталася забетаніраванай і закаванай у бетоннае кальцо. Гэта не самы лепшы і экалагічны падыход ва ўдарадкаванні крыніцы. 

Чарговае авячэнне крыніцы і прызнанне ў якасці святой з’ява сучасная, бо дагэтуль яна наўрадці такой лічылася мясцовым насельніцтвам, а прызнавалася як месца добрай пітной вады. Што цікава, то асвяцілі крыніцу ў гонар праваслаўнага святога, але пры гэтым хочуць яшчэ зрабіць купелю і камень, які верагодна таксама стане ў якасці паклоннага аб’екта. Відавочна, што ў нечым капіруецца слаўгарадская Блакітная крыніца (Сіні калодзеж), дзе існуе паклонны камень. Прычым робіцца гэта з мэтай стварэнне новага ўнікальнага сакральнага аб’екта, які будзе мець элементы дахрысціянскіх (язычніцкіх) вераванняў, бо пакланення камяням не ўласціва храсціанскай рэлігіі і культам.    

Фота “Голас Касцюкоўшчыны”

На Клімаўшчыне асвяцілі крынічку на тэрыторыі зніклай вёскі

Новае жыццё крыніца атрымала дзякуючы братам Андрэю і Сяргею Волікавым – ураджэнцам вёсцы Юр’евічы, якая ў сярэдзіне 2010-х гадоў знікла з карты Клімавіцкага раёна. Але крыніца раней не з‘яўлялася святой, таму яе асвячэнне – з’ява выключна сучасная. 

Браты Волікавы хоць нарадзіліся і выраслі ў Юр’евічах, але з цягам часу з’ехалі ў горад і цяпер займаюцца перавозкамі пасажыраў на маршрутных таксі. Тым не менш пра месца, дзе нарадзіліся, не забыліся, і ў роднай вёсцы вырашылі ўладкаваць пасеку. Падчас прыездаў у родныя мясіны браты і ўспомнілі пра крыніцу, якая некалі паіла вяскоўцаў смачнай вадой.

Волікавы прызнаюцца, што было няпроста адшукаць гэтую крыніцу, бо знаёмыя з дзяцінства месцы зараслі дрэвамі і густой травой. Імі шмат зроблена ў справе ўпарадкавання юр’еўскай крыніцы. Побач з самой крыніцай з цягам часу была зроблена яшчэ і купеля, у якую вернікі могуць акунацца. 

На выходных адбылося асвячэнне крыніцы і купелі ў былой вёсцы Юр’евічы, якое правёў настаяцель Мілаславіцкай і Звянчацкай цэркваў айцец Мікалай. Крыніца была асвечана ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці. На асвячэнні воднага аб’екта было нямала людзей, бо Волікавы арганізавалі на сваіх маршрутках бясплатны падвоз клімаўчан да крыніцы. Жадаючых прыехаць было нямала. Былі таксама вяскоўцы з навакольных паселішчаў – Мілаславічаў, Макеевічаў, Перавалачні і нават некаторыя жыхары суседняга Шумяцкага раёна Расійскай Федэрацыі – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.  

Пасля асвячэння ўсе ахвочыя змаглі набраць крынічнай вадзічкі ў прынесеныя з сабой ёмістасці, а некаторыя не прамінулі і магчымасці акунуцца ў новаствораную купелю.

Ад рэдакцыі. “Упарадкаванне” крыніцы з удзелам праваслаўнай царквы і мясцовых уладаў адбылося тыпова бязграматнае, бо не адпавядае народным традыцыям і толькі шкодзіць экалогіі вясковага воднага аб’екта. Замест традыцыйнага драўлянага зруба і акуратнага экалагічнага падыходу да вады пляцоўка вакол крыніцы зацэментавана, быў зроблены абсалютна непатрэбны дрэнаж. Сама крыніца закавана ў бетонныя кольцы і ўсёй прыроднай яе прыгажосці цяпер не ўбачыш. 

Таксам важна адзначыць, што вясковая крыніца ў Юр’евічах колісь не лічылася святой, а вызнавалася мясцовымі жыхарамі выключна як добрая пітная вада. Аднак цяпер мясцовая праваслаўная царква яе асвяціла і прызнае святой, праўда звязана сакральнасць выключна з царкоўным культам без аніякіх народных традыцый, бо ранейшага ўшанавання воднага аб’екта папросту не было. Даследчыкі-этнографы называюць падобную з’яву сучаснай сакралізацыяй крыніц, калі водны аб’ект асвячаецца царквой ў гонар нейкага святога, хоць крыніца ніколі мясцовым насельніцтвам не вызначалася асаблівай. 

