Елачкі пад аховай – лясная служба пераходзіць ва ўзмоцнены рэжым працы

Беларуская дзяржаўная лясная ахова напярэдадні навагодніх святаў пяройдзе на ўзмоцнены рэжым працы. Будзе патрулявацца ўвесь лясны фонд. Гэта робіцца для апераджэння правапарушэнняў, звязаных з нарыхтоўкай соснаў і елак. Паведамляецца, што распараджэнні службы ёсць сродкі відэа- і фотафіксацыі.

За незаконную нарыхтоўку навагодніх дрэў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Штраф для фiзiчнай асобы можа скласці да 30 базавых велiчынь. Парушальнік будзе абавязаны пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, за ссечанае дрэва.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар.

 

У Керчы адначасова нельга і можна будзе запускаць навагоднія феерверкі

Кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў дазволіў запускаць феерверкі ў навагоднюю ноч. Дзяржаўных святочных салютаў у навагоднюю ноч у Крыме і Керчы не плануецца, але прыватныя асобы змогуць запускаць феерверкі –  перадае яго словы Керчь.ФМ. 

Адначасова, прынятым у верасні Указам № 214-У Аксёнаў забараніў запуск феерверкаў на тэрыторыі Крыма ўсім фізічным і юрыдычным асобам. Пасля выступу акупацыйнага кіраўніка Крыма якіх-небудзь змен у забараняльным указе не было.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці 

Керч – з 1988 года горад-пабрацім Магілёва. Заснаваны ў 610-590 гг. да нашай эры грэцкімі каланістамі з Мілета. У розныя эпохі горада называўся Панцікапей, Чаркіа, Воспора, Корчаў, Баспор. У 480 г. да н.э. Пантыкапей стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы. сця. Знаходзіўся пад уладай Усходняй Рымскай (Візантыйскай) Імперыі  ў VI і ў XI -XII стагоддзях, у VIII стагоддзі патрапіў у сферу ўплыву Хазарскага каганата. У канцы X-XI стагоддзях уваходзіла ў склад рускага Тмутараканскага княства. У 1318 годзе горад увайшоў у склад Генуэзскіх калоній. У 1475-1774 у Асманскай, у 1774-1917 – у Расійскай імперыі, у 1917-1954 гадах у складзе РСФСР, у 1954-2014 – у складзе Украіны. У 2014 годзе Крым анэксаваны Расіяй. Сучаснае насельніцтва горада 155 тысяч чалавек.

У Магілёве, на плошчы Адзінства пачалі ўсталёўваць навагоднюю ёлку

Яе вышыня складзе 18 метраў. Так сама на плошчы Славы будзе ўстаноўленая ёлка вышынёй 10 метраў, а самая вялікая з’явіцца на плошчы Леніна – 36 метраў.

 

У Магілёве пройдзе навагодні аўтапарад, абвешчаны конкурс эскізаў

Навагодні аўтапарад “За рулём Дзед Мароз”, арганізаваны Магілёўскім гарадскім цэнтрам культуры і вольнага часу, пройдзе 17 снежня. Аўтакалона праедзе па вул.Першамайскай. Старт будзе дадзены ля галоўнай абласной ёлкі, размешчанай на плошчы Леніна, фінішуе працэсія ў парку Падміколле ля рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Пачатак мерапрыемства запланаваны на 12.00

Удзел у аўтапарадзе можа прыняць кожны аўтамабіліст, для гэтага неабходна зрабіць эскіз навагодняга афармлення свайго аўто і падаць адпаведную заяўку на ўдзел да 10 снежня на электронны адрас: gckmog@mail.ru. Арганізатары прапануюць упрыгожыць машыны мішурой, гірляндамі, ёлачнымі цацкамі і іншымі атрыбутамі маючага адбыцца свята.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар

Хоцімск першым у Магілёўскай вобласці запаліць галоўную навагоднюю ёлку

У самым усходнім на Беларусі раённым цэнтры Хоцімску навагоднія мерапрыемствы пачнуцца  9 снежня. Урачыстае запальванне галоўнай гарадской ёлкі адбудзецца на пешаходнай частцы вуліцы Ленінскай, каля раённага Цэнтра культуры – распавяла начальнік ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама Аляксандр Цішчанка рэсурсу hotimsk.by.

