Заяву пра неплацёжаздольнасць прадпрыемства падаў аблвыканкам.
Эканамічны суд Магілёўскай вобласці адкрыў конкурсную вытворчасць адносна ААТ “Магілёўхлебапрадукт” – паведамляе сайт Вярхоўнага суда Беларусі.
Агульная сума крэдыторскай запазычанасці прадпрыемства складае 37 373 056,87 рублёў. Пры гэтым кошт маёмасці даўжніка недастатковы для задавальнення патрабаванняў крэдытораў. Так, актывы даўжніка па стане на 1 жніўня 2022 года складаюць 24 056 тысяч рублёў.
Акцыянерамі 15 жніўня 2022 года прынята рашэнне аб немэтазгоднасці дасудовага аздараўлення і аб падачы ў эканамічны суд заявы аб эканамічнай неплацежаздольнасці даўжніка. Асноўнымі акцыянерамі “Магілёўхлебапрадукта” з’яўляюцца Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт з доляй у 99,26% і Слаўгарадскі раённы выканаўчы камітэт з доляй 0,73%.
Наступнае судовае паседжанне па справе прызначанае на 7 лютага 2023 года, на якім плануецца прыняць рашэнне аб санацыі альбо ліквідацыі прадпрыемства. Санацыя дазволіць прадпрыемству пазбегчы банкруцтва.
“Магілёўхлебапрадукт” – буйное беларускае прадпрыемства, якое больш за 60 гадоў займаецца выпускам прадукцыі птушкагадоўлі, мяса і мясных вырабаў, жытняй і пшанічнай мукі оптам. Гэта шматпрофільная арганізацыя, у складзе якой знаходзіцца некалькі прадпрыемстваў, у тым ліку – “Магілёўская птушкафабрыка”.