Рэдакцыя mogilev.media шчаслівая абвясціць, што невялікая паўза, неабходная нам для распрацоўкі мадэляў устойлівасці, завяршылася, і цяпер мы вяртаемся да сваіх чытачоў і ў інфармацыйны парадак дня на Магілёўшчыне!
Нагадаем вам, што нелегетымнымі беларускімі чыноўнікамі наш інфармацыйны рэсурс быў абвешчаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Нічога дзіўнага – ў сучаснай лукашэнкаўскай сістэме журналістамі лічацца хіба што прапагандысты, тады як сапраўдныя прафесіяналы, і наогул усе людзі, што паважаюць свабоду слова, турбуюцца пра даставернасць і агульнадасягальнасць інфармацыі – абвяшчаюцца злачынцамі.
Пагэтаму, калі вы ў Беларусі, то паклапаціцеся, калі ласка, пра сваю бяспеку. Таксама паведамляем, што беларускія дзяржаўныя органы заблакавалі доступ да самага папулярнага канала нашага рэсурса ў сацыяльных сетках – на VK. Таму доступ да нашых навінаў на гэтай платформе для чытачоў з Беларусі і Расійскай Федэрацыі магчымы толькі з уключаным VPN.
Нягледзячы на ўсе перашкоды ў працы нашага выдання, рэдакцыя mogilev.media лічыць сваім абавязкам і гонарам працягваць славутую традыцыю незалежнай журналістыкі ў Магілёўскім рэгіёне.
Калі Вы хочаце і можаце далучыцца да стварэння навін, маеце карысную інфармацыю пра падзеі на Магілёўшчыне, то вось наш Тэлеграм чат-бот: @magmedia_bot
Таксама неўзабаве тут паявіцца наша новая паштоўная скрыня для зваротнай сувязі.
Калі ласка, пішыце нам толькі ў такі спосаб, які цалкам бяспечны для Вас!
У сетцы Telegram быў распаўсюджаны відэазапіс з аўтарскай праграмы быхаўскага журналіста і пісьменніка Сяргея Антонава. Але ў прадстаўленым выглядзе ён існуе толькі ў адным месцы – на камп’ютары, які быў канфіскаваны КДБ.
Пра спробу дыскрэдытацыі Сяргей Антонаў даведаўся ад аднаго з калег. Той патэлефанаваў журналісту са словамі, што яго – Антонава – нехта спрабуе ачарніць у вачах мясцовай супольнасці. Зараз Сяргей Антонаў знаходзіцца ў Беластоку, і ў чатах беластоцкіх беларусаў-уцекачоў з’явіўся ролік Сяргея Антонава, у якім журналіст крытыкуе аднаго з ўдзельнікаў быхаўскіх пратэстаў 2020 года.
Гэты ролік быў запісаны аўтарам яшчэ ў студзені 2022 года, падчас супрацоўніцтва з рэсурсам 6tv.by і дагэтуль захоўваецца на платформе. Цяпер жа ён стаў рассылацца праз Telegram, дадзеныя якога схаваныя карыстальнікам. Ролік, аднак, не мае лагатыпа 6tv.by. Сяргей Антонаў узгадвае, што ў такім выглядзе, без лагатыпа, ролік публікаваўся на яго асабістым Youtube-канале ў студзені 2022 года. Тады гэта было неабходна дзеля бяспекі, бо матэрыялы рэсурса 6tv.by ужо былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Пазней журналіст выдаліў матэрыял з Youtube, але ў першапачатковым выглядзе ён захаваўся на жорсткім дыску яго камп’ютара. Гэты кампутар, разам з астатняй асабістай тэхнікай, быў канфіскаваны супрацоўнікамі упраўлення КДБ па Быхаўскаму і Слаўгарадскаму раёнах падчас затрымання Сяргея Антонава ў снежні 2023 года. Паяўленне роліка зараз журналіст звязвае з дзеяннямі спецслужб.
– Я думаю, тут логіка такая. – каментуе сам журналіст – Маўляў – палюбуйцеся, а Сяргей Антонаў крытыкуе быхаўскія пратэсты. Значыць, ён на баку ўлады! І што ж тады ў такім выпадку гэты чалавек робіць на Захадзе?
У чым сутнасць прэтэнзій з боку Антонава
У сваім выступе ў роліку Сяргей Антонаў распавядае кароткую гісторыю дэмакратычных пратэстаў у Быхаве – гратэскную і сумную. Назіраючы за грамадскай актыўнасцю ў райцэнтры, Антонаў прыходзіць да несуцяшальнай высновы, што горад заўсёды быў чырвонай зонай для апазіцыі. Некаторую актыўнасць у 1990-х узяў на сябе мясцовы галоўны рэдактар раёнкі. Наракаючы на адсутнасць фінансавання газеты, ён на старонках “Маяка Прыдняпроўя” прама прыгразіў прадстаўнікам вертыкалі – не забяспечыце газету сродкамі, тады буду прасіць у Пазняка.