– У запаленні галоўнай ёлкі прымуць удзел тры розных Дзеда Мароза і Снягуркі, а таксама іх світа. Гараджанам і гасцям будзе прадстаўлена і музычная праграма, падчас якой навагоднія персанажы будуць вадзіць карагоды і фатаграфавацца з дзецьмі.

Сустрэча Новага года ў Хоцімску працягнецца штодзённымі вячэрнімі тэатралізаванымі праграмамі з 17.00 да 19.00. Праграма вячэрніх мерапрыемстваў дастаткова насычаная і стракатая. А колькасць запланаваных навагоднія мерапрыемстваў у раёне – 72. 

З 18 па 23 снежня, з 25 па 30 снежня пройдзе кінамарафон навагодніх фільмаў і мультфільмаў пад адкрытым небам “Навагодняя перамотка”. З 21 па 25 снежня будзе арганізавана работа сядзібы Дзеда Мароза “У гасцях у Дзядулі”. 

У зале Цэнтра культуры адбудзецца спецпаказ мастацкага фільма “Іронія лёсу ў Галівудзе” з элементамі забаўляльнай праграмы для моладзі раёна. Для дзяцей на галоўнай гарадской сцэне пройдзе гульнявая праграма  “Вакол ёлкі”, у раённым Цэнтры культуры – дзіцячы навагодні спектакль “Краіна казак” народнага тэатральнага калектыву “Прамень”, у школах раёна пройдуць выязныя праграмы-віншаванні “Цік-ток”. 

30 снежня для жыхароў раёна будуць арганізаваны выязныя віншаванні на дом Дзеда Мароза і Снягуркі “Чароўны час”, а 1 студзеня каля галоўнай ёлкі пройдзе навагодняя танцавальная праграма з элементамі караоке “Танчы і весяліся”.

Новаўвядзеннямі гэтага года стануць: адкрыццё навагодняй гасцінай “У гасцях у казкі” (цэнтральная раённая бібліятэка), у якой казачныя персанажы Снежная каралева, Кай і Герда правядуць віктарыны па казках і мультфільмах, адбудуцца інтэлектуальныя гульні, тэатралізаваны паказ.

На базе гісторыка-краязнаўчага музея адкрыецца “Школа чараўніцтва”, дзе дзяцей чакае праграма ў выглядзе квэста, напоўненая традыцыйнымі беларускімі забавамі, этнаграфічнымі замалёўкамі.

У Доме рамёстваў адкрыецца “Майстэрня Дзеда Мароза”, дзе дзеці навучацца вырабляць навагоднюю атрыбутыку: гірлянды, хлапушкі, цацкі, там таксама пройдуць майстар-класы народных умельцаў, чаяванне ля самавара з традыцыйнымі беларускімі пачастункамі.

Тым часам на прылаўках крам ужо пачалі з’яўляцца ёлачныя ўпрыгожанні, галоўны сімвал наступнага года – трус.

Нагадаем, што жыхары Хоцімска першымі сярод насельнікаў краіны сустракаюць дзень, першымі сустрэнуць і Новы год. Дзень ў Хоцімску пачынаецца на 8¼  хвіліны раней, чым у Магілёве і на 38 хвілін раней, чым ў Брэсце.

Магілёўскія гандлёвыя сеткі пачалі ўпрыгожвацца да Калядаў – фота

Адной з першых крам, дзе пачаўся тэматычны продаж калядных цацак і гірляндаў да навагодніх святаў, аказалася “Ома” на вуліцы Маўчанскага. Таксама тут паставілі і ўжо пачалі ўпрыгожваць агромністую штучную ёлку на ўваходзе.

А калі ўспрымаць колеравую гаму выставачнай вітрыны як рэкамендацыйную, то адразу кідаецца ў вочы прыемнае спалучэнне белага і чырвонага на ёлцы, што выступае як узор.

Навагоднюю ёлку ў Клайпедзе будуць прапаноўваць самі жыхары

Гэта дазволіць сэканоміць сродкі, таксама для эканоміі яе запаляць на тыдзень пазней. 

Да новага года застаецца 73 дні, да Калядаў 67. І па традыцыі да зімовых святаў Клайпеда збіраецца ўпрыгожыць жывую ёлку. Вітаюцца прапановы клайпедчанаў і жыхароў раёна, паведамляе Klaipėdos šventės. 


