На аўтазапраўцы пад Асіповічамі быў затрыманы 31-гадовы жыхар Гомельскай вобласці з пакункам марыхуаны. Працуючы генеральным дырэктарам будаўнічай арганізацыі на тэрыторыі Расіі, аднойчы на адной з АЗС ён заўважыў мужчыну, які стаяў каля дрэва і нешта фатаграфаваў. Дачакаўшыся пакуль незнаёмец сыдзе, генеральны дырэктар падыйшоў да таго месца і знайшоў два пакункі, пераматаных скотчам і ізалентай. Як потым высветлілася, у пакунках было каля 200 грамаў марыхуаны.
Жыхар Гомельшчыны здагадаўся, што ён знайшоў, і забраў наркотыкі сабе. Спачатку хаваў марыхуану ў сябе дома ў Расіі, але пасля таго, як яго дама сэрца зладзіла скандал, знайшоўшы пакункі, перахаваў наркотыкі на працы. Потым вырашыў адвезці іх у бацькоўскі дом у Светлагорску. Па дарозе туды яго і затрымала міліцыя.
Цяпер мужчына асуджаны па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – перавозка праз мяжу, транспаруціроўка і захоўванне наркатычных рэчываў – да шасці гадоў пазбаўлення волі, пішуць “Магілёўскія ведамасці”.
Фота ілюстрацыйнае