Фота: “Родная ніва”

У вёсках Магілёўшчыны масава адключаць начное асвятленне па рашэнні сельсаветаў, хоць гэта незаконна

Адпаведны сацыяльны стандарт ёсць, але асвятлення па вёсках Магілёўскага рэгіёна няма, як і няма на яго грошай.

У вёсках шматлікіх сельскіх саветаў Магілёўшчыны летам – з 1 чэрвеня па 31 жніўня – цалкам адсутнічае асвятленне вуліц у вячэрні і начны час, паведамляюць мясцовыя жыхары, чытачы mogilev.media. Такая сітуацыя паўтараецца з года ў год і, верагодна, прымае сістэматычны характар. 

Пры зваротах на “гарачую лінію”, у дыспетчарскія службы, у арганізацыях райэнэрга нам сказалі, што адключэнне вулічнага асвятлення ноччу – не іх ініцыятыва, а рашэнне мясцовых уладаў. Сельскія выканкамы пры гэтым падцвярджаюць факт прыняцця такога рашэння.   

Пра падобную сітуацыю, толькі на тэрыторыі Лагойскага раёна, яшчэ тры гады назад пісала “Звязда”. Газета тады паведамляла, што летам адключалі вулічнае асвятленне дзеля эканоміі сродкаў па рашэнні райвыканкама. Але рашэнне ўлады было прызнана Генеральнай пракуратурай  парушэннем заканадаўства. 

Як паведамляла пракуратура, у выніку адключэння асвятлення эканомія была нязначная – у Мінскім раёне, напрыклад, удалося сэканоміць толькі 6,2% ад фактычных затрат.

Разам з тым, такая сітуацыя з асвятленнем негатыўным чынам паўплывае на крымінагенную абстаноўку, колькасць правапарушэнняў. Нязначная эканомія сродкаў непараўнальная з затратамі на раскрыццё правапарушэнняў і злачынстваў, лячэнне і рэабілітацыю пацярпелых, кампенсацыю страт у сувязі з атрыманымі грамадзянамі траўмамі.

Наконт эканоміі спецыялісты падказваюць іншае выйсце: калі фінансавання на асвятленне вуліц не хапае, неабходна распрацаваць і зацвердзіць праграму па эканоміі, а недахоп сродкаў перакрываць за кошт дзейных мерапрыемстваў па эканоміі энергазатрат, а не элементарнага адключэння. Гэта прамы абавязак сельвыканкамаў – арганізаваць асвятленне вуліц, што дакладна прапісана ў артыкуле 43 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”. 

Нагадаем, што ў краіне дзейнічаюць пэўныя мінімальныя дзяржаўныя стандарты, да якіх адносіцца і ўдзельная вага асветленых вуліц – не менш як 80% ад агульнай колькасці іх у населеным пункце.

Фота з адкрытых крыніц.

Магілёўцы скардзяцца на цёмную Ленінскую па вечарах

Ліхтары быццам бы і ёсць – пішуць чытачы Магілёў.media – хоць і не ўсе свецяць, але вельмі лакальна і цьмяна.

На фотаздымках, прысланых у рэдакцыю, можна пабачыць, што вечаровае асвятленне пешаходнай вуліцы забяспечваецца рэдкімі і слабымі ліхтарамі. Суцэльнае асвятленне сустракаецца эпізадычна. Значныя часткі вуліцы ў начны час проста правальваюцца ў цемру.

– Светла толькі каля гандлёвага цэнтра “Аліса” – пацвярджаюць нашы чытачы.

 

Паглядзіце, як выглядае вулічнае асвятленне ў Крычаўскім мікрараёне “Сож”

Ліхтары працуюць толькі на тэрыторыі прыватных арганізацый.

Кароткі відэаролік пра гэта з’явіўся ў сацыяльных сетках з каментарыем ад мясцовага жыхара:

 “Краіна якая пабудавала АЭС не можа забяспечыць нават мінімальнае асвятленне”.

На відэа – крычаўскі мікрараён “Сож” у 20:25.