Адразу сем чалавек былі прызнаныя праваабарончымі арганізацыямі новымі беларускімі палітзняволенымі на гэтым тыдні. Чацвёра з іх – з Магілёўскага рэгіёна.
Гэта:
Аляксей Васілевіч Семянок з Магілёва. Ён асуджаны на 1 год 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за выказванне пра Лукашэнку. Суддзя Вікторыя Палякова.
Наталля Белакурская з Магілёва. Яна асуджаная да папраўчай калоніі за выказванне пра Лукашэнку і чыноўнікаў. Суддзя Таццяна Рахмаменка.
Мікалай Снытко з Магілёва. Ён асуджаны да папраўчай калоніі за выказванне пра Лукашэнку, чыноўнікаў і суддзю.
Аляксандр Горбель з Бабруйска. Асуджаны да папраўчай калоніі за выказванне пра Лукашэнку. Суддзя Вольга Серакова.
У спісе новых палітзняволеных фігуруе таксама Дзяніс Белаголаў. Інфармацыі па ім больш няма, магчыма, што ён сваяк Паўла Белаголава з Магілёва, якому зладзілі цэлы канвеер катаванняў па “справе Зельцара”. Пасля адбыцця пакарання тэрмінам у два з паловай гады, ён быў зноўку асуджаны на турэмны тэрмін на тры гады і чатыры месяцы за выказванне пра Лукашэнку.
Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц (pixabay.com)
Магілёўскі гарвыканкам абвясціў конкурс архітэктурна-планіровачных канцэпцый шматкватэрнай жылой забудовы вуліц Левая і Правая Дубравенка ў Магілёве. Пад магчымую перабудову трапілі ўчасткі ад вуліцы Лазарэнкі амаль да праспекта Міра.
Конкурс праводзіцца “без уліку Генеральнага плана горада Магілёва, і праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Магілёва»”.
Конкурс архітэктурна-планіровачных канцэпцый будзе праводзіцца да 4 чэрвеня 2025 года. Па яго выніках, верагодна, будзе прынятае рашэнне аб капітальнай перабудове ўсёй цэнтральнай часткі набярэжнай ракі Дубравенкі.
Маёмасць медыцынскага цэнтра “Новы зрок” у Беларусі была канфіскаваная і цяпер распрадаецца па рашэнні суда. Заснавальніка папулярнай сеткі клінік абвінавацілі ў “экстрэмізме”, завочны суд прызначыў яму 12 гадоў турмы.
Па ўсёй Беларусі выстаўляецца на продаж маёмасць зачыненага медыцынскага цэнтра “Новы зрок”. Гандаль за памяшканне афтальмалагічнага цэнтра ў Магілёве будзе праходзіць 24 красавіка на пляцоўцы “БелЮрЗабеспячэнне”, стартавы кошт складае 734 тысячы рублёў. Раней будынак “Новага зроку” выставілі на продаж у Гомелі.
Не стаў плаціць дзясяткі мільёнаў хабару
У лістападзе 2024 года заснавальніка гэтага цэнтра Алега Каўрыгіна абвінавацілі па дзевяці артыкулах Крымінальнага Кодэкса. Сярод іх – садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, заклікі да санкцый. У выніку яго асудзілі завочна, да 12 гадоў турмы. Акрамя палітычных артыкулаў, яму выставілі таксама эканамічныя абвінавачванні, а яшчэ чатырох супрацоўнікаў цэнтра асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў і шасці месяцаў калоніі з адтэрміноўкай.
Перад гэтым у паспяховага мэдыцынскага цэнтра Міністэрствам аховы здароўя была адабраная ліцэнзія на дзейнасць па аказанні афтальмалагічных паслуг. Прычынай пераследу з боку ўладаў, па меркаванні Алега Каўрыгіна, стала яго “недамоваздольнасць” – адмова плаціць хабар у 30 мільёнаў даляраў чыноўнікам, плюс 20 мільёнаў штрафу ў казну.
