Белстат упершыню ад 2019 года паказаў статыстыку па нараджальнасці у Беларусі. На Магілёўшчыне колькасць нованароджаных летась аказалася амаль на 3 тысячы менш, чым у 2019-ым.
Паводле Белстата, у 2024 годзе ў Магілёўскай вобласці нарадзілася 6659 дзяцей. За папярэднія гады статыстычны камітэт даных не дае. У той жа час у 2019 наванароджаных на Магілёўшчыне было 9625, у 2018 – 10 392, у 2017 – 11 136, у 2016 – 12 810. Такім чынам за восем гадоў нараджальнасць у рэгіёне ўпала амаль ў два разы.
Такая тэндэнцыя адлюстроўвае ў цэлым сітуацыю па Беларусі. Так, у 2016 годзе жыхаркі краіны нарадзілі 117 779 дзяцей, а летась толькі 58 938.
Цікава, што ў 2022 годзе партал “Зеркало” паспрабаваў падлічыць, колькі дзяцей нарадзілася ў Беларусі у 2021 годзе. Паводле яго падлікаў – 79,4 тыс. немаўлятаў. Як бачна, незалежны партал, можна сказаць, не памыліўся.
Тры выпадкі, калі людзі па неасцярожнасці атрымалі апёкі, зафіксаваныя на мінулых выходных на Магілёўшчыне – паведамляе прэс-служба МНС.
Мужчына 1968 года нараджэння ў Бабруйску падпальваў папіросу ад газавай пліты і на ім успыхнуў швэдар, прычыніўшы апёкі. Гэта здарылася яшчэ 5 траўня, але бабруйчанін не стаў звяртацца да медыкаў, пакуль не стаў адчуваць сябе дрэнна. Толькі 9 траўня ён патэлефанаваў дачцэ і паскардзіўся на самаадчуванне. Пабачыўшы на ім апёкі, жанчына выклікала хуткую.
11 траўня апёкі ног атрымаў мужчына 1999 года нараджэння ў вёсцы Азер’е Шклоўскага раёна. Як высветлілася, у 00:11 ночы ён распальваў кацёл бензінам і выпадкова абліў свае ногі.
Таксама 11 траўня ў Кіраўску да лекараў звярнулася мясцовая жыхарка 1987 года нараджэння. На ёй загарэлася вопратка, калі яна гатавала ежу – жанчына выпадкова падсунулася пад агонь і вопратка ўспыхнула.
На працягу бліжэйшага тыдня ў Магілёўскай вобласці чакаецца пераважна прахалоднае надвор’е з невялікай колькасцю ападкаў.
У панядзелак 5 траўня надвор’е на Беларусі будзе вызначаць няўстойлівая прахалодная паветраная маса, паведамляе Белгідрамет. Днём тэмпература паветра складзе +11 +12 °C, ноччу – можа апусціцца да 0 °C. Такое ж надвор’е прагназуецца і на аўторак-сераду. Магчымыя начныя замаразкі і крыху больш за 10 °C днём. Воблачна, без дажджоў, раніцай магчымыя туманы.
Пачынаючы з серады 7 траўня чакаецца, што на змену вобласці павышанага атмасфернага ціску з поўначы Балтыйскага мора на тэрыторыю краіны будзе адбывацца перамяшчэнне малаактыўных франтальных раздзелаў. Воблачна з праясненнямі, без істотных змен у тэмпературы паветра.
+9 +10°C днём, плюс 3-4 ноччу, воблачна, з кароткачасовымі дажджамі – такі стан надвор’я прагназуецца ў Магілёве на астатнія дні тыдня, з чацвярга па нядзелю. Павольны рост дзённых тэмператур да +14 +15°C абяцаюць толькі на наступным тыдні.
Скарачэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы адзначаецца па ўсёй Беларусі, але найбольшае яно – ў Магілёўскай вобласці.
Паводле праведзенага выданнем “Позірк” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, пагалоўе буйной рагатай жывёлы у Беларусі зменшылася за год на 2,1%.
Так, па выніках студзеня-сакавіка 2025 года гэтае пагалоўе склала 4 млн 12 тыс. 241. За аналагічны перыяд 2024 года было 4 млн 97 тыс. 254. Падзенне зафіксавана ва ўсіх рэгіёнах. Горшая дынаміка ў Магілёўскай вобласці – 480.971 (508.760; -5,5%).
Паводле даных Белстата, пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў Беларусі ўпэўнена скарачаецца штогод. Напрыклад, у 2020 годзе яно налічвала 4 млн 290 тыс.,800 галоў.
З’явіўся новы аргумент, якім тлумачаць, адкуль ажыятаж – жыхары Балтыі сталі раскупляць цукар. Тым часам, чыноўнікі запэўніваюць, што цукру на складах дастаткова.
Глуск
У Глуску «тое, што робіцца ў крамах Глускага райспажыўтаварыства» яго кіраўніцтва лічаць панікай.