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


За два месяцы да зімовых свят грамадзянам даюць магчымасць прапанаваць свае ўласныя ёлкі, якія стануць галоўным калядным сімвалам партовага горада.

Жыхароў Клайпеды ўпершыню запрасілі падарыць елкі сем гадоў таму. Такая ініцыятыва атрымала станоўчыя водгукі і стала візітнай карткай каляднага перыяду ў горадзе.

Клайпедчане поўныя рашучасці ахвяраваць елкі, якія растуць не адзін дзясятак гадоў, таму што яны, напрыклад, ім надакучылі, загароджваюць сонечнае святло або электрычны дрот, займаюць шмат месца.

Арганізатары абяцаюць вырашыць усе праблемы, якія звязаны з высечкай дрэва, яго перавозкай і ўборкай месца, дзе яно расце.

Елка павінна быць не менш за 10 метраў вышынёй, з шырокай і багатай кронай галін. Усе прапанаваныя варыянты будуць правераны, ацэнены і прадстаўлены грамадскасці.

Створаная камісія абярэ самае прыдатнае і дастойнае звання Клайпедскай гарадской елкі дрэва.

Падбор святочнай елкі і яе ўстаноўка на такіх умовах значна эканоміць гарадскі бюджэт, сродкі кожнага гараджаніна.

У мэтах эканоміі энергарэсурсаў галоўны сімвал зімовых свят на Тэатральнай плошчы запаляць на тыдзень пазней, чым было запланавана — вечарам 10 снежня.

Прапановы з фатаграфіямі арганізатары просяць накіроўваць да 25 кастрычніка.

Тым часам мэр Вільні прадставіў планы эканоміі на Каляды. Ён прапануе ўсталяваць сціплую ёлку, а астатнія грошы ахвяраваць братэрскай Украіне. 


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: dcdn.lt

Colorfest прайшоў у Магілёве. Гараджане сталі крыху індусамі. Шмат фота

Галоўная традыцыя фэсту – абсыпаць адзін аднаго рознакаляровымі яркімі і лёгка змыўнымі фарбамі. Штогадовая імпрэза праходзіла ў мясцовым Парку атракцыёнаў і традыцыйна сабрала шмат дзяцей і моладзі. Фарбы для мурзання ўдзельнікі куплялі на месцы. Яны бяспечныя, але і каштуюць не танна.

Упершыню Colorfest правялі ў Магілёве ў 2017 годзе. Ён адбыўся на стадыёне існуючага на той момант заводу штучнага валакла. Гэта аддаленая ад людных вуліц мясціна, куды адпраўлялі апазіцыянераў пратэставаць. Апошнія гады фэст праводзяць у Парку атракцыёнаў.

Ідэю правядзення фестываляў фарбы еўрапейцы падгледзелі ў індуісцкай культуры. Свята Holi (Пяшчоты) – адно з найбольш маляўнічых у Індыі і Непале. Бенгальцы з фарбамі адзначаюць сваё навагоддзе і свята вясны.

Упершыню ў Еўропе свята Holi правялі 29 чэрвеня 2012 года ў Берліне. У тым жа годзе, убачыўшы, наколькі спадабалася імпрэза людзям, адбылося яшчэ тры падобныя фэсты. Самы масавы адбыўся ў Мюнхене. На яго прыйшло 10 тысяч ахвотнікаў пабыць мурзатымі ад фарбаў.

Ад 2014 году Colorfest становіцца адным з улюблёных дзействаў еўрапейцаў. Яго сталі праводзяць не толькі на старым кантыненце, але ў Новай Зеландыі і нават Паўночнай Афрыцы.

У Беларусі таксама ўзяліся папулярызаваць свята з індуісцкімі каранямі. Да такога наватарства ў Магілёве мясцовая ўлада паставілася з недаверам, таму і адправіла ахвотнікаў абсыпацца фарбамі на аддалены ад гарадскога цэнтру стадыён, што на вуліцы Чалюскінцаў.

Адаптаваная пад Colorfest свята Holi падаецца як фестываль, дзе ўсе роўныя, незалежна ад колеру скуры, нацыянальнасці, узросту і полу. На ім няма месца курэнню і алкаголю – толькі здаровы розум, чыстыя эмоцыі, светлыя пачуцці і жывыя зносіны.