Алег Каўрыгін
Разграмілі чыноўнікі, а церпяць пацыенты
Медыцынскі цэнтр “Новы зрок” пачаў сваю працу ў Беларусі ў 1999 годзе. За два дзясяткі гадоў працы гэтая спецыялізаваная сетка клінік здабыла ў Беларусі добры імідж сярод кліентаў. Так, сярэдняя ацэнка магілёўскага філіяла гэтага медыцынскага цэнтра на сервісе Google.maps паказвае прыстойную лічбу ў 4,8 з пяці зорачак па выніках дзясяткаў адзнак. Для параўнання, іншыя прыватныя клінікі ў Магілёве, параўнальныя з “Новым зрокам” па маштабах, ацэньваюцца кліентамі больш сціпла. “Новамед”, напрыклад, мае ацэнку ў 3,4 зорачкі, “Элізабет” – 3,9, “А-Клінік” – 4,5.
Зараз у Магілёве зрабіць карэкцыю зроку можна ў дзяржаўных бальніцах і прыватных медыцынскіх цэнтрах. Аднак пасля закрыцця “Новага зроку” пацыенты пазбаўленыя магчымасці звярнуцца ў адзіную спецыялізаваную і прыватную ўстанову, з высокім узроўнем прафесіяналізму і даверу.
Суразмоўцы mogilev.media, жыхары Магілёва, якія планавалі паправіць свой зрок, расказваюць, што з закрыццём гэтага медцэнтра яны апынуліся ў разгубленасці. Незразумела, ці можна ў поўнай меры даверыцца спецыялістам іншых цэнтраў.
“Галіна мікрахірургіі проста разбураная. – падзяліўся сваімі ўражаннямі пра сітуацыю з лячэннем праблем зроку ў Беларусі Алег Каўрыгін у сваім інтэрв’ю “Радыё Свабодзе” – І калі б яны сказалі, што „зразумелі сваю памылку, акажам вам дапамогу“ і калі б у мяне з’явілася жаданне, дык нават спецыяліст добрага ўзроўню будзе аднаўляць гэта пяць гадоў.”
Чытачы mogilev.media даслалі ў рэдакцыю кароткі ўрывак з відэа, знятага падчас пралёту “шахеда” ўчора вечарам у Магілёве ў раёне ліфтавага завода. На роліку выразна чуваць характэрны гук беспілотніка-камікадзэ, але сам ён застаўся нябачны ў кадры з-за цемры. У цэнтры кадра можна пазнаць вежу “Магілёўліфтмаша”. Светлая кропка, якая мятляецца ў верхняй частцы кадра – верагодна, гэта блік на фотакамеры. Як паведамляюць сведкі, арыентуючыся па гуку, дрон ляцеў ва ўсходнім кірунку. Відэа было знята 11 сакавіка ў 22:32.
Баявы дрон, які па гуку нагадвае расійскія “шахеды”, некалькі хвілін таму быў заўважаны ў небе над Магілёвам. Чытачы mogilev.media паведамляюць, што ляцеў ён на ўсход. Нашым карэспандэнтам былі прадэманстраваныя кадры палёту, якія мы не можам тут размясціць з прычын бяспекі. Верагодна, што ў хуткім часе з’явіцца больш інфармацыі.
Год таму сям’я Пад’ялоўскіх з Магілёва даведаліся пра жахлівы дыягназ іх сына Арцёма – смяротнае генэтычнае захворванне міяпація Дзюшэна. Пры гэтай хваробе мышцы паступова адміраюць і гэты працэс незваротны, калі да пэўнага ўзросту дзіцёнку не зрабіць укол ін’екцыяй, што з’яўляецца зараз самым дарагім лекавым сродкам на свеце.
Гісторыю сям’і расказвае Onliner. Міяпація Дзюшэна, гэта смяротнае захворванне, якое перадаецца ад маці сыну. Хлопчыкі ў першыя два гады нічым не адрозніваюцца ад астатніх, але бліжэй да 4 гадоў у іх пачынаецца паражэнне тканяў мышц. Ім становіцца цяжэй скокаць і бегаць, яны не могуць падняцца з ляжачага палажэння звычайным спосабам. У 9-13 гадоў ім ужо патрэбная інвалідная каляска. Каля 20 гадоў звычайна наступае смерць. Пра такі дыягназ у іх чатырохгадовага сына Арцёма магілёўская сям’я Пад’ялоўскіх даведалася ў мінулым лютым.
