Гнілое мяса прамывалі Fairy, змешвалі са свежым і прадавалі як хатняе.
Злачынная група дзейнічала ў Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях – паведамляе тэлеканал АНТ. У склад банды ўваходзілі ветэрынарныя лекары і брыгадзіры сельгаспрадпрыемстваў з Асіповіцкага, Любанскага і Старадарожскага раёнаў і ўсе яны раней ужо былі асуджаныя за крадзёж буйной рагатай жывёлы.
У сюжэце гаворыцца, што ўсе асноўныя ўдзельнікі злачыннай групы затрыманыя, гэта тры жыхары Любані. Яны распрацавалі схему па выкраданні мяса са скотамагільнікаў – усталявалі на сваіх месцах здабычы фотапасткі і такім чынам вызначалі час, калі лепш за ўсё ехаць забіраць тушы забітых жывёл. Тушы разбіралі і прадавалі пасярэднікам альбо звычайным пакупнікам, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю.
Паведамляецца, што тэхнолаг прыватнага прадпрыемства параіла ўдзельнікам схемы мыць мяса содай альбо мыйным сродкам Fairy, каб выдаліць непрыемны пах. Пры гэтым самі злачынцы гэтым не займаліся, а прыцягвалі іншых працаўнікоў, якім плацілі 1500 рублёў за месяц. Прадаючы мяса, удзельнікі банды змешвалі яго са свежым і выдавалі за хатняе.
Вось як пракаментаваў якасць гэтага мяса дырэктар Мінскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Іван Пырцак:
– Гэты паўфабрыкат ялавічны з’яўляецца нясвежым і мае прыкметы псавання. Гэта сведчыць пра тое, што гэтае мяса атрымана ад жывёл хворых, знясіленых альбо забітых у стане агоніі, што забаронена ветэрынарна-санітарнымі правіламі. Выяўленыя бактэрыя роду Salmonella і бактэрыі групы кішачнай палачкі.
У штаце мяснікоў меўся свой ветэрынарны лекар і тэхнолаг. Усе фігуранты справы затрыманы, ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Фота ілюстрацыйнае