Калі не выпусціць выпадкова спайманую рыбіну назад у вадаём, пагражае штраф да 1 824 рублёў.
Мянтуз ці мянёк (па-руску – налим), гэта адзіны прадстаўнік сямейства трасковых, які аблюбаваў для жыцця прэснаводныя вадаёмы (усе астатнія віды пражываюць у салёнай вадзе). Мянтуз ва ўсіх адносінах дзіўная рыба, мала падобная на іншых прадстаўнікоў іхтыяфауны. Яна мае некалькі “рэліктавую” знешнасць: аб старажытным паходжанні гэтага віду кажа падоўжаная форма цела, мудрагелістае размяшчэнне плаўнікоў і характэрная галава з выяўленымі няпарнымі “вусамі”. Таксама для гурманаў рыбіну выдзяляе незвычайны смак мяса і звышкаштоўная пячонка, што ўтрымлівае шмат тлушчу і вітамінаў.
Для захавання рыбных рэсурсаў і стварэння спрыяльных умоў ўзнаўлення гэтай рыбы ў беларускіх вадаёмах, ва ўсіх рыбалоўных угоддзях з 25 снежня 2022 па 28 лютага 2023 г усталёўваецца забарона на лоўлю мянтуза.
Гэта звязана з тым, што ў снежні, пасля замярзання вадаёмаў і паніжэння тэмпературы вады да +1°С, пачынаецца масавы рух мянтуза на нераст. Нераст працякае больш актыўна пры вялікіх маразах, падчас адлігі можа расцягвацца больш чым на месяц.
Калі ў тэрміны забароны рыбалову ўсё ж трапіўся мянтуз, то ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, рыба павінна быць выпушчана ў жывым выглядзе ў асяродак яе праывання, дзе была вылаўлена.
У выпадку незаконнай здабычы мянтуза ў перыяд забароны, парушальнік павінен будзе заплаціць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю ў памеры 27 базавых велічынь, што складае 864 рублі, (за кожную канфіскаваную асобіну).
Акрамя таго, парушальнік будзе пакараны ў выглядзе адміністрацыйнага штрафу па ч.1 арт.16.25 КаАП Рэспублікі Беларусь у памеры да 30 базавых велічынь, што складае 960 рублёў.
Фота: rybalkavreke.ru