А ў 2023 годзе Кіраванне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША (FDA) ухваліла прэпарат геннай тэрапіі міяпаціі Дзюшэна пад назвай “Элевідыс” (Elevidys). Ён прызначаны для аднаразовага ўвядзення да таго як у арганізме адбудуцца незваротныя змены ў тканіне. З яго дапамогай можна ўкараніць у арганізм пацыента здаровы ген, дзякуючы якому бялок, які адказвае за функцыянаванне цягліц, пачне працаваць паўнавартасна. Але зрабіць гэта неабходна да таго, як хлопчыку споўніцца 6 гадоў. На набыццё прэпарата, такім чынам, Пад’ялоўскім адводзілася каля года, бо некалькі месяцаў яшчэ займае падрыхтоўка пацыента да ўвода прэпарата.
Элевідыс на сённяшні дзень з’яўляецца самым дарагім лекавым сродкам у свеце. Адна яго ін’екцыя каштуе 2,9 мільёны долараў. У мінулым красавіку сям’я абвясціла пра збор сродкаў. Гэтае рашэнне далося бацькам нялёгка, сума за лячэнне здавалася ім немагчымай.
– Але адзін наш знаёмы сказаў: «Уявіце: у Беларусі 5 млн працуючых людзей. Калі кожны адмовіцца ўсяго ад аднаго кубка кавы на вашу карысць, вы зможаце сабраць усю суму». І я пачала думаць: а раптам гэта і праўда магчыма? – расказала выданню маці Арцёма Пад’ялоўскага Алена.
І як сёння стала вядома, самы вялікі дабрачынны збор у гісторыі Беларусі закрылі паспяхова – цяпер сям’я Пад’ялоўскіх мае неабходную суму для замовы і транспарціроўкі прэпарата а таксама на працяглы курс лекавання ў Арабскіх Эміратах.
Смажанка з салатам “пад шубай” – што?! Культавая закусачная ператварылася ў гастранамічны бардэль.
Чытачы mogilev.media падзяліліся ўражаннямі ад наведвання міні-рэстарана, што працуе на месцы знакамітай калісьці магілёўскай “Смажанкі”. Нагадаем, дзяржаўная закусачная тут зачынілася яшчэ шэсць гадоў таму, а ў яе памяшканні адкрыўся пафасны “стрыт-фуд бар” Da Grill. У прынцыпе, нічога негатыўнага ў тым, што дзяржаўныя прадпрыемствы саступаюць дарогу прыватнаму бізнэсу, няма. Гэта няўмольны закон эканомікі. Але, часам, са стратай традыцыйных і любімых сэрцу з’яваў губляецца таксама і дух старога горада, і, калі хочаце, яго вайб.
Штосьці падобнае адбылося і ў выпадку з Da Grill. Гэты маленькі вулічны рэстаранчык пасля закрыцця “Смажанкі” асабліва не пазіцыянаваўся як яе лагічны працяг. Але, відаць, публіка патрабавала, і паступова тут не проста ўвялі смажанку ў меню, але паволі сталі пераймаць яе брэнд. Знешняя рэклама тут спекулюе назвай гэтай стравы, а профіль кампаніі ў Google.maps з цягам часу ператварыўся ў «Smazhenka bistro».
Вось толькі самой смажанкай у Da Grill і не пахне. Ёй пахне ў Кіраўску, куды, відаць, пераехалі аматары гэтай стравы з глуздамі, і куды спецыяльна па смажанку людзі з’яжджаюцца з усёй Беларусі. А не ў Магілёў. Чытачы нашага выдання нядаўна наведалі гэты “стрыт-фуд бар” і падзяліліся назіраннямі. Замест абяцаных 15-ці хвілін замоваў чакаць прыходзіцца па 25. Ну, а смажанка ператварылася ў поле эксперыментаў – на традыцыйную гарачую булку дадумаліся класці сялёдку пад шубай. Ладна, грыбы. Ладна, сырыя памідоры і зеляніна. Але – салат? Наступнай эксперыментальнай стравай, напэўна, трэба будзе чакаць смажанку з тортам, альбо, можа, з сушы?
