У Асіповічах цэх алюмініевага ліцця вырабляе «канкурэнтаздольную» прадукцыю на абсталяванні 1970 гадоў, але спадзяецца на мадэрнізацыю

Цэх падраздзяленне мясцовага заводу аўтаагрэгатаў. Алюмініевую вытворчасць пры ім запусцілі ў 1976 годзе. Нямала тутэйшага абсталявання працуе з таго часу. На той момант яно лічылася сучасным і эксклюзіўным.

«Тыя індукцыйныя печы для плаўкі металу, што былі ўстаноўлены ў сярэдзіне 70-х і маюць серыйныя нумары 001 і 002, працуюць і цяпер, – адзначае газета Асіповіцкі край. – Але гэтыя печы ўжо фізічна і маральна састарэлі, патрабуюць вялікіх намаганняў працаўнікоў цэху для іх абслугоўвання, таму ў планах прадпрыемства іх замена – адзін з прыярытэтных пунктаў».

Цэх мае патрэбу ў набыцці новай печы і аўтаматычнага комплексу для ліцця пад высокім ціскам, але няма фінансавання.

«Гэта дазволіць істотна пашырыць наменклатуру выпусканых сплаваў. Абмежаванасць у выбары гатункаў алюмініевых сплаваў можна лічыць галоўным вузкім месцам асіповіцкай металургіі», – спадзяецца на прарыў кіраўніцтва.

Паводле яго ўласная каляровая металургія «у сённяшніх геапалітычных рэаліях» – важны элемент эканамічнай бяспекі краіны і інструмент для ўмацавання пазіцый нашага машынабудавання на знешніх рынках».

Спажыўцы вырабаў цэху алюмініевага ліцця – МАЗ, БелАЗ, ды расійскія прадпрыемствы. У цэху працуе 126 чалавек.

 

На Магілёўшчыне шукаюць фартунніка, які ў латарэю выйграў тэлевізар

Разыгранку тэлевізара, арганізавала Глускае райспажыўтаварыства. Прадаваць латарэйкі пачалі 3 ліпеня. Збыць усе 122 білеты змаглі толькі 8-га.

Жыхары райцэнтру «належнай актыўнасці» у набыцці латарэек не выявілі, піша мясцовая раёнка «Радзіма». Не прададзеныя білеты давялося аддаць на рэалізацыю ў адну з тутэйшых крамаў.

Шчаслівым аказаўся білет №122. Хто яго набыў арганізатары не ведаюць і цяпер высільваюцца, каб яго адшукаць.

У райспажыўтаварыстве пра сваю задуму правесці латарэю кажуць, што яна не стала «першым блінам камяком», але клопату дадала.

фота: glusk.by

 

На Магілёўшчыне мядзведзь выйшаў на дарогу

Гэта адбылося ў Круглянскім раёне. 

Відэаролік з жывёлай запісаў аўтамабіліст на ўчастку дарогі паміж вёскамі Шапялевічы і Падар. Цяпер відэа разыходзіцца па сацыяльных сетках.

Як бачна на відэа, малады мядзведзь перасякае дарогу і, заўважыўшы аўтамабіль, хаваецца ў лесе. 

Мядзведзі на Магілёўшчыне не рэдкасць. Самая буйная іх папуляцыя жыве ў межах і навокал Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Мясціна размяшчаецца на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей. 

З гэтай лакацыі мясцовыя мядзведзі часта разыходзяцца па лясах Кругляншчыны, Клічаўшчыны, Бялыніччыны.

Усяго на Беларусі пастаянна жыве менш за 100 мядзведзяў. Прычым колькасць папуляцыі мяняецца мала – каля 100 асобін мядзведзяў рэгістравалася ў БССР у 1927 годзе, у 1989-ым годзе – 107 па ўсёй краіне за выключэннем Бярэзінскага запаведніка (у ім – яшчэ каля 20). 

На сённяшні час дадзеныя пра папуляцыю мядзведзяў у Беларусі розняцца. Так, Нацыянальны статыстычны камітэт рэгістраваў у 2019 годзе ўсяго 19 мядзведзяў на ўсю Беларусь, у той час як біёлагі Бярэзінскага запаведніка налічвалі ў гэты ж самы час 84 асобіны на тэрыторыі аднаго толькі запаведніка і ў прылеглых мясцінах.

На Магілёўшчыне найменей зарабляюць у Слаўгарадскім, Мсціслаўскім, Чэрыкаўскім раёнах

Сярэдне статыстычны заробак у рэгіёне найменшы ў краіне.

У Магілёўскай вобласці за май пасля адлічэння падаходнага падатку і іншых абавязковых плацяжоў выходзіла 1120 рублёў (407 долараў). На Віцебшчыне сярэдне статыстычны працаўнік за месяц меў на 40 рублёў больш – 1160.

Паводле падлікаў рэсурсу banki24 на Магілёўшчыне найменей зараблялі ў маі працаўнікі Слаўгарадскага раёну. Там за месяц выходзіла – 1026 рублёў.

Крыху больш плацілі ў Мсціслаўскім раёне – 1034 рублёў

Вышэй за Мсціслаўшчыну ўзняўся Чэрыкаўскі раён са сваім сярэднестатыстычным заробкам у 1071 рубель.

На два рублі болей зараблялі ў Круглянскім – 1073 рублі

У Хоцімскім раёне плацілі – 1076 рублёў.

Перакананыя: пабачыўшы такую статыстыку жыхары згаданых раёнаў запыталіся б, а дзе тыя прадпрыемствы з такімі заробкамі.

Каб карціна не выглядала настолькі змрочнай паведамім, што паводле таго ж рэсурсу banki24 на Віцебшчыне працаўнікі Шаркаўшчынскага раёне ў маі зараблялі толькі 999 рублёў.

Для канчатковага супакаення сакавіцкі заробак на Магілёўшчыне быў яшчэ меншым.

Тады працаўнікі Мсціслаўскага раёну мелі – 984 рублёў, Слаўгарадскага – 1002 рублёў, Хоцімскага – 1008 рублёў, а Круглянскага – 1015 рублёў.

фота: novychas.online