«З кожнага праса кажуць, што цукру хапае і кошт не мяняецца, але людзі не слухаюць. За раз па дзесяць упаковак бяруць, лаюцца з прадаўцамі і з намі. Мы завозім цукар паводле плану. У аўторак, 19 ліпеня, прывезлі 12 тон цукру, развезлі іх па магазінах. Да канца дня ўсё раскупілі. Наступны завоз па графіку ў нас у пятніцу. Ну, калі такая справа – будзем прасіць завод загрузіцца па-за графікам яшчэ і ў панядзелак», – апавядае супрацоўніца «Райспажыўтаварыства» Алена Мандзік.
Мясцовая раёнка «Радзіма» адзначае, што «цукар змятаюць з паліц».
«Адны чакаюць росту коштаў, іншыя паглядзелі, што пакупнікі з Прыбалтыкі і Польшчы, якім Прэзідэнт Лукашэнка дазволіў ездзіць у Беларусь без візы, закупляюцца нашымі прадуктамі па поўнай праграме, трэція паддаліся ўсеагульнай паніцы», – піша газета Глускага райвыканкаму.
Клімавічы
Падобная сітуацыя, як у Глуску, у Клімавічах. Тамтэйшыя чыноўнікі запэўніваюць, што цукру назапашана дастаткова.
Тых, хто закупляе прадукт у запас дакараць, што яны паддаліся чуткам аб дэфіцыце і падаражэнні прадукту.
Начальнік аддзелу эканомікі райвыканкаму Галіна Зубарава даводзіла, што цукар адносіцца да сацыяльна значных тавараў і цана на яго рэгулюецца дзяржавай. Урадам вызначаныя гранічныя максімальныя надбаўкі.
Паводле чыноўніцы ў крамы РАЙПО «ужо паступіла 14 тон цукру», а «у гандлёвыя аб’екты сістэмы Еўрагандаль – 3 тоны». Таксама ёсць ён і ў крамах сеткі «Нівагандаль», у гандлёвых абʼектах малога бізнесу.
Сваімі ўражаннямі ад наведвання ліпеньскага лесу падзяліўся жыхар вёскі Расна, што ў Дрыбінскім раёне. Аўтар ліста захоплены прыродаю і абураны безгаспадарлівасцю.
Вясковец даслаў серыю фотаздымкаў з тым, на што багаты лес у ліпеньскую пару і што яго ў ім засмуціла. Ягоныя творы папоўнілі «Фотаальбом Магілёў.media».
У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы skrynia@mogilev.media.
Чытач прызнаецца, што вырашыў «збегчы ў лес», каб адпачыць ад вясковай працы, якой багата ў гаспадарцы заўжды.
Падарожжа да лесу вясковец пачаў апісваць з таго, што: «з поля выскачыў заяц-русак, а за ім прабеглі дзве казулі».
А, як зайшоў у бор, то адчуў водар суніц. «Люблю, піша ён, ласавацца сочывам з гэтай ягады».
Па ягоных словах невялікая паляна была ўсыпаная чырвонымі ягадкамі.
Далей, праз колькі дзясяткаў метраў, «маленькія хмызочкі абсыпаныя даволі буйнымі чарніцамі».
«Хутка набраў амаль літр», – пахваліўся вясковец.
Блукаючы глянуў на гадзіннік і зразумеў, піша далей ён, што адпачынак зацягваецца, трэба вяртацца да гаспадаркі, але лес не адпускаў, хоць і заела жамяра.
«Сярод паваленых дрэў і галля натрапіў на зарасці маліны», – адзначае падарожнік.
«Збор маліны ўпадабаў больш, чым клопат з суніцамі і чарніцамі, – працягвае ён. – Ягада буйная, сакавітая, хутка бярэцца і напаўняецца вядзерка».
Ля малінніку чытач угледзеў ляшчыну. Набраў арэхаў.
На ўзбочынах лясной дарогі назбіраў сыраежак на суп, а на гарбату зёлак.
«Чыстае паветра, лясныя пахі, спевы птушак, ягады, расліны, грыбы, жывёлы – лясная прырода радуе», – піша вясковец у канцы свайго ліста.
«Засмучае негаспадарлівасць лясных службаў, – абураецца ён, падсумоўваючы. – Шмат у лесе непрыбраных дрэў, пнёў, нявывезенага ламачча, разбітыя лесавозамі лясныя дарогі. Усё гэта ляжыць і гніе. А паспрабуй вынесці напаўгнілое бервяно, знойдуць і аштрафуюць».
У сацыяльных сетках паявіліся ролікі, з якіх можна зрабіць выснову, што ўзбярэжжа Цяцерынскага водасховішча пакрыта вялізнымі масляністымі плямамі. Каментатары дапускаюць, што гэта можа быць звязана з выкідам хімікатаў у ваду.
Відэаролік з сацыяльных сетак
Цяцерынскае водасховішча было створана на рацэ Друць у 1955 годзе, калі ў Цяцерыне была пабудаваная гідраэлектрастанцыя. Водасховішча цягнецца амаль на 10 кіламетраў, мае агульную плошчу каля 4,5 квадратных кіламетраў.