Сёння ў Магілёве хлопчык 2023 года нараджэння выпаў з вакна на пятым паверсе, паведамляе Следчы камітэт. Ён загінуў. Дзіцёнак быў дома з маці і бабулямі, гуляўся, пакуль дарослыя займаліся хатнімі справамі. У нейкі момант адна з бабуль заўважыла адчыненае вакно. Унізе, на зямлі яна пабачыла цела хлопчыка. Паводле папярэдняй версіі, каб дабрацца да вакна, ён залез на крэсла, а потым адчыніў вакно. Вядзецца следства.
Магілёўская мастачка выйграла конкурс “Ёлка-FEST. Запальваем святочны настрой па-роднаму, па-беларуску!”, арганізаваны прафсаюзам работнікаў культуры. Усяго ў спаборніцтве ўдзельнічалі больш за 70 майстраў з розных рэгіёнаў краіны. Па выніках галасавання ў конкурсе выйграла мастак-афарміцель з Магілёўскага раённага цэнтра культуры Караліна Зубкова. За перамогу яна атрымала ад прафсаюза ноўтбук.
У Магілёве пяць гадоў таму пачаў працаваць хімічны гігант “Омск Карбон” – адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю тэхнічнага вугляроду. Завод яшчэ на стадыі будаўніцтва выклікаў абурэнне мясцовых актывістаў і сумныя прагнозы ад эколагаў. Гэтыя прагнозы, магчыма, пачынаюць спраўджвацца – калi глядзець на спадарожнікавыя фотаздымкi, то можна заўважыць, што вакол завода пачынае распаўзацца чорная пляма. Mogilev.media расказвае, што гэта за прадпрыемства і чым можа быць небяспечным для Магілёва.
Тэхнічны вуглерод выкарыстоўваецца ў хімічнай прамысловасці ўжо больш за сто гадоў. Упершыню дадаваць сажу ў якасці ўзмацняльніка гумы прапанаваў амерыканскі хімік Джордж Оэнслагер яшчэ ў 1912 годзе. З таго часу перспектывы гэтай галіны прамысловасці толькі пашыраюцца – сажу дабаўляюць і ў колы аўтамабіляў і ў падэшвы чаравікоў, а сусветнае спажыванне тэхнічнага вуглероду наблізілася ў нашы дні да 19,2 метрычных тон у год.
На прасторы былога СССР галоўнымі прадпрыемствамі па вырабе тэхнічнага вуглероду былі “Омсктэхвуглерод”, які запрацаваў яшчэ ў часы Другой Сусветнай вайны і завод у Валгаградзе, якія пакрывалі практычна ўсе патрэбы сацыялістычнай эканомікі. З развалам СССР абодва прадпрыемствы трапілі ў адны прыватныя рукі і зараз на 100% належаць кампаніі Омсккарбон Груп Лімітэд, зарэгістраванай на Кіпры.
У пачатку 2010-х гадоў кіраўніцтва кіпрскай кампаніі прапанавала адкрыць новае прадпрыемства па вырабе тэхнічнага вуглероду ў Магілёве, на пляцоўцы свабоднай эканамічнай зоны. Інтарэс інвестара быў цалкам зразумелы – спажыванне гэтай сажы па ўсім свеце толькі расце, а магілёўская лакацыя нашмат зручнейшая па лагістыцы, чым Валгаград ці Омск. Зацікаўленым у новым паспяховым прадпрыемстве было і кіраўніцтва Магілёўскага рэгіёна. А вось яўна не зацікаўленай аказалася адна катэгорыя грамадзян, ад якой у Беларусі часцей за ўсё мала што залежыць – гэта насельніцтва самаго рэгіёна. Хоць, напэўна, не ўсё, а толькі тое, што хвалюецца праблемамі экалагічнай бяспекі. Але пра гэта – пазней.
