Атручванне зэкаў і самая жахлівая калонія ў Беларусі – палітвязень Жамчужны расказаў пра магілёўскія турмы

Адзін з асуджаных памёр ад ежы, адмыслова прыгатаванай для смяротнікаў – былы палітзняволены Міхаіл Жамчужны даў інтэрв’ю з гайдам па беларускіх турмах.

На Youtube-канале ТОК выйшла вялікае інтэрв’ю з палітзняволеным Міхаілам Жамчужным, які адсядзеў у беларускіх турмах 11 гадоў. Тройчы яго спрабавалі забіць, і пра адно такое здарэнне ў горацкай калоніі №9 былы зняволены распавёў у сваёй размове. Ёсць у інтэрв’ю таксама характарыстыка магілёўскай турмы №4, якой працяглы час кіраваў Аляксандр Лауэр. 

“Падонак вышэйшага гатунку – ахарактарызаваў начальніка магілёўскай турмы Жамчужны – ён цалкам на баку Лукашэнкі і рэпрэсіруе ўсімі дасяжнымі яму метадамі аж да асабістага рукапрыкладства”. Наогул, гаворачы пра магілёўскія турмы, Жамчужны адзначае, што тут сабраны самы зброд з усёй Беларусі – што зэкі, што супрацоўнікі – з-за чаго нават многія ахоўнікі звальняюцца задоўга да канца кантракту, не вытрымліваючы псіхалагічна.

Пра спробу атручвання ў горацкай калоніі былы палітзняволены распавядае, што аднойчы ў камеру, дзе ён утрымліваўся, пачалі даваць ежу з выразным прысмакам шчолачы. Кантакт шчолачы з кіслатой страўнікавага соку прыводзіць да ўтварэння газаў, ежа не паратраўліваецца, а пачынае гніць. Прыём такой ежы прывёў да таго, што вязень адной з суседніх камер атруціўся смяротна – у яго пайшлі горлам ваніты. 

Пасля гэтага выпадку Жамчужны ўзяў узоры ежы, якой яго кармілі, дамогся ад пракуратуры правядзення экспертызы і тая пастанавіла, што ў ёмістасці для прыгатавання ежы наўмысна дабаўляліся мыйныя сродкі. Калі пасудзіна для прыгатавання яшчэ поўная, то канцэнтрацыя гэтых сродкаў недастаткова моцная, таму асуджаныя, што прымаюць ежу першымі, не церпяць адчувальнай атруты. Калі раздача ежы набліжаецца да самых апошніх камер (а ў адной з іх, у камеры смяротнікаў сядзеў Жамчужны) то канцэнтрацыя атрутных рэчываў ужо такая, што становіцца смяротна небяспечнай.

Фота з адкрытых крыніц