«Знішчыў справу яго жыцця», журналіст Аляксей Венедыктаў пра рэакцыю Гарбачова на вайну ва Украіне

Апошні лідар Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў лічыць, што Уладзімір Пуцін знішчыў усю яго спадчыну, развязаўшы вайну супраць Украіны. Ён расчараваны і цалкам усведамляе, што адбываецца.

Аб рэакцыі Гарбачова на вайну ва Украіне распавёў яго блізкі сябар, журналіст Аляксей Венедыктаў у інтэрв’ю Forbes Russia, перадае інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

«Я магу вам сказаць, што ён расчараваны, вядома, ён разумее (што адбываецца – УНІАН). Гэта была справа яго жыцця. Свабоды – гэта справа Гарбачова», – заявіў журналіст.

Агрэсіўная і дыктатарская палітыка Пуціна цалкам знішчыла «спадчыну Гарбачова». Венедыктаў заўважыў, што рэакцыя савецкага лідара цалкам прагназаваная.

Як адзначыў журналіст, калі Гарбачоў узначальваў СССР у 1985-1991 гадах, у Еўропе налічвалася чатыры тысячы вайскоўцаў з падраздзяленняў Сіл хуткага рэагавання НАТА.

«Цяпер НАТА абʼявіла, што да канца наступнага года тут будзе 300 тысяч чалавек», – сказаў ён.

Венедыктаў дадаў, што расце ўзровень пагрозы паміж Усходам і Захадам.

Аляксей Венедыктаў – галоўны рэдактар радыёстанцыі “Рэха Масквы” , якое было зачыненае пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

24 лютага 2022 году, калі была атакаваная Ўкраіна ў эфіры Венедыктаў сказаў, што напад Расіі на Украіну грандыёзная палітычная памылка, “прычым яна заключаецца ў наступствах для маёй краіны (Расіі)”.

фота: unian.net