Вытворчасць тэхнічнага вуглерода на прадпрыемстве “Омск Карбон” у Магілёве пачалася ў снежні 2019 года. Сам завод быў запраектаваны ў 2014 годзе. Менавіта тады ў чыстым полі пад Магілёвам адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі “капсулы часу” на месцы будаўнічай пляцоўкі.
На фота ў сярэдзіне – старшыня Магілёўскага аблвыканкама ў 2014 годзе Пётр Руднік. Тагачасны старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў – з рыдлёўкай. Фота: mogilevnews.by
Адразу пасля абвяшчэння ў прэсе пра пачатак будаўніцтва, пачалася хваля абурэння экаактывістаў – і так загружаны хімічнымі прадпрыемствамі ўчастак Свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў” ператвараўся ў рэальную праблему для жыхароў усяго Задняпроўя. Знізіць градус трывожнасці спрабуе дзяржаўная прэса, і спосаб для гэтага выбралі даволі просты – пераконваць чытача, што ніякай пагрозы прадпрыемства не нясе.
Зараз “Омск Карбон Магілёў” з выгляду “нагадвае касмадром і ўжо сапраўды не асацыюецца ў недасведчаных з вытворчасцю тэхнічнага вугляроду” – віртуозна абмінае вострыя вуглы выданне “СБ. Беларусь сегодня”, публікуючы пра хімічнага гіганта пад Магілёвам чарговы вялікі матэрыял. Ну, альбо вось яшчэ элегантны пасаж:
“Да вугляродных прадуктаў адносіцца, напрыклад, сажа. У адрозненне ад яе, тэхнічны вуглярод – гэта разумны прадукт(…) У Магілёве яго выпускаюць у зачыненых цыліндрычных праточных рэактарах: экалагічна і бяспечна”.
Зразумела, што ў чытача пасля гэтых словаў можа з’явіцца ўражанне, што выкіды з прадпрыемства “Омск Карбон” – гэта ніякая не сажа. А сам завод нейкім чынам здолеў усе свае тэхналагічныя працэсы памясціць умоўна кажучы ў “вакуум”, з якога нічога не прарываецца вонкі і не пагражае жыхарам бліжэйшых населеных пунктаў.
Вакол “Омск Карбон Магілёў” з’явілася цёмная пляма?
Вось так выглядала тэрыторыя завода “Омск Карбон Магілёў” у самы першы год яго працы – у 2019-ым. Спадарожнікавы здымак узяты з платформы Yandex maps.
А вось так выглядаў той жа самы ўчастак у 2024 годзе – усяго пасля чатырох гадоў працы. Спадарожнікавы здымак узяты з платформы Google maps. І адразу заўважым – гэта не цень ад воблака.
Вось тут, для нагляднасці, мы сабралі храналогію будаўніцтва прадпрыемства, зафіксаваную на спадарожнікавых здымках ад розных пастаўшчыкаў, пачынаючы з 2014 года па 2024. Напрыканцы можна добра пабачыць, што вакол “Омск Карбона” пачала фарміравацца цёмная пляма ад выкідаў сажы, якую зараз у дзяржаўнай прэсе пачалі рэтушаваць пад слова-замяняльнік “тэхнічны вуглерод”.
Сажа ці не сажа?
Часам для наймення тэхнічнага вугляроду ўжываюць тэрмін “сажа”, што з’яўляецца недакладным – з першых слоў паведамляе нам у профільным артыкуле расійскамоўная Вікіпедыя, маючы на ўвазе, што слова “сажа” варта ўжываць толькі да такіх прадуктаў згарання, якія здабываюцца некантралявана.
Іншага прынцыпу прытрымліваюцца складальнікі англамоўнай, ці нямецкамоўнай, ці іспанамоўнай Вікіпедый і ўсіх астатніх. Тут усе вугляродзістыя прадукты гарэння – гэта “сажа”, альбо “carbon black”, незалежна ад таго, якім спосабам яны атрыманыя – у печы, на вогнішчы, альбо ў рэактары. Таму што розніцы паміж выкідамі няма – гэта такая самая копаць, і яе ўздзеянне на арганізм асабліва не залежыць ад філалагічных нюансаў словаўжывання. Наогул, складаецца ўражанне, што ў расійскамоўным сектары самага папулярнага энцыклапедычнага рэсурса планеты не проста так падкрэсліваецца развядзенне тэхнічнай сажы і сажы натуральнай.
Таму што сажа, адназначна – гэта канцэраген. Нават кароткачасовае ўздзеянне высокіх канцэнтрацый сажы для чалавека патэнцыйна можа выклікаць пашкоджанне верхніх дыхальных шляхоў. Тут слова патэнцыйна выдзелена невыпадкова – справа ў тым, што ўсе даследванні пра канцэрагеннасць сажы праводзіліся толькі на жывёлах. І яны прадэманстравалі значнае павелічэнне захворвання на рак лёгкіх у падвопытных пацукоў.
Даследаванні праводзіліся і наконт уздзеяння гэтага канцэрагену на чалавечы арганізм – але ўжо не вопыты, а назіранні. Так, вынікі двух даследаванняў, у Вялікабрытаніі і ў Германіі (тут аналізаваліся супрацоўнікі завода Kalscheuren у ваколіцах Кёльна), паказалі павышаную смяротнасць ад раку лёгкіх. Што праўда, падобнае назіранне ў ЗША такой залежнасці не прадэманстравала. Вывучэнне гэтага пытання працягваецца.
Яблык ад яблыні
А вось тое, што нас, верагодна, чакае ў далёкай перспектыве. Паглядзіце, як выглядае тэрыторыя завода, аналагічнага “Омск Карбону”. Гэта матчыннае прадпрыемства “ОмскТэхвуглерод”, адпаведна, у горадзе Омску, пасля 80 гадоў працы.
Дарэчы, калі б кіраўніцтва холдынга пажадала перакласці назву прадпрыемства цалкам на славянскія мовы, то магілёўскі завод называўся б “Омск Сажа”. Але гэта лірычнае адступленне.
Што кажуць спецыялісты
“Омск Карбон” функцыянуе ў Магілёве ўжо пяць гадоў. Лагічна будзе задацца пытаннем, як рэгіструецца яго ўздзеянне на навакольнае асяроддзе адпаведнымі маніторынгавымі службамі за ўвесь гэты час. Mogilev.media атрымалася ўзяць каментарый ад спецыяліста ў дадзенай галіне. Па зразумелых прычынах, мы не можам называць асобу суразмоўцы, адзначым толькі, што гэта дзейсны супрацоўнік у сферы экалагічнага маніторынга.
Спачатку крыху пра тое, як ажыццяўляецца падобны маніторынг. Для гэтага вядзецца журнал уліку выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу са стацыянарных крыніц, дадзеныя з якога павінны адпавядаць устаноўленым дзяржавай нарматывам. Прычым гэтыя дадзеныя рэгіструюцца як самім прадпрыемствам, так і дзяржаўным цэнтрам маніторынга. Груба кажучы, у трубе прадпрыемства стаяць два датчыкі – адзін дзяржаўны, другі ад самаго завода.
Адпаведна, калі назіраецца перавышэнне нарматываў, альбо разыходжанне ў дадзеных, то пачынае прымяняцца адпаведнае прыродаахоўнае заканадаўства – так бы мовіць, уключаюцца механізмы пакарання і ліквідацыі негатыўных фактараў.
На “Омск Карбоне” афіцыйна зарэгістравана пяць крыніц выкідаў забруджвальных рэчываў. Зноў, па-просту кажучы, гэта пяць труб. Менавіта яны і знаходзяцца пад кантролем з боку сістэм маніторынга. На ўсіх трубах усталяваныя датчыкі вымярэння шкодных выкідаў – як вышэй казалася, ад самаго прадпрыемства і ад цэнтра маніторынга. Ёсць, праўда, яшчэ і шостая труба, пабудаваная пад наступнае павелічэнне магутнасцяў, але яе мы можам смела ігнараваць, таму што ў яе нават інвентарнага нумару яшчэ няма.