У 2020 годзе ў Быхаве падчас усенароднай хвалі пратэстаў лідарам апазіцыі нечакана выступіў чалавек, які раней ніколі не быў заўважаны ў палітычнай актыўнасці. “Даведаўшыся пра імя лідара апазіцыі – гаворыць Антонаў у роліку – я зразумеў, што ўсё ўпіраецца ў склаўшуюся на той момант кан’юнктуру і, канечне ж, фінансы.”
Антонаў не называе імя гэтага чалавека ў запісе, але ў прыватнай размове агучыў, што гаворка вядзецца пра быхаўскага фатографа Алега Караваева, які цяпер жыве ў Літве. На думку журналіста, ад дзейнасці Караваева пацярпелі жыхары Быхава, якія шчыра ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года. Алег Караваеў запісаў ролік, на якім добра бачныя твары ўдзельнікаў вулічнай дэманстрацыі, выклаў яго на сваёй старонцы ў Facebook і дагэтуль захоўвае там у першапачатковым выглядзе, нягледзячы на пагрозу, якую запіс нясе людзям, што засталіся ў Беларусі.
Ад рэдакцыі
Mogilev.media пакуль не можа дакладна вызначыць паходжанне роліка Сяргея Антонава, распаўсюджанага праз Telegram. Мы будзем спрабаваць праліць святло на гэтую гісторыю ў далейшым.
Сайты, соцсеткі mogilev.media зноўку прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі” – цяпер судом Ленінскага раёна і Міністэрствам інфармацыі.
Наш рэгіянальны паблік mogilev.media і яго сайт-люстэрка mogilev.news разам са старонкамі ў сацыяльных сетках Instagram, Facebook, VK і OK а таксама ў мэсенджары Telegram рашэннем суда Ленінскага раёна ад 22 снежня 2023 года былі прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі” – паведамляюць праваабаронцы. Следам за гэтым Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь уключыла ўсе названыя рэсурсы ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Прычым гэта адбылося пасля таго, як яшчэ 29 лістапада Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі абвясціў рэдакцыю партала ні мала ні многа, а цэлым “экстрэмісцкім фармаваннем”.
Нядаўняя публікацыя mogilev.media фотаздымкаў запушчанага на вуліцы Крупскай фантана выклікала змяшаныя пачуцці ў чытачоў рэсурса.
“Дзіўна глядзяцца тыя дзяўчыны на фоне шматпавярховак” – адрэагавала карыстальніца ў Instagram.
На старонцы выдання ў Facebook таксама знайшлося месца абурэнню:
“Якое дачыненне гэтыя скульптуры напаўголых баб маюць да гандлёвага цэнтра і ўвогуле да агульнага пейзажа? Выглядае нягегла” – пракаментавала адна з чытачак.
На што ёй парыраваў карыстальнік – “А можа, гэта Крупская” – і сабраў найбольш лайкаў.
Ва ўмовах праблем з доступам да інфармацыйных рэсурсаў у Беларусі, мы сабралі для вас самыя простыя рэкамендацыі па тым, як можна бяспечна выходзіць у сеціва і дакладна мець магчымасць чытаць mogilev.media і іншыя незалежныя крыніцы.
Калі вы выходзіце ў сеціва праз кампутар ці ноўтбук, то самы лёгкі спосаб – карыстацца браўзэрам Opera. Гэты браўзэр мае ўбудаваны VPN, які дазваяе атрымаць доступ да ўсіх сайтаў, якія абмежаваныя ў Беларусі.
Алгарытм наладкі VPN у Opera вельмі просты – трэба зайсці ў налады і даць дазвол на аўтаматычнае выкарыстанне VPN – гл. на фота.
Таксама можна ўсталяваць бясплатны VPN на свой кампутар і карыстацца іншым браўзэрам, да якога вы больш прывыклі. Гэтая самая парада адрасуецца тым, хто чытае з тэлефона ці планшэта.
Просты і эфектыўны VPN, напрыклад – Psiphon. Па гэтай спасылцы можна знайсці кнопкі для спампоўвання як на любую мадэль тэлефона з самых распаўсюджаных (Android, iPhone) так і для Windows і ўсіх гаджэтаў на iOS. Яшчэ адзін выдатны бясплатны VPN для ўсіх самых распаўсюджаных гаджэтаў – X-VPN.
Таксама можна назваць праграму Tachyon, але гэты VPN працуе толькі з прыладамі на MacOS ад Apple.