Наш суразмоўца адзначае, што рэгістраваліся выпадкі, калі паказчыкі з датчыкаў не счытваліся, і ў выніку інфармацыя ў сістэму маніторынга не паступала. Але мы можам гэтую заўвагу праігнараваць – парушэнне было выяўлена і выпраўлена. На агульную сітуацыю гэта мала ўплывае. Важна іншае.
Дык вось. Уласна кажучы, калі мы хочам знайсці адказ на пытанне – які ж вынік даюць паказанні па ўзроўні выкідаў “Омск Карбона”, то тут нас і чакае галоўнае расчараванне на мяжы са збянтэжанасцю. Гэта закрытая інфармацыя. Адкрытых дадзеных няма.
Тая інфармацыя, што даецца ў публічны доступ (і з якой маглі б пазнаёміцца спецыялісты-эколагі) падаецца ва ўмоўна адкрытым фармаце. Гэта значыць, што паказанні па ўзроўні выкідаў асноўнага забруджвальніка з завода, аксіда вуглярода, даюцца не ў абсалютных лічбах, а ў працэнтах. Больш дакладная статыстыка мае грыф “Для службовага карыстання”, а інфармацыя пра агульныя аб’ёмы выкідаў з’яўляецца закрытай.
Ну, альбо вось яшчэ адзін прыём ад віртуозаў статыстыкі – кожны год прадпрыемства падае ў дзяржаўныя службы папярэднюю інфармацыю пра ўзровень выкідаў, які плануецца ажыццявіць. А па выніках года публікуецца інфармацыя не пра тое, колькі ў выніку было гэтых выкідаў у аб’ёме, а пра тое – выканаў завод гэты заяўлены план, ці не, не справіўся.
Аднак, не будзем нагнятаць страху. Проста яшчэ раз зарэгіструем той факт, з якога пачалі, і той, якім варта закончыць – на спадарожнікавых здымках, стала ўжо заўважная характэрная цёмная пляма вакол завода “ОмскКарбон”, а інфармацыя пра аб’ёмы адкідаў з прадпрыемстваў засакрэчаная.
Чорная пляцоўка і зімой і летам
Мы не здарма цягам усяго матэрыяла ўзгадваем і параўноўваем омскае прадпрыемства тэхнічнага вуглероду, з якога ўсё пачалося. Расійскія эколагі, маючы вопыі шматгадовых назіранняў за гэтым хімічным гігантам, заяўлялі прама – завод з’яўляецца непасрэднай крыніцай экалагічнага забруджвання, што б ні казалі пра адрозненне “тэхнічнага вуглерода” ад “сажы”.
Кожны год, зімой і летам тэрыторыя омскага прадпрыемства чорная ад сажы. Часам выкіды чорных аблокаў можна пабачыць непасрэдна назіраючы за заводам.
Акрамя выкідаў сажы, экалагічную небяспеку нясуць таксама самі тэхналагічныя працэсы працы з сыравінай. Вось, напрыклад, якія высновы наконт небяспекі прадпрыемства робіць омскі навуковец В. Шопін у сваёй дысертацыі на званне кандыдата навук:
Пра тое, якiя непрыемнасцi можа прынесці “Омск Карбон” Магілёву, незалежная прэса пісала якраз перад самым адкрыццём завода – поўны архіўны матэрыял чытайце цалкам тут: “Какую беду может принести “Омск Карбон” Могилеву. Расследование.“. Што ж, з гэтай прэсай разабраліся – разграмілі рэдакцыю, пасадзілі журналістаў. Цяпер “СБ – Беларусь сёння” пераконвае публіку, што завода баяцца не трэба. Памятаеце: “нагадвае касмадром і ўжо сапраўды не асацыюецца ў недасведчаных з вытворчасцю тэхнічнага